Надта доўга сядзеў ён у цянi, пабялелi шчокi ў пакаянца духам: ён ледзь не памёр з голаду, чакаючы.
Яшчэ тоiцца ў ягоных вачах пагарда, i агiда - на вуснах у яго. I хоць ён дасягнуў супакаення, няма сонца ў ягоным спакоi.
Ён мусiў бы працаваць, як вол; i зямлёю мусiла б пахнуць ягонае шчасце, а не пагардай да зямлi.
Я хацеў бы бачыць яго белым валом, валом, якi, чмыхаючы i рыкаючы, iдзе перад плугам; i сам рык яго павiнен усхваляць усё зямное!
Твар у яго яшчэ змрочны: цень ад рукi грае на яго твары. Пачуццi ў вачах у яго яшчэ зацененыя.
Дзеi яго ляжаць на iм ценем: сама рука азмрочвае таго, хто рухае ёю. Не пераадолеў ён яшчэ дзеi сваёй.
Як мне падабаецца гэты бычыны хiб! Аднак я хацеў бы ўбачыць, што позiрк ягоны - позiрк анёльскi.
I сваю волю героя ён таксама мусiць забыць:
хай будзе ён узнесены, а не проста ўзвышаны: хай сам эфiр носiць яго, бязвольнiка!
Ён перамагаў пачвараў i адгадваў загадкi: збаўцам, разбуральнiкам i пераможцам усяго пачварнага i загадкавага ў сабе самiм хай ён стане цяпер i ператворыць сваiх пачвараў у нябесных дзяцей.
Пазнанне яго яшчэ не навучылася ўсмiхацца i не ведаць зайздрасцi; яшчэ не ацiхла ў прыгажосцi яго бурлiвая палкасць.
Праўда, у прыгажосцi, а не ў сытасцi павiнны патануць i змоўкнуць парываннi яго! Велiкадушнасць прывабная ў тых, у каго настрой узвышаны.
Паклаўшы руку на галаву - так павiнен адпачываць герой, хай ён нават пераадольвае свой адпачынак.
Але якраз у героя сама цяжкае - прыгажосць. Яна недасяжная нават сама моцнай волi. Крыху больш, крыху менш: але ў гэтым 'крыху' якраз многае, якраз гэтае 'крыху' i ёсць сутнасць.
Расслабiць мускулы i волю - гэта ў вас сама цяжкае, вы, узвышаныя!
Калi сiла, робячы лiтасць, сыходзiць у бачнае, такi сыход я называю прыгажосцю.
I нi ад кога я не патрабую прыгажосцi так, як ад цябе, моцны: няхай дабрыня будзе тваё апошняе самапераадоленне.
Зло я залiчваю на твой рахунак: таму патрабую ад цябе дабра.
Праўда, я часта смяяўся з слабых, якiя ўважаюць сябе за добрых, бо iх няма кiпцюроў!
Ты павiнен бачыць узор цноты ў калоне: чым вышэйшая яна, тым далiкатнейшая i прыгажэйшая, а ўсярэдзiне - цвярдзейшая i мацнейшая.
Так, узвышаны, ты яшчэ будзеш прыгожы i будзеш трымаць люстэрка перад сваёй прыгажосцю.
Тады скаланецца твая душа ад боскiх жаданняў, i пакланенне будзе нават у тваiм славалюбстве!
У гэтым - таямнiца душы: толькi калi герой пакiнуў яе, у сне да яе наблiжаецца Звышгерой'.
Так сказаў Заратустра.
Пра край адукаванасцi
'Надта далёка заляцеў я ў будучыню: жудасць ахапiла мяне.
I калi я агледзеўся, бачу! - вось толькi адзiн час быў мой адзiны сучаснiк.
Тады назад паляцеў я, дахаты - хутчэй i хутчэй: так прыйшоў я да вас, людзi цяпершчыны, у край адукаванасцi.
Упершыню наважыўся я як след разгледзець вас, i не было лiхога намыслу ў маiм жаданнi; праўда ж, прыйшоў я да вас з тугою ў сэрцы.
Але што сталася са мною? Як нi баяўся я, а мусiў смяяцца! Нiколi яшчэ вочы мае не бачылi нiчога больш стракатага!
Я смяяўся i смяяўся, аж бакi мае рвалiся, а сэрца трымцела: 'вось яна, бацькаўшчына ўсiх горшчыкаў на фарбы!' - сказаў я сабе.
З целам i чэлесамi, размаляванымi ў пяцьдзесят колераў: такiя сядзелi вы, сучаснiкi, на вялiкае маё здзiўленне!
I пяцьдзесят люстраў, якiя лiслiва дагаджалi вам, стаялi вакол вас i паўтаралi гульню вашых фарбаў!
Праўда, людзi цяпершчыны, вы не прыдумаеце сабе лепшае маскi, чым ваш свой твар! Хто можа пазнаць вас?
Спiсаныя знакамi мiнуўшчыны, а паўзверх iх - яшчэ i новымi знакамi: так, вы хораша схавалiся ад усiх талмачоў!
А няхай бы i знайшоўся якi даследчык нырак: але цяжка даць веры, што ў вас ёсць ныркi! Здаецца ж, зварганiлi вас з фарбаў i ярлыкоў.
Усе часы i народы стракацяць з-пад вашых строяў; стракацiзна нораваў i веравызнанняў у манерах i рухах вашых.
I калi зняць з вас вашыя строi, покрывы, i фарбы, i выдыганнi вашыя, дык застанецца - каб толькi палохаць птушак.
Праўда, я i сам - напалоханая птушка, якая ўбачыла вас аднаго разу голых i без фарбы; i я паляцеў ад вас, як паляцеў бы ад шкiлета, якi пазаляцаўся б да мяне.
Лепей быць парабкам у пекле i слугаваць ценям мiнуўшчыны! Нават жыхары падземнага тагасвецця таўсцейшыя i сыцейшыя за вас!
Так, у тым якраз i горыч вантробы маёй, што не пераношу я вас голых i апранутых!
Усё, што ёсць страшнага ў будучынi i што палохала птушак, якiя збiлiся з дарогi, - далiбог, блiжэй сэрцу майму, чым вашая 'рэчаiснасць'.
Бо так кажаце вы: 'Мы - гэта рэчаiснасць, без веры i без паняверкi'; - ну i хвалiцеся, напiнаеце грудзi свае i не бянтэжыцеся, што iх няма!
Ды i як можаце вы верыць, размаляваныя! Вы размаляваныя карцiнамi, спiсанымi з усяго, у што калi- небудзь верылi!
Вы - хадзячае абвяржэнне веры, абрыўкi i канцы думак. Спанявераныя - так я называю вас, апалагеты рэчаiснасцi!
Усе эпохi маюць адна адну наўме i балабоняць пра ваш дух: але сонныя мроi i балбатня мiнуўшчыны ўсё ж блiжэйшыя да рэчаiснасцi, чым ваша чуванне!
Вы - бясплённыя: i таму - няма ў вас веры. Але стваральнiк заўсёды бачыў вешчыя сны i зорныя азнакi - i ён верыў у веру!
Вы - напалавiну адчыненая брама, каля якое чакаюць далакопы. I вось яна, вашая рэчаiснасць: 'Усё асуджана на пагiбель'.
Вы стаiце перада мною, худыя i бясплённыя! Як тырчаць скабы вашыя! Некаторыя з вас самi не заўважаюць гэтага.
I кажуць: 'Здаецца, пакуль я спаў, Бог нешта забраў у мяне? Гэтага цалкам хапiла б, каб зрабiць сабе з гэтага кабетку!
Дзiвосная худзiзна скабаў маiх!' - так кажудь многiя мае сучаснiкi.
Так, людзi цяпершчыны, вы смешныя мне! I асаблiва калi дзiву даяцеся самi з сябе!
Шчасце, што я магу смяяцца з вашага здзiўлення i не даводзiцца мне каўтаць розную дрэнь з вашых мiсак.
Але не бяда, бо я маю панесцi нешта больш цяжкае: не бяда, калi жукi i мухi сядуць на ношу маю!
Праўда, не стане яна цяжэйшая ад гэтага! I не праз вас, сучаснiкi, ляжа на мяне сама вялiкая стома.
Ах, куды б жа яшчэ падняцца мне з маёй скрухаю! З усiх гор выглядаю я сабе бацькоўскiя i мацярынскiя землi.
Але нiдзе не знайшоў я бацькаўшчыны: у любым месцы я не на месцы i каля нiводнае брамы не затрымлiваюся.
Чужыя мне сучаснiкi, прадмет кпiнаў маiх! А зусiм жа нядаўна цягнуўся я да iх сваiм сэрцам. Выгналi мяне з бацькоўскiх i мацярынскiх земляў.
Толькi адзiн край я люблю - край дзяцей маiх, яшчэ не адкрыты, яшчэ далёкi ў акiянах: хай нястомна шукаюць яго мае караблi.
У дзецях маiх я спраўджу тое, што я - сын свайго бацькi: усёй будучыняй адкуплю - гэтую цяпершчыну!'