Але яшчэ вусцiшней сцiскалася сэрца, калi ўсё зноў ацiхала, калi ўсё зноў апаноўвала цiшыня, i я заставаўся адзiн у падступнай моўчы.
Так iшоў i поўз час, калi толькi яшчэ быў час; што я ведаю пра тое! Але аднаго разу сталася нешта такое, што абудзiла мяне.
Тры разы бразнулi ў браму, як громам, тройчы загулi, завылi скляпеннi ў адказ: i тады я падышоў да брамы.
'Альпа! - крыкнуў я. - Хто нясе свой попел на гару? Альпа! Альпа! Хто нясе свой попел на гару?'
I я нацiскаў на ключ i напiраў на браму, каб адчынiць яе. Але нi на палец не адчынiў.
Раптам вiхурны вецер расхiнуў свае крылы: са свiстам разрэзаў паветра i кiнуў мне чорную дамавiну.
I ў вiску, i ў выццi, i грукаце дамавiна раскалолася i выплюнула тысячастайны рогат.
I тысяча твараў дзяцей, анёлаў, соваў, блазнаў i матылькоў ростам з дзяцей - усё гэта здзеклiва раўло i рагатала з мяне.
Я страшна спалохаўся, i ўпаў на зямлю, i крычаў ад жудасцi так, як не крычаў нiколi.
I мой крык разбудзiў мяне - i я апамятаўся...'
Заратустра расказаў свой сон i замоўк, бо не ведаў яшчэ, як яго растлумачыць. Тады вучань, якога ён найболей любiў, падняўся, схапiў Заратустру за руку i сказаў:
'Само жыццё тваё тлумачыць нам твой сон, о Заратустра!
Цi ж сам ты не вецер з вiхурным свiстам, якi адчыняе браму ў замку Смерцi.
Цi ж сам ты не дамавiна, поўная разнастайных i стракатых твараў зла, а таксама анёльскiх аблiччаў жыцця?
Сапраўды, як разнастайны - на тысячу ладоў - дзiцячы смех, уваходзiць Заратустра ва ўсе магiльнiцы, смяецца з начных ахоўцаў магiл, што брынчаць сваiмi ржавымi ключамi.
Страшыць i скiдаць ты iх будзеш сваiм смехам; i няпамяць iхняя, i абуджэнне засведчаць тваю ўладу над iмi.
I нават калi настануць доўгiя поцемкi i смяротная стома, ты не сыдзеш з небасхiлу нашага, о заступнiк жыцця!
Новыя зоркi ты нам паказаў i па-новаму даў нам убачыць велiкапышнасць начы; сам смех ты раскiнуў над намi, быццам шматкаляровы кiлiм.
Ад сёння i назаўсёды трупы мерцвякоў стануць крынiцай дзiцячага смеху; заўсёды будзе дзьмуць магутны вецер, будзе трыумфаваць над смяротнай стомленасцю: у гэтым ты зарука i вяшчун!
Сапраўды, iх ты саснiў, тваiх ворагаў: гэта быў твой сама цяжкi сон!
Але як пазбыўся ты гэтых вiдзежаў i здабыў сябе, так i яны павiнны прачнуцца ад самiх сябе - i прыйсцi да цябе!'
Так сказаў вучань; i ўсе астатнiя зграмадзiлiся вакол Заратустры, хапалi яго за рукi i ўмаўлялi яго пакiнуць ложак i скруху сваю i вярнуцца да iх. А Заратустра сядзеў проста на ложку, з чужым позiркам. Як чалавек, што вярнуўся з далёкай чужыны, глядзеў ён дапытлiва ў твары сваiм вучням; i яшчэ не пазнаваў iх. Калi ж яны аднялi яго i паставiлi на ногi, тады адразу перамянiўся позiрк ягоны; ён зразумеў усё, што адбылося, пагладзiў сваю бараду i сказаў вялiкiм голасам:
'Ну што ж! На ўсё свой час; але парупцеся мне, вучнёве мае, каб у нас сёння быў добры абед, ды баржджэй, баржджэй! Так я хачу акупiць свае благiя сненнi!
А вяшчун няхай есць i п'е поруч са мною: сапраўды, я пакажу яму мора, у якiм ён можа патануць!'
Так сказаў Заратустра. I пасля доўга ўзiраўся ў твар свайго вучня, якi растлумачыў сон, i пры гэтым хiтаў галавой.
Пра збавенне
Аднаго разу, калi Заратустра iшоў цераз вялiкi мост, абступiлi яго калекi i жабракi, i адзiн гарбаты сказаў яму так:
'Бачыш, Заратустра! Ужо i народ вучыцца ў цябе i пачынае верыць у тваё вучэнне: але каб ён да канца паверыў табе, патрэбна вось яшчэ што - ты павiнен пераканаць нас, калек! Тут ты маеш выдатны выбар, i, сапраўды, спрыяльная магчымасць: скарыстайся ёю! Ты можаш ацаляць сляпых, i кульгавыя ў цябе бегаюць, ты мог бы хоць крыху палегчыць ношку тым, у каго яна лiшне цяжкая i мулкая: гэта была б выдатная нагода, каб калекi паверылi ў Заратустру!'
Але Заратустра запярэчыў таму, хто гаварыў:
'Калi адабраць у гарбатага горб, гэтым самым ты пазбавiш яго духу ягонага - так вучыць народ. I калi сляпому вярнуць зрок, лiшне шмат благога ўбачаць вочы ягоныя на зямлi - i пракляне ён лекара свайго. А той, хто дае кульгаваму бегаць, робiць яму вялiкую шкоду: бо наўрад цi ён здолее бегаць так борзда, каб заганы яго не апярэджвалi - так гаворыць народ пра калек. I чаму б Заратустру не павучыцца ў народа, калi народ вучыцца ў Заратустры?
З таго часу, як я жыву сярод людзей, у мяне гэта зло найменшае, калi бачу я, што ў аднаго не хапае вока, у другога - вуха, у трэцяга - нагi; а ёсць i такiя, што без языка або без носа, а то i без галавы.
Я бачу i бачыў горшае, а часам - настолькi брыдкае, што пра тое-сёе не хацелася б гаварыць, а шмат пра што ўжо не магу маўчаць, а менавiта: ёсць людзi, якiм бракуе ўсяго, але яны маюць непамерны лiшак у адным, гэта - людзi, якiя яўляюць сабою толькi адно вялiзнае вока, альбо адзiн вялiкi рот, альбо жывот, альбо яшчэ што-небудзь адно, але велiзарнае, - калека навыварат называю я такiх.
I калi я пакiнуў сваю самоту i першы раз iшоў па гэтым мосце, дык не паверыў сваiм вачам, - доўга я прыглядваўся i нарэшце сказаў: 'Гэта ж бо вуха! Вуха велiчынёю з чалавека!' Яшчэ пiльней прыгледзеўся я, i сапраўды, пад вухам варушылася нешта незвычайна нiкчэмнае, маленькае i кволае. Пачварнае вуха сядзела на слабой тоненькай сцяблiне, а сцяблiнай гэтай быў чалавек! Праз павелiчальнае шкло можна было нават разгледзець малюпасенькi, зайздрослiвы тварык, а таксама пухленькую душку, якая трымцела на той сцяблiнцы. А народ сказаў мне, што гэтае вялiкае вуха не толькi чалавек, але i вялiкi муж, генiй. Але я не веру народу, калi ён гаворыць пра вялiкiх людзей, i таму застаюся пры цвёрдай думцы, што гэта - калека навыварат, у якога ўсяго надта мала i толькi аднаго занадта шмат'.
Сказаўшы так гарбатаму i тым, за каго ён заступаўся i каму быў тлумачом, Заратустра з глыбокiм абурэннем звярнуўся да вучняў i сказаў:
'Праўда, сяброве мае, я хаджу сярод людзей, нiбы сярод абломкаў чалавека!
Найжахлiвейшае ў маiх вачах - бачыць чалавека разарванага i раскiданага, як на бойнi або на полi бою.
I калi мае вочы ўцякаюць ад цяперашняга да мiнулага - яны знаходзяць адно i тое: абломкi, i асобныя часткi, i фатальныя выпадковасцi - але анiводнага чалавека!
Цяперашняе i мiнулае на зямлi - о сяброве мае! Гэта сама невыноснае мне; i калi б я наперад не бачыў таго, што iдзе, я б не ведаў, як мне жыць.
Прарок i стваральнiк, якi выконвае волю сваю, - гэта ёсць будучыня i мост да яе; а апрача таго, нешта накшталт калекi на гэтым мосце: усё гэта Заратустра.
I вы таксама часта пыталiся ў сябе: 'Хто нам Заратустра? Як мы павiнны называць яго?'
I, як i я, вы адказвалi сабе пытаннямi.
Абяцальнiк? Або выконвае абяцанне? Заваёўнiк? Або спадчыннiк? Восень? Або плуг? Лекар? Або вылечаны?
Цi не паэт ён? Цi не выступае за непрыхарошаную праўду? Вызвольнiк? Утаймавальнiк? Добры? А мо лiхi?
Я хаджу сярод людзей, як сярод руiнаў будучынi: той будучынi, якую бачу я.
I ў гэтым сэнсе i жаданнi мае - сабраць разам i злучыць гэтыя абломкi, загадкi i фатальныя выпадковасцi.
I як бы перажыў я тое, што я - чалавек, калi б чалавек не быў паэтам, збаўцам ад выпадковасцi i адгадчыкам усiх загадак.
Выратаваць тых, што былi да нас, i ўсякае 'Было' ператварыць у 'Такая-была-воля-мая!' - толькi гэта я назваў бы збавеннем!
Воля - вось iмя вызвольнiка i веснiка радасцi: так я вучыў вас, сяброве мае! А цяпер навучыцеся яшчэ i вось чаго: сама воля яшчэ ў палоне.
'Хацець' - вызваляе: але як назваць тое, што i вызвольнiка закоўваюць у кайданы?
'Было' - так называецца ў волi яе скрыгат зубоўны i яе затоеная скруха. Бяссiлая супроць таго, што ўжо спраўдзiлася, злосна глядзiць яна на ўсё мiнулае.