Я хацеў бы, каб вы не трывалi ўсiх гэтых блiзкiх i суддзяў iхнiх; тады вы мусiмеце стварыць з самiх сябе сябра з перапоўненым сэрцам.
Вы запрашаеце сведку, калi хочаце, каб вас пахвалiлi; i калi вы пераканалi яго думаць пра вас добра, тады i самi пачынаеце думаць пра сябе добра.
Хлусiць не толькi той, хто гаворыць насуперак таму, што ён ведае, а найперш той, хто гаворыць насуперак свайму няведанню. Менавiта так вы стасункуецеся памiж сабою, уводзячы наконт сябе ў зман сваiх суседзяў.
Неразумны гаворыць пра сябе так: 'Стасункi з людзьмi псуюць характар, асаблiва калi яго няма'.
Адзiн iдзе да блiзкага, бо шукае сябе, а другi - бо хоча страцiць сябе. Ваша неразумная любоў да сябе ператварае вашу адзiноту ў турму.
Далёкiя расплачваюцца за вашу любоў да блiзкага; i кожны раз, калi вы зберацеся ўпяцёх, шосты павiнен памерцi.
Я не люблю вашых святаў: надта багата актораў сустракаю я там, i нават гледачы часта прыкiдваюцца акторамi.
Не пра блiзкага я вучу вас, а пра сябра. Хай будзе сябар вам святам зямлi i прадчуваннем Звышчалавека.
Я вучу вас пра сябра i поўнiцу сэрца ягонага. Але трэба ўмець быць губкай, калi хочаш, каб цябе любiлi ад поўнiцы сэрца.
Я вучу вас пра сябра, пра шалю дабра, на якой свет стаiць, дасканалы i завершаны; я вучу вас пра стваральнага сябра, якi заўсёды гатовы адарыць такiм светам.
I як гэты свет разгортваецца перад iм, так, згортваючыся, зноў вяртаецца да яго, падобна да станаўлення дабра праз зло, падобна да станаўлення мэты праз выпадак.
Хай будзе табе будучае i далёкае прычынаю твайго сённяшняга: у сябру сваiм любi Звышчалавека, як прычыну сваю любi.
Братове мае, любiць блiзкага не запрашаю я вас, я заклiкаю вас любiць далёкага'.
Так сказаў Заратустра.
Пра дарогу стваральнiка
'Браце мой, ты хочаш асамотнiцца? Хочаш шукаць дарогi да самога сябе? Пацярпi крыху i выслухай мяне.
'Хто шукае, той лёгка губляе сябе. Усякае асамотненне ёсць грэх' - так кажа статак. А ты доўга быў у статку.
I голас ягоны яшчэ доўга будзе гучаць у табе. I калi ты скажаш: 'У мяне ўжо не адно сумленне з вамi', - гэта будзе скарга i боль.
Бачыш, гэты самы боль народжаны ў табе адным сумленнем: апошнiм водблiскам гэтае сумленне яшчэ ўспыхвае на смутку тваiм.
Але ты хочаш iсцi дарогаю смутку, бо гэта дарога да цябе самога? Тады пакажы, што маеш на гэта i права, i новую сiлу!
А цi ёсць ты новае права i новая сiла? Першы рух? Кола, якое круцiцца само сабою? Цi можаш ты прымусiць зоркi абарочвацца вакол цябе?
О, як многа любацерпцаў за вышыню! I тых, каму яна курчамi славалюбства выходзiць! Пакажы мне, што ты не любацерпец i славалюбец!
О, як многа вялiкiх iдэй, дзеянне якiх падобнае да кавальскiх мяхоў: ад iх чалавек надзiмаецца i робiцца яшчэ пусцейшы.
Ты сябе лiчыш свабодным? Я хачу пачуць тваю галоўную думку, а не тое, што ты ўцёк з-пад ярма.
Цi з тых ты, хто меў права скiнуць ярмо? Ёсць i такiя, што пазбылiся сваёй апошняй вартасцi, адкiнуўшы паслужлiвасць.
Свабодны ад чаго? Што Заратустры да гэтага! Але позiрк твой павiнен сказаць мне: дзеля чаго ты свабодны?
Цi можаш ты стварыць сабе сам дабро i зло? I ўцвердзiць над сабою волю сваю як закон? I быць самому сабе помснiкам i суддзёю закону свайго.
Страшна быць сам-насам з такiм суддзёю i помснiкам. Так кiнута зорка ў пустую прастору i ў ледзяное дыханне адзiноты.
Сёння ты яшчэ пакутуеш ад людскога мноства, ты самотны; пакуль яшчэ з табою ўся твая мужнасць i ўсе твае надзеi.
Але прыйдзе час, i ты стомiшся ад самотнасцi, i сагнецца твая ганарыстасць, i заскрыгоча зубамi твая мужнасць, i ты крыкнеш: 'Я адзiнокi!'
Настане час, i не ўбачыш ты больш сваёй вышынi, а ўсё тваё нiзкае будзе блiзка; узнёслае тваё будзе палохаць цябе, быццам прывiд, i ты крыкнеш тады: 'Усё - ашуканства!'
Ёсць пачуццi, якiя могуць забiць самотнiка; калi ж гэта iм не ўдаецца, яны павiнны памерцi самi! Але цi здолееш ты зрабiцца забойцам?
Браце мой, цi вядомае табе слова 'пагарда'. I пакуты справядлiвасцi - быць справядлiвым з тымi, хто пагарджае табою?
Многiх ты прымушаеш мяняць думку пра цябе: за гэта яны жорстка адпомсцяць. Бо ты ж наблiзiўся да iх i ўсё-такi прайшоў мiма: гэтага яны табе нiколi не прапусцяць.
Ты ўздымаешся над iмi; але чым вышэй падымаешся, тым меншым ты здаешся воку зайздрасцi. А найбольш ненавiдзяць таго, хто здольны лётаць.
'Як вы хочаце быць справядлiвымi са мною? - павiнен ты казаць. - Я выбiраю вашую несправядлiвасць як вызначаную мне долю'.
Несправядлiвасць i бруд кiдаюць услед самотнаму; але, браце мой, калi ты хочаш зрабiцца зоркай, ты ўсё адно павiнен свяцiць iм!
Сцеражыся добрых i праведных! Яны любяць крыжаваць кожнага, хто сам стварыў сабе цноту: яны ненавiдзяць самотнага.
Пiльнуйся таксама святой прастаты! Усё, што не проста, не святое ў яе; яна таксама любiць бавiцца з агнём - з агнём вогнiшча.
Бойся прыпадкаў сваёй любовi! Надта ж бо хутка падае самотнiк руку першаму лепшаму.
Сяму-таму-iншаму ты павiнен падаць не руку, а толькi даць лапу; i я хачу, каб у лапы тваёй былi пазуры.
Але сама небяспечны вораг, якi табе можа заступiць дарогу, - гэта ты сам: ты сам цiкуеш сябе ў пячорах i ў нетрах.
Самотны, ты ў дарозе да самога сябе! I на гэтай дарозе ты абмiнаеш самога сябе i пройдзеш мiма сямi сваiх засмуцiцеляў!
Ты будзеш сам сабе ерэтыком, i чарадзеем, i вешчуном, i шаленцам, i скептыкам, i бязбожнiкам, i лiхадзеем.
Ты мусiш спалiць сябе ў сваiм полымi, як бы iнакш ты хацеў абнавiцца, не абярнуўшыся спачатку ў попел!
Самотны, ты iдзеш дарогаю стваральнiка: ты хочаш стварыць Бога з тых сямi змусцiцеляў-засмуцiцеляў!
Самотнiк, ты iдзеш дарогаю любовi: самога сябе ты любiш i таму пагарджаеш сабою, як пагарджаюць толькi тыя, што любяць.
Тварыць хоча хай, хто любiць, бо ён пагарджае! Што ведае пра любоў той, хто не пагарджаў тым, што любiў!
З любоўю iдзi ў асамотненне i з прагаю стварання, браце мой; i толькi потым пакульгае за табою справядлiвасць.
З маiмi слязьмi iдзi ў сваё асамотненне, браце мой. Я люблю таго, хто iмкнецца тварыць звыш сябе i таму гiне...'
Так сказаў Заратустра.
Пра старых i маладых жанчын
Чаго ты так баязлiва крадзешся ўпоцемках, Заратустра? I што так старанна хаваеш пад палою?
Цi не скарб якi, падараваны табе? Цi не дзiця, якое толькi што нарадзiлася? А можа, ты спрыяцелiўся з лiхадзеямi i цяпер ходзiш дарогамi злодзеяў?'
'Сапраўды, браце мой, - адказваў Заратустра, - тое, што нясу я, гэта скарб, падораны мне: адна маленькая праўда, вось што нясу я. Аднак яна з норавам i капрызная, як дзiця; i калi б я не зацiскаў ёй рот, яна крычала б бесперастанку.