'Самотна стаiць на гары гэта дрэва, высока ўзнялося яно над чалавекам i над зверам.
I калi б яно загаварыла, не знайшлося б нiкога, хто зразумеў бы яго, - так вынёсла яно вырасла.
I вось яно чакае i чакае, - а чаго яно чакае? Так блiзка ссуседзiлася яно з хмарамi: цi не чакае яно першай маланкi?'
Калi Заратустра сказаў гэта, хлопец усклiкнуў, пляснуўшы рукамi: 'Ты маеш рацыю, Заратустра. Я хацеў сваёй пагiбелi, калi iмкнуўся ўгору, i ты маланка, якое чакаў я! Паглядзi, што зрабiлася са мною, пакуль ты тут са мною: зайздрасць да цябе развалiла мяне!' - так гаварыў хлопец, горка плачучы. А Заратустра абняў яго i павёў за сабою.
I калi прайшлi яны крыху дарогi, загаварыў Заратустра: 'Заходзiцца сэрца маё. Лепш за ўсякiя словы гавораць мне твае вочы, што табе пагражае небяспека.
Ты яшчэ не свабодны - ты толькi шукаеш свабоды. Стамiлi цябе твае пошукi i забралi твой сон.
Ты iмкнешся ў свабодную вышыню, зорак прагне твая душа. Але i благiя твае памкненнi прагнуць свабоды.
Твае дзiкiя сабакi рвуцца на волю; яны брэшуць ад радасцi ў сваiх падзямеллях, пакуль твой дух iмкнецца разбурыць усе вязнiцы.
Ты сам яшчэ вязень, прагны свабоды: мудрая душа ў такiх вязняў, але разам з тым падступная i нядобрая.
Свабодны духам павiнен ачысцiцца. Бо ў iм яшчэ шмат астрожнага змроку i цвiлi - вока яго павiнна ачысцiцца.
Так, я ведаю небяспеку табе. Але заклiнаю цябе сваёй любоўю i надзеяй: не адкiдай сваёй любовi i надзеi!
Высакародна ты любiш пакуль што, i высакародна любяць цябе, а твае нелюбы злосна зiркаюць табе ў плечы. Ведай, што высакародны ўсiм папярок дарогi.
'Добрым' таксама ён заважае; калi ж яны яго называюць добрым, дык гэтым самым хочуць прыняць яго з дарогi.
Высакародны хоча стварыць новае i новую цноту. Добры хоча захаваць старое, каб яно заставалася цэлае.
Але не ў тым небяспека высакароднаму, што ён зробiцца добры, а што знахабiцца, зробiцца перасмешнiкам i знiшчальнiкам.
Я ведаў высакародных, якiя страцiлi сваю найвышэйшую надзею. I вось цяпер яны ўзводзяць паклёпы на ўсе высокiя памкненнi.
I вось цяпер яны жывуць, зрываюць без сораму кароткiя ўцехi i ставяць перад сабою мiзэрныя мэты - не больш як на дзень выстарчае гэтых мэтаў.
'Дух - таксама салодкi шал' - так кажуць яны. I разбiлiся крылы ў iх духу, i цяпер ён поўзае ўсюды i апаганьвае ўсё, што грызе.
Калiсьцi яны мерылiся стаць героямi, сёння яны ласуны. Сёння смутак i жудасць - iм за герояў.
Але любоўю сваёй i надзеяй заклiнаю цябе: хавай героя ў сваёй душы! Як святыню хавай сваю найвышэйшую надзею!'
Так сказаў Заратустра.
Пра прапаведнiкаў смерцi
Ёсць прапаведнiкi смерцi, i на зямлi поўна людзей, якiм патрэбна пропаведзь агiды да жыцця.
Зямля кiшыць лiшнiмi, жыццё сапсавана процьмай жывых. О, калi б можна было абяцаннем 'вечнага жыцця' вынадзiць iх з гэтага жыцця!
Прапаведнiкаў смерцi называюць 'жоўтымi' або 'чорнымi'. А я хачу паказаць вам iх у iншых колерах.
Вось яны, гэтыя жахлiвыя, што носяць у сабе драпежнага звера i не маюць iншага выбару, акрамя пажады i самакатавання. Але i пажада iхняя - таксама самакатаванне.
Яны яшчэ нават не рабiлiся людзьмi, гэтыя жахлiвыя: няхай жа яны прапаведуюць агiду да жыцця i гiнуць самi!
Вось яны, сухотныя душою - толькi нарадзiлiся, а пачынаюць ужо памiраць i трызняць вучэннем пра стому i адмаўленне.
Яны вельмi хацелi б смерцi, дык давайце ж пахвалiм iх волю! Будзем асцярожныя, каб не ажывiць гэтых мерцвякоў i не пашкодзiць гэтыя жывыя трупы!
Яны сустракаюць хворага, альбо старога, альбо нябожчыка; i адразу кажуць: 'жыццё абвергнута'!
Але абвергнуты толькi яны самыя i iхнiя вочы, якiя бачаць толькi аблiчча сутнага.
Глыбока запанураныя, прагныя да ўсяго дробнага i выпадковага, што цягне з сабою смерць, - так яны чакаюць яе, сцяўшы зубы.
Альбо яшчэ: хапаюцца за салодкае, кпяць са сваёй гарэзлiвасцi; трымаюцца за жыццё, як за саломiну, i кпяць, што трымаюцца за саломiну.
Iх мудрасць маўляе: 'Дурань, хто жыве далей, але хто ж бо з нас не дурань! I ў гэтым - уся дурнота жыцця!'
'Жыццё - толькi пакута' - так кажуць iншыя i не хлусяць: дык жа дайце сабе клопату зрабiць так, каб вашае жыццё спынiлася! Пастарайцеся скончыць жыццё, якое для вас - пакута!
I хай такою будзе запаведзь вашае цноты: 'Забi сябе сам! Украдзь сябе ў жыцця!'
'Салодкае пахацiнства - грэх, i так кажуць адны прапаведнiкi смерцi, дазвольце ж нам пайсцi i не рабiць дзяцей!'
'Нараджаць вельмi цяжка, - кажуць другiя, - ды i навошта? Нараджаюцца толькi няшчасныя!' Гэтыя таксама прапаведуюць смерць.
'Спагада патрэбная, - кажуць трэцiя, - забярыце ўсё, што я маю! Забярыце i мяне самога. Тым меней буду я прывязаны да жыцця!'
Калi б яны былi ў аснове спагадлiвыя, яны адвярнулi б ад жыцця сваiх блiзкiх. Быць злымi - вось што было б iх сапраўдным дабром.
Але яны хочуць выбавiцца ад жыцця; што iм да таго, што яны яшчэ мацней вяжуць сваiмi ланцугамi i дарункамi iншых людзей!
I нават вас, каму жыццё - гэта цяжкая праца i неспакой, хiба вас жыццё не стамiла? Хiба вы яшчэ не выспелi на пропаведзь смерцi?
Усе вы, каму па душы цяжкая праца i ўсё iмклiвае, новае, нязведнае, - вы самi сабе цяжкiя сталi; ваш iмпэт - гэта толькi ўцёкi ад сябе i жаданне забыцца.
Калi б вы болей верылi ў жыццё, вы менш аддавалiся б iмгненнасцi. Але занадта мала ў вас зместу, каб чакаць, i нават каб ленавацца!
Усюды чуюцца галасы прапаведнiкаў смерцi; i поўнiцца зямля людзьмi, якiм патрэбная пропаведзь смерцi.
Альбо 'вечнага жыцця': мне ўсё адно - толькi б знiклi яны з улоння зямлi!
Так сказаў Заратустра.
Пра вайну i ваяроў
Ад сама годных сярод ворагаў нашых мы не хочам лiтасцi, а таксама i ад тых, каго мы любiм да глыбiнi душы. Дык жа дазвольце мне сказаць шчырую праўду!
Браты мае па вайне! Я вас люблю ад усяго сэрца; я заўсёды быў адзiн з вас, i цяпер я такi самы. I я - сама годны з вашых ворагаў. Дык жа дазвольце мне сказаць вам шчырую праўду!
Я ведаю нянавiсць i зайздрасць вашага сэрца. Вы не настолькi вялiкiя, каб не ведаць нянавiсцi i зайздрасцi. Няхай жа ў вас будзе досыць велiчы, каб не было брыдка за самiх сябе!
I калi вы не можаце быць апосталамi пазнання, дык будзьце, прынамсi, ваярамi яго. Бо яны - спадарожнiкi i прадвеснiкi апосталаў.
Я бачу безлiч салдатаў - хацелася б пабачыць безлiч ваяроў! Я бачу салдатаў, аднолькава абмундзiраваных: тое, што яны на сабе носяць, называецца ўнiформай. Хай жа не будзе гэтакi аднастайны змест пад iх унiформай!
Будзьце такiя, як тыя, чыё вока заўсёды цiкуе за ворагам - iхнiм ворагам. Не кожны бо з вас здольны ненавiдзець з першага позiрку.
Свайго ворага вы павiнны шукаць, змагацца на сваёй вайне, за свае перакананнi! Калi ж вашыя перакананнi будуць разбiтыя, няхай вернасць ваша адсвяткуе сваю перамогу!
Любiце мiр як сродак да новай вайны. I мiр кароткi любiце мацней за доўгi.
Не да працы заклiкаю я вас, а да змагання; не да мiру, а да перамогi. Хай будзе праца ваша - змаганне, а мiр ваш - перамога!