- Богам прашу, Кемп, не палохайцеся. Мне так патрэбна дапамога! Пачакайце!

Нябачная рука схапiла Кемпа за локаць. Кемп стукнуў па ёй.

- Кемп! - крыкнуў Голас. - Кемп, супакойцеся! - I нябачная рука яшчэ мацней сцiснула локаць Кемпа.

Шалёнае жаданне вызвалiцца апанавала Кемпа. Перавязаная рука ўчапiлася яму ў плячо, i раптам Кемп быў збiты з ног i кiнуты дагары на ложак. Ён адкрыў рот, каб крыкнуць, але ў тую ж секунду край прасцiны апынуўся ў яго памiж зубамi. Невiдзiмка трымаў яго моцна, але рукi Кемпа былi свабодныя, i ён шалёна бiў iмi без разбору.

- Будзьце разважнымi, - сказаў Невiдзiмка, моцна трымаючы Кемпа, нягледзячы на ўдары, што сыпалiся на яго. - О чорт, не выводзьце мяне з цярплiвасцi! Ляжыце смiрна, боўдзiла вы гэтакi! - раўкнуў Невiдзiмка ў самае вуха Кемпа.

Яшчэ з хвiлiну Кемп працягваў выкручвацца, потым зацiх.

- Калi вы крыкнеце, я разаб'ю вам галаву, - сказаў Невiдзiмка, вымаючы прасцiну з рота Кемпа. - Я - Невiдзiмка. Гэта не выдумка i не фокус. Я сапраўды Невiдзiмка. I мне патрэбна ваша дапамога. Я не зраблю вам нiчога шкоднага, калi вы не будзеце паводзiць сябе, як ачмурэлая дзеравеншчына. Няўжо вы мяне не помнiце, Кемп? Я - Грыфiн, мы ж разам вучылiся ва ўнiверсiтэце.

- Дайце мне падняцца, - сказаў Кемп. - Я нiкуды не збягу. I дайце мне хвiлiну пасядзець спакойна.

Ён сеў на ложак i памацаў патылiцу.

- Я - Грыфiн, вучыўся ва ўнiверсiтэце разам з вамi. Я зрабiў сябе нябачным. Я - самы звычайны чалавек, якога вы ведалi, але толькi нябачны.

- Грыфiн? - перапытаў Кемп.

- Так, Грыфiн, - адказаў Голас. - Ва ўнiверсiтэце быў на курс маладзей за вас, амаль альбiнос, шэсць футаў ростам i плячысты, з бела-ружовым тварам i чырвонымi вачыма. Атрымаў узнагароду за работу па хiмii.

- Нiчога не разумею, - сказаў Кемп, - у галаве ў мяне зусiм памутнела. Пры чым тут Грыфiн?

- Грыфiн - гэта я.

Кемп задумаўся.

- Гэта жахлiва, - сказаў ён. - Але якая чартаўшчына можа зрабiць чалавека нябачным?

- Нiякай чартаўшчыны. Гэта зусiм лагiчны i даволi нескладаны працэс...

- Гэта жахлiва! - сказаў Кемп. - Якiм чынам?..

- Жахлiва, сапраўды. Але я паранены, мне балюча, i я змарыўся. О госпадзi, Кемп, будзьце мужчынам! Аднясiцеся да гэтага спакойна. Дайце мне паесцi i напiцца, а пакуль я прысяду.

Кемп глядзеў на павязку, якая рухалася па пакоi; потым ён убачыў, як плеценае крэсла працягнулася па падлозе i спынiлася каля ложка. Яно затрашчала, i сядзенне апусцiлася на чвэрць цаля. Кемп працёр вочы i зноў памацаў патылiцу.

- Гэта цiкавей за ўсялякiя прывiды, - сказаў ён i недарэчна расмяяўся.

- Вось так лепш. Слава богу, вы становiцеся разважлiвымi.

- Альбо дурнею, - сказаў Кемп i зноў працёр вочы.

- Дайце мне вiскi: я ледзьве дыхаю.

- Гэтага я не сказаў бы. Дзе вы? Калi я ўстану, я не наткнуся на вас? Ага, вы тут. Добра. Вiскi... Калi ласка. Куды ж мне паднесцi яго вам?

Крэсла затрашчала, i Кемп адчуў, што шклянку бяруць у яго з рук. Ён выпусцiў яе не зусiм ахвотна, неўсвядомлена асцерагаючыся, што шклянка ўпадзе i разаб'ецца. Але шклянка спынiлася ў паветры, цалях у дваццацi над пярэднiм краем крэсла. Кемп глядзеў на шклянку ў страшэнным неўразуменнi...

- Гэта... ну, вядома, гэта - гiпноз... Вы, магчыма, унушылi мне, што вы нябачны.

- Лухта! - сказаў Голас.

- Але ж гэта вар'яцтва!

- Выслухайце мяне.

- Толькi сёння ранiцай я прывёў бясспрэчныя доказы, - пачаў Кемп, - што нябачнасць...

- Плюньце на ўсе доказы, - перапынiў яго Голас. - Я памiраю ад голаду, i для чалавека, зусiм распранутага, тут даволi прахладна.

- Ён адчувае голад! - сказаў Кемп.

Шклянка вiскi перакулiлася.

- Так, - сказаў Невiдзiмка, са стукам адстаўляючы шклянку. - Цi няма ў вас халата?

Кемп прамармытаў штосьцi незразумелае i, падышоўшы да адзежнай шафы, выняў адтуль цёмна- чырвоны халат.

- Падыдзе? - спытаў ён.

Халат узялi ў яго з рук. З хвiлiну ён вiсеў нерухома ў паветры, потым дзiўна загайдаўся, выцягнуўся ва ўсю даўжыню i, зашпiлiўшыся, як трэба, апусцiўся ў крэсла.

- Добра б яшчэ кальсоны, шкарпэткi i туфлi, - адрывiста вымавiў Невiдзiмка. - I паесцi.

- Калi ласка, усё, што жадаеце. Але са мной у жыццi не надаралася нiчога больш недарэчнага.

Кемп дастаў з камода ўсё, што прасiў Невiдзiмка, i спусцiўся ў кладоўку. Ён вярнуўся з халоднымi катлетамi i хлебам i, падсунуўшы невялiкi столiк, расставiў усё гэта перад госцем.

- Абыдуся i без нажа, - сказаў Невiдзiмка, i катлета павiсла ў паветры. Пачулася жаванне.

- Я заўсёды лiчыў за лепшае спачатку апрануцца, а потым ужо есцi, сказаў Невiдзiмка з поўным ротам, прагна глытаючы хлеб з катлетай. - Дзiўны капрыз!

- Рука, здаецца, дзейнiчае? - сказаў Кемп.

- Будзьце спакойныя, - сказаў Невiдзiмка.

- Але як усё-такi дзiўна...

- Менавiта так. Але самае дзiўнае тое, што я трапiў менавiта да вас, калi мне спатрэбiлася зрабiць перавязку. Гэта мая першая ўдача! Урэшце, я i так вырашыў пераначаваць у гэтым доме. Нiчога вам не дапаможа! Страшна няёмка, што кроў маю бачна, праўда? Цэлая лужына нацякла. Мусiць, яна становiцца бачнай, калi згусае. Мне давялося змянiць толькi жывую тканку, i я нябачны толькi пакуль жывы... Ужо тры гадзiны, як я тут.

- Але як вы гэта зрабiлi? - пачаў Кемп раздражнёна. - Чорт ведае што! Уся гэтая гiсторыя ад пачатку да канца - суцэльная бязглуздзiца.

- Дарэмна вы так думаеце, - сказаў Невiдзiмка. - Усё гэта цалкам разумна.

Ён пацягнуўся i ўзяў бутэльку з вiскi. Кемп здзiўлена глядзеў на халат, якi паглынаў вiскi. Святло ад свечкi, праходзячы скрозь дзiрку на правым плячы халата, утварыла светлы трохвугольнiк пад левымi рэбрамi.

- Што гэта былi за стрэлы? - спытаўся Кемп. - Як пачалася стралянiна?

- Там быў адзiн дурань, мой выпадковы кампаньён, каб яго чорт узяў, якi хацеў украсцi мае грошы. I ўкраў-такi.

- Таксама невiдзiмка?

- Не.

- Ну, а што далей?

- Цi нельга мне яшчэ чаго-небудзь паесцi, га? Потым я ўсё раскажу па парадку. Я галодны, i рука балiць. А вы хочаце, каб я вам расказваў!

Кемп падняўся.

- Значыць, гэта не вы стралялi? - спытаўся ён.

- Не, - адказаў госць. - Страляў наўздагад нейкi iдыёт, якога я раней нiколi не бачыў. Яны ўсе перапалохалiся. Мяне ўсе палохаюцца. Каб iх чорт узяў! Ну вось што, Кемп: я есцi хачу.

- Пайду пашукаю, цi няма ўнiзе яшчэ чаго-небудзь з ежы, - сказаў Кемп. - Баюся, што знойдзецца не шмат.

Закончыўшы з ежай, - а паеў ён грунтоўна, - Невiдзiмка папрасiў цыгару.

Ён прагна адкусiў кончык, перш чым Кемп паспеў адшукаць нож, i вылаяўся, калi адстаў вонкавы лiсток.

Дзiўна было бачыць яго з цыгарай: рот, горла, зеў i ноздры выступалi, быццам злепак, зроблены з дыму, якi клубiўся.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату