у члены Каралеўскага навуковага таварыства.
Выпадкова падняўшы вочы ад работы, ён убачыў агнiсты заход сонца над узгоркам насупраць. З хвiлiну, магчыма, рассеяна прыкусiўшы кончык ручкi, ён любаваўся залатым ззяннем над вяршыняй узгорка; потым увагу яго прыцягнула маленькая чорная фiгурка, якая рухалася па ўзгорку ў напрамку да яго дома. Гэта быў нiзенькi чалавечак у цылiндры, i бег ён з такой хуткасцю, што ногi яго так i мiльгалi ў паветры.
'Яшчэ адзiн асёл, - падумаў доктар Кемп. - Падобны на таго, якi наляцеў на мяне сёння ранiцай з крыкам: 'Невiдзiмка iдзе!' Не разумею, што гэта робiцца з людзьмi. Можна падумаць, што мы жывём у трынаццатым стагоддзi'.
Ён падняўся, падышоў да акна i стаў глядзець на ўзгорак, ахутаны змрокам, i на цёмную фiгуру чалавека, якi бег.
- Ён, мусiць, вельмi спяшаецца, - сказаў доктар Кемп, - але ад гэтага штосьцi мала толку. Ён бяжыць так паволi, як быццам бы ў яго кiшэнi набiты свiнцом. Хутчэй, сэр, хутчэй! - сказаў доктар Кемп.
Праз хвiлiну чалавек схаваўся за адной з вiл на схiле ўзгорка. Яшчэ праз хвiлiну ён зноў з'явiўся ў прасвеце памiж двума дамамi, затым зноў схаваўся i зноў паказаўся, i так тры разы, пакуль не знiк зусiм.
- Аслы! - сказаў доктар Кемп i, павярнуўшыся, зноў накiраваўся да пiсьмовага стала.
Але тыя, каму давялося быць у гэты час на дарозе i блiзка бачыць чалавека, якi бег, бачыць дзiкi жах на яго мокрым ад поту твары, тыя не падзялялi пагардлiвага скептыцызму доктара. Чалавек уцякаў, i ад яго пры гэтым далятаў звон, як ад туга набiтага кашалька, якi кiдаюць або туды, або сюды. Ён не аглядваўся нi направа, нi налева, але глядзеў расшыранымi вачыма проста перад сабой, туды, дзе каля падножжа ўзгорка адзiн за адным успыхвалi лiхтары i тоўпiўся на вулiцы народ. Нiжняя скiвiца ў яго адвiсла, на губах выступiла густая пена i дыхаў ён хрыпла i гучна. Усе прахожыя спынялiся, пачыналi аглядваць дарогу i з прыкметным хваляваннем распытвалi адзiн аднаго, чым могуць быць выклiканы такiя паспешлiвыя ўцёкi.
Раптам воддаль, амаль на вяршыне ўзгорка, сабака, якi гарэзнiчаў на дарозе, заскуголiў, кiнуўся ў падваротню i, пакуль прахожыя дзiвiлiся, мiма iх пранеслася штосьцi, - не то вецер, не то шлёпанне ног, не то шум цяжкага дыхання.
Людзi закрычалi. Людзi кiнулiся ў бакi. З лямантам пабеглi пад гару. Iх крыкi ўжо чулiся на вулiцы, калi Марвел быў яшчэ на сярэдзiне ўзгорка. Яны разбягалiся па дамах, лiхаманкава зачынялi за сабой дзверы i, ледзьве аддыхаўшыся, паведамлялi страшэнную вестку. Марвел чуў бразганне дзвярэй i рабiў апошнiя адчайныя намаганнi.
Жах пранёсся мiма яго, абагнаў яго i ў адно iмгненне апанаваў увесь гарадок.
'Невiдзiмка iдзе! Невiдзiмка!..'
Раздзел XVI
У ШЫНКУ 'ВЯСЁЛЫЯ КРЫКЕТЫСТЫ'
Шынок 'Вясёлыя крыкетысты' знаходзiцца каля самага падножжа ўзгорка, дзе пачынаецца лiнiя конкi. Гаспадар, абапершыся тоўстымi чырвонымi рукамi аб стойку, размаўляў пра коней з худасочным рамiзнiкам, а чорнабароды чалавек, апрануты ў шэрае, аплятаў сухары з сырам, пацягваў вiно i размаўляў з палiсменам, якi толькi што змянiўся з дзяжурства. Мяркуючы па акцэнце, гэта быў амерыканец.
- Што гэта за крыкi? - сказаў рамiзнiк, раптам перапынiўшы размову i стараючыся паверх бруднай жоўтай фiранкi на нiзенькiм акне шынка разгледзець дарогу, што цягнулася ўверх па ўзгорку. Хтосьцi прабег па вулiцы мiма дзвярэй.
- Ужо цi не пажар там? - сказаў гаспадар.
Пачулiся крыкi, якiя прыблiжалiся: хтосьцi цяжка бег. З шумам расчынiлiся дзверы, i ў пакой уляцеў раскудлачаны Марвел без капелюша i з разарваным каўняром, ён плакаў. Сутаргава павярнуўшыся, ён паспрабаваў зачынiць дзверы, але рэмень утрымлiваў iх прачыненымi.
- Iдзе! - завiшчаў Марвел не сваiм голасам. - Ён iдзе. Невiдзiмка! Гонiцца за мной. Богам прашу... Выратуйце! Выратуйце! Выратуйце!
- Зачынiце дзверы, - сказаў палiсмен. - Хто iдзе? У чым справа? - Ён падышоў да выхадных дзвярэй, адчапiў рэмень, i дзверы зачынiлiся. Амерыканец зачынiў другiя дзверы.
- Пусцiце мяне за стойку, - сказаў Марвел, дрыжучы i плачучы, але моцна прыцiскаючы да сябе кнiгi. - Пусцiце мяне. Схавайце мяне дзе-небудзь. Кажуць вам, ён гонiцца за мной. Я ўцёк ад яго. Ён сказаў, што заб'е мяне. I заб'е.
- Вам нечага баяцца, - сказаў чорнабароды. - Дзверы зачынены. А ў чым справа?
- Схавайце мяне, - паўтарыў Марвел i раптам завiшчаў ад страху: уваходныя дзверы затрэслiся ад моцнага ўдару, i знадворку пачулiся паспешлiвы стук i крыкi.
- Эй! - закрычаў палiцэйскi. - Хто там?
Мiстэр Марвел, як вар'ят, забегаў па пакою ў пошуках выхада.
- Ён заб'е мяне! - крычаў ён. - У яго нож! Богам прашу!..
- Вось, - сказаў гаспадар, - iдзiце сюды. - Ён адкiнуў дошку, i мiстэр Марвел кiнуўся за стойку. Стук у дзверы аднавiўся.
- Не адчыняйце яму! - закрычаў мiстэр Марвел. - Калi ласка, не адчыняйце! Куды мне схавацца?
- Дык гэта, значыць, Невiдзiмка? - спытаўся чорнабароды, заклаўшы адну руку за спiну. - Я думаю, пара ўжо i паглядзець на яго.
Раптам акно шынка разляцелася на друзачкi i звонку ўзнялiся крыкi i беганiна. Палiсмен, стаўшы на лаўку i высунуўшы галаву ў акно, стараўся разгледзець, што робiцца каля дзвярэй. Потым злез i сказаў, здзiўлена падняўшы бровы:
- Гэта ён.
Гаспадар пастаяў перад дзвярыма ў суседнi пакой, куды схавалi мiстэра Марвела, паглядзеў на разбiтае акно i падышоў да сваiх наведвальнiкаў.
Усё раптам зацiхла.
- Шкада, што ў мяне няма з сабой дубiнкi, - сказаў палiсмен, нерашуча падыходзячы да дзвярэй. - Як адчынiм дзверы, дык ён цяпер i ўвойдзе. Нiчым яго не спынiш.
- А вы не вельмi спяшайцеся адчыняць, - баязлiва сказаў худасочны рамiзнiк.
- Адсуньце завалу, - сказаў чорнабароды. - Няхай толькi ўвойдзе... - i ён паказаў рэвальвер, якi трымаў у руцэ.
- Гэта няварта, - сказаў палiцэйскi. - Гэта ж можа быць забойства.
- Я ведаю, у якой краiне знаходжуся, - запярэчыў чорнабароды. - Я буду цэлiцца ў ногi. Адсуньце завалу.
- А калi вы трапiце мне ў спiну? - сказаў гаспадар, выглядаючы з-пад фiранкi на вулiцу.
- Добра, - сказаў чорнабароды i, нахiлiўшыся, сам адсунуў завалу, трымаючы рэвальвер напагатове. Гаспадар, размiзнiк i палiсмен павярнулiся да дзвярэй.
- Уваходзьце, - нягучна сказаў чорнабароды, адступаючы на крок i гледзячы на дзверы; рэвальвер ён трымаў за спiной. Але нiхто не ўвайшоў i дзверы не адчынiлiся. Калi праз пяць хвiлiн другi рамiзнiк асцярожна зазiрнуў у шынок, усе яны стаялi ў чакальных позах, а з суседняга пакоя выглядвала бледная, спалоханая фiзiяномiя.
- Цi ўсе дзверы ў доме зачынены? - спытаўся Марвел. - Ён дзе-небудзь тут, вынюхвае. Ён жа хiтры як чорт.
- Бог ты мой! - усклiкнуў гаспадар. - А заднiя дзверы! Вы тут папiльнуйце. Вось жа... - Ён бездапаможна азiрнуўся. Дзверы ў суседнi пакой зачынiлiся, i ключ шчоўкнуў у замку. - А асобны ход! I дзверы ў двор...
Ён выбег з пакоя.
Праз хвiлiну ён вярнуўся з кухонным нажом у руках.
- Дзверы ў двор адчынены! - сказаў ён, i яго тоўстая нiжняя губа адвiсла.
- Можа, ён ужо ў доме, - сказаў першы рамiзнiк.
- У кухнi яго няма, - сказаў гаспадар. - Там дзве служанкi, i я па ўсёй кухнi прайшоў вось з гэтым нажом, нiводнага кутка не прапусцiў. Яны таксама гавораць, што ён не заходзiў. Яны нiчога не заўважылi...
- Вы замкнулi дзверы? - спытаўся першы рамiзнiк.
- Не маленькi, слава богу, - адказаў гаспадар.
Чорнабароды схаваў рэвальвер. Але ў тую ж секунду i стукнула адкiдная дошка стойкi, загрымела