засаўка, гучна заскрыгатаў замок, i дзверы ў суседнi пакой адчынiлiся насцеж. Яны пачулi, як Марвел завiшчэў, быццам злоўлены заяц, i кiнулiся праз стойку да яго на дапамогу. Чорнабароды выстралiў, люстэрка ў суседнiм пакоi трэснула, асколкi са звонам разляцелiся па падлозе.

Увайшоўшы ў пакой, гаспадар заўважыў, што Марвел корчыцца i боўтаецца перад дзвярамi, якiя вялi цераз кухню ў двор. Пакуль гаспадар стаяў у нерашучасцi, дзверы адчынiлiся, i Марвел быў зацягуты ў кухню. Адтуль пачулiся крыкi i стук каструль, якiя падалi. Марвел, нагнуўшы галаву, упарта адступаў назад, але быў дацягнуты да дзвярэй у двор. Завала адсунулася.

Палiсмен, працiснуўшыся мiма гаспадара, забег на кухню разам з адным рамiзнiкам, i схапiў кiсць нябачнай рукi, якая трымала за каўнер Марвела, але тут жа атрымаў удар у твар, пахiснуўся i адступiў. Дзверы расчынiлiся, i Марвел зрабiў адчайную спробу схавацца за iмi. У гэты час рамiзнiк штосьцi схапiў.

- Я трымаю яго! - закрычаў рамiзнiк.

- Злавiў! - крыкнуў ён.

Мiстэр Марвел, выпушчаны з нябачных рук, упаў на падлогу i паспрабаваў прапаўзцi пад нагамi людзей, якiя барукалiся. Схватка перамясцiлася да дзвярэй. Упершыню пачуўся голас Невiдзiмкi - ён гучна ўскрыкнуў, таму што палiсмен наступiў яму на нагу. Потым пачуўся раз'юшаны рык, i Невiдзiмка запрацаваў кулакамi, нiбы цапамi. Рамiзнiк раптам завыў i скурчыўся, атрымаўшы ўдар пад дыхавiцу. Дзверы, што вялi ў пакой, зачынiлiся i прыкрылi адступленне мiстэра Марвела. Людзi тапталiся ў цеснай кухнi, пакуль не заўважылi, што яны змагаюцца з пустатой.

- Куды ён збег? - крыкнуў чорнабароды.

- Сюды, - сказаў палiсмен, выходзячы на двор, i спынiўся.

Кавалак чарапiцы праляцеў над самым яго вухам i ўпаў на кухонны стол, якi быў застаўлены пасудай.

- Я яму пакажу! - крыкнуў чорнабароды. Над плячом палiсмена блiснула сталь, i ў змрок, у той бок, адкуль была кiнута чарапiца, вылецелi адна за адной пяць куль. Страляючы, чорнабароды апiсваў рукой дугу па гарызанталi, таму кулi веерам клалiся ў цесным дворыку.

Наступiла цiшыня.

- Пяць куль, - сказаў чорнабароды. - Казырная гульня! Дайце лiхтар i пойдзем шукаць цела.

Раздзел XVII

НАВЕДВАЛЬНIК ДОКТАРА КЕМПА

Доктар Кемп працягваў пiсаць у сваiм кабiнеце, пакуль гукi стрэлаў не прыцягнулi яго ўвагу. 'Паф, паф, паф', - шчоўкалi яны адзiн за адным.

- Ого! - усклiкнуў доктар Кемп, зноў прыкусiўшы ручку, якой толькi што пiсаў, прыслухоўваючыся! - Хто гэта ў Бэрдоку палiць з рэвальвера? Што яшчэ гэтыя аслы выдумалi?

Ён падышоў да паўднёвага акна, адчынiў яго i, высунуўшыся, стаў узiрацца ў начны горад - сетку асветленых вокнаў, газавых лiхтароў i вiтрын з чорнымi прамежкамi дахаў i двароў.

- Як быццам там, пад узгоркам, каля 'Крыкетыстаў', сабраўся натоўп, сказаў ён, узiраючыся. Потым позiрк яго скiраваўся ўдалечыню, дзе свяцiлiся агнi судоў i прыстань, - невялiкi, ярка асветлены будынак зiхацеў, нiбы жоўты алмаз. Малады месяц узыходзiў над заходнiм бокам узгорка, а яркiя зоркi амаль ззялi што як над тропiкамi.

Хвiлiн праз пяць, на працягу якiх думкi яго неслiся да сацыяльных умоваў будучынi i блукалi ў нетрах бязмежнасцi часоў, доктар Кемп уздыхнуў, зноў зачынiў акно i вярнуўся да пiсьмовага стала.

Прыкладна праз гадзiну пасля гэтага каля ўваходных дзвярэй пазванiлi. З таго часу як Кемп пачуў стрэлы, работа яго iшла вяла, i ён раз-пораз адхiляўся i задумваўся. Калi пачуўся званок, ён пакiнуў работу i стаў прыслухоўвацца. Ён чуў, як служанка пайшла адчыняць дзверы, i чакаў яе крокаў на лесвiцы, але яна не вярнулася.

- Хто б гэта мог быць? - сказаў Кемп.

Ён паспрабаваў зноў узяцца за работу, але штосьцi яму перашкаджала. Тады ён устаў, выйшаў з кабiнета i спусцiўся па лесвiцы на пляцоўку; там ён пазванiў i, калi ў холе, унiзе, з'явiлася пакаёўка, спытаўся ў яе, перагнуўшыся цераз парэнчы:

- Пiсьмо прынеслi?

- Не, выпадковы званок, сэр, - адказала пакаёўка.

'Я чамусьцi нервуюся сёння', - сказаў Кемп сам сабе.

Ён вярнуўся ў кабiнет, рашуча ўзяўся за работу i праз некалькi хвiлiн быў ужо ўвесь захоплены ёю. Цiшыню ў пакоi парушала толькi цiканне гадзiннiка ды парыпванне пяра, якое рухалася па паперы ў самым цэнтры светлага круга, якi ўтварала настольная лямпа.

Было дзве гадзiны ночы, калi доктар Кемп вырашыў на сёння закончыць работу. Ён падняўся, пазяхнуў i спусцiўся ўнiз, у сваю спальню. Ён ужо зняў пiнжак i камiзэльку, як раптам адчуў, што яму хочацца пiць. Узяўшы свечку, ён спусцiўся ў сталовую, каб пашукаць там сельцерскай i вiскi.

Навуковыя заняткi зрабiлi доктара Кемпа вельмi назiральным чалавекам; вяртаючыся са сталовай, ён заўважыў цёмную пляму на лiнолеуме побач з цынкоўкай, каля самай лесвiцы. Ён падняўся ўжо наверх, як раптам задаў сабе пытанне, адкуль магла з'явiцца гэтая пляма. Гэта была, вiдавочна, падсвядомая думка. Але як бы там нi было, ён вярнуўся ў хол, паставiў сiфон i вiскi на столiк i, нагнуўшыся, стаў даследаваць пляму. Без асаблiвага здзiўлення ён пераканаўся, што яна лiпкая i барвовая, зусiм як падсыхаючая кроў.

Прыхапiўшы сiфон i бутэльку з вiскi, ён падняўся наверх, уважлiва прыглядаючыся па баках i спрабуючы растлумачыць сабе, адкуль магла з'явiцца крывавая пляма. На пляцоўцы ён спынiўся i ў здзiўленнi ўтаропiўся на дзверы свайго пакоя: ручка дзвярэй была ў крывi.

Ён зiрнуў на сваю руку. Яна была зусiм чыстая. I тут ён успомнiў, што калi ён выйшаў з кабiнета, дзверы ў яго спальню былi адчынены, - значыць, ён да ручкi дзвярэй i не датыкаўся. Ён цвёрдым крокам увайшоў у спальню; ягоны твар быў зусiм спакойны, хiба што некалькi больш рашучы, чым звычайна. Позiрк яго, уважлiва аглядаючы пакой, спынiўся на ложку. На коўдры цямнела лужына крывi, а прасцiна была разарвана. Калi ён першы раз увайшоў у пакой, ён гэтага не заўважыў, таму што накiраваўся проста да туалетнага столiка. У адным месцы пасцель была скамечана, як быццам бы хтосьцi толькi што сядзеў на ёй.

Тут яму падалося, што чыйсьцi голас нягучна ўсклiкнуў: 'Дык гэта ж Кемп!' Але доктар Кемп не верыў у таямнiчыя галасы.

Ён стаяў i глядзеў на скамечаную пасцель. Можа, яму проста здалося? Ён зноў агледзеўся, але не заўважыў нiчога падазронага, акрамя скамечанай i запэцканай крывёй пасцелi. Тут ён ясна пачуў нейкi рух у кутку пакоя, каля ўмывальнiка. У любога чалавека, нават самага адукаванага, захоўваюцца нейкiя няўлоўныя рэшткi забабонаў. Жудаснае пачуццё апанавала доктара Кемпа. Ён зачынiў дзверы спальнi, падышоў да столiка i паставiў на яго сiфон. Раптам ён уздрыгнуў: у паветры, памiж iм i ўмывальнiкам, вiсела акрываўленая павязка з палатнянай анучы.

Уражаны, ён стаў углядацца. Гэта была пустая павязка - акуратна зробленая, але зусiм пустая. Ён хацеў падысцi i схапiць яе, але нечы дотык спынiў яго, i ён пачуў голас, якi прагучаў зусiм побач.

- Кемп! - сказаў Голас.

- А? - сказаў Кемп, разiнуўшы рот.

- Не палохайцеся, - працягваў Голас. - Я невiдзiмка.

Кемп нейкi час нiчога не адказваў, толькi глядзеў на павязку.

- Невiдзiмка? - сказаў ён нарэшце.

- Невiдзiмка, - паўтарыў Голас.

Кемпу прыпомнiлася гiсторыя, якую ён так старанна высмейваў усяго толькi сёння ранiцай. Але, у гэтую хвiлiну ён, мусiць, не вельмi спалохаўся i здзiвiўся. Толькi пазней ён змог усвядомiць свае пачуццi.

- Я лiчыў, што ўсё гэта выдумка, - сказаў ён. Хаця ў яго ў галаве круцiлiся доказы, якiя ён прыводзiў ранiцай. - Вы ў павязцы? - спытаўся ён.

- Так, - адказаў Невiдзiмка.

- О! - усхвалявана сказаў Кемп. - Вось дык штука. - Але тут жа схамянуўся. - Глупства. Фокус якi-небудзь. - Ён хутка ступiў наперад, i рука яго, працягнутая да павязкi, сустрэла нябачныя пальцы.

Пры гэтым дотыку ён адскочыў i змянiўся ў твары.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату