Вярнiся да апошняга самотнiка!
Патокi слёз маiх цякуць за табою
I полымя сэрца!
О вярнiся!
Мой нязведаны Божа!
Мой боль!
Маё апошняе шчасце!
2
Але тут Заратустра ўжо не мог стрымацца, схапiў кiя i штосiлы пачаў бiць зарумзанага чарадзея. 'Перастань! - усклiкнуў ён са злым смехам. - Перастань ты, камедыянт! Утры нюнi! Фальшываманетчык! Зацяты хлус! Я бачу цябе наскрозь!
Вось зараз я табе ўвалю, подлы чарадзей, гэта я ўмею - разаграваць такiх спруцянелых, як ты!'
'Кiнь! - крыкнуў стары i ўскочыў з зямлi. - Не бi мяне больш, о Заратустра! Я толькi пацвялiў цябе!
Гэта - адна выява майстэрства майго; я хацеў выпрабаваць цябе, падсiлiць цябе гэтай спакусе! I сапраўды, ты раскусiў мяне!
Але i сам ты - нямала даў мне ўведаць пра цябе: ты жорсткi, мудры Заратустра! Моцна б'еш сваiмi 'iсцiнамi', i твая доўбня выбiла з мяне гэтую iсцiну!
'Не лiжыся, - адказаў Заратустра, усё яшчэ гневаючыся, i змрочна зiрнуў на яго, - не лiжыся мне, зацяты блазен! Ты хлус: цi табе гаварыць пра iсцiну!
Ты, паўлiн над паўлiнамi, ты, мора славалюбства, што разыгрываў ты перад мною, у каго павiнен быў паверыць я, калi ты размазваўся перад мною так нiкчэмна?'
'Я прытвараўся тым, хто каецца духам, - сказаў стары, - iм я прытвараўся: ты сам выдумаў калiсьцi гэты выраз,
- паэта i чарадзея, якi канчае тым, што паварочвае дух свой супроць сябе самога, я разыгрываў пераўтворанага, якi замярзае ад свайго няведання i благога сумлення.
I прызнайся ж, Заратустра: не адразу разгадаў ты мае хлусню i прытваранне! Ты паверыў у гора маё, калi аберуч падтрымлiваў маю галаву.
- i я чуў, як ты жалiўся: 'Яго надта мала любiлi, надта мала любiлi!' I тайна радавалася злосць мая, што здолеў я так спрытна цябе абдурыць'.
'Ты ашукваў i больш празорлiвых за мяне, - рэзка адказаў Заратустра. - Я не баюся падманшчыкаў, я павiнен жыць без асцярожлiвасцi: так хоча мая доля.
А ты - павiнен падманваць: настолькi я ведаю цябе! Твае словы павiнны заўсёды мець два, тры, чатыры i болей сэнсаў. I тое, у чым ты прызнаваўся цяпер, не было да канца нi праўдай, нi хлуснёю!
Ты, подлы фальшываманетчык, хiба можаш iнакш? Ты i хваробу сваю замажаш грымам, калi давядзецца табе паказацца голым свайму лекару.
Так i цяпер прыхарошыў ты перад мною сваю хлусню, кажучы: 'Я назнарок разыгрываў гэта!' У гэтым было i нешта сур'ёзнае, i ў табе самым ёсць нешта ад таго, хто каецца духам!
Я добра разгадаў цябе: ты аблытаў чарамi ўсiх, але на сябе самога ў цябе ўжо не засталося нi маны, нi хiтрасцi - ты сам у сабе расчараваны!
Ты жнеш агiду як адзiную тваю iсцiну. Усё, што сыходзiць з вуснаў тваiх, хлусня i фальш, i толькi самыя вусны - адзiнае, што засталося ў табе сапраўднага, бо агiда прылiпла да вуснаў тваiх'.
'Хто ты такi, каб так гаварыць са мною, найвялiкшы з жывых?' - пагардлiва сказаў стары чарадзей, i зялёная маланка блiснула з яго вачэй на Заратустру. Але ён тут жа панiк i сумна сказаў:
'О Заратустра, я стамiўся, мне брыдка за маё майстэрства, мне яно агiднае, я не вялiкi - навошта прыкiдвацца! Але табе добра вядома - я шукаў велiчы!
Я толькi хацеў паказаць вялiкага чалавека i многiх пераканаў у сваёй велiчы: але мана аказалася вышэйшай за мае сiлы. На ёй я паламаўся.
О Заратустра, усё - мана ўва мне, але што я паламаўся, крушэнне маё - гэта праўда!'
'Гэта робiць табе гонар, - змрочна сказаў Заратустра, гледзячы ў зямлю! Гэта робiць табе гонар, што шукаў ты велiчы, але гэта сама i выдала цябе. Ты не вялiкi.
Ты - гаротны стары чарадзей, гэта i ёсць сама лепшае i праўдзiвае ў табе, i я шаную цябе за тое, што ты стамiўся ад самога сябе i сам прызнаў, што не вялiкi.
За гэта я паважаю цябе як таго, хто каецца духам: хай хоць адно iмгненне, але ты быў праўдзiвы!
А скажы, чаго шукаеш ты тут, сярод скалаў i ў маiх лясах? I калi дзеля мяне ты ляжаў на дарозе, у чым ты хацеў выпрабаваць мяне?
- у чым спакушаў ты мяне?'
Так гаварыў Заратустра, i яго вочы блiшчалi. Стары чарадзей памаўчаў крыху i адказаў: 'Хiба я цябе спакушаў? Я толькi шукаю.
О Заратустра, я шукаю каго-небудзь праўдзiвага, шчырага, простага, недвухсэнсоўнага, шукаю чалавека, сумленнага ва ўсiм, праведнiка пазнання, сасуд мудрасцi, вялiкага чалавека!
Хiба ты не ведаеш гэтага, Заратустра? Я шукаю Заратустру'.
I тады настала доўгае маўчанне, i Заратустра глыбока задумаўся, так што нават заплюшчыў вочы. А пасля, калi вярнулiся да субяседнiка думкi, ён узяў чарадзея за руку i сказаў яму ветлiва, але не без хiтрасцi:
'Ну што ж! Там, угары, - дарога, якая вядзе да Заратустравай пячоры. У ёй i шукай, каго ты хацеў знайсцi.
I спытайся парады ў маiх звяроў - у арла i ў змяi: яны дапамогуць табе ў тваiх пошуках. А пячора мая вялiкая.
Праўда, сам я нiколi яшчэ не бачыў вялiкага чалавека. Грубыя вочы яшчэ нават у сама празорлiвых на ўсё вялiкае. Сёння пануе чэрня.
Я ўжо сустракаў многiх, якiя цягнулiся ўгору i надзiмалiся, а народ крычаў: 'Глядзiце, вось вялiкiя людзi!' Але якi толк у кавальскiх мяхах! Урэшце паветра выходзiць з iх.
Зрэшты, лопаецца i жаба, якая надта доўга надзiмалася, i паветра выходзiць з яе. Па-мойму, неблагая штука - тыцнуць у жывот надзьмутаму. Паслухайце ж мяне, дзеткi!
Усё сённяшняе належыць чэрнi: хто сёння ведае, дзе вялiкае, дзе малое? У каго пошукi велiчы ўвянчалiся поспехам? Толькi ў бязглуздых: iм дадзена гэта шчасце.
Ты шукаеш вялiкага чалавека, дзiўны блазен? хто навучыў цябе гэтаму? Хiба цяпер наспеў час на гэта? О ты, нiкчэмны шукальнiк, навошта спакушаеш мяне?'
Так сказаў Заратустра, суцешаны ў сэрцы сваiм, i, смеючыся, пайшоў далей сваёй дарогай.
У адстаўцы
Па доўгiм часе пасля таго, як Заратустра пазбавiўся ад чарадзея, ён раптам убачыў, што зноў нехта сядзiць на дарозе, якою ён iшоў, - нейкi высокi чалавек у чорным, з бледным, змардаваным тварам. Заратустра вельмi засмуцiўся, убачыўшы яго. 'Шкада, - сказаў ён сэрцу свайму, - вось сядзiць яно, пераапранутае жальства; падобна, што чалавек гэты з пароды святароў: што iм трэба ў царстве маiм?
Што?! Толькi што пазбыўся я чарадзея, i вось яшчэ адзiн чарнакнiжнiк на дарозе маёй,
- нейкi чарадзей з уладаю накладання рук, цёмны цудадзей, асвечаны божаю мiлатою i памазаны паклёпнiк на жыццё, каб яго чорт скруцiў!
Але чорта няма на месцы якраз тады, калi ён найбольш патрэбен: ён заўсёды з'яўляецца занадта позна, гэты пракляты кульгавы карлiк!'
Так, страцiўшы цярплiвасць, сам сабе лаяўся Заратустра, прыкiдваючы, як яму збочыць i прашмыгнуць мiма чорнага чалавека, але ўсё абярнулася iначай. Той, што сядзеў на дарозе, адразу ўбачыў Заратустру, падхапiўся на ногi, быццам радасць раптам апантала яго, i кiнуўся да яго.
'Кiм бы ты нi быў, дарожнiк, - усклiкнуў ён, - памажы старому, якi заблудзiўся i стамiўся ад пошукаў, памажы старому, з якiм так проста можа стацца бяда!
Незнаёмыя i чужыя мне гэтыя землi, i выццё дзiкiх звяроў чуецца мне; i няма больш таго, хто баранiў мяне.
Я шукаў апошняга пабожнага чалавека, святога i пустэльнiка, адзiнага, хто ў сваiм лесе не чуў таго, што сёння ведае кожны'.
'Што ж сёння ведае кожны? - спытаўся Заратустра. - Цi не тое, што няма больш сярод жывых старога Бога, у якога калiсьцi верыў цэлы свет?'
'Вось i ты сказаў гэта, - журботна адказаў стары. - Я ж служыў гэтаму старому Богу да апошняй ягонай хвiлiны.