застольнiкам. Будзь iм i сёння, еж i пi за сталом у мяне, i не наракай, калi побач з табой будзе сядзець вясёлы стары!' - 'Вясёлы стары? - перапытаў празарлiвец, пахiтаўшы галавой. - Хто б ты нi быў i кiм бы нi хацеў зрабiцца, о Заратустра, надта доўга жыў ты тут, угары, - скора ўжо не будзе сушаю тое месца, дзе стаiць твой човен!' - 'А хiба я на сушы?' - адказаў Заратустра, смеючыся. 'Хвалi вялiкай нягоды i скрухi падымаюцца ўсё вышэй i вышэй вакол тваёй гары, - сказаў вяшчун, - неўзабаве падхопяць яны твой човен i панясуць цябе разам з iм'. Заратустра маўчаў i даваўся дзiву. 'Хiба ты не чуеш? - казаў далей вяшчун, не чуеш глухога шуму, якi падымаецца з глыбiнi?' Заратустра ўсё яшчэ маўчаў i прыслухоўваўся: i вось - пачуў ён доўгi цягучы крык, якi безданi кiдалi адна адной, перадаючы ўсё далей i далей, бо нiводная не хацела пакiнуць яго ў сабе: так злавесна гучаў ён.

'Ты, фатальны першавеснiк, - сказаў нарэшце Заратустра, - гэта ж крык на дапамогу, чалавечы крык, i, падобна на тое, што ляцiць ён з цёмных глыбiняў невядомага мора. Хоць, зрэшты, што мне да чалавечых бедаў! Але апошнi грэх, якi застаўся ўва мне, - цi ведаеш ты назвiска яго?'

Спагада! - адказваў вяшчун з глыбiняў перапоўненага сэрца, падняўшы ўгору свае рукi. - О Заратустра, я прыйшоў, каб увесцi цябе ў твой апошнi грэх!'

I як толькi прамовiў ён гэтыя словы, зноў пачуўся крык, яшчэ працяглейшы i сумотнейшы, чым раней, але ўжо крыху блiжэй. - 'Ты чуеш? Чуеш, Заратустра? усклiкнуў празорлiвы вяшчун, - гэта цябе, цябе клiча гэты крык: 'Iдзi, iдзi, iдзi, пара, даўно пара!'

Але Заратустра маўчаў, збянтэжаны i ўражаны; нарэшце ён спытаўся, нiбы запанявераны ў сабе: 'Хто гэта клiча мяне?'

'А то ты не ведаеш, - рэзка адказаў празарлiвец, - навошта хаваешся? Гэта вышэйшы чалавек звяртаецца да цябе!'

'Вышэйшы чалавек? - усклiкнуў Заратустра, ахоплены жахам. - Чаго ж ён хоча? Што яму трэба? Вышэйшы чалавек! Што яму трэба тут?'

А вяшчун не адказваў на Заратустравыя спалохi, а ўслухоўваўся далей у поклiч глыбiняў. Але адтуль доўга не чулася нiводнага гуку, тады ён павярнуўся i ўбачыў, што Заратустра ўсё яшчэ стаiць, не сыходзячы з месца, i дрыжыкi калоцяць яго.

'О Заратустра, - прамовiў ён, - ты не падобны на чалавека, якi ад шчасця круцiцца на месцы: каб не ўпасцi, давядзецца табе скакаць!

Але калi ты i захочаш скакаць i вырабляць розныя выкрунтасы на канаце, усё адно нiхто не скажа: 'Дзiвiцеся, вось скача апошнi вясёлы чалавек!'

Той, хто яго шукае тут, дарма ўзняўся на гэтыя вышынi: ён тут знойдзе пячоры i тых, што ў iх хаваюцца, а таксама сховы тым, хто ратуецца ўцёкамi, але не знойдзе нi патайнiкоў, нi скарбнiц шчасця, нi новых залатадайных жылiн.

Хоць усё адно нiчога не адшкадоўваецца, нiякiя пошукi не маюць сэнсу, бо няма болей шчасных выспаў!'

Так уздыхнуў вяшчун; але з апошнiм уздыхам яго да Заратустры вярнулася спакайната i ўпэўненасць, быццам ён з глыбокае цяснiны зноў выйшаў на святло. 'Не! Не! Тры разы не!! - усклiкнуў ён бадзёрым голасам, агладжваючы бараду. Гэта я ведаю лепш! Яшчэ ёсць шчасныя выспы! Ужо лепей памаўчы пра гэта, ты, мяшок журботы i зiтханняў!

Перастань балабонiць, ты, паўдзённая дажджавая хмара. Цi ж ты не бачыш, што я ўжо прамок ад журботаў тваiх, як аблiты сабака?

Атрасуся я i ўцяку ад цябе абсыхаць, - так што не здзiўляйся! Цi, можа, думаеш, гэта няветлiва. Але тут мой двор.

А вышэйшага чалавека я адразу знайду ў тых лясах, адкуль, можа, i далятаў яго крык. Можа, за iм гонiцца якi-небудзь люты звер.

Ён - у маiх сферах: тут яму не зняшчасцiцца! Сапраўды, у мяне тут нямала лютых звяроў'.

I з гэтымi словамi Заратустра рушыў да лесу. Тады празарлiвец сказаў: 'О Заратустра, - ты хiтрун!

Я зразумеў: ты хочаш пазбыцца мяне! Ты лепей пойдзеш у лес, да лютых звяроў!

Але гэта цябе не ўратуе! Увечары я буду зноў тут; я сяду ў тваёй пячоры i буду сядзець, цярплiвы, як калода, i буду чакаць цябе!'

'Хай будзе так! - крыкнуў Заратустра ўжо здалёк. - I хай усё маё ў гэтай пячоры належыць табе, дарагому майму госцю!

Калi ты знойдзеш мёд, - што ж! лiжы яго, бурклiвы мядзведзь, саладзi душу сваю! А ўвечары мы будзем, абодва вясёлыя, скакаць пад мае песнi, як вучоны мядзведзь.

Ты сумняваешся? Ты хiтаеш галавою? Ну што ж, паглядзiм, стары буркун! Я ж таксама - празарлiвы вяшчун!'

Так сказаў Заратустра.

Гутарка з каралямi

1

Заратустра не быў яшчэ i гадзiны ў дарозе па гарах сваiх i лясах, як раптам убачыў вельмi дзiўнае шэсце. Пасярод дарогi, якою ён хацеў спусцiцца, iшлi два каралi, у каронах i падперазаныя пурпуровымi паясамi, стракатыя, як фламiнга: перад сабою яны гналi нагружанага асла. 'Што трэба гэтым каралям у маёй дзяржаве?' - здзiўлена сказаў Заратустра сэрцу свайму i паспяшаўся схавацца за куст. Але калi каралi параўнялiся з iм, ён сказаў напаўголаса, быццам самому сабе: 'Дзiўна! Дзiўна! Як звязаць адно з адным? Бачу двух каралёў - i толькi аднаго асла!'

Тады тыя двое спынiлiся, з усмешкай гледзячы ў той бок, адкуль пачуўся голас, i павярнулiся адзiн да аднаго. 'Гэтаксама думаюць i многiя з нас, сказаў кароль, якi iшоў справа, - але яны не кажуць гэтага ўголас'.

А кароль злева, пацiснуўшы плячыма, адказаў: 'Гэта, мабыць, пастух, якi пасвiць козы. Альбо пустэльнiк, якi доўга жыве сярод скалаў i дрэў. Без кампанii псуюцца сама добрыя норавы'.

'Добрыя норавы? - сярдзiта i горка адказаў другi кароль. - Ад чаго ж мы ў такiм разе ўцякаем? Цi не ад 'добрых' нораваў? Цi не ад нашага 'вышэйшага свету'?

I праўда, лепей жыць сярод пустэльнiкаў i пастухоў, чым у коле нашай вызалачанай, iлжывай, нарумяненай чэрнi, якая называе сябе 'вышэйшым светам',

- якая называе сябе 'арыстакратыяй'. Але ўсё ў iх iлжа, i нават сама iхняя кроў - ад застарэлых брудных хвароб i яшчэ горшых лекараў.

Сёння ў мяне найлепшае: грубы, хiтры, упарты i вынослiвы мужык: сёння гэта сама высакародны тып.

Сяляне - вось хто сёння сама лепшыя людзi; яны i павiнны панаваць! Аднак цяпер - царства натоўпу, i я ўжо не падманваю сябе. А натоўп - гэта мешанiна i неразбярыха.

У iх усё перамяшана: святы з нягоднiкам, дваранiн з жыдом i ўсё звяр'ё з Ноевага каўчэга.

Добрыя норавы! Усё ў нас iлжывае i прагнiло наскрозь. Нiхто ўжо не здольны на шаноўлю: якраз ад гэтага мы i ўцякаем. Усюды настырныя, лiслiвыя сабакi, якiя залоцяць пальмавае лiсце.

Агiда душыць мяне таму, што мы, каралi, самi зрабiлiся несапраўднымi, што мы хаваемся пад вопраткай лядашчай, раззалочанай дзедаўскай велiкапышнасцi, што для дурняў i прайдохаў i для ўсiх, хто сёння ўцягнены ў дробязны гандаль уладаю, мы не больш чым профiлi на манетах!

Мы - не першыя сярод людзей, але павiнны iграць ролю натоўпу: i ад гэтай хлуснi перанасычанасць i агiда апанавалi нас.

Мы пайшлi, нарэшце, ад зброду, ад усiх гарлапанаў i ад мушынай квэцанiны брудных пiсакаў, ад смуроду гандляроў, ад сутаргаў славалюбства i ад смярдзючага дыхання - цьфу! жыць сярод гэтай свалаты!

- цьфу! iграць ролю першых сярод свалаты! О агiда! Агiда! Агiда! Чым парабiлiся мы, сённяшнiя каралi!'

'Гэта прыступ тваёй старой хваробы, - сказаў левы кароль, - гэта прыступ агiды, бедны мой браце. Аднак, па-мойму, нехта падслухоўвае нас'.

Заратустра, якi напружлiва ўважаў гэтым словам, адразу выйшаў са свайго сховiшча, падышоў да каралёў i сказаў:

'О каралi, той, хто слухае вас i слухае з вялiкай ахвотай, называецца Заратустра.

Я - Заратустра, я той, хто сказаў калiсьцi: Каму сёння абыходзяць каралi!' Не гневайцеся, але я ўсцешыўся, калi пачуў, як вы казалi адзiн аднаму: 'Каму сёння да нас, каралёў!'

Але тут мая дзяржава i мая ўлада: што вы шукаеце тут? Аднак, магчыма, па дарозе вы знайшлi, што шукаю я, - вышэйшага чалавека'.

Пачуўшы гэта, каралi ўдарылi сябе ў грудзi i ў адзiн голас сказалi: 'Нас пазналi!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату