Сумленне майго духу патрабуе ад мяне, каб я ведаў што-небудзь адно i не ведаў нiчога iншага: мне агiдныя ўсе палавiнiстыя духам, усе туманныя, напышлiвыя, замроеныя.
Там, дзе канчаецца сумленнасць мая, я сляпы, i хачу быць сляпым. Але дзе я хачу ведаць, я хачу быць сумленным, а значыцца - строгiм, цвёрдым, мэтанакiраваным, жорсткiм i неўблагальным.
Ты сказаў калiсьцi, о Заратустра: 'Дух ёсць жыццё, якое само падцiнае жыццё'; гэта прывабiла мяне i прывяло да твайго вучэння. I сапраўды, сваёю крывёю памножыў я веды свае!'
'I гэта вiдавочна', - адказаў Заратустра: бо з рукi сумленнага духам усё яшчэ лiлася кроў. Дзесяць п'явак упiлiся яму ў руку.
'О ты, дзiўны прыяцель, як добра вучыць мяне такая вiдавочнасць - ты сам! I магчыма, не ўсё асмелiўся б я даверыць твайму слыху, такому зысклiваму!
Ну што ж! тут мы i разыдземся! Але я хачу зноў пабачыцца з табою. Там, угары, дарога да маёй пячоры: сёння ноччу ты будзь маiм жаданым госцем!
Я хачу загоiць таксама i раны твайго цела, на якое я наступiў: я яшчэ падумаю пра гэта. А цяпер мне трэба спяшацца - мяне клiча крык на дапамогу!'
Так сказаў Заратустра.
Чарадзей
1
Але калi Заратустра абагнуў скалу, ён убачыў непадалёк, на роўнай дарозе, чалавека, якi курчыўся, як апантаны нячыстым, i, нарэшце, кiнуўся нiцма на зямлю. 'Пастой! - сказаў Заратустрв свайму сэрцу. - Гэта, мабыць, i ёсць той вышэйшы чалавек, чый пакутлiвы крык пра дапамогу я чуў; зiрну, цi нельга яму чым-небудзь памагчы'. Але збегшы ўнiз да таго месца, дзе ляжаў чалавек, ён убачыў перад сабою старога: дрыжыкi бiлi таго, вочы былi нерухомыя, i як нi манiўся Заратустра паставiць яго на ногi, усё было марна. Здавалася, няшчасны нават не заўважаў, што побач з iм нехта ёсць; шкада было глядзець, як ён роспачна акiдаўся па баках, быццам пакiнуты цэлым светам i бязмежна адзiнокi. Нарэшце, пасля ўсiх гэтых канвульсiяў, ён загаласiў:
О, хто мяне адагрэе? Хто любiць мяне?
Дайце цяпла вашых рук,
Дайце вуголля астыламу сэрцу!
Ледзьве жывы,
Б'юся я ў курчах нязнанай хваробы,
Iголкi калючыя моцнае сцюжы
Пранiзваюць плоць,
Я трымчу
Ты, Думка, ты гонiш мяне!
Схаваны за хмарамi лоўчы!
Жахлiвы! Не мае iмя!
Твой позiрк пагардлiвы б'е, як маланка
З непрагляднае цемры,
I вось я ляжу ў пакутлiвых курчах
I ўсе спрадвечныя скрухi i мукi спасцiглi мяне,
О Жорсткi лоўчы! Нязведаны Божа!
Бi мацней i глыбей!
Пранiжы, разатнi маё сэрца!
О, чаму мучыш мяне тупымi стрэламi?
Што яшчэ ўбачыў у мне
Твой зларадны, маланкавы позiрк,
Позiрк Боства, якое нiколi не мецьме патолi
з вiдовiшча мук
Не, не пагiбелi прагнеш маёй,
А цярпенняў!
Навошта мяне ты катуеш,
Зларадны, нязведаны Божа?
Я адчуваю, як крадзешся ты,
Чаго хочаш ты ад мяне сярод ночы?
Адкажы!
Ты гняцеш, ты ўцiскаеш мяне.
О! Ты ўжо блiзка!
Прэч! Прэч!
Ты чуеш дыханне маё,
Ты падслухоўваеш сэрца,
Ты, раўнiвец! Да чаго ж ты раўнуеш мяне?
Прэч! Прэч!
А гэтая лесвiца - навошта яна табе?
Хочаш пранiкнуць
У сэрца?
У схаваныя думкi?
Бессаромны зладзюга!
Што ты намыслiў украсцi?
Што спадзяешся выведаць?
Што спрабуеш выпытаць?
Кат!
Бог тартураў i смерцi!
Альбо мушу я, як сабака,
Поўзаць перад табою
I цалкам аддацца табе, вiляючы хвастом?
Дарэмна! Укалi ж мацней,
Сама жорсткае джала!
Не, я не сабака твой, я - твая дзiчына,
Жахлiвы лоўчы!
Я - сама горды з палонных тваiх,
Схаваны хмарамi разбойнiк!
Гавары ж,
Схаваны ў маланках!
Засаднiк пiльны на дарогах!
Што табе трэба, Невядомы?
Што? Ты выкупу хочаш? Што магу табе даць?
'Зышчы многа', - раiць гонар!
Будзь стрыманы', - кажа гонар другi!
Ха-ха!
Мяне - хочаш ты? Мяне?
Мяне ўсяго?..
Ха-ха! катуеш мяне,
О, неразумны, ты прынiжаеш мой гонар!
Дай мне любовi - хто сагрэе мяне?
Хто мяне яшчэ любiць?
Дай мне цяпла тваiх рук,
Дай жару астыламу сэрцу!
Дай самотнiку лёду!
Бо сем зледзянелых покрываў
Навучылi мяне сумаваць па ворагах,
Скарыся мне, лiхамыснiк!
Дай мне - сябе!
Памчаўся прэч!
Пакiнуў мяне, адзiны, апошнi сябар,
Першы непрыяцель,
Нязведаны Бог, Бог, тартураў i смерцi!
- Не! Вярнiся!
Вярнiся з усiмi пакутамi!