чалавека плысцi ў адкрытае мора.
I толькi цяпер iм авалодвае вялiкi страх i абачлiвасць, вялiкая нядужасць i агiда, вялiкая марская хвароба.
Уяўныя берагi i прывiдную бяспеку завялi ў вас добрыя; у падмане гэтых добрых былi вы народжаныя i спавiтыя падманам. Усё, да самых асноў перакручана i перахлушана добрымi.
А той, хто адкрыў зямлю, што называецца 'чалавек', той адкрыў i другую 'чалавечую будучыню'. Ад сёння вы павiнны зрабiцца маракамi, адважнымi i настойлiвымi!
Прыспела ўжо вам хадзiць у рост, братове мае, вучыцеся гэтаму! Многiя маюць патрэбу ў вас, каб, гледзячы на вас, выпрастацца i ўзбадзёрыцца.
Мора бушуе: усё - у моры. Ну што ж! Наперад, верныя марскiя сэрцы!
Што нам тая бацькаўшчына! Туды iмкне карабель, дзе зямля нашых дзяцей! Туды, удалеч, iмклiвей за буру марскую памыкаецца вялiкая наша жаданне!
29
'Чаму ты такi цвёрды? - спытаўся аднаго разу кухонны вугаль у алмаза. - Цi ж мы не блiзкiя сваякi?'
'Чаму вы такiя мяккiя?' - так пытаюся я, о братове мае: цi ж вы не браты мне?
Чаму вы такiя мяккiя, слабыя i дагодлiвыя? Чаму так многа адмаўлення i ўмаўлення ў вашым сэрцы? I чаму так мала лёсу ў вашым позiрку?
I калi вы не хочаце быць лёсам i няўмольнасцю, хiба зможаце вы са мною перамагаць?
I калi цвёрдасць ваша не хоча ззяць, рэзаць i расцiнаць, хiба зможаце вы са мною ствараць?
Бо стваральнiкi - цвёрдыя. I вам павiнна быць шчасце адбiць руку сваю на тысячагоддзях, як на воску...
- шчасце - быццам на медзi, адбiць пiсьмён на волi тысячагоддзяў, на волi, якая цвярдзейшая i высакароднейшая за медзь. Сама высакароднае найцвярдзейшае.
О братове мае, гэтую новую скрыжаль я мацую над вамi: цвярдзейце!
30
О ты, мая воля! Ты, паваротнiца ўсiх нягодаў, ты, мая неабходнасць! Асланi мяне ад малых перамог! Ты, воля душы маёй, якую я называю лёсам! Ты, Ува-Мне! Нада-Мною! Асланi i ахавай мяне дзеля аднаго вялiкага лёсу!
I апошнюю сваю велiч, о воля мая, захавай на апошняе змаганне, каб быць табе няўмольнай у перамозе сваёй! О, хто не быў пераможану ўласнай сваёй перамогай!
О, чый позiрк не цямнеў у гэтым п'янючым сутоннi! О, у каго з пераможцаў ногi не падгiналiся i не развучвалiся стаяць!
Няхай сталы i дасканалы сустрэну я калi-небудзь свой вялiкi Полудзень: як растопленая медзь, як хмара, цяжарная маланкамi, як грудзi, поўныя малака:
- спелы самому сабе i схаванай волi сваёй, быццам лук, успалымнёны да стралы сваёй, як страла, успалымнёная да зоркi сваёй;
- да зоркi, даспелай i дасканалай у зенiце сваiм, - палкай, пранiзанай, шчаслiвай пад забойчымi стрэламi сонца;
- быццам сонца i няўмольная воля яго, гатовая загiнуць у перамозе сваёй!
О воля, адваротнiца ўсiх нягодаў, мая неабходнасць! Захавай мяне на адну вялiкую перамогу!..'
Так сказаў Заратустра.
Той, хто ацаляе
1
Аднае ранiцы, неўзабаве пасля вяртання ў пячору, Заратустра як апантаны, падхапiўся са свайго ложка, крыкнуў страшным голасам i ўстаў над ложкам з такiм выглядам, быццам нехта ляжаў на iм i не хацеў уставаць; i так гучаў Заратустраў голас, што ягоныя звяры, спалохаўшыся, пазбягалiся да яго, а з усiх нораў i шчылiн, што былi непадалёк ад Заратустравай пячоры, усе жывёлы кiнулiся хто куды - ляцелi, беглi, паўзлi, - гледзячы па тым, што ў iх было ногi цi крылы. А Заратустра сказаў такiя словы:
'Падымайся, прадонная думка, выходзь з маёй глыбiнi! Я - свiтанак i твой ранiшнi певень, уставай, заспаны чарвяк, падымайся! Даўно пара табе прачнуцца ад майго голасу!
Развяжы повязi свайго слыху: слухай! Бо i я хачу цябе слухаць! Падымайся! Тут хапае грому, каб i магiлы пачулi!
I сатры сон, i слепату, i тупасць з вачэй! I слухай мяне нават вачыма: бо мой голас ацаляе нават тых, што нарадзiлiся сляпыя.
А прачнуўшыся - чувай вечна: не такi я, каб, разбудзiўшы прабабку, сказаць ёй: 'Спi далей!'
Вось ты варушышся, пацягваешся, крэкчаш? Уставай! Не крактаць павiнна ты, а гаварыць! Цябе клiча бязбожнiк Заратустра!
Я, Заратустра, абаронца жыцця, абаронца цярпенняў, абаронца кола - я клiчу цябе, мая прадонная думка!
О, здароўя мне! Ты iдзеш, я чую цябе! Бездань мая кажа, сваю апошнюю глыбiню выставiў я на святло!
Здароўя мне! Прыходзь! Прыходзь! Падай мне руку - ха! пусцi! ха-ха! мярзота, мярзота, мярзота - гора мне!'
2
Але як толькi Заратустра вымавiў гэтыя словы, упаў, як мёртвы, i доўга ляжаў нерухома, як мёртвы. Ачуняўшы, ён быў белы, дрыжаў, не сыходзiў з месца i доўга не браў нi есцi, нi пiць. А трывала гэта сем дзён; але звяры не пакiдалi яго нi ўночы, нi ўдзень, i толькi арол лётаў па ежу. Усё, што ён знаходзiў альбо здабываў сiлаю, складваў Заратустру на ложак; так што той ляжаў сярод жоўтых i чырвоных ягад, вiнаграду, сакавiтых яблыкаў, кедравых арэхаў i духмяных траў. А ў ногi былi пакладзены два ягняцi - цяжка далося адбiць iх у пастухоў.
Нарэшце, праз сем дзён падняўся Заратустра на ложку, узяў у рукi чырвоны яблык, панюхаў - i прыемны яму быў пах яблыка. I тады вырашылi ягоныя звяры, што пара загаварыць з iм.
'О Заратустра, - сказалi яны, - вось ужо сем дзён, як ты ляжыш з ацяжэлымi вачыма: цi не хочаш ты нарэшце ўстаць на ногi?
Выйдзi са сваёй пячоры: свет чакае цябе, як сад. Вецер калыша густыя пахошчы, якiя ляцяць да цябе, i ўсе ручаi гатовыя бегчы за табою.
Усе рэчы ўтохлiся па табе, ты ж бо сем дзён ляжаў адзiн: дык выйдзi з пячоры! Усе рэчы хочуць быць табе лекарамi!
Альбо, можа, новая веда прыйшла да цябе, горкая i цяжкая? Як рашчыненае цеста ляжаў ты, i вось - паднялася душа твая i выйшла за свае межы'.
О звяры мае, адказаў Заратустра, балбачыце сабе i дайце мне наслухацца вас! Разбiраюць мяне вашы казанi; там, дзе так балбочуць, там свет расхiнаецца мне садам.
Як прыемна, што ёсць словы i гукi: словы i гукi - хiба яны не прывiдныя масты i вясёлкi памiж усiм, што раз'яднана навекi?
У кожнай душы - свой адмысловы свет, i свет iншай душы для яе - свет iншы.
Якраз у рэчах, найбольш памiж сабою падобных, найпрыгажэй хлусiць блiзiр падабенства; бо сама малую прорву найцяжэй пераскочыць.
Цi ж можа быць мне што-небудзь - па-за мною? Нiчога няма па-за намi! Але чуючы гукi, мы забываемся пра гэта; як цудоўна, што мы забываемся!
Цi не на тое падораны рэчам iмёны i гукi, каб чалавек прападаў па любасных рэчах? Гаварыць - гэта цудоўная дурасць: гаворачы, чалавек танцуе над усiмi рэчамi.
Якая прыемная ўсякая казань i падман гукамi! Гукамi танцуе наша любоў па каляровых вясёлках'.
'О Заратустра, - сказалi на гэта звяры, - таму, хто думае гэтаксама, як i мы, усе рэчы танцуюць самi па сабе; усё прыходзiць, падаё адно аднаму рукi, смяецца, уцякае i зноў вяртаецца.
Усё сыходзiць, усё вяртаецца; вечна коцiцца Кола Жыцця. Усё памiрае, усё зноў зацвiтае; вечна бяжыць Год Жыцця.
Усё разбураецца, усё будуецца зноў; вечна будуецца ўсё той самы Дом Жыцця. Усё разлучаецца i сустракаецца зноў; вечна вернае сабе застаецца Кола Жыцця.
Кожнае iмгненне пачынаецца жыццё; вакол кожнага 'тут' абарачаецца колападобнае 'там'. Сярэдзiна - усюды. Дарога вечнасцi - крывая'.
'Ах вы, шэльмы! Ах вы, катрыншчыкi! - адказаў Заратустра i зноў заўсмiхаўся, - вы добра ведаеце, што павiнна спраўдзiцца ў сем дзён;
- i як пачвара тая запаўзла мне ў горла i душыла мяне! Але я адкусiў ёй галаву i выплюнуў.
А вы, - вы ўжо зрабiлi з гэтага песеньку на катрынку? I вось, я ляжу тут, яшчэ не ачомаўся ад схваткi з той пачварай i яшчэ не ачуняў ад збавення свайго.