найнiкчэмнейшы, але той, хто вялiкi, кормiць болей за ўсё захрыбетнiкаў.

Бо калi доўгая тая лесвiца, па якой душа можа ўзыходзiць угору i спускацца ў найглыбейшыя безданi, як не абсесцi яе мноству захрыбетнiкаў?

- бо калi душа шырокая i можа бегаць, блукаць i лунаць у сабе самой; калi гэта душа таго, хто патрэбен, душа, якая палка кiдаецца ва ўсё Выпадковае;

- душа сутная, якая апускаецца ў станаўленне; душа, якая валодае, якая прагне волi i палкiх парыванняў;

- душа, якая ўцякае ад сябе самой i зноў сябе даганяе, апiсваючы шырокiя кругi; душа мудрая, якую так соладка ўмаўляе неразумнасць;

- душа, якая сама сябе любiць, у якой усе рэчы набываюць iмкненне i супрацьборства, прылiў i адлiў свой: - о, як ёй не мець, найвышэйшай душы, найгоршага захрыбетнiка?

20

О братове мае, няўжо я жорсткi? Але я кажу так: што падае, - папхнi!

Усё цяперашняе - яно падае i распадаецца: хто яго ўтрымае! А я хачу яшчэ i папхнуць!

Цi зведалi вы асалоду - скочваць камянi ў прорву са спадзiстых скалаў? Глядзiце, як коцяцца людзi з цяпершчыны ў мае глыбiнi!

Я - уверцюра да iгры найлепшага музыкi, братове мае! Я - прыклад! Рабiце ж на мой прыклад!

I тых, каго не вучыце лётаць, вучыце хутчэй падаць!

21

Я люблю адважных: але мала быць рубакам, трэба яшчэ ведаць, каго рубаць!

I часта адвагi бывае болей у тым, каб утрымацца i прайсцi мiма: i захаваць сябе на больш вартага ворага!

Хай будуць ворагамi вам толькi тыя, хто варты нянавiсцi, а не пагарды: вы павiнны ганарыцца сваiмi ворагамi: так я калiсьцi вучыў вас.

На больш вартага ворага вы павiнны захаваць сябе, братове мае: таму многiх вы павiнны абмiнуць на дарозе сваёй,

- асаблiва ж безлiчны зброд, што гарлае вам у вушы пра народ i народы.

Захавайце ж чыстым сваё вока ад iхнiх 'за' i 'супраць'! Многа там правiльнага, а многа i няправiльнага: i напоўнiцца гневам той, хто аддасць iм увагу сваю.

Углядацца ў iх, рубаць iх - гэта адно i тое самае; лепей iдзiце ў лясы i ўкладзiце мячы вашыя ў похвы!

Iдзiце сваiмi дарогамi! А народу i народам дайце - хай iдуць сваiмi! Сапраўды, цёмныя дарогi iхнiя, не азораныя анiводнай надзеяй!

Хай гандляр пануе там, дзе ўсё, што блiшчыць яшчэ, - гэта толькi яго золата! Час каралёў мiнуўся: што сёння завецца народам, не заслугоўвае каралёў.

Бачыце ж, як народ пачаў пераймаць гандляроў: здабывае любую выгоду з усякага смецця!

Яны падглядваюць адно аднаго, яны пераймаюць адно аднаго - i гэта ў iх называецца 'добрым суседствам'. О шчасныя, далёкiя часiны, калi народ казаў сабе: 'Я хачу быць над народамi!'

Бо, братове мае: лепшае павiнна панаваць, лепшае хоча панаваць! А дзе вучэнне кажа iнакш, там не хапае лепшых.

22

Пра што б яны крычалi, калi б хлеб свой елi дарам? Падтрыманне жыцця ў целе - вось адзiнае, што падтрымлiвае iх iснаванне i дае змест яму; i хай нялёгка iм гэта даецца.

Яны - драпежныя звяры: у iх 'працы' жыве драпежная прага спажывы, i калi яны кажуць: 'зарабiць', мне чуецца 'абхiтрыць'! I хай нялёгка даецца iм гэта!

Больш драпежнымi павiнны стаць яны, хiтрэйшымi, разумнейшымi i быць больш падобнымi да чалавека, бо ён - сама драпежны звер.

Ва ўсiх звяроў чалавек адабраў iх цноты: таму ўсё i даецца яму цяжэй, чым звярам.

Пакуль што толькi птушкi вышэй за яго. Калi ж ён навучыцца лётаць - бяда! Куды толькi не заляцiць драпежнасць ягоная!

23

Такiмi я хачу бачыць мужчыну i жанчыну: яго - здатным да вайны, яе раджаць дзяцей, але каб яны маглi танцаваць - i нагамi, i галавой.

Хай будзе прапашчы той дзень, калi мы хоць раз не танцуем! Хай назавецца ў нас хлуснёю любая iсцiна, якая без радаснага смеху!

24

Вы бераце шлюб: глядзiце ж, каб не зрабiўся ён вам турмою! Вы надта спяшаецеся, i вось вынiк гэтага - разрыў шлюбу!

Але гэта ўсё-такi лепш, чым схiляцца i хлусiць! Адна жанчына сказала мне: 'Я парушыла шлюб, але да гэтага шлюб парушыў - мяне!'

Блага спараваныя, заўважаў я, сама помслiвыя: яны гатовыя помсцiць усяму беламу свету за тое, што ўжо не могуць разлучыцца.

Вось таму я i хачу, каб шчырыя гаварылi адно аднаму: 'Мы любiмся; пабачым, цi любоўна паводзiмся! Iнакш зарука нашая - памылка.

Дайце нам часу i нядоўгага шлюбу, каб мы пабачылi, цi вартыя мы на вялiкi шлюб! Вялiкая рэч - быць заўсёды ўдваiх!'

Так я раю ўсiм шчырым; i чым была б мая любоў да Звышчалавека i да ўсяго, што наблiжаецца, калi б я гаварыў i раiў iнакш!

Расцi не толькi ўшыркi, але i ўгору - у гэтым, о братове мае, хай паможа вам сад шлюбу!

25

Глядзiце, хто зачарпнуў мудрасцi са старых крынiц, будзе шукаць новых крынiц i вытокаў будучынi.

О братове мае, скора ўзнiкнуць новыя народы, i зашумяць у новых глыбiнях новыя крынiцы.

Бо землятрус, якi засыпае шмат крынiц, i тады многiя смягнуць, - ён жа вызваляе схаваныя, патаемныя сiлы.

Землятрус адчыняе новыя крынiцы. Пры трасеннi народаў пачынаюць струменiць новыя крынiцы.

I хто крыкне тады: 'Вось крынiца многiм сасмяглым, адно сэрца многiм ператомленым, адна воля многiм прыладам', - вакол таго збiраецца народ, iнакш кажучы - шмат выпрабоўцаў.

Хто можа загадваць i хто павiнен слухацца - вось што выпрабоўваецца тады! О, якiмi доўгiмi пашукамi, варажбою, парадамi, промахамi, доследамi i новымi спробамi выпрабоўваецца гэта!

Вось вучэнне маё: чалавечае грамадства - гэта спроба, гэта доўгае шуканне; яно шукае таго, хто загадвае!

- гэта спроба, братове мае! А нiякi не 'дагавор'! Разбiце, разбiце мне гэтае слова, слова размяклых i распалавiненых сэрцаў!

26

О братове мае! Хто найбольш небяспечны будучынi чалавецтва? Цi ж бо не добрыя i праведныя!

- цi не тыя, што кажуць i чуюць у сэрцы сваiм: 'Мы ўжо ведаем, у чым дабро i праведнасць, мы ўжо дасягнулi гэтага; гора тым, якiя ўсё яшчэ шукаюць!'

I якую шкоду нi чынiлi б лiхiя, шкода ад добрых - сама шкодная!

I як бы нi нашкодзiлi светапаклёпнiкi, шкода ад добрых - сама шкодная!

О братове мае, у сэрцы добрых i праведных зiрнуў калiсьцi той, хто сказаў: 'Гэта - фарысеi'. Але яго не зразумелi.

I не маглi зразумець яго менавiта добрыя i праведныя: бо iхнi дух паланёны iх чыстым сумленнем. Глупства добрых незвычайна разумнае.

Але вось праўда: добрыя мусяць быць фарысеямi, у iх няма выбару!

Добрыя мусяць укрыжоўваць таго, хто вынаходзiць сваю дабрачыннасць! Такая яна, праўда!

А другi, хто адкрыў iхнюю зямлю, - зямлю, сэрца i зямное царства праведнiкаў, быў той, што спытаўся: 'Каго больш за ўсiх ненавiдзяць яны?'

Стваральнiк ненавiсны iм найбольш: той, хто разбiвае скрыжалi ўсiх каштоўнасцяў i нiшчыць старыя каштоўнасцi; яны называюць яго злачынцам.

А добрыя - яны не могуць ствараць: яны заўсёды - пачатак канца:

- яны крыжуюць таго, хто пiша новыя каштоўнасцi на новых скрыжалях, яны прыносяць сабе ў ахвяру будучыню - яны крыжуюць усю чалавечую будучыню!

Гэтыя добрыя - яны заўсёды былi пачаткам канца.

27

О братове мае, цi зразумелi вы i гэтае слова? I тое, што казаў я калiсьцi пра 'апошняга чалавека'?..

У кiм найбольшая небяспека будучаму чалавецтву? Цi ж бо не ў добрых i праведных?

Разбiце, разбiце мне добрых i праведных! О братове мае, цi зразумелi вы i гэтае слова?

28

Вы ўцякаеце ад мяне? Вы напалохалiся? Вы дрыжыце ад маёй казанi?

О братове мае, калi я сказаў вам разбiць скрыжалi добрых i праведных, тады ўпершыню я пусцiў

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату