Пераадолей сябе самога нават у блiзкiм тваiм: i права, якое можаш узяць сiлком, не дазваляй даваць табе так!

Што робiш ты, нiхто нiколi не зробiць табе. Ведайце, няма нiякага аддання.

Хто не можа загадваць, мусiць слухацца. Некаторыя ўмеюць загадваць сабе, але iм шмат чаго не стае, каб слухацца самога сябе!

5

Такiя вось яны, высакародныя душы: яны нiчога не хочуць дарам, тым болей жыцця.

Хто ў чэрнi - той хоча жыць за так, дарам; а мы iншыя, каму жыццё дадзена, мы ўвесь час разважаем, што лепей даль нам на замену!

I сапраўды, высакародная тая казань, якая абвяшчае: 'Тое, што нам абяцае жыццё, мы хочам захаваць жыццю!'

Не трэба хацець асалоды, калi не дадзена ёю цешыцца. I яшчэ - не трэба хацець цешыцца асалодай!

Асалода i нявiннасць - сама сарамлiвыя рэчы: яны не хочуць, каб iх шукалi. Iх трэба мець - а шукаць трэба, бадай што, вiну i цярпеннi!

6

О братове мае, першынца заўсёды прыносяць у ахвяру. I вось, сёння мы першынцы.

Усе мы пралiваем кроў на таемных алтарах, згараем у ахвярным полымi ў гонар старых iдалаў.

Наша лепшае яшчэ маладое: i вось - сплываюць слiнаю нашы бяззубыя зяпы. Наша мяса далiкатнае, наша скура - яшчэ толькi ягнячая скура: як жа нам не будзiць сквапнасцi ў жрацоў, прыслужнiкаў старых iдалаў!

У нас самiх яшчэ жыве ён, гэты жрэц, якi смажыць сабе на стол сама далiкатныя лагодкi. О братове мае, як жа першынцы не маюць быць ахвярай!

Але кожны, хто роднасны нам, прагне гэтага; i я люблю тых, хто не хоча берагчы сябе. Пагiбельных, якiя iдуць дарогай захаду, я люблю ўсёй любоўю сваёй: бо яны пераходзяць на той бок.

7

Быць праўдзiвым - гэта могуць нямногiя! А хто можа - яшчэ не хоча! I найменей могуць - добрыя.

О гэтыя добрыя! Добрыя нiколi не кажуць праўды. Духу быць добрым хвароба.

Яны саступаюць, гэтыя добрыя, яны ўпакорваюцца, iх сэрца паўтарае чужое, iх iстота слухаецца: а хто слухаецца, той не чуе самога сябе!

Усё, што ў добрых завецца злом, павiнна ўз'яднацца, каб нарадзiлася адзiная iсцiна: о братове мае, цi дастаткова злыя вы для гэтай iсцiны?

Дзёрзкая адвага, доўгi недавер, жорсткае - 'не' - перасычанасць, надрэзванне жыцця - як рэдка ўсё гэта злучаецца ў адно! Але з такога насення расце iсцiна!

Заўсёды побач з лiхiм сумленнем раслi любыя веды! Дык разбiце ж, спазнаўцы, старыя скрыжалi!

8

Калi на вадзе ўмацаваныя палi, калi па-над патокам перакiнутыя кладкi i парэнчы, далiбог - нiхто не паверыць таму, хто скажа: 'Усё цячэ'.

Але нават дурань яму запярэчыць. 'Як? - скажа дурань, - як гэта - усё цячэ? Вунь жа i мост, i парэнчы - яны над патокам!

Над патокам - усё нерухомае i моцнае, усе каштоўнасцi рэчаў, масты, тэрмiны, усё 'дабро' i ўсё 'зло': усё гэта - моцнае!'

Як жа прыходзiць зiма, утаймавальнiца рэк, дык i разумнейшыя прасякаюцца недаверам; i праўда, не толькi дурнi тады пытаюцца: 'Цi не павiнна ўсё стаяць спакойна?'

'У аснове сваёй усё нерухомае' - вось сапраўднае зiмовае вучэнне, прыдатнае бясплоднаму часу, добрая ўцеха запечным лежням.

'У аснове сваёй усё нерухомае' - але i супроць гэтага прапаведуе адлiжны вецер.

Адлiжны вецер - гэта бык, але не той, якi арэ, не, - гэта кручаны бык, разбуральнiк, якi трушчыць лёд гнеўнымi рагамi! А лёд трушчыць масты i парэнчы!

I вось, братове мае, цi не ўсё цячэ цяпер у патоку? Цi не ўсе масты i парэнчы пападалi ў ваду i прапалi? Хто яшчэ трымаецца там за 'дабро' i 'зло'?

'Гора нам! Шчасце нам! Павеяў цёплы вецер!' - дык прапаведуйце, братове мае, на ўсiх плошчах!

9

Ёсць адна старая аблуда: iмя ёй - Дабро i Зло. Вакол вешчуноў i звездароў дагэтуль абарочвалася кола гэтай аблуды.

Калiсьцi давяралi вешчунам i звездарам i таму верылi: 'Усё - лёс: ты павiнен, бо табе - мус!'

Потым перасталi давяраць вешчунам i звездарам i таму верылi: 'Усё свабода: ты можаш, бо ты - хочаш!'

О братове мае, да гэтага часу толькi цьмяна здагадваўся чалавек пра зоркi i будучыню, не ведаючы iх: i таму пра дабро i зло дагэтуль толькi здагадваюцца, але не ведаюць iх!

10

'Ты не павiнен рабаваць! Ты не павiнен забiваць' - калiсьцi гэтыя словы абвяшчалiся свяшчэннымi; перад iмi хiлiлi каленi i галовы i разувалiся.

Але я пытаюся ў вас: цi былi на ўсiм свеце страшнейшыя разбойнiкi i забойцы, чым гэтыя святыя словы?

Хiба мала ў самiм жыццi забойства i разбою? I каб сталi свяшчэннымi гэтыя словы, цi не давялося забiць самую iсцiну?

Альбо ж гэта была пропаведзь смерцi - абвяшчалася свяшчэнным тое, што супярэчыць i супрацьстаiць усяму жывому?

О братове мае, разбiце, разбiце старыя скрыжалi!

11

Мне шкада ўсяго мiнулага, бо бачу я: яно запрададзена...

- лiтасцi, духу, вар'яцтву кожнага новага пакалення, якое прыходзiць i ператлумачвае нанава ўсё, што было, так, каб яно зрабiлася яму мостам!

Можа з'явiцца вялiкi тыран, падступны вораг, якi будзе чынiць гвалт над усiм мiнулым у згодзе са сваёй сваволяй, пакуль яно не зробiцца яму мостам, i азнакаю, i герольдам, i пеўневым крыкам.

Але вось другая небяспека i прадмет маёй згрызоты: памяць чэрнi не сягае далей за дзеда, а з дзедам i час спыняецца.

Так адыходзiць у забыццё ўсё мiнулае: бо можа так стацца, што натоўп нiколi не запануе, i час патоне ў плыткай вадзе.

Таму, братове мае, патрэбна новая арыстакратыя, варожая натоўпу i ўсякай тыранii, арыстакратыя, якая зноў напiша слова 'высакародны' на новых скрыжалях.

Патрэбна шмат высакародных i яшчэ больш высакародных, каб магла быць арыстакратыя! Альбо, як я аднаго разу сказаў: 'Боскасць якраз у тым, што ёсць багi, але няма нiякага Бога!'

12

О братове мае, я паказваю вам новую арыстакратыю i дасвядчаю вас у яе: вы павiнны зрабiцца пачынальнiкамi i выхавальнiкамi, сейбiтамi будучынi,

- праўда, не пра тую арыстакратыю я кажу, месца сярод якое можна купiць, як купляюць яе гандляры за золата: бо ўсё, што мае цану, не мае вялiкай каштоўнасцi.

Ад сёння хай будзе вашым гонарам не тое, адкуль вы паходзiце, а куды прыходзiце. Ваша воля i вашы ногi, якiя iмкнуцца далей за вас самiх, - ад сёння хай будуць вашым новым гонарам!

Няпраўда, што служылi вы прынцу, - што мне да тых прынцаў! - альбо служылi апорай хiсткаму, каб яно стаяла мацней!

Няпраўда, што пры двары ваш род праз прыдворства стаўся прыдворным, i вы навучылiся быць каляровымi, як фламiнга, i гадзiнамi выстойваць у невялiкiх сажалках:

- бо ўменне выстойваць - дабрачыннасць прыдворных; усе яны думаюць, што да шчасця пасля смерцi належыць таксама дазвол сесцi!

I няпраўда, што дух, якi вы называеце святым, вёў вашых продкаў у зямлю абяцаную, якая, як я лiчу, нявартая абяцання: бо там, дзе вырасла найгоршае дрэва, крыж, няма чаго абяцаць!

- i сапраўды, куды б нi вёў 'святы дух' сваiх рыцараў, ва ўсiх паходах перад iмi беглi казлы i гусi, апантанцы крыжа i iншыя шалянiцы!

О братове мае, не назад, а наперад павiнен глядзець арыстакратызм ваш! Хай будзеце вы выгнаныя з земляў вашых бацькоў i прадзедаў!

Зямлю дзяцей вашых вы павiнны любiць: любоў гэта хай будзе новым вашым арыстакратызмам; любiце яе, яшчэ не адкрытую зямлю, што ляжыць у далёкiх акiянах! Хай шукаюць яе вашыя караблi!

У дзецях вашых павiнны вы апраўдаць тое, што былi дзецьмi сваiх бацькоў: так вы павiнны адкупiць усё

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату