Ты добра ведаеш: твой баязлiвы дэман у табе, што так любiць малiтоўна складваць рукi або трымаць iх на каленях i ўвогуле любiць спакой, - гэты баязлiвы дэман кажа табе: 'Ёсць Бог!'

Але ў такiм разе i ты належыш да тых, хто баiцца святла, каму яно нiколi не дае спакою: з кожным днём табе давядзецца ўсё глыбей хаваць галаву ў цемру i ў чад!

Праўда, латвы ты выбраў час: бо вось зноў пырхаюць начныя птушкi. Настаў час усiх, хто баiцца святла, - вечар, час святкавання, калi нiшто не 'святкуецца'.

Я чую i адчуваю: прыйшоў час iх урачыстых шэсцяў i палявання - палявання расслабленага, вялага, кволага на нюх, калi пад цiхi крок мармычуць малiтвы, час палявання на душэўна-шчодрых дэвотаў: зноў пастаўлены ўсе пасткi, каб лавiць сэрцы! I дзе толькi нi падыму заслону, адусюль вылятае ўспалошаны начны матылёк.

Напэўна, ён быў там не адзiн! Я адчуваю, што ўсюды пазапаўзалi маленькiя абшчыны, i дзе толькi ёсць якая каморка, там знойдзеш i багамольцаў, i адчуеш iх пах.

Цэлыя вечары сядзяць яны i вядуць: 'Дай нам зноў быць дзецьмi, каб казаць: 'Божа лiтасцiвы!' Набожныя цукернiкi папсавалi iм языкi i страўнiкi.

Альбо цалюткi божы дзень дзiвяцца на хiтрага павука-крыжака, якi падпасвае здабычу i прапаведуе iншым павукам словы мудрасцi: 'Пад крыжамi зручна плесцi сеткi!'

Альбо цэлыя днi выседжваюць з вудамi на балоце i лiчаць сябе глыбокiмi, але тых, хто ловiць вудамi там, дзе няма рыбы, я б нават павярхоўнымi не назваў!

Альбо пабожна-ўмiльна вучацца iграць на арфе ў песняра, якi сваёю iгрою вымацвае дарогi да сэрца маладзiчак, бо стамiўся ён ад старых баб i iхнiх падахвотак.

Альбо вучацца трэсцiся ад жаху ў цёмным пакоi ў якога-небудзь прыдурка-вучонага, якi ўсё чакае духаў, i пры гэтым дарэшты спаражняюць свой розум!

Альбо прыслухоўваюцца да флейты старога вандроўнага шарлатана, якi пераняў у журботна завыўнага ветру гукавую паныласць; вось i цягне следам за ветрам i прапаведуе панылымi гукамi скруху.

А некаторыя парабiлiся начнымi вартаўнiкамi; яны навучылiся дудзець у ражок, рабiць начны абыход i будзiць мiнулае, якое даўно ўжо спачыла.

Пяць выслоўяў з старых паданняў чуў я ўчора ўначы каля садовага мура: ад стомленых, панурых, усохлых начных вартаўнiкоў:

'Як на Айца, дык Ён не дужа клапоцiцца пра сваiх дзяцей, у людзей айцы куды лепшыя!'

'Ён надта стары! I зусiм ужо не клапоцiцца пра сваiх дзяцей', - адказаў другi вандроўнiк.

'Хiба ў iх ёсць дзецi? Нiхто не можа гэтага даказаць, калi ўжо i Ён сам гэтага не даказвае! Мне хацелася б, каб Ён хоць раз прывёў пераканаўчы доказ'.

'Доказ? Ды калi тое было! Не дужа гладка ў Яго з доказамi - яму важней, каб Яму верылi!'

'Так, так! Вера робiць Яго праведным - вера ў Яго. Так было павялося ў нашых бацькоў! так яно iдзе i ў нас!'

Так гутарылi два начныя вартаўнiкi, якiя баялiся святла, i потым паныла задудзелi ў свае ражкi: было гэта ўчора ўначы каля садовага мура.

А ўва мне сэрца калацiлася ад смеху, i хацела вырвацца, i не ведала куды, i апусцiлася ў маю нутробу.

I праўда, я памру, бадай што, зайшоўшыся смехам, бачачы, як аслы ўпiваюцца, а начныя вартаўнiкi запаняверваюцца ў Бозе.

Хiба не прайшоў даўным-даўно час на такiя паняверкi? Хто яшчэ можа будзiць гэтую спачылую, светлабоязную даўнiну!

Даўно ўжо пакончана са старымi божышчамi; i праўда - добры, вясёлы канец выпаў на iхнюю долю!

Не 'поцемкамi' давялi яны сябе да смерцi - гэта мана! Наадварот: яны так рагаталi аднаго разу, што паўмiралi ад смеху!

Гэта адбылося, калi сама бязбожнае слова было прамоўлена нейкiм богам: 'Адзiн Гасподзь! Хай не будзе ў цябе iншых багоў, апрача Мяне!'

- стары, раўнiвы, злосны барадач аж настолькi забыўся, што ўсе багi засмяялiся i, пагушкваючыся на сваiх тронах, казалi: 'Цi не ў тым боскасць, што ёсць багi, ды няма нiякага Бога?'

Хто мае вушы, хай чуе!'

Так сказаў Заратустра ў горадзе, якi ён любiў i якi называўся Пярэстая Карова. Адгэтуль заставалася яшчэ два днi дарогi да пячоры, да вяртання да ягоных звяроў; i душа яго парадавалася блiзкаму вяртанню.

Вяртанне

'О адлюдненасць! Ты - мая Айчына Адлюдненасць! Надта доўга жыў я закiнуты на чужыне, каб са слязьмi не вярнуцца да цябе!

Пагразi мне пальцам, як грозiць мацi, усмiхнiся мне, як мацi ўсмiхаецца, i скажы: 'А хто колiсь нiбы вiхура паляцеў ад мяне?'

Хто на развiтанне крыкнуў: 'Надта доўга я быў у адзiноце i адвык маўчаць'. Цяпер ты, вядома, навучыўся?

О Заратустра, я ведаю ўсё: i тое, што сярод мноства людскога ты быў больш пакiнуты, чым раней са мною!

Адно - пакiнутасць, другое - адлюдненасць: гэтаму ты навучыўся цяпер! I таму, што сярод людзей ты заўсёды будзеш iм чужы i дзiкi:

- нават калi яны любiцьмуць цябе: бо яны найперш хочуць, каб iх шкадавалi!

А тут ты ў сябе дома, на радзiме; тут ты можаш гаварыць усё i адкрыць сваю душу, нiхто тут не саромеецца схаваных i скупых пачуццяў.

Тут усе рэчы, лашчачыся, наблiжаюцца да тваёй прамовы i дагаджаюць табе: так хочацца iм паездзiць на тваёй спiне! На любой прыпавесцi ты дапнеш да ўсякай iсцiны.

Тут проста i шчыра можаш гутарыць з усiмi рэчамi; i праўда, пахвалою здаецца iхняму слыху, што нехта гаворыць з iм шчыра!

А быць пакiнутым - зусiм iншае нешта. Цi памятаеш ты, Заратустра? Калi ў лесе над тваёй галавой крычала птушка, а ты нерашуча стаяў побач з мёртвым i не ведаў, куды iсцi.

Калi ты казаў: 'Хай мае звяры вядуць мяне! Я адчуваю, што мне больш небяспечна быць сярод людзей, чым сярод звяроў'. Гэта была пакiнутасць.

А цi памятаеш ты яшчэ вось што, Заратустра? Калi ты быў на сваёй выспе, ты - крынiца вiна сярод пустых вёдраў, раздаючы сябе спрагненым, даруючы i раздорваючы,

- пакуль, нарэшце, не застаўся ў адзiноце, спрагнены сярод п'яных, пакуль не пачаў скардзiцца начамi:

Цi не большая асалода ў тым, каб браць, чым даваць?

I красцi, чым браць? Гэта была пакiнутасць! Цi памятаеш такое, Заратустра? Калi да цябе наблiзiлася твая Цiшыня, якая адагнала цябе ад самога сябе, i злосна нашэптвала: 'Скажы i рабiся!'

- i калi зрабiла табе болем тваё чаканне i маўчанне i паныласцю тваю ўпакораную мужнасць. Гэта была пакiнутасць!'

О адлюдненасць! Ты, мая Айчына, Адлюдненасць! З якой шчаслiвай пяшчотай звястуе мне твой голас!

Мы не пытаемся адно ў аднога, мы не скардзiмся адно аднаму: мы iдзем разам у адчыненыя дзверы.

Бо ў цябе ўсё адчынена i светла, i тут лягчэй бягуць ногi часу, бо ў цемры час цiсне мацней, чым на святле.

Тут мне раскрываюцца словы пра быццё, быццам скрынкi, раскрываюцца мне словы пра ўсё сутнае: усё сутнае хоча стаць словам, усякае станаўленне хоча навучыцца ў мяне гаварыць.

А там, унiзе, любая казань марная! Там 'забыць i прайсцi мiма' - найлепшая мудрасць: гэтаму я цяпер навучыўся!

Хто хоча ў людзей зразумець усё, павiнен да ўсяго дакрануцца. Але на гэта ў мяне занадта чыстыя рукi.

Я ўжо не магу дыхаць з iмi адным паветрам; о, навошта я жыў так доўга ў шуме i ў iх смярдзючым дыханнi!

О шчаслiвая цiшыня вакол мяне! О чыстыя пахi! Як глыбока i чыста дыхае цiшыня! Як учуваецца яна, шчаслiвая!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату