хату. Ты ж ледзьве стаiш.

Вось i чалавечае слова! Яго моцна ўразiла. Ён аж хiстануўся на нагах. Раптам ён успомнiў. Дастаў з кiшэнi запiсную кнiжачку i хутка знайшоў запiсанае яшчэ ў Германii, калi збiраўся сюды. Запiсана было рукою Гертруды, перапiсана з яго пiсем. Яна пiсала з нядобрым пачуццём да яго i з пэўнай думкай. Гледзячы ў гэты запiс, ён сказаў:

- Дом Нявады.

- Мы завядзём, - сказалi ў адзiн голас дзяўчаткi.

- А ты праўда чэх, цi можа немец? - сказала адна.

- Чэх, - адказаў ён.

I яны павялi яго на край мястэчка, дзе радзей стаялi хаты i вiдно было поле. У хату яны ўвайшлi разам з iм i ў адзiн голас сказалi:

- Гэта чэх, хоча есцi i спаць.

I выйшлi з хаты. Ён пераступiў з нагi на нагу i ўбачыў: на лаве ляжаць вiнтоўка i патроны, на табурэце сядзiць чалавек, пасярод хаты стаiць жанчына i ў пасцелi ляжыць дзяўчынка. Падлогi ў хаце няма, а ўбiтая зямля. Гэтая зямля i ўразiла яго перш за ўсё. Гэта ж зямля гэтая так была тады асветлена сонцам, калi ён тут скiнуў з сябе хваробу i раскрыў перад людзьмi душу. I вось ён пачаў пазнаваць у гэтай хаце ўсё. А дзяўчынка! Яна ляжыць i, мусiць, хворая. Бо такi худы i жоўты яе твар. Можна падумаць, што яна цэлыя годы праседзела ў турме. I зноў яму душу сцiснула новае ўражанне. Вочы ў гэтай дзяўчынкi. Гэта ж тыя самыя вочы. Можна падумаць, што гэта тая самая, што так даўно, калiсьцi, паiла яго малаком. Ён пачаў калацiцца.

- Ну дык садзiся, чэх, - сказаў чалавек, - зараз цябе накормiм.

Шрэдэр сеў, i думкi яго зноў аслабелi. Яго хiлiла да забыцця. I смутак, вялiкi смутак аб усiм свеце i аб сабе здушыў яго.

- Садзiся блiжэй да стала, налью табе есцi, - сказала жанчына.

Ён сеў за стол i сказаў, хоць ломанай, але расейскай мовай. Вiдаць, ён як мае быць рыхтаваўся ехаць сюды, каб тут пакiнуць быць арандатарам.

- Я некалi падараваў быў вам золата. Гадзiннiкi, пярсцёнкi, крыж. У тую вайну я быў хворы i палонны. Яно пайшло гэтаму дому на карысць?

Ён не памятаў, што казаў. У вачах яго цямнела, душа ныла.

- Божачка! - шпарка прагаварыла жанчына. - Адкуль ты ведаеш?.. А... Гэта быў ты? Я тады была яшчэ малая.

- Дык ты немец? - Раптам заварушыўся чалавек. - I я тады быў малы. А яна цяпер малая, - i чалавек ткнуў рукой туды, дзе ляжала хворая дзяўчынка. - Дык ты немец? Выйдзi з хаты! Чуеш? Iдзi! - Чалавек узяў з лавы вiнтоўку i грукнуў прыкладам у зямлю. Шрэдэр саскочыў з лавы i пайшоў у дзверы.

- У сад iдзi! - закрычаў чалавек. - Унь туды!

Шрэдэр увайшоў у сад, дзе густа стаялi голыя дрэвы, i зямля была зацярушапа мерзлым лiсцем.

- Стой!.. - сказаў чалавек.

Шрэдэр стаў i штосьцi шпарка пачаў гаварыць, перамешваючы нямецкiя словы з расейскiмi.

Чалавек не слухаў, прыцэлiўся i стрэлiў. Шрэдэр упаў i сканаў, лежачы, праз хвiлiн паўтары.

Кастусь Лукашэвiч убачыў на дрэве падмерзлую бэру сярод чорнага лiсця. Падумаў, на яе гледзячы, зазiрнуў у пуньку, узяў з саломы два яблыкi i ўвайшоў у хату.

- На, Лiзачка, еш антонаўкi, - сказаў ён, падыходзячы да хворай дзяўчынкi.

1943-1944

Каментары

Друкуецца па аўтографе. На вокладцы - назва рамана i малюнак, якi належыць пяру К.Чорнага: два дрэвы на першым плане i трэцяе ўдалечынi. На першым лiсце рукапiсу намалявана высокае дрэва i будынак, у якiм можна ўгадаць гумно з шырокiмi варотамi, каля сцяны знаходзiцца фрагмент агароджы. На другiм лiсце слупком выпiсаны iмёны i прозвiшчы галоўных персанажаў рамана. У канцы аўтографа пазначана: 'Канец. Кузьма Чорны. 7 гадзiн вечара, 18-га верасня 1943 г. Масква. Гасцiнiца 'Якорь'. 2 лiпеня 1944 года Чорны запiсаў у сваiм 'Дзённiку', што, ачуняўшы пасля цяжкай хваробы, якая суправаджалася амаль поўнай слепатой, ён перапiсваў рукапiс рамана: 'А яшчэ шэсць месяцаў таму, калi пачынаў перапiсваць 'Пошукi будучынi', мне была пакута выпiсваць роўна загаловак i першы радок'.

Упершыню раман публiкаваўся ў часопiсе 'Полымя', 1950, № 11-12, дзе быў падвергнуты прыкметнай рэдактарскай апрацоўцы.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату