думаць, што Лiзiн позiрк уразiў яго з найвялiкшай сiлай. Можа, i гэта напэўна так, тут было закранута балючае месца яго душы. Можа няўяўны прывiд Лiзаветы паўстаў перад iм. Ён увесь як бы закалацiўся перад Лiзiным позiркам. У наступны момант ён закрычаў немцу:
- Стой! Падай!
Немец угнуў галаву i рынуўся яму ў ногi. Можа ён хацеў збiць сабою Ракуцьку з ног. А можа ён шалеў ад страху. Ракуцька хапiў яго за плечы, i можа нават тады, калi апошнi раз ён глядзеў на свайго малога Тамаша ўночы пад навальнiцай, у яго не было такога вялiкага ўтрапення. Душа яго калацiлася, i думка ўзнiмала пакутныя вобразы мiнуўшчыны. Уся iстота яго прагла расплаты. Немец ляжаў у яго пад нагамi. Руляю аўтамата ён раструшчыў яму твар i адчуў яшчэ большую прагу сеяць смерць. Можа, якраз у гэты момант у iм нарадзiўся той чалавек, што блiзкiм часам узвысiў сваё iмя, пасля чаго Лiзавета пачула пра яго i прыйшла да яго. Цяпер ён падбег да Лiзы. Яе позiрк з'iначыўся ў гэты момант. Тонкая i хiсткая, як травiна ў суш, яна разам з iм пайшла ў натоўп, дзе раптам загаласiла Ракуцькава жонка i закрычаў Тамаш:
- Хто можа бiцца?! Хто хоча зброю?!
А пасля Тамаш сказаў усё невядомым Лiзе людзям:
- Кiруйцеся вы на гэты маёнтак, дзе немец, забiрайце ўсе конi i вазы i назад сюды! Тут многа хворых.
У гэты момант толькi яшчэ заружавела неба на ўсходзе. Калi ж узышло сонца i паднялося так, што цень ад хвоi быў толькi напалову даўжэйшы за яе, людзi цiха пачалi выходзiць адусюль з поля i збiрацца ў адным месцы за старым паркам. Нямецкi салдат ляжаў там у дрэвах з прабiтымi штыхом грудзьмi. Густаў Шрэдэр старэйшы чакаў у гэты дзень прыезду свайго сына. Ён хадзiў навокал дома. Калi грунуў першы залп з вiнтовак i закрычаў каманду сваiм падначаленым старшы палiцай, Шрэдэр выйшаў за глухую сцяну дома i ўбачыў многа людзей памiж стайнямi i свiрнам. Душа яго заныла, i ён пачаў беспарадна азiрацца. Як i кожны дзень, у Гертруды быў дрэнны настрой. У незашнураваных чаравiках яна хадзiла па пакоi i падлiчвала, праз колькi гадзiн можа прыехаць яе сын. Ёй здалося падазроным, што па малым дворыку перад домам нешта занадта часта прабягаюць людзi. Залп з вiнтовак яе ўстрывожыў не больш як i заўсёды: салдаты i палiцаi тут часта практыкавалiся ў стральбе. Яна зазiрнула ў памежны пакой, дзе павiнна была быць служанка, тутэйшая жанчына, цiхая i працавiтая, якая ўсё тужыла аб сваiм мужу, якi мабiлiзаваўся ў армiю ў першыя днi вайны. Яна збiралася прасаваць i ладзiла ля акна прасавальную дошку. Гертруда сумна на яе глянула i, цераз дзесятае ў пятае трапляючы на пакалечаныя расейскiя словы, папрасiла жанчыну пайсцi даведацца, чаго па двары ходзяць людзi. Жанчына нiчога не зразумела, але выйшла сама, з свайго жадання. Гертруда асталася чакаць адна ў пакоi. Раптам у дзвярах паказалася служанка. На злёгку васпаватым твары яе было штосьцi падобнае да ўсмешкi.
- Партызаны! - крыкнула жанчына, iдучы далей у пакой.
Гертруда закруцiлася па пакоi, не могучы нават падаць голасу. Жанчына хапiла прасавальную дошку i дала ею Гертрудзе ў плечы. Гертруда пабегла ў дзверы, чуючы за сабою рогат жанчыны. Збягаючы з ганка, яна пагубiла з ног незашнураваныя чаравiкi i босая, колючы з непрывычкi ногi i абдзiраючы iх, выбегла за дом i ўбачыла там салдата на зямлi з доўгiм i тонкiм нажом у жываце. Тронак ад нажа высока тырчэў над мёртвым салдатам.
- Густаў! - закрычала Гертруда i адна пабегла ў поле дарожкаю паўз сад. Многа галасоў чула яна за садам. Там ужо людзi запрагалi ў вазы конi. Густаў дагнаў Гертруду ў чыстым полi, у вельмi нiзкай лагчыне, падобнай на яму. Высока па яе краях рос крушыннiк, зрэдку было яшчэ на iм жоўтае лiсце. Гертруда плакала i малiлася. Густаў моцна трымаў яе пад плячо. Ступенi яе ног былi ўжо спрэс у крывi. Доўга ўзыходзiлi яны на край лагчыны, з кожным крокам усё аддаляючыся ад жудаснага для iх месца на заваяванай зямлi. Так дайшлi яны да вузкай грады лазы i ядлоўцу. Да гэтага моманту ў iх ужо i заваду не было пачуцця страху. Iх толькi прыгнечвала адчуванне гiбелi. Была прага, каб адбыўся цуд i каб перад iмi з'явiўся iх сын, у якога яны верылi. Яны не ведалi i не хацелi ведаць, што ў гэты дзень рабiлася ў маёнтку, уладанне якiм ператварылася так хутка ў горкi здзек над iх марай пакiнуць быць арандатарамi. У гэты дзень людзi выгналi з маёнтка жывёлу i вывезлi запас хлеба i садавiны. Вялiкi абоз на маёнткавых конях выехаў адтуль у той час, калi Гертруда i яе Густаў сядзелi ў лазе i аддыхвалiся. Абоз даехаў да Перабродскага лагера i там доўга не затрымаўся. Пасля таго, калi на фурманкi паклалi i пасадзiлi хворых, абоз рушыў на вялiкi шлях, i ўсе, хто быў тут, пайшлi следам. Нават хто i жыў паблiзу Перабродскага лагера, пакiдалi свае хаты i таксама пайшлi следам за тымi i разам з iмi, хто прыйшоў сюды ратаваць забраных у лагер. Увесь гаты людскi рух прайшоў скрозь па вялiкiм грунтавым шляху цераз малое скрыжаванне i далей паўз скалечаны танк, дзе людзi закрывалi далонямi раты i насы: там патыхала трупным духам. Людскi рух мiнуў вялiкую бярозу i кiраваўся далей у бок Вялiкага скрыжавання.
Гертруда i Густаў у той самай лазе дабылi да ночы, i, як сцямнела, iмi апанаваў адчай. Якое было шчасце, што ў тую страшную ранiцу Густаў спацыраваў са скручаным парасонам у руках! Парасон так i астаўся ў яго. Ён зняў з сябе пiнжак i камiзэльку i надзеў усё гэта на Гертруду. Ён быў вiнават перад ею. А яна ўзводзiла яго вiну ў найвышэйшы стан. Яна вечна сцвярджала, што ён вiнават перад усей Германiяй. Ён распусцiў парасон, i, прытулiўшыся адзiн да аднаго, яны ўсю ноч прастаялi пад парасонам, i гэта была iлюзiя, што яны не зусiм у чыстым полi. На мокрай i прымерзлай зямлi яны сядзець не маглi. Нервовае ўзбуджэнне было ў iх такое вялiкае, што нi ў яго, i тым больш нi ў яе, за ўсю ноч нават не прыжмурылiся вочы. З першым дзённым святлом, калi яно яшчэ толькi пачало цадзiцца, яны рушылi далей. Куды? Абы далей ад гэтага месца. Абы далей! А збавенне будзе. Бо тут жа заваяваная зямля, тут жа нямецкае войска i ўлада, i iх сын! Раптам - цi гэта было сапраўды, цi можа толькi галюцынацыя, але адзiнокi вiнтовачны стрэл прагучаў вельмi выразна. Гертруда крыкнула: 'Густаў!' Густаў шпарчэй пацягнуў яе. Узбуджанне iх расло больш. Ужо яны не заўважалi, цi гэта дзень, цi гэта ноч. Далей ад гэтага месца! Блiжэй да ратунку, якi сам падбае пра iх. Не ногi, а нервы вялi iх нейкаю палявою дарогаю. Не еўшы, не спаўшы, нават не сядзеўшы нiдзе, яны сцiшылi хаду толькi тады, калi прыйшоў час адчуць iм адзеравянеласць ног. Тады яны пайшлi быццам спацырам. I тут скончылася iх надзея на ратунак. Дзьмуў у полi вецер, поблiзу гаманiў лес, Гертруда пакiдала крывавы след ад сваiх ног. Шырокi свет з сонцам, з ветрам, з пахам дажджоў i зiхаценнем дзён стаў цесным склепам. Не толькi гадзiн, а нават i дзён яны ўжо не маглi лiчыць. I невядома, цi гэта змяркалася, цi гэта свiтала, калi штосьцi ў полi зачарнелася перад iмi. Усё роўна што гэта, абы толькi што-небудзь каб было наперадзе! Не сыходзячы з дарогi, яны праз колькi гадзiн дацяглiся да чагосьцi маўклiвага i нерухомага. Гэта быў 'сухi дзюб'. Вялiкi камень мог здавацца ўвасабленнем магiльнага маўчання. У адным месцы пад iм, дзе адна старана яго навiсала як бы столлю, зямля была сухая, чысты белы пясок i нi саломiны, нi травiны на iм. Раптоўная радасць цюкнула Густава, як бы гэты сухi пясок быў знойдзеным сэнсам светабудовы. Ён хацеў зняць з сябе якую-небудзь адзежыну, каб разаслаць на пяску i пакласцi Гертруду. Але ён быў толькi ў адной, упушчанай у нагавiцы, кашулi i з чорным гальштукам на шыi. Гертруда лягла на голы пясок i адразу заплюшчыла вочы. Побач яе пад каменнай навiссю лёг i Густаў. Вецер шастаў незазябленым iржышчам i абвакольваў гулам камень. Раптам Гертруда расплюшчыла вочы. Яна штурханула яго локцем, быццам бы правяраючы, цi тут ён. I тады ён пачуў яе голас, упершыню пасля выгнання з маёнтка. Раз-поразу аблiзваючы сухiя губы, ледзьве адцягваючы голас, яна гаварыла, i гэты слабы голас гучэў яму, як гнеў помслiвага лёсу:
- Ты раскрыў быў сваю душу перад чужаземцамi. У цябе перад iмi нарадзiлiся добрыя пачуццi, i ты не астаўся халодны, а пайшоў на сардэчнасць перад тымi, у каго нават далёкiя продкi не мелi i заваду германства. Гэта лёс Германii за цябе расплачваецца з намi! Гэта ты згубiў мяне! - Яна ледзь не задушылася апошнiмi словамi. Памаўчала i зноў пачала, але павальней i цiшэй: - Я ўмiраю, а з таго, што ты аддаў быў немаведама каму, яны, тыя, шчаслiва пражылi дзесяткi год... Божая рука ў нашай гiбелi...
Апошнiя яе словы ён ужо ледзьве разабраў i з жахам усхапiўся. Яна маўчала i адно бесперастанна варушыла губамi i з кожным момантам павальней. Акамянелы, аслупянелы, анямелы, ён стаяў над ею, аж пакуль думка, што яна ўжо мёртвая, не з'явiлася ў яго. Гэтая думка не страсянула яго, так многа ён перажыў ужо. Ён нагнуўся i дакрануўся яе твару. Гертруда ўжо сканала. Ён распусцiў парасон i паставiў яго над яе тварам. Але тут ён падумаў, што парасон здалёку могуць заўважыць i згарнуў парасон. I зноў (сапраўды цi галюцынацыя?) вiнтовачны стрэл здалёку. Ён падняў галаву. Пачыналася новая квадра яго пошукаў ратунку: без Гертруды. Ён пачаў азiрацца, а пасля цвёрдая думка, што сляза мёртвага не паднiме, выразна пачала авалодваць iм. Ён выцягнуў з-пад Гертруды свой пiнжак, адзеўся ў яго, паглядзеў на Гертрудзiны ногi i неўзабаве рушыў па той самай дарозе. Праз колькi кiламетраў ён азiрнуўся i больш як хвiлiну глядзеў, як чарнеецца ўдалечынi 'сухi дзюб'. Пiнжак абагрэў яго, i звечара ён нават падрамаў у полi на пакiненым