месцы, той сапраўды бачыў i поезд пад адкосам, i падарваны танк на шляху ў лесе. Казалi, што ад споду быў вельмi заквэцан у гразь, а з яго люка вытыркала i матлялася на ветры сiняя кашуля з вышыўкамi на рукавах.

Танк гэты стаяў узняты левым бокам у паветра, аднак жа не так блiзка ад вялiкай бярозы, не блiжэй як за паўкiламетра. Пад узнятым угару левым бокам была яма ад гранатнага ўзрыву. Абгарэлым i абкуродымленым задам ён сядзеў нiзка ў зямлi. Што здарылася з гэтым танкам, ведала толькi адна Ракуцькава Лiзавета. Самi ж танкiсты ўжо нiчога не маглi расказаць, бо яны былi мёртвыя. Канчаўся ўжо трэцi тыдзень вайны, калi Лiзавета падышла да бацькавай хаты. Выкiравалася яна сюды не ад шляху, а ўжо з супрацьлеглага боку. Яна дала вялiкага круга, каб не iсцi шляхам. Яе ўразiла пустэча i цiшыня ў пасёлку. Дзверы ў хатах усюды былi паадчынены, i хоць бы дзе жывая душа. З дрыжаннем сэрца яна ўвайшла ў бацькаў двор. Яе хустка, у краткi i з фрэнзлямi, валялася пасярод двара. Яна ўвайшла ў адчыненыя на ўвесь мах дзвярэй сенцы. Шырока раскiнуты дзвюма палавiнамi чамадан з жоўтай скуры стаяў на лаве. У iм, напханыя туга, былi чаравiкi, кашулi, боты, нагавiцы, сукенкi. Гэта яе i Тамашова, тое самае, што бацька збiраў праз доўгiя гады. Камень з жорнаў у засохлай крывi ляжаў пасярод сянец. З-пад яго вытыркаў пляскаты кавалак чарапной касцi з скурай i пукам рыжых валасоў. Яна скалынулася i шпарка зазiрнула ў хату. Валачашчая сука прыбiлася сюды i паспела ўжо тут ашчанiцца. Вялiкая, худая, выцягнутая, доўгая i тонкая, яна ляжала на падлозе, i шасцёра сляпых шчанят смакталi яе. Яна вышчарыла зубы i забурчала, пачуўшы чалавека. Лiзавета выбегла з хаты, абышла ўвесь пасёлак, не спаткала нiдзе нi душы i пакiнула гэтае сумнае месца. Вось i ўсё. I няма ўжо больш нi там нi тут нi прытулку, нi прыпынку. I можа бацькi i мацi ўжо няма. Вось i прыйшла самая спелая пара яе юнацтва!

Яна пераначавала ў блiзкай вёсцы пры шляху i вярнулася назад. У яе з'явiлася патрэба яшчэ раз зiрнуць на бацькаву хату. Дзесьцi ў глыбiнi душы ажыла ў яе надзея, слабая i няпэўная: а можа праз якi-небудзь цуд яна там нападзе на бацькаў след. Менш як праз гадзiну яна зноў зазiрнула ў бацькавы сенцы. Адзежы i чамадана ўжо не было. У хаце не было ўжо i сукi, адны толькi шчаняты спалi ў цесным клубку на падлозе, у пуку сонечнага прамення з акна. Раптам ускочыла ў хату сука i брэхам выгнала Лiзавету на вулiцу. Лiзавета пайшла ўнурыўшыся, а сука рвала яе ззаду за адзенне. Лiзавета азiрнулася. Сука адбеглася i зноў пачала нападаць. Лiзавета падняла пошвырак. Сука ўскочыла ў двор, у сенцы, у хату, дзе раптам залямантавалi шчаняты. Лiзавета зашчапiла дзверы i зноў пайшла, чуючы ўвесь час брэх зачыненай у хаце сукi. Тут яна ўбачыла, як з'явiлася на вулiцы фурманка i трое нейкiх невядомых мужчын, аброслых, у рубашках без падпяразкi, пачалi цягаць з хат усё, што толькi маглi i што было там. Воз напаўняўся адзеннем, посудам, усялякiм прыладдзем i рыштункам. Лiзавета скрылася ў першы двор i агародамi i садамi выйшла на доўгую сцежку праз поплаў да тарфянога балота i ўзгорыстага поля. Яна ўжо мiнула i тую вёску, у якой начавала, i палявою дарогаю iшла туды, дзе праходзiў вялiкi шлях. Дарога паднялася на крутое ўзвышша. Лiзавета азiрнулася з гэтага высокага месца i з вострай трывогай убачыла, як над пасёлкам, дзе стаяла бацькава хата, выбухнуў высока агонь з дымам i шпарка пачаў распоўзвацца ўшыркi. Лiзавета пайшла далей i праз сотню крокаў азiрнулася. Агонь бушаваў, як навальнiчныя перуны. Тут, на дарозе, пахла ўжо дымам i гарэлым дрэвам i чуўся дзiкi лямант. Проста на Лiзавету з усiх сiл iмчалася сука. Лiзавета пазнала яе не з масцi, а з усяго выгляду. Сука была ўжо без шэрсцi, уся абсмаленая i абсквараная. Яе адцягненыя шчанятамi цыцкi былi абвугленыя, i ўсё чэрава было падобна на абсмаленую дошку. Зад яе быў высквараны i ад бягi патрэскаўся i змочваўся крывёй. Ад яе тхнула гарэлым мясам. Дагнаўшы Лiзавету, сука ўпала на зямлю, i, валакучы зад, дапаўзла да ног апанованай утрапеннем дзяўчыны i зноў заенчыла i заскуголiла. Вялiкiя вочы яна ўставiла ў Лiзавецiн твар, i здавалася, скогат яе чуцён на ўсё шырокае наваколле. Лiзавета пабегла. Адбегшыся, яна азiрнулася i ўбачыла, што сука ляжыць i дзярэ лапамi зямлю, а агонь i дым удалечынi пачалi ападаць. Подбегам Лiзавета дайшла да вялiкага шляху, спынiлася апанованая одумам, паглядзела ў залiтую сонцам прастору i зарыдала. Пайшла яна шляхам у той бок, з якога так доўга бралася сюды, да бацькавай хаты. Да самай ночы, i ўсю ноч, i палову наступнага дня яна iшла i выйшла на большы шлях i ўсё iшла. I ўвесь час душу яе цiснула гора i смутак. Так дайшла яна да малога скрыжавання i ўвайшла ў лес. Яе дагнала i пачала мiнаць невялiкая калона нямецкiх танкаў. Танкi iшлi адзiн за адным на вялiкай разлегласцi. Яна перастаяла iх усе, стулiўшыся за дрэвам. Ужо i гул iх знiкаў. Яна рушыла далей, ужо выразна дайшоўшы да думкi вярнуцца туды, дзе прайшло яе маленства, i там шукаць бацькi. Пачаткi нейкай надзеi нараджалiся ў яе. Яна iшла, i ўсё недзе гуло. Яна думала, што гэта ад тых танкаў наперадзе. Раптам забразгала ззаду. Яна азiрнулася. Танк стаяў пасярод дарогi. З яго выйшаў немец i махаў ёй рукой. У яе заныла сэрца. Немец пайшоў проста да яе. Усмiхнуўшыся, ён узяў яе за локаць i тузануў iсцi з iм. Ён падвёў яе да самага танка i паказаў рукой, каб яна ўлазiла ў сярэдзiну. Яна стаяла моўчкi. Ён прыўзняў яе пад пахi i ўсадзiў у танк. Там быў яшчэ адзiн немец. I той ранейшы ўлез следам за ею. Танк рушыў у ход. Два немцы i яна цесна сядзелi адзiн пры адным. Танк быў напакован жаночым адзеннем i абуткам. Раптам танк спынiўся. Немцы пачалi штосьцi шпарка гаварыць памiж сабою. Было падобна, што яны спрачаюцца. Нарэшце адзiн немец вылез з танка, а другi пасядзеў, памаўчаў, быццам да чагосьцi прыслухоўваўся. I пацягнуў Лiзавету да сябе. Яна хацела адшатнуцца, але немец трымаў яе моцна. Твар яго быў як набрынялы, i кадык выпiраў з расшпiленага мундзiрнага каўняра. Яна тузанулася i дакранулася зубамi да яго горла. Ён выцягнуў шыю. Яна рванулася да яго горла зубамi. Ёй здавалася, што рот увесь напоўнiўся. Як мага, яна цiснула зубы, усё больш i больш. Не могучы апамятацца ад вялiкай трывогi, яна змагалася яшчэ i з немцавымi рукамi, якiя адпiхалi яе. Чуючы, што ўласнае сэрца гатова разарваць i задушыць яе, яна ўсё больш сцiскала зубы, чула, як немец захроп i як ёй пырснула ў твар.

- Э, э, Генрых! - пачаў абзывацца той другi дзесьцi за танкам. Яна шатнулася ад немца i з нейкага iнстынкту хапiла з-пад яго падол светлай жаночай сукенкi i два разы шмарганула сябе па мокрых губах. Не трапляючы дрыжачымi i аслабелымi рукамi куды трэба, яна, з яснай думкай, адарвала ад немца тры гранаты, якiя добра бачыла ў бялявым святле, што падала сюды.

- Генрых! - моцна сказаў за танкам немец i нешта засвiстаў. Свiст яго пачаў аддаляцца. Яна вылезла з танка, са страхам шукаючы вачыма немца. А ён стаяў за дарогай i ачышчаў рукаў ад засохлай гразi. Ён убачыў яе, штосьцi сказаў i паказаў пальцамi сабе на грудзi. Тулячы пры боку гранаты так, каб не бачыў iх немец, яна пайшла ад танка ў лес. Немец закрычаў, шпарка падышоў да танка i зазiрнуў у сярэдзiну. Яна збялела тварам, ледзьве перадыхнула, шпурнула гранату да немцавых ног. Калi яна апамяталася, абсыпаны зямлёй танк стаяў на месцы, каля яго была яма, i цераз дарогу, памiж двух дрэў, ляжала немцава рука разам з кавалкам пляча i мундзiрным каўняром у крывi i зямлi. Яна шпурнула пад танк дзве гранаты зараз. Танк падняўся адным бокам угару, а другiм асеў у зямлю. Зад яго палаў i пасля атух. Так ён i астаўся стаяць адным бокам. Лiзавета подбегам пайшла, думаючы пра тое, што з кожным крокам яна аддаляецца ад гэтага месца. Так мiнула яна вялiкую бярозу з першымi жоўтымi лiсткамi на ёй i iшла ўсё далей. Пасля гранатных узрываў пад танкам гэтае месца на доўгi час зноў аставалася цiхiм i пустым. Толькi пасля таго як у суседняй акрузе Акаловiч забiў Палiводскага, гэтым месцам зноў пачалi праходзiць нямецкiя танкi. Бяроза тады стаяла зусiм ужо голая, i зямля пад ею пачынала прымярзаць. У тыя часы на гэтым месцы з'явiўся старэйшы Густаў Шрэдэр у выглядзе такiм жа дзiўным, як i страшным. Гэтае новае падарожжа яго пачалося i скончылася вось як.

Перабродскi лагер апусцеў бадай што больш як на палавiну да тых дзён, калi Ракуцькава жонка пачала выгалошваць сваё гора i калi Лукашэвiчава Лiза як бы адчула сябе лепш ад свае крываўкi i сядзела дзень i ноч на зямлi каля слупа з позiркам, якi мог скалынуць душу кожнага.

Многа людзей з лагера немцы адправiлi на работу. Ночы былi ўжо доўгiя i халодныя, але днём яшчэ грэла сонца, i пад iм вяў i запыльваўся трыпутнiк i спарыш на сцежцы, па якой уваходзiлi ў лагерную загарадзь. Тая ноч, якую Лiза ўсю праседзела з накiраваным у прастору позiркам, была нешта вельмi халодная. Перад самым рассвiтаннем Лiза прыпала шчакой да слупа. Можа гэта было самаашуканства, але ёй здалося, што так цяплей. Узбуджанне нерваў у яе павялiчвалася. Позiрк стаў вастрэйшы i стаяў на мяжы з адчаем. Яна не заўважала, як зашарэла ноч i неба на ўсходзе пабялела. Не вывелi яе з забыцця i частыя выстралы. Немцы для смеласцi часта тут стралялi. Пасля пачаў гарэць знадворку ад агароджы, у полi, салдацкi барак. Агонь выбухнуў так высока, што тут, на зямлi, стала вiдно, як у сонечны дзень. Лiза ўсё сядзела i раптам убачыла: сюды пабеглi людзi. Па той бок агароджы немец упаў. Яна ўсё глядзела туды i не магла здагадацца. Позiрк яе аставаўся яшчэ ранейшы. Праз разгароджанае месца сюды ўбег Ракуцька з аўтаматам. Твар яго быў чырвоны, i вочы свяцiлiся белым полымем. Перад iм неяк дзiўна, то задам, то бокам бег немец з паднятымi рукамi i нешта лапатаў. Ракуцька не бег, а iмчаўся, неяк калоцячыся, iрвучыся. I раптам яму дарогу загарадзiў Лiзiн позiрк. Ён быццам даўся ў сцяну i на момант застыў аслупянелы. Трэба

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату