- Пад Клецак.

- А дзе гэта?

- Ад Нясвiжа пятнаццаць кiламетраў.

- Нясвiж чуў, а як жа. То пакажы дакумент.

Акаловiч адгарнуў ад жывата транты свае адзежыны i пачаў абмацваць у кашулi вышэй жывата лiштву, па якой зашпiльвалася кашуля. У адным месцы лiштва не была прышыта, а толькi зарублена. Удала дзе- нiдзе прафастрыгованая, яна шчыльна прылягала да кашулi. Акаловiч засунуў пад яе палец i пачаў там iм шнарыць. Чалавек чакаў. Акаловiч дастаў адтуль скручаную ў валiк паперку. Раскруцiў, паглядзеў i падаў чалавеку. Той пачаў пра сябе чытаць. Гэта было пасведчанне Нясвiжскага райсавета, што Люцыян Акаловiч ёсць селянiн з Рымашоўскiх хутароў, Нясвiжскага раёна, Баранавiцкай вобласцi. I штамп, i пячатка, i подпiсы - усё было на месцы, i нельга было здагадацца, што паперка рабiлася не ў Нясвiжы, а дзесьцi ў Германii. Прачытаўшы паперку, чалавек падазрона паглядзеў на Акаловiча i, не аддаючы яму яго пасведчання, сказаў:

- Дык ты туды i iдзеш?

- Туды.

- А дарогу ты ведаеш?

Акаловiч зразумеў недавер'е i пачаў гаварыць:

- Мне на Маскоўска-Варшаўскую шашу трэба выбiцца, а там я ўжо ведаю.

- А там як?

- А там як?! Пасля Слуцка праз Селiцкiя крыжы, Лядныя, Гулевiчы, Пiлiпавiчы i кiламетраў сорак не даходзячы да Сiняўкi...

- Дык табе ж гэта круг будзе, - дапытваў чалавек, не спускаючы з Акаловiча пiльных вачэй.

- Дык можна i iнакш, - адразу схамянуўся Акаловiч. - Мусiць-такi я пайду з-пад Гулевiч на Цiмкавiчы, на Пузава...

- Чакай, а яшчэ?

- Шашою да Слуцка, а там з шашы сысцi зусiм, а прысадамi да Нясвiжа, а там, не ўваходзячы ў горад, а толькi прайшоўшы Новае Места i ля брамнага ўезду ў горад, адразу налева да Мураванкi...

- Чакай, чакай, разгаварыўся! Зброя якая ў цябе ёсць?

- Пiсталет без набояў...

- Ну што ж, iдзi хiба...

Акаловiч ажыў, увесь смутак яго скончыўся. Свет i сябе ў iм ён адчуў у гэты момант так: 'Дайсцi туды, чакаць, хавацца, служыць таму, хто б там нi быў i хто б там навек нi астаўся. Адслужыць штодзень яму колькi яму трэба, а рэшту дня сам з сабою, адзiн, цi гной корпаць, цi што там будзе... '

Раптам чалавек заўважыў у Акаловiча на грудзях штосьцi падазронае для сябе. Штосьцi вытыркала з-за лiштвы, адкуль ён даставаў тое пасведчанне. Чалавек зноў пачаў дапытвацца:

- А з якое ты аперацыi iдзеш?

- Ну з аперацыi.

- Адкуль?

- З Лядскага маёнтка.

- А што там рабiў?

- Як што рабiў?

- Дай сюды, - унь у цябе нешта тырчыць з кашулi.

Акаловiч хапiўся за лiштву, i ўтрапенне скалынула яго. Чалавек зноў падняў вiнтоўку.

- З якое аперацыi?

- Я забiў Палiводскага.

- Гэта ты?

- Я.

- Хто табе даваў заданне? Чаму ты так здалёку iшоў на гэта, i так далёка назад?! Тут зусiм iншая акруга!

Тут чалавек, усё сочачы за Акаловiчам, убачыў, што ён тое, што тырчэла ў яго з лiштвы, ужо скамячыў у пальцах, змяў у жмуток, быццам бы выцiраючы пальцамi нос, паклаў у рот i ўжо клычыць зубамi i языком. Зараз глыне.

- Выплюнь! - закрычаў чалавек i зварухнуў пальцамi на вiнтоўцы. Акаловiч плюнуў. Чалавек хапiў мокры ад слiны жмуток i, расцягнуўшы яго ў пальцах, убачыў, што гэта кавалачак паркалю, на якiм штосьцi дробна надрукавана па-нямецку.

- Я забiў Палiводскага, - голасам як з-пад зямлi абазваўся Акаловiч, падаючыся задам да першых зараснiкаў на самым узлессi.

- Я ведаю i без цябе, што Палiводскага сёння ўночы забiлi, - прахрыпеў чалавек i стрэлiў. Акаловiч упаў i больш ужо не паварушыўся.

З таго дня i гэты куток, дзе сярод кустоў ляжаў нежывы Акаловiч, i той маёнтак, адкуль на трэцi дзень пасля першых допытаў i доследаў вывезлi на блiжэйшы могiльнiк Палiводскага, i ўсе тутэйшыя дарогi пачалi часта агалашацца стукатам нямецкiх матацыклаў i грузавiкоў i скогатным бразгатам танкаў i танкетак. Кожную легкавую машыну ахоўвала танкетка, а калi ехаў якi-небудзь санавiты немец, то за iм iшоў танк, або i два. Пачалi з'яўляцца i станавiцца тут часцi вялiкага карнага злучэння. Аўтаматчыкi на грузавiках штодзень кудысьцi ехалi дарогамi. Грунтавым жа шляхам, якi ляжаў тут, час ад часу праходзiлi танкi. Можа гэты захад быў не так дзеля аховы нямецкiх заваёваў, як дзеля таго, каб нагнаць страх па насельнiцтва. Танкi, хоць па адным цi па два, пачалi часамi шнураваць па вялiкiх дарогах i суседнiх з гэтаю акруг. Смерць Палiводскага перакiнула трывогу i туды. Нямецкiя начальнiкi толькi за вялiкаю патрэбаю выязджалi са сваiх месц i старалiся трымаць каля сябе як найбольш салдат. Што ж да людзей, то ўсюды гаварылi пра пахаванне Палiводскага: завезлi, засыпалi ў яму, i нiхто з людзей на пахаваннi не быў, толькi палiцэйскiя i два немцы. Нiхто не ўздыхнуў i не дакрануўся хустачкай цi пальцамi да вачэй. З гэтай прычыны пайшла старая прымаўка на новы лад: 'Служы немцу верна, дык ён ад цябе нос адверне'. Так шырока погаласка i трывога пайшла, што задалёку ад месца смерцi Палiводскага, у сваiм неўладаваным яшчэ маёнтку, Гертруда i яе стары Густаў былi няшчасныя ўсе тыя днi, калi не быў з iмi iх сын. А ён пачаў бываць тут вельмi зрэдку. У яго быў iншы клопат: у яго было больш, як у iншай якой акрузе, канцэнтрацыйных лагераў, i гэта пачало вельмi непакоiць яго. Ён павялiчыў i пашырыў разведку i 'прачосванне' лясоў. Але салдат было ў яго мала, бо з цэнтра закамандавалi некаторым гарнiзонам перамясцiцца адсюль у акругу, дзе быў забiты Палiводскi. У яго такiм парадкам узнiкла думка злiць усе канцэнтрацыйныя лагеры ў адзiн, каб злучаныя разам вартавыя вайсковыя часцi сталi моцнай сiлай. Яго гэтую думку прынялi. Але пакуль што тут было яшчэ спакойна. Ад Перабродскага лагера да маёнтка, куды ён пасадзiў на ўладанне свайго бацьку, было кiламетраў дваццаць. Ад маёнтка да вялiкага грунтавога шляху, якi iшоў ад Гомельшчыны цераз Бабруйшчыну на Вялiкае скрыжаванне з Маскоўскаю шашою на Случчыне, было кiламетраў пад семдзесят. Па гэтым шляху i пачалi шнураваць танкi час ад часу. Нi танкi, нi салдаты нiводнай сутычкi нi з кiм не мелi, i ўсё пачало як быццам спакайнець.

Па людзях жа пайшла гамана, што па лясах збiраецца вялiкая сiла, мноства людзей i ўсё пры зброi, i многа там чырвонаармейцаў i камандзiраў, i што нешта вялiкае неўзабаве можа адбыцца. Што ж да справаў на фронце, то прайшла чутка, што падышлi вялiкiя папаўненнi i Чырвоная Армiя хутка пачне наступаць. Тым часам вельмi шырока стала вядома, што каля Сумлiч на Вялiкiм скрыжаваннi адбыўся напад на нямецкую аўтакалону: звыш як семдзесят нежывых немцаў ляжаць на самым скрыжаваннi пад недаломкамi васьмi машын. А ў суседняй з Сумлiчамi воласцi ўночы раптоўна невядомыя перастралялi ўсю палiцыю i схапiлi i забралi жывога з сабою каменданта. Хоць нiхто цяпер нiкуды ад свайго дома далёка не ад'язджаў i не адыходзiў, але ўсюды, на шырокую навакольнасць, ведалi, дзе ляжыць вытрушчаны i выгнуты на кучу ламачча нямецкi поезд. З-пад скалечанага паравоза i разбiтых вагонаў тырчаць акрываўленыя нямецкiя косцi. Ведалi яшчэ i гаварылi пра тое, што на грунтавым шляху ў лесе непадалёку, нават зусiм блiзка ад малога скрыжавання, стаiць адным бокам, з паднятым на паветра другiм бокам i з пагнутым i парваным сподам нямецкi танк. Дакладна называлi месца: калi прайсцi ад малога скрыжавання колькi кiламетраў шляху ў бок да таго месца, дзе ён каля Сумлiч крыжуецца з шашою, то, мiнуўшы вялiкую бярозу, будзе зараз жа i той танк. I па глухiх кутках, i па дарогах нават усё часцей льга стала напаткаць узброенага чалавека або некалькi iх. I ўсё гэта была праўда. Каму з якой-небудзь добрай цi злой прыгоды здаралася трапiць у тыя

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату