прыйшоў такi важны загад. То была справа палiтрука, i Каламiец затурбаваўся.
- Арцюха папытайце. Якi з санузводу, - сказаў кампалка. - Ён раненых вадзiў, ведае.
Каламiец устаў з краю варонкi i пайшоў у цемру, цiха аклiкаючы Арцюха. Неўзабаве каржакаватая постаць у пiлотцы невыразна заварушылася ў змроку.
- Пойдзем у станiцу. Дарогу ведаеце?
- Дарогу? Ды во, наўпрасткi, цераз стэп, - глуха азваўся баец, папраўляючы на плячы вiнтоўку з прымкнёным штыхом.
Каля паваленых паўз дарогу таполяў яны скiравалi ў стэп.
Пасьля няспыннае дзённае калатнечы прыемна ўражвала начная, амаль мiрная цiша, далiкатна парушаная адно цiхманым стракатаньнем цыкадаў. Боты дужа хрускалi ў наскрозь прапыленым стэпавым быльнягу. Блiзка баёў не было чуваць, толькi дзесь на захадзе на краi неба час ад часу пыхала агняная пыхаўка, ды таўкла зямлю далёкая арткананада. А так навокал усё сьцiхла, змарнела, затаiлася. 'Цi надоўга, аднак, - думаў палiтрук. - Хiба да ранку...'
- Адкуль родам, Арцюх? - спытаў ён байца, што моўчкi сунуўся ззаду.
- Я? Ды з курскiх.
- Курскi салавей?
- Ну.
- З гораду, сяла?
- Ды з калхозу, - выдыхнуў Арцюх. - Калхозьнiк.
Ён тое мовiў так проста, нiбы ўсё астатняе было зразумела адразу, i ня трэба было нi пра што пытацца. Палiтрук i не пытаўся. Ён таксама зь сяла, хоць i ня з курскага - са смаленскага, хоць i не калгасьнiк - настаўнiк. Два гады перад вайной працаваў дырэктарам сельскай школы, а перад тым - як партыец актыўна заганяў сялян у калгасы, раскулачваў, ссылаў, падпiсваў на пазыкi, спаганяў падаткi, рабiў усё, што рабiлася ва ўсёй краiне. Калгаснае жыцьцё яму было добра знаёмае i цяпер не выклiкала жаданьня нi што абмяркоўваць, нi нават успамiнаць. Яго куды болей гняла iхная невясёлая рэчаiснасьць на разьезьдзе ды гэты жахлiвы сталiнскi загад. Паратунак заўжды на вайне быў у тыле, куды адступалi, часам задавалi драпу, драпам i ратавалiся. А цяпер во за адступленьне без дазволу - трыбунал. Такая ганьба... Небясьпека навальвалася з двух бакоў: звыклая - з боку немцаў, i новая - з тылу, ад сваiх. Калi ўжо такi загад самога Сталiна, дык лiтасьцi ад начальства ня будзе - нi да байцоў, нi да камандзiраў. Добра, калi пашанцуе з папаўненьнем, дадуць абстраляных байцоў. А калi навабранцаў, запасьнiкоў? Ды яшчэ горш - чорнагаловых зь Сярэдняй Азii, якiя нi бяльмеса, i ўсё. Вось тут i выконвай загад Вярхоўнага.
Палын жорстка шархацеў пад кiрзачамi, палiтрук прыбаўляў кроку. Усё ж за кароткую ноч трэба было пасьпець туды i назад. Як бы да золку не спазьнiцца. I яму здалося, што Арцюх адстае, ён азiрнуўся раз i другi, трохi замарудзiў крок. А можа, той зусiм хоча адстаць? Такiя маўчуны здольныя на рознае, хто ведае, што яны носяць у сабе, - падумаў палiтрук. Цi мала ўжо такiх, маўклiвых i гаваркiх, пазьнiкала за кароткiя ночы iхнага адступленьня, i нiхто ня бачыў, куды. Але ведама, куды - дамоў. 'Хутчэй нельга?' - з дакорам цiха гукнуў ён, павярнуўшыся, i Арцюх буркнуў штось невыразнае ў адказ, але не прысьпешыў хады. Вядома, байцу што, мабыць, байца за адступленьне пад трыбунал не аддадуць, аддадуць камандзiраў i яго, палiтрука. Хоць больш, чым ад камандзiраў, той загад залежаў усё ж ад байцоў: пабягуць у горкi час цi выстаяць? Калi пабягуць, не стрываўшы, тады, пiшы, усё прапала. Паспрабуй, утрымай iх сярод гэтага прагорклага ад палыну стэпу, - невясёла разважаў палiтрук.
Усё ж яны дабрылi ў начной цемрадзi да станiцы i за полем сланечнiку ў садку ня так убачылi, як адчулi цiхае варушэньне мноства людзей. Палiтрук, пытаючыся ў начных сустрэчных, знайшоў у суседняй хатцы камандзiра гэтай маршавай роты, гаваркога малодшага лейтэнанта, якi тут жа растлумачыў, што мае загад усю роту перадаць у ягоны, палiтрукоў, стралковы полк. Каламiец пацiкавiўся, якi то народ, i малодшы лейтэнант патлумачыў, што ўсе з запаснога палка, якi фармаваўся на Саратаўшчыне, усе нядаўнiя запасьнiкi. Моладзi мала, болей людзей сталага веку. У запасным павучылiся месяц-другi, атрымалi вiнтоўкi i - на фронт. Балазе, цяпер недалёка, фронт прыкацiўся пад самыя сьцены саратаўскiх сёлаў, так што...
Так што з гэтымi во дзядзькамi, што абселi садок i падворак i цiха, з затоенай увагай, пакурвалi свае самакруткi, i трэба iсьцi ў полк, абараняць разьезд. Заўтра ён будзе перамагаць цi памiраць - ваяваць, ня маючы права адступiць i на сотню мэтраў, як сказаў учора даручэнец камдыва, i як патрабуе сталiнскi загад. Добра яшчэ, калi немцы ня пусьцяць танкi. Хоць i ўчарашняй бамбёжкi, мабыць, хопiць для гэтых неабстраляных вясковых дзядзькоў. Сам палiтрук пад вечар, калi паўтара дзясятка 'хейнкеляў' з уключанымi сырэнамi амаль коламi дратавалi разьезд, думаў, звар'яцее ад таго катаваньня грымотай. А як iм? Ды ўпершыню?..
Ён атрымаў пяцьдзясят шэсьць чалавек, як-колечы выстраiў iх - кожнага з ладным сiдарам за сьпiной, з шынэльнаю скаткай цераз плячо, - i павёў у стэп. Трохi адышоўшыся ад станiчнай ваколiцы, прыпынiў усiх ля цёмнай сьцяны сланечнiку. Да сьвiтанку яшчэ заставалася якiх пару гадзiн, разьезд быў недалёка. Мусiць, самы раз было правесьцi палiтбяседу наконт загаду растлумачыць, пагаманiць, заклiкаць, без чаго не абыходзiлася нiводная прыёмка на фронце. Такi на вайне быў найпершы палiтрукоў абавязак, i Каламiец стараўся выконваць яго сумленна.
Iншая справа, як тут гаварыць, якiмi карыстацца словамi, каб дайсьцi да салдацкага сэрца, калi вораг побач, часу ў абрэз, а зброя... Цi хоць дакапалiся там да вады, - з трывогай падумаў палiтрук. А то заўтра застануцца без кулямётаў, i тады нiякi загад не паможа. Нават сталiнскi.
- Сядай усе, - сказаў палiтрук. - I блiжэй да мяне... Чулi пра новы загад таварыша Сталiна?
- Чулi... Казалi, - глухавата азвалiся некалькi галасоў сьпераду. Байцы старанна i зморана рассаджвалiся ў ссохлым стэпавым быльнягу. Палiтрук трохi счакаў, калi сьцiхне наўкола шорхат, i пачаў сьцiшана, па магчымасьцi пранiкнёна, каб лавiлi кожнае яго слова.
- Таварышы, каварны вораг ужо ў сэрцы нашай радзiмы, i таварыш Сталiн загадаў: нi кроку назад, i мы павiнны памерцi, каб гэты загад выканаць, далей шляху для нас няма...
Ён яшчэ гаварыў, стараючыся як мага больш сардэчна i проста, але штосьцi атрымлiвалася ўсё ня так, як хацелася. I ён быў незадаволены сваiмi словамi, якiя здавалiся цяпер ня тымi i не такiмi. А як змоўк, пачакаў трохi, перш чым пачаць зноў. I тады пачуў сьцiшаны, нейкi далёкi ад ягоных памкненьняў голас кагосьцi з заднiх у гэтай сацьмелай купцы людзей:
- А сьняданак будзе, таварыш палiтрук?
- Сьняданак будзе, будзе сьняданак, таварышы. У нас, ведаеце, выйшла няўпраўка з вадой, завалiла калодзеж...
- Гэтак? - сказаў хтось паблiзу зь недаверам цi нават са спачуваньнем так i не зразумеў палiтрук.
- Ведаеце, на фронце баi, усё здараецца. Коней пабiла, пабiла бомбаю, дык вось, ведаеце... Але мы, байцы Чырвонае Армii, паводле прысягi павiнны стойка пераносiць усе нягоды вайсковай справы i перамагчы. Мы i пераможам! Мы выстаiм, таварышы, i выканаем загад таварыша Сталiна, пераможам Гiтлера i даможамся лепшага жыцьця... Добрае жыцьцё настане, - казаў ён, аднак, трацячы звыклы працяг размовы, i раптам сказаў пра iншае: - I калгасаў ня будзе. Таварыш Сталiн распусьцiць калгасы, каб жылi, як раней. Як пры Ленiне, раптам нечакана для сябе скончыў палiтрук i аж унутрана закалацiўся ад уласнай нязвыклай рашучасьцi. Людзi перад iм неяк дзiўнавата прыцiхлi ў змроку, бы насьцярожылiся. Нiхто не сказаў нiчога, не папытаўся, не запярэчыў, але, здаецца, нiбы ўзбадзёрылiся, бы ачнулiся душою ў сваёй даўняй звыклай паныласьцi. I ён таксама падобна ўзбадзёрыўся.
- Ня будзе калгасаў, я вам кажу, будзе iнакшае жыцьцё, толькi нам выстаяць цяпер, як патрабуе таварыш Сталiн: нi кроку назад!
Вымавiўшы тое, палiтрук Каламiец адчуў, што сказаў усё. Выклаў усе свае красамоўныя прапагандавыя козыры. Фальшывыя, праўда, сам разумеў, але i самыя патрэбныя. Больш i лепшых козыраў у яго ўжо не было. I ён сам гатовы быў у iх паверыць. Мабыць, павiнна быць так. Бо як iнакш? Астатняе ўжо залежала не ад яго - залежала ад ворага, франтавых абставiнаў, гэтых во змораных саратаўскiх дзядзькоў, якiя нядаўна яшчэ, перад вайной, перажылi - ня дай Бог нiкому. У шпiталi адзiн камандзiр пацiху расказваў, як у трыццатыя на Саратаўшчыне вымiралi калгасныя вёскi. Бывала, елi чалавечыну, такi лютаваў голад. Помнячы такое, наўрад цi выстаiш i выканаеш загад. Нават самога госпада Бога.
Празь якую гадзiну палiтрук Каламiец правёў маршавую роту на зруйнаваны разьезд, спынiў у цемрыве каля варонкi кампалка Пахомава. Скалечаныя таполi цiха шумелi рэштаю лiстоты на перадранiшнiм ветрыку; смылелi ўдушлiвым нафтавым дымам недагаркi шпалаў. Вады не было, яшчэ не дакапалiся. Зь зямных