Кароткiм рухам двух пальцаў сьвятар звыкла азначыў крыж на грудзях i нешта патлумачыў мне, хоць я й не зразумеў, што менавiта. Спакваля здагадаўся, што, мабыць, трэба пачакаць. Тады я выйшаў з гнятлiвага паўзмроку кiрхi на заценены дрэвамi падворак. Чакаць? Сапраўды так. Бо, мусiць жа, iм трэба аб чымсьцi дазнацца, а мне штось растлумачыць. Тут жа злачынства - забойства i рабаўнiцтва. Хоць сьвятары, вядома, ня сьледчыя. Але ж...

Так разважаючы, я нядоўга стаяў перад старой, бы закапцелай ад часу кiрхай, i каторы раз пакутна спрабаваў зразумець: хто? Хто iх панiшчыў - i гаспадароў, i дзяўчыну? Цi ўсе былi выпадковыя бязьвiнныя ахвяры, цi тут быў якi пэўны лягiчны намер? Можа, вiнаваты ва ўсiм той прыгожы знадворку катэдж? У нядобры час, вiдаць, атрымалi яго гэтыя Шарфы ў спадчыну. Хаця... Падумаўшы, няцяжка было здагадацца, хто мог тое ўчынiць. Ужо такое здаралася i ня толькi на аўстрыйскай зямлi. Летась на фармоўцы пад Луцкам перад строем палка былi расстраляныя двое з транспартнай роты. Гэтыя ўволю павесялiлiся - напiлiся i згвалцiлi на хутары жанчыну, забiлi яе сына-падлетка. Праўда, тыя не рабавалi. Мабыць, не было што. Тут жа зьявiлiся немалыя магчымасьцi i знайшлiся такiя, што не супроць пакарыстацца iмi. Тым болей у логаве зьвера, нялюдзкiм буржуазным грамадзтве...

Бедная Франя! Ратавалася ад вайны ў Эўропе, ды менавiта ў Эўропе вайна дагнала яе. Але чаму менавiта яе? Я ж во меў болей падставаў на сьмерць, а жыву.

У кiрху прайшлi яшчэ дзьве кабеты ў чорных капелюшах, зьдзiўлена паўзiралiся ў мяне, - мабыць, зусiм недарэчную тут iстоту. Я й сам увесь час адчуваў сваю тут недарэчнасьць, але я чакаў. На вялiкую прыязнасьць, вядома, разьлiчваць не даводзiлася. Хоць яны й ня ведалi пэўна, хто ўчынiў разбой у кватэры Шарфа, але, мабыць, здагадвалiся. А можа, i падазравалi. Таму я чакаў тут, ля кiрхi. Калi ўжо чаканьне маё гатова было скончыцца, аднекуль з завулку да брамы пад'ехала фура. Два бiцюгi, ледзьве варушачы тоўстымi, як бёрны, нагамi, пакорлiва спынiлiся насупраць. З пляскатай фуры саскочыў чалавек з паголеным тварам i бэрэтам на галаве. Убачыўшы мяне штось замычэў, замахаў рукамi, i я здагадаўся, што гэта - нямы.

З кiрхi выйшаў той самы сьвятар, якi са мной ужо гутарыў.

- Он прывазiт вэрсторбэнэ* кiрхэ бегрэбен**, - сказаў сьвятар.

* Нябожчыкi.

** Хаваць.

Здаецца, я яго зразумеў i выйшаў з-пад аркi. Нямко тым часам заляскаў раменнымi лейцамi, i мы рушылi па-над агароджай. Я iшоў наперадзе, фура ўвесь час адставала. Мусiць, я залiшне сьпяшаўся, а магутныя бiцюгi не маглi хутчэй.

Усё ж мы дабрылi-даехалi да злашчаснага катэджа над рэчкай. Тут усё было, як раней, калi я яго пакiнуў. Мы зь нямко спынiлiся перад дзяўчынай, i я прыўзьняў абрус. Згледзеўшы нежывую Франю, нямко загергетаў штось невыразнае, роспачнае, запляскаў аб сябе рукамi, выказваючы тым сваё гняўлiвае пачуцьцё. Я свае пачуцьцi, як мог, таптаў на сподзе душы, паказваць цi перажываць iх я ня меў ўжо сiлы. Удвух мы асьцярожна паклалi дзяўчыну на абрус i, трохi загарнуўшы, панесьлi на фуру. Тут ўжо я ня мог стрымаць слёз, i не пасаромеўся нямога. У каторы раз я праклiнаў усё на сьвеце. I сябе ў тым лiку. Навошта было яе кiдаць тут, трэба было ўчора забраць. Дык пабаяўся, пасаромеўся. Сваiх хлопцаў, камбата, 'сьмершаўца'. Цяпер вось не саромеюся, i не баюся. Нiкога. Але што карысьцi... За Франяй гэткiм жа шляхам на тым самым абрусе перанесьлi ў фуру доўгае цела доктара Шарфа i ягонае фраў. На шырокай фуры хапiла месца для ўсiх. Нямко накрыў абрусам нябожчыкаў, i мы рушылi тым жа шляхам да кiрхi. Нямко зь лейцамi iшоў па адзiн бок фуры, а я - па другi. Дзе-нiдзе з падворкаў i вокнаў на нашую сумную працэсiю пазiралi людзi, рэдкiя жыхары гэтага гарадка. Я ж не пазiраў нiкуды. Брыў, бы сьляпы, не адчуваючы нi вулiцы, нi людзей, нi перамогi. Здаецца, я выпаў з часу i перастаў адчуваць сябе. Мяне ашукалi. Людзi цi лёс. Цi вайна. А можа, перамога, якую цяпер безь мяне сьвяткавалi на той лугавiне. Мне ж выпала iншае сьвята. Чорнае сьвята бяды.

Як мы прыехалi да кiрхi, зь цьвiнтара выносiлi труны тых, каго адпявалi раней. Мы трохi счакалi, i тады да нашае фуры падступiлi людзi. Безь вялiкага смутку яны агледзелi забiтых, штось коратка перагаворвалiся, уздыхалi i жагналiся. Я стаяў збоку i чакаў, што яны падступяцца да мяне - можа, з крыўдай, папрокам цi лаянкай. Але нiхто на мяне не зважаў. Быццам i не прыкмячаў нават. I я думаў: няўжо яны столькi пахавалi, што iм ужо нiчога не цiкава? Хто i чаму забiлi? Хаця што б я сказаў iм? Што я сам ведаў? Па адной труне яны пераносiлi нябожчыкаў за кiрху. Я туды не пайшоў, толькi адыйшоўся пад засень дрэваў i назiраў здаля.

За кiрхай прыткнуўся да каменнай агароджы невялiчкi могiльнiк - дужа акуратныя, пасыпаныя жарствой дарожкi, заiмшэлыя магiльныя камянi з аблезлымi надпiсамi, прысадзiстыя лютаранскiя крыжы з чорнага i шэрага мармуру. У дальнiм канцы могiлкаў, дзе ўжо не было дрэваў, цяпер хавалi. Раскапаная зямля, чалавек пяць жанчын у чорным убраньнi. Цi ня там пахаваюць i маiх нябогаў? I Франю. Я хацеў пайсьцi паглядзець тую мясьцiну, ды не адважыўся. Я мусiў быць паблiзу ад уваходу ў кiрху.

Я ня ведаў, што рабiлася ў сярэдзiне кiрхi, куды мяне не паклiкалi i я ня йшоў. Я ўсё ня мог саўладаць сам з сабою. Часам гатовы быў зарыдаць, ды не рыдалася. Здушыла штосьцi ў горле i не адпускала. I я хадзiў так па дарожцы ля кiрхi - узад i ўперад. Людзi, што заходзiлi з вулiцы цi выходзiлi з кiрхi, не пераставалi са зьдзiўленьнем пазiраць на мяне. Але нiхто не запытаўся нiчога, быццам для iх усё было надта звычайнае. I тое, што тут хаваюць, i што тырчыць ля кiрхi савецкi афiцэр. А можа у той iх няўвазе было пэўнае стаўленьне? Я б не хацеў тое прызнаць, хоць i цалкам адмовiць таксама не было падставы.

Зрэшты, людзкiя адносiны да мяне цяпер ня дужа мяне цiкавiлi. Адзiная мая цiкавасьць была цяпер у царкве. Дзеля яе я тут i хадзiў - сюды i туды, туды i сюды. Я прыпамiнаў начны аповед Франi, нашыя зь ёй размовы. А таксама словы, сказаныя небаракам доктарам Шарфам. Тады я не пярэчыў нi наконт мiру, нi наконт вайны. Усё ж вайна для нас вялiкая школа, я шмат што спасьцiг на вайне. Нават i ў яе апошнiя днi. Найперш тое, што нiчога ня трэба баяцца. На вайне табе нiчога ня зробяць, апроч як заб'юць цi параняць. Тое i другое надта ўжо проста, амаль прымiтыўна. Здаецца, аднак, толькi пасьля вайны з твайго жыцьця могуць зрабiць пекла. Калi не захочацца i жыць.

Можа, праз гадзiну цi дзьве мяне паклiкалi, i я зразумеў, што наблiжаецца самае важнае. Сунуўшы ў кiшэню зьнятую з галавы пiлотку, увайшоў у паўзмрок кiрхi. Там ужо чакалi мяне два сьвятары. Худзенькая белатварая манашка ў чорнай хустцы была за перакладчыцу.

- Хай пан скажа, як былi змарлыя людзi, - зьвярнулася яна чамусьцi па-польску. Сьвятары ўважлiва пазiралi на мяне.

- Я ня бачыў, - хрыпата адказаў я. - Як прыехаў, яны ўжо былi мёртвыя. Iх забiлi.

- Хто iх зрабiв змарлымi?

- Ня ведаю.

- Какой iмець канфэсiя маладая паненка?

- Хто ведае. Можа, каталiчка.

- Добжа, - сказала манашка i штось загаманiла да сьвятароў па-нямецку. Тыя згодна пакiвалi галовамi. Болей яны нiчога не запыталiся, мабыць, тая справа для iх была ўжо звыклая. Яны падалiся да нябожчыкаў, i тады я зiрнуў у труну, што была на краi. Да падбародзьдзя прыкрытая чымсь, Франя ляжала цiхенька, нiбы жывая, i толькi прыкiдвалася мёртвай. Прыкiдвалася, аднак, назаўжды.

Купка людзей, што была ў кiрсе, пачала адпяваньне. Я не разумеў словаў, але ад шчымлiвай мэлёдыi адразу пачало выварочваць душу. Дужа баяўся не стрымацца, баяўся заплакаць. Сьлёзы засьцiлалi зрок, я ледзьве стрымлiваў iх, каб не паплылi з вачэй. Дзiва, што навакол ня плакаў нiхто, толькi сьпявалi, быццам у якiм экстазе, i гукi анёльскага харалу самотна луналi пад цёмным скляпеньнем кiрхi. Можа, гэта было апошняе пахаваньне вайны. Спазьнелае пахаваньне. Злыя сiлы вайны дабiралi свае ахвяры. Быццам ня ўсё дабралi за чатыры гады.

Як пачалi зачыняць векамi труны, я памкнуўся блiжэй, ды спазьнiўся i Франi больш не пабачыў. Чорнае века назаўжды схавала яе ад мяне. Людзi ўзялiся паднiмаць труны, каб вынесьцi iх. Усё ж мужчын тут было няшмат, труны выносiлi па адной. Як паднялi труну з Франяй, я таксама падставiў плячо. Труна была ня цяжкая, хiба велiкаватая для маленькага цела дзяўчыны. Мабыць таму, як iшоў, здалося, што яна там варушыцца. Але варушылася, мусiць, ад нашых нязладных крокаў. Мы абыйшлi кiрху i жвiровай дарожкай патупалi ў самы канец могiлак. Ля каменнай сьцяны ў куце было ўжо накапана некалькi купiн-магiл - тых, каго тут пахавалi раней. З апошнiх магiл узьлятаў угару жвiр, то заканчвалi сваю працу два далакопы. Адзiн зь iх быў той самы нямко ў сiнiм бэрэце, зь якiм мы езьдзiлi па забiтых. Франiну труну мы паставiлi на дол ля

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату