ж, мабыць, сапраўды вайна скончылася. Я перабег масток i ўскочыў на шырокую падножку 'студэбэкера', што з маёй апошняй гарматай вырульваў на шашу.

Над горнай далiнай днела: праясьнелася неба, на закрайку яго цьмянымi зубамi вяршыняў азначылiся горы. Блiжняя гара за катэджам яшчэ ўся была, бы змрочны маналiт - i гара, i дрэвы пад ёй. Толькi шэры сiлуэт катэджа вылучаўся сьвятляваю плямай на змрочным, зьлiтым у адно фоне. Здаля я усё пазiраў туды, намагаючыся згледзець маленькую постаць на ганку, ды нiчога ня згледзеў. Яшчэ б паўгадзiны пастаяць тут, калi б лепей стала вiдаць...

Але паўгадзiны нам не далi. Нейкая шалёная пасьпешнасьць запанавала на дарозе, адны машыны пад'яжджалi, спынялiся, iншыя, абмiнаючы iх, шалёна кiравалi далей. Старэйшыя афiцэры падганялi - хутчэй, хутчэй! Камбат накрычаў на мяне за спазьненьне, хаця, як я прыехаў зь дзьвюма гарматамi, батарэя яшчэ колькi хвiлiнаў нiкуды ня рушыла. Чагось чакала. Але зьвягi i крыкi камбата былi для мяне звыклыя, на iх крыўдаваць не належала. Крыўда i шкадаваньне дапякалi за iншае, i тое iншае засталося ззаду. Бы штось адчувала мая душа, ды не магла хiба вымавiць, каб я зразумеў выразана. Толькi шчымела нутраным невыразным болем.

Нейкi час полк лiхаманкава выцягваўся ў паходную калёну. Паўз 'студэбэкеры' з гарматамi на прычэпе па ўзбочыне праiмчаў 'вiлiс' камбрыга, якi штось крыкнуў з машыны, але я не зразумеў, што. Мая ўвага ўжо была скiраваная наперад, дзе ў ранiшняй шэранi стаяў на дарозе камбат, i аднекуль ля яго зьявiлася знаёмая кругленькая постаць заўжды жвавага капiтана, нашага палкавога 'сьмершаўца'. Трафэйнага 'хорха', аднак, не было вiдаць. Штось яны нядоўга там гутарылi, хаця, здаецца, болей гаварыў 'сьмершавец', камбат заклапочана слухаў. Затым абодва павярнулiся тварамi назад, быццам уставiлiся позiркамi ў кагось у калёне, здалося - цi не ў мяне? Але, можа, толькi здалося, бо абодва ня рушылi зь месца. 'Сьмершавец' расшпiлiў тонкую пляншэтку, што заўжды боўталася на ягоным задзе, штосьцi каротка пазначыў на паперыне, у якую зазiрнуў i камбат. Што яны там запiсвалi, i што ён усё капаў мiж людзей, гэты нястомны барацьбiт са шпiёнамi? Цiкава, цi бачыў ён хоць аднаго зь iх у сваiм жыцьцi? Я падумаў, што, як камбат застанецца адзiн, падыду да яго, запытаю. Ды не пасьпеў. Падалi каманду 'Па мясцох!', i я пасьпяшаўся зьбегчы з дарогi.

Нарэшце неяк няўпэўнена, з прыпынкамi, рушылi разьбiтаю вулiцай гарадка ў бок недалёкай перадавой. Пакуль я выглядваў 'сьмершаўца', у кабiну майго 'студара' ўлез пасажыр - наш палкавы прапагандыст, маёр з мудрагелiстым прозьвiшчам, якога я ня мог запомнiць. Я змушаны быў прыткнуцца на пляскатым крыле ля фары, як нярэдка езьдзiў на перадавой. Цёплаю парой тут было ня горш, чым у кабiне, ды й зручней было пры нечаканым абстрэле саскочыць на зямлю. Належала толькi трымацца. Перад тым як рушыць, нiхто з камандзiраў не сказаў нiчога, але калi рушылi адкрыта, значыць, немцы не супрацiўлялiся. Яны зьнiклi. За дашчэнту разьбiтымi дамамi ўскраiны пераехалi лiнiю акопаў нашай пяхоты, якой ужо там не было, затым i нямецкую лiнiю. Нямецкiя акопы выглядалi, як пры пасьпешлiвым адступленьнi - скрозь валялася вайсковае майно, зброя, скрынкi боепрыпасаў; упоперак бруствэра на сошках стаяў нарыхтаваны да бою кулямёт з абвiслай у акоп стужкай, поўнай патронаў. Але салдатаў нiдзе не было вiдаць - нi жывых, нi забiтых. Здаецца, учора, расстраляўшы збольшага боекамплект, яны падалiся на захад. На сустрэчу з амэрыканцамi. З намi яны сустракацца не захацелi.

Ужо добра разьвiднела, хаця сонца з-за гор яшчэ не паказалася, i ў горнай далiне панавала прахалодная засень. Мы няхутка ехалi па асфальтавай шашы на захад, мiнулi першы не крануты вайной гарадок з дбайна дагледжанымi дамкамi ў стылi фахвэрку абапал вузенькiх вулiчак, зь цёмнай кiрхай сярод купкi разложыстых дрэваў. Людзей было мала вiдаць, але скрозь з бальконаў i вокнаў зьвiсалi белыя прасьцiны - знакi капiтуляцыi. Пасьля сталi трапляць i людзi старыя, дзецi i жанчыны; з расчыненых вокнаў яны махалi нам i ўсьмiхалiся. А некаторыя плакалi - вiдаць i такое. Салдаты з кузаваў махалi ў адказ, выкрыквалi самае цяпер зразумелае 'Гiтлер капут!' цi яшчэ што - вясёлае i гарэзьлiвае. Усiм было весела i радасна - вайне нарэшце канец.

За тым гарадком дарога павярнула ўгору, пачалiся павароты - то ўправа, то ўлева. Нечакана на горным схiле калёна спынiлася: наперадзе за павароткай пачулiся гарматныя выбухi, усе насьцярожылiся. Я саскочыў з крыла, думаў, зараз будзе якая каманда, можа, прыйдзецца адчапляць гарматы. Але нiякай каманды не падавалi. Афiцэры павылазiлi з машынаў, пасталi на ўзбочыне, узiралiся наперад. Некаторыя iшлi далей, дзе было начальства i дзе раздалiся гэтыя нечаканыя выбухi. Што там адбывалася, было невядома. Я таксама прайшоў трохi ўздоўж батарэйных машынаў i згледзеў наперадзе свайго камбата. Разам з камандзiрам першай батарэi яны ўсё ўзiралiся ў галаву калёны, мабыць, таксама чакалi якога сыгналу. Гэтыя два афiцэры, два капiтаны з выгляду былi дужа розныя - маленькi хударлявы камбат-1 i цыганскага выгляду, камлюкаваты камбат-2. Зь iх цiхай гаворкi было зразумела, што нас абстраляла нямецкая самаходка, якая, аднак, змоўкла. Экiпаж яе, пэўна, даў драла. Так што няварта хвалявацца, зараз паедзем. I праўда, неўзабаве з галавы калёны прагучала каманда 'Па машынах!' Камандзiр першай батарэi пабег да свайго 'студэбэкера', а мой трохi затрымаўся, усё ўзiраючыся наперад.

- Капiтан, хачу запытацца.

- Што? - павярнуў да мяне незадаволены твар камбат.

- Што гэта тут асабiст ранiцой высьледжваў?

- А ты ня ведаеш, што? - камандзiр батарэi ўпёрся ў мяне нядобрым позiркам. - Не адчуваеш?

- Не адчуваю, - сказаў я, пачынаючы, аднак, здагадвацца.

- Зь якой гэта ты зямлячкай там зьнюхаўся?

На хвiлiну я анямеў - так яно i казалася, як я меркаваў. Я моўчкi чакаў, што яшчэ скажа камбат, але ён таксама змоўк, мабыць, пашкадаваўшы, што i без таго сказаў шмат.

- Зноў жа, бацькi твае дзе? На акупаванай тэрыторыi пражывалi?

- Пражывалi. Ну?

- Во табе i ну! - няпэўна скончыў камбат i крута павярнуўся да свае машыны. Наперадзе ўжо загырчалi маторы, здаецца, калёна рушыла.

Я подбегам вярнуўся да машынаў свайго ўзвода i зноў ускочыў на шырокае крыло 'студэбэкера'. Вось табе i радасьць: называецца, сустрэў зямлячку. Ды яшчэ й бацькi на акупаванай тэрыторыi. Але дзе тыя бацькi, што я пра iх ведаў? Думаў, прыеду пасьля вайны, буду шукаць. Нехта ж павiнен ведаць, як i дзе яны прапалi летась пад Ушачай. Былi ў партызанах, ды зьнiклi. Магчыма, у час прарыву зь нямецкага акружэньня. Можа, загiнулi, а можа... Тое можа дацiнала мяне ўжо паўгода. Шкада, на парозе мiру рушылiся ўвогуле нармальныя адносiны з камбатам, якi яўна злаваў на мяне, мабыць, з падачы асабiста. Хаця з ягонай падачы як не зазлуеш? Тут не на жарт спалохацца можна.

Калёна рушыла далей, i неўзабаве мы ўбачылi тую самаходку, што абстраляла нашую калёну. Экiпажа яе там ужо не было, самаходка стаяла пакiнутая за рэчкай на схiле. Зрэшты, шкоды яна нам не ўчынiла. А на другiм павароце пад абрывам ляжала ў рэчцы нашая перакуленая трыццацьчацьвёрка, i горны паток булькатаў ля яе гарматнае вежы. Здаецца, там засталiся i танкiсты, - вiдаць, надта пасьпяшалiся да перамогi.

Мы зноў зьехалi ў далiну, на раўнейшае, машыны прыбавiлi хуткасьцi. Я ўсё сядзеў на крыле, трымаючыся за абрашотку фары. I раптам мы ўбачылi немцаў. Немалая калёна iхнай пяхоты маршавала акрай дарогi, зважлiва прапускаючы нашыя аўтамабiлi, - змораныя, схуднелыя, аброслыя шчэцьцю твары, - бязладны, прытомлены строй. Усе абвешаныя шынялямi, коўдрамi, тарбiнамi з паходным майном, але бяз зброi. Ужо раззброiлiся. Нiбы палонныя. Цi падрыхтавалiся ў палон. Афiцэраў было мала вiдаць - дзе-нiдзе збоч калёны тупаў абыякавы да ўсяго лейтэнант цi обэр-лейтэнант з адной-дзьвюма бубкамi на кароткiх пагонах. Нашыя салдаты з машынаў свавольна крычалi iм 'Гiтлер капут!', яўна выказваючы тым i радасьць, i зьдзек, i зласьлiвасьць. Немцы амаль не адказвалi, толькi засьцярожлiва пазiралi на сваiх учарашнiх ворагаў i тупалi сабе далей. Тады салдаты, па-дурному жартуючы, пачалi крычаць звыклае для немцаў 'Хайль Гiтлер!', ускiдваючы ўгору руку. I некаторыя зь немцаў стрымана адказвалi сваё 'хайль', няўпэўнена рухаючы ўгору рукой. Як на запясьцях некаторых вiдаць быў раменьчык ад гадзiньнiка, нашыя стукалi зьверху ў кабiну 'Стой!', шафёр прыпыняў машыну, нехта саскокваў на дарогу i кiдаўся ў нямецкi наўтоп. Неўзабаве зьяўляўся адтуль з гадзiньнiкам, а то й двума ў руках, ужо на хаду чапляўся за борт 'студэбэкера'. Камандзiры сёньня зрабiлiся надзiва добрыя i глядзелi на тое паблажлiва, некаторыя й самi выскоквалi з кабiнаў. Мой маёр-прапагандыст таксама разы два вылазiў на дарогу. Аднаго разу, вярнуўшыся, кiнуў на сядзеньне новы, сталёвага колеру афiцэрскi плашч, а ў другi, мабыць, таксама разжыўся гадзiньнiкам. Увогуле мне рабiлася сумна...

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату