- Ну ўжо не. Я, можа, i была б разумная, калi б была шчасьлiвая. Няшчасная дзяўчына разумнай ня будзе. Гэта хлопцы на горы вучацца. А дзяўчыну гора зьядае. I розум яе, i прыгажосьць.

- Навошта дзяўчыне розум, калi ёсьць прыгажосьць? - трохi жартоўна зазначыў я.

- Ну, ведаеш, розум - гэта ўсё ж адносная якасьць. Я недзе чытала, што каб паразумнець, трэба адчуць сябе дурнаватым. А ўвогуле розум - ня самае галоўнае ў чалавеку. Разумны можа быць i злачынца. Разумны для сябе.

- А што ж галоўнае?

- Чалавечнасьць, во што. Тое, што iдзе ад Бога, а не ад д'ябла. Цi ад малпы, як дарвiнiсты пiсалi. Усё ж у нас дужа мала боскага. Цi яшчэ не набылi, цi бальшавiкi адабралi. Аддзялiлi народ ад Бога.

- А ў немцаў хiба больш... боскага?

- Ведаеш, больш. Усё ж яны болей з Богам жылi. Зноў жа яны Бога шукалi. Пратэстанты, напрыклад. Ён быў iм патрэбны, казаў доктар Шарф. А мы свайго так i не знайшлi.

- Хай сабе яны i з Богам. А мы ўсё роўна iх перамаглi.

- Перамагчы, можа, i магчыма, - не адразу, падумаўшы, сказала Франя. - Але цi магчыма бяз Бога жыць? Нiводзiн народ, нават самы адсталы, не жыве бяз Бога. Мабыць, гэта немагчыма. Бяз Бога, ён проста сам сябе зьесьць. Асаблiва прымiтыўны народ.

- Ну мы ж во не прымiтыўныя, а жывем бяз Бога i - нiчога. Ня зьелi яшчэ адзiн аднаго.

Франя трохi прымоўкла, зьбiраючыся з думкай, i сказала надта сьцiшаным голасам:

- Ведаеш, даволi пасьпяхова елi. Клясавая барацьба - хiба ня тое ж самаедзтва? Хаця нас, можа, ратуе, што нас многа. Ня надта хутка можна адзiн аднаго зьесьцi!

Я ўжо не пярэчыў, унутрана я пачаў зь ёй згаджацца. Я адчуў, што яна разумнейшая за мяне, хоць i ня надта прыемна было ў тым прызнавацца сабе. Усё ж я не лiчыў сябе дурнем - што-нiшто разумеў у жыцьцi, памятаў са школьнай гiсторыi ды й прачытаў трохi кнiжак. У размовах з такiмi, як я, не выглядаў дурнейшым за iншых. Але пра што былi тыя размовы? Пра нашую праклятую вайну, пра несправядлiвасьць начальства. Пра артылерыю ды нямецкiя танкi, як iх падбiваць. Пра жыцьцё мы наогул не гаварылi, можа таму, што яго ў нас яшчэ не было. Не было ў нашым кароценькiм мiнулым, а на будучае мы ня надта спадзявалiся. Нам часта было незразумела, як дажыць да вечара, дзе ўжо было разважаць пра Бога. А яна вось разважала. Усё ж я ня ведаў дзяўчат. Духоўнае сталеньне ў iх, мабыць, адбываецца iнакш, чым у хлопцаў. Усё ж яны нараджаюцца не для вайны - для жыцьця. Якое для хлопцаў - заўжды праблема. З Богам цi безь яго.

Тое, што я пачуў, уражвала не адным толькi выказаным ёю. Было там штось малапрыемнае для мяне - усё гэта яе партызанства ў атрадзе асобага прызначэньня. Але я падумаў, што гэтак па шчырасьцi расказаць можа толькi даверлiвая натура. Я ўжо ведаў, якiя бываюць хамы i жлабы сярод нашага брата- вайскоўца, меў уяўленьне пра тых начальнiкаў, якiя i ў войску налаўчылiся ваяваць чужымi рукамi. За кошт чужых жыцьцяў. У партызанах тым болей. У партызанах, расказвалi некаторыя, хто там быў, для начальства наогул рай - рабi што хочаш. Камандаваньне далёка, аж у Маскве, па радыё вешай яму локшыны на вушы - ня прыйдзе, не праверыць. Во i рабiлi подзьвiгi з гэткiмi во дзяўчаткамi, якiх па адной i дзясяткамi кiдалi ў пашчу вайны. Новых заўжды хапала - яны любiлi радзiму i ляцелi на вайну, бы матылькi на агонь.

- Ведаеш, я ж таксама Богам ня надта цiкавiлася, - сказала Франя. Выхоўвалася ж ваяўнiчаю атэiсткай. Аж покуль во тут, у Нямеччыне, не пабыла на iмшы. Як пачула арган ды сьпевы 'Авэ Марыю', усё ўва мне перавярнулася. I я зразумела - раптам i назаўжды - Бог ёсьць. Яго проста ня можа ня быць. Нягледзячы на ўсё жахлiвае на зямлi.

Што ж, можа й так, думаў я. Шкада, што тое да мяне яшчэ не дайшло - раней дайшло да яе. Моўчкi я прыгарнуў да сябе дзяўчыну, i яна не адхiнулася. Здаецца, яна ўжо давяралася мне, хаця штосьцi яшчэ не да канца адоленае стрымлiвала яе адказаць на мае пяшчоты. Але пяшчота гоiць усё, мабыць, пачала яна гаiць i Франiна гора. Нясьмела яшчэ, з далiкатнай стрыманасьцю яна пацалавала мяне i зьнерухомела. Я зьнерухомеў таксама.

Гэта быў мой першы пацалунак, дагэтуль нiводная зь дзяўчат не цалавала мяне. Ды й я таксама. Я быў удзячны лёсу, што ён падарыў нам гэтую пару на зыходзе дня. Падумалася, можа, падорыць i шчасьлiвую ноч? Я адчуваў сябе дужым, удачлiвым i пачаў даваць волю рукам. Яна, падобна было, хмялела ў маiх абдымках, маўчала, толькi цалавала мой твар. А пасьля i зусiм расслабiлася, аддаючыся на маю хлапечую ўладу.

- Любая...

I раптам страпянулася, спрабуючы вырвацца з маiх абдымкаў.

- Ня трэба! Пашкадуй мяне. Потым... Я ж сiрата...

Тыя словы раптам ацьверазiлi мяне, i я адхiснуўся. На самой справе, што ж гэта я? Як жа я? Я ж кахаю яе.

- Я ж нiкога яшчэ не цалавала, Мiцечка. Цябе першага. Пашкадуй мяне.

Ну ведама, я ж цябе не пакрыўджу. Я добры. Я справядлiвы, бо я кахаю цябе...

- Любая!..

Я адчуў, яна не давяраецца iнстынктам, не дае заснуць розуму. I ашчаджае мяне. Усё ж я не такi, як тыя, што траплялi на яе шляху. Я кахаю яе i шкадую. Найперш, можа, шкадую. Цi не - найперш кахаю. А каханьне - заўсёды сiла, так мне здавалася...

Глухi грукат у дзьверы не адразу данёсься ў нашую шкляную вежу, сьпярша падумалася, што гэта дзесьцi страляюць. Але Франя нядобра напружылася ў маiх руках i ўскочыла.

- Мiця!!

- Гэта за мной, - здагадаўся я.

Як не скруцiўшы сабе галаву па цёмнай i стромкай лесьвiцы, я скацiўся ўнiз, навобмацак знайшоў у вэстыбюлi дзьверы, у якiх гулка грукаталi знадворку.

- Таварыш лейтэнант!..

Франя ледзьве ўправiлася зь цяжкiм засовам, а як адчынiла дзьверы, i я выскачыў на цёмны падворак, Кананок абвясьцiў:

- Камбат клiча.

- Што такое?

- Кажуць, зьнiмацца нам.

Ну, усё зразумела, таго трэба было чакаць.

У суцэльнай цемрадзi мы дабрылi да агнявой, на якой ужо тоўпiўся разьлiк, i Мядзьведзеў, як заўжды ўначы, сьцiшана вытлумачыў:

- Загад - згортвацца. За машынай паслаў, зараз прыедзе. А вас камбат патрабуе.

Я ўлез у змрочны равок, навобмацак пераняў з рукi Мухi тэлефонную трубку.

- Ты дзе там блудзiш? - загучаў устрывожаны голас камбата. - Гадзiну чакаць цябе трэба. Зараз жа згортвай баявы парадак, грузi боепрыпасы i - на дарогу. Чакайце мяне.

Пачыналася звычайная лiхаманка пасьпешлiвых збораў. Зь цьмяным сьвятлом падфарнiкаў прыпоўз на агнявую аграмадны 'студэбэкер', другi побач пабрыў каля плота ў суседнi разьлiк. Гэты пачаў разварочвацца, здаваць да агнявой задам; неўзабаве праз расчынены борт хлопцы ўзялiся грузiць цяжкiя скрынкi нерасстраляных снарадаў, брызэнты, зброю, рознае салдацкае майно. Усе працавалi радасна i спорна, бо падобна было на тое, што рушым ня ў бой, а мабыць, з бою, туды, дзе ўжо скончылася вайна. Урэшце канец вайне, i мы ўсе жывыя, здаровыя. Во дзiва дзiвоснае! Цуд!

У маёй душы быў вэрхал пачуцьцяў - радасьць перамогi ўсё ж засмучалася клопатам ростанi. Ведаў, адчуваў, што паедзем адсюль. Але куды? Цi далёка? Я хацеў вярнуцца сюды, мне дужа патрэбна было тое. Хоць на гадзiну, хоць на пятнаццаць хвiлiнаў. Я ж нiчога не сказаў ёй. I нiчога ад яе не пачуў.

Не стрываў, пакуль чакалi другую гармату, я выбег на пустку i прыпусьцiў да мастка. Брамка на гэты раз была не зачыненая, i толькi я ўскочыў на падворак, як расчынiлiся дзьверы у катэдж. На парозе стаяла Франя. За ёй нерухома шарэлi два ценi яе старых.

- Франя, мы едзем!..

Франя маўчала. Застыла, бы зьнямелая, i не краталася.

- Мы едзем! Ты чакай! Я вярнуся...

Зь цемры вэстыбюля на мяне пазiралi старыя, i я, недарэчна засаромеўшыся, нават не пацалаваў яе. Толькi абняў крышку за плечы ў цесных дзьвярах i адхiснуўся. Я ня мог бавiцца тут: на дарозе, чуваць было, пачынаўся ўжо рух, iшлi аўтамашыны. Некаторыя нават сьвяцiлi фарамi, чаго нiколi не было на фронце. Ужо

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату