яе магiлы, i мужчыны вярнулiся да кiрхi па астатнiя. Трохi разважыўшы, я пайшоў зь iмi.

Калi ўсе труны былi вынесеныя, сьвятар з крыжам у руках сказаў сваю казань, усе захрысьцiлiся. Я таксама перахрысьцiўся. Затым тройчы перахрысьцiў труну Франi. Далакопы на вяроўках хутка i спрытна апусьцiлi труну ў яму.

Ну во i ўсё.

Як апусьцiлi астатнiх, я ўжо не глядзеў. Я закопваў Франю. Гарнуў i гарнуў рыдлёўкай на чорную накрыўку труны. Як яна схавалася пад жвiрам, крыху перадыхнуў i пачаў сунуць жвiр зноў. Так да самага верху магiлы. З рэшты жвiру, наскрэбенай побач, змайстраваў кароценькi, бы дзiцячы, пагорачак якраз у рост Франi. Заплаканая кабета ў чорным шалiку зводдаль моўчкi перахрысьцiла мяне. Што ж, дзякуй табе, добрая аўстрыячка. I пухам табе аўстрыйская зямля, мiлая мая зямлячка.

Нi з кiм не разьвiтаўшыся, я зморана пабрыў да брамы. Было не да разьвiтаньняў, не да падзяк. Не хацелася болей чуць нiчыiх i нiякiх словаў. Нi нават бачыць людзей. Я чуўся спустошаным i зьнясiленым. Толькi адыйшоўшыся па завулку ад кiрхi, надзеў на галаву пiлотку i азiрнуўся. Гэтак звычайна рабiў на вайне, калi куды меў патрэбу вярнуцца - каб лепей запомнiць шлях. Сюды я павiнен быў вярнуцца. Я меў цьвёрды намер на тое.

I - не вярнуўся нiколi.

РУЖОВЫ ТУМАН

Было iхнае сьвята, i яны з кветкамi i сьцягамi iшлi да скамянелага правадыра. Iграў аркестар. Блiшчэлi трубы, ад дажджу блiшчэў гранiт помнiка, гарадзкое навакольле адбiвалася ў мокрым асфальце. Усе былi бяз кепак цi капелюшоў - сiвыя, лысыя, з мокрым пушком галовы, сурова-пакутныя позiркi на старэчых тварах. Адзiн нес невялiчкi вазончык бягоняў, якi ашчадна трымаў аберуч, на сагнутай руцэ вiсела клюка. Сярод iншых старых ён вылучаўся шыкоўнай, белай, амаль дзедмарозаўскай барадой, што ляжала на ягоных далёка не багатырскiх, змарнелых грудзёх. Як падыйшоў за iншымi да пастамэнту, няспрытна сагнуўся i паставiў свой вазончык, а, выпрастаўшыся, нязграбна, бы саромеючыся, перахрысьцiўся.

- Глядзi, Барсук! - амаль з захапленьнем тузануў за рукаў сябра Вiнцэсь. Жывы, ты глядзi...

Так, гэта быў Барсук, жывы i быццам здаровы, якога Ляксей зь Вiнцэсем памяталi яшчэ з ваенных гадоў, як жылi ў тым гарадку, дзе пражыў вайну i гэты стары, глуханямы чалавек з прозьвiшчам цi мянушкай Барсук.

- I, здаецца, усё ранейшы, - не сунiмаўся Вiнцэсь.

Дзiўна, аднак, што ранейшы. Жыцьцё цi натура таму прычынай? Або, можа, ружовы туман падману, разьвеяцца якому ўпарта не даюць абставiны. Такiя, як у гэтым выпадку з Барсуком.

Ён зьявiўся ў тым гарадку-мястэчку пры бежанстве. У першыя днi вайны з Заходняй Беларусi ўперамешку з войскам рынулiся i шмат якiя з цывiльных. Адныя ехалi на вайсковых машынах, iншыя на фурманках, а болей iшло пехатой - з клункамi, валiзкамi, дзецьмi. Барсук вырваўся зь пекла, падобна, сам, адзiн. Усе ягоныя сямейнiкi недзе прапалi, i ён прыпынiўся, чакаючы iх, у мястэчку. Мабыць, думаў, часова, ды так i асеў на ўсе гады акупацыi. Жыў у старой бабкi ля рову, зарабляў, чым мог: капаў грады, сек дровы, а то рамантаваў абутак. Еў, што дадуць, часта галадаў, i ўсё чакаў, казалi, сваiх - жонку i двух дзяцей. Ды iшоў час, а сямейнiкi Барсука не аб'яўлялiся. Часам было яму дужа кепска, але ў лес ня йшоў. Ды i хто б яго ўзяў у лесе ў партызаны - якi набытак з глуханямога? Хоць часам да яго наведваўся суседзкi хлопец Валера, якi, як тое некаторыя ўведалi, меў справу зь лесам, i то прападаў на тыдзень-другi, то цiшком зьяўляўся ў гарадку. Барсук яму быў патрэбны, каб падрамантаваць боты, то наладзiць трафэйны гадзiньнiк, у якiм, як аказалася, неяк разьбiраўся Барсук.

Аднойчы гэты Валера заявiўся не адзiн, а зь незнаёмым хлопцам, сяржантам з дэсантнiкаў. У iх была адмысловая справа: апрабаваць прадуктовыя карткi. Так, звычайныя карткi рацыянаванага продажу крупаў, мукi, солi, якiя выдавалiся службоўцам нямецкiх установаў, i якiя наладзiлi падрабляць у лесе. Цi, можа, у якой гарадзкой друкарнi? Значыцца - фальшывыя карткi. Вядома, для такой апэрацыi апрабаваньня Валера мог бы паслаць сястру Нiнку цi цётку Ганулю, але ж, мабыць, iх было шкада. I ён вечарком з напарнiкам насыпаўся да Барсука.

Якраз у той тыдзень Барсук сядзеў бяз працы i бяз хлеба, даядаў апошнi чыгунок бульбы, што зарабiў за рамонт комiна ў суседзяў; солi ў яго не было даўно. А тут раптам двое лясных гасьцей, партызанаў, гэтак сардэчна пытаюцца: як жывеш? Спачуваюць i шчодра надзяляюць карткамi. На, схадзi ў лаўку, атавар, нам прынясеш i сабе возьмеш. Нам што-нiшто, галоўнае - цыгарэты, астатняе возьмеш сабе. Мы людзi ня сквапныя, мы савецкiя партызаны...

Барсук ня мог паверыць - такая раскоша! I такiя слаўныя хлопцы - гэтак сардэчна пашкадавалi адзiнокага дахадзягу-iнвалiда! На тым тыднi на рынку палiцаi адабралi ў яго здатныя боты, якiя хацеў памяняць на хлеб. Ды яшчэ далi высьпятка ў зад. Гэтыя ж во - задарма даюць карткi: маргарын, соль, мука...

Ён ня йшоў - ляцеў з тымi карткамi ў краму, дзе атрымаў усё, што належала. Гэтак жа шыбаваў дадому, дзе трохi засмуцiўся, бо хлопцы чамусь яго не дачакалiся. Яны прыйшлi толькi ўначы, распыталi, як i што. I яшчэ далi картак, якiя дужа тады падтрымалi згаладнелага Барсука.

Пасьля вайны Барсук некалькi разоў спатыкаў у гарадку пасталелага Валеру, i кожны раз цалаваў ягоныя рукi: такi слаўны быў той партызан. Гэтак уважыў старога! Асаблiва, калi даў Барсуку даведку, быццам той - сувязны партызанскага атрада асобага назначэньня 'Гранiт'. Менавiта тая даведка дала яму сiлы жыць пасьля страты сям'i. Праўда, неўзабаве ён выйшаў на пэнсiю з быткамбiнату, дзе рабiў на розных работах, i нават выбiўся ў майстры. Цяпер жа ён дужа перажываў распад СССР. Асаблiва як дазнаўся, што Валера вялiкi начальнiк, робiць не ў Беларусi i наўрад цi прыедзе на рэвалюцыйнае сьвята. I ўсё з прычыны кардонаў, мытняў, разрыву эканамiчных сувязяў. Валеру тут яшчэ памяталi з вайны, i найчасьцей успамiнаў яго зь цеплынёй у старэчым позiрку дзевяностагадовы Барсук. Ужо ён быў упэўнены, што Валера ня здрадзiў вялiкай справе Маркса-Энгельса-Ленiна. Ды i Сталiна таксама. I Барсук не хацеў здраджваць, бо здрада - заўжды кепска. Як пазванiлi з савету вэтэранаў, каб прыйшоў на ўскладаньне кветак да помнiка правадыру, ён i прыйшоў. Прынес свой апошнi вазончык зь бягонямi, бо трэба ж было ўважыць i правадыра, i змагароў за ягоную справу, i Валеру, i таго сяржанта, якiя некалi гэтак уважылi адзiнокага, пагарджанага нямога.

Зрэшты, пасьля вайны тая гiсторыя з Барсуком стала вядомая многiм.

Праўда, пра яе ня ведаў адзiн толькi Барсук. Цi варта было яму пра тое расказваць? Цi ён паверыць?

Можа, хай жыве ў сваiм ружовым тумане, дажывае век i носiць вазончыкi да падножжа помнiка. Тым болей, што цяпер можна ўжо перахрысьцiцца - адкрыта, i нават з замiлаваньнем...

ПАГОРАК

Позьняй веснавой ранiцай мы з капiтанам Лемешам сядзелi каля дымлiвага цяпельца i бавiлi час у ленай, нешматслоўнай гаворцы. Увогуле было маркотна, у мяне для радасьцi не было падставы. Капiтан жа мог бы i парадавацца, але яго, вiдавочна, займалi новыя думкi, далёкiя ад гэтага пагорка i дагарэлага на iм цяпельца. Учора да нас на НП перадалi загад па дывiзii, якiм капiтан Лемеш прызначаўся начальнiкам артылерыi суседняга палка. Для нядаўняга камандзiра батарэяў 'саракапятак' гэта было падвышэньне, якое абяцала зусiм iншую вайну i службу, iншую, чым тая, што за немалы час добра агоркла капiтану. Тыдзень таму на Днястры мы страцiлi апошнюю нашу 'саракапятку', якую ўшчэнт разьнёс нямецкi снарад. Байцоў, што засталiся ад батарэi, перадалi на папаўненьне ў стралковы батальён, а самi пяты дзень сядзелi на НП камандзiра палка. Ноччу, пакуль камандзiр спаў, мы дзяжурылi ў камандзiрскiм блiндажы, слухалi i глядзелi, што адбываецца на недалёкай перадавой, перазвоньвалiся з НП дывiзii. Вядома, мы разумелi, што гэтая наша служба - часовая. Полк вёў баi, спрабаваў наступаць, штодня нёс страты. У кожную хвiлiну нас маглi накiраваць куды заўгодна, але найбольш верагодна - у якi-небудзь стралковы батальён: капiтана - камандзiрам роты, а мяне - узводным. Каб не дарма елi салдацкi хлеб, як казаў капiтан. Аднак яму нечакана пашанцавала - яго ўжо не пашлюць у стралковую роту, цяпер ягонае месца ў палкавым штабе. Але што чакае мяне?

Капiтан быў чалавек выхаваны, паходзiў зь ленiнградзкiх iнтэлiгентаў, мабыць ён разумеў стан мае душы i памкнуўся мяне суцешыць.

- Ладна, не тужы, лейтэнант. Станем у абарону, падкiнуць гарматкi. Табе ж шмат ня трэба? Якiх пару...

- Хай не даюць, - няшчыра пярэчыў я. - Аўтамат знойдзецца.

- Аўтамат пасьпеецца...

Цяпельца то затухала, то пад лёгкiм ветрыкам пачынала бязьлiтасна дымiць, выядаючы вочы. Iсьцi па

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату