дровы ў недалёкi вiнаграднiк не хацелася. Тут быў схiл пагорка, на якiм з таго боку сапёры абсталявалi блiндаж назiральнага пункту. Там жа, за пагоркам, чутна было, грукацелi кулямётныя чэргi, але сюды кулi не заляталi, пагорак нас укрываў. Наперадзе ж перад намi разьлеглася даволi шырокая далiна, па той бок якой таксама на схiле вiдаць былi роўныя шнуркi вiнаграднiкаў i бегла крываватая палявая дарожка, абсыпаная абапал старымi i сьвежымi варонкамi ад выбухаў. Капiтан усё ўзiраўся туды, чакаючы пасыльнага, якi павiнен быў прыехаць па новага начарта. Але пасыльны затрымлiваўся, хаця ўжо гадзiну таму па тэлефоне перадалi, што паехаў.
- Ат, ладна, - сказаў капiтан i дастаў з-за пазухi алюмiневую пляшку. Давай вып'ем. Каб не апошнюю...
- Ну, вы цяпер маеце шанец...
- Шанец чаго? - насьцярожыўся капiтан.
- Ну, на жыцьцё, - адчуўшы пэўную няёмкасьць, сказаў я. Падобна было, капiтан пачуў у маiм голасе нейкiя ноткi зайздрасьцi. Але тое была ня зайздрасьць да яго - болей клопат за свой незайздросны лёс. Я, напэўна, адчуваў, што ня сёньня, дык заўтра апынуся ў стралковым батальёне, дзе, вядома, жыцьцё нядоўгае. Хоць яно i ў супрацьтанкавай батарэi не даўжэйшае, але ўсё ж... Усё ж во мы ўцалелi.
- На вайне нiхто ня ведае свой шанец, - растлумачыў капiтан. - Ну, глытнём!
Ён глытнуў сам i падаў мне пляшку, зь якой я глытнуў раз-два i папярхнуўся. Мусiць, то быў сьпiрт, ад якога адразу заняло дых.
- Ну во, - сказаў ён. - Каб табе тут шчасьлiва ваявалася.
- Дзякуй.
У той час унiзе, у лагчыне, а зусiм не на дарожным пагорку паказаўся чалавек, якi вёў на повадзе каня - мабыць, гэта й быў той, каго мы чакалi. Ад выпiтага сьпiрту цi ад усьведамленьня канца нецярплiвага чаканьня капiтан прыкметна ажывiўся, пiхнуў ботам канец галавешкi, ад якой пыхнула ў вочы ядучым дымам.
- Ты гэта во што... Калi там у батарэi недакамплект узводных, дык я цябе забяру. У свой полк.
- Ды ну! Цi варта...
- Варта, варта. Усё ж мы с табой разам з самай зiмы. Лiчы, чатыры месяцы.
- Чатыры месяцы...
- Можа, я цябе калi й дапёк, дык даруй. Знаеш, вайна - усё ж нэрвовая справа.
- Ды не. Я нiчога...
- Ага, не крыўдуй... А давай яшчэ па глытку! - з раптоўнай рашучасьцю сказаў капiтан i зноў выцягнуў з-за пазухi ватоўкi сваю пляшку. - Думаў, там на абмыўку. Але й тут дарэчы.
Мы й яшчэ глытнулi патроху, пакуль коньнiк узьяжджаў на пагорак. Гэта быў пажылы, вусаты баец у бушлаце, якi неўзабаве спынiўся перад цяпельцам i зважлiва папытаўся:
- Цi ня вы будзеце капiтан таварыш Лемеш?
- Угадаў! - сказаў камбат i ўскочыў, - рослы, энэргiчны, у туга аперазанай партупэяй ватоўцы. - Ну, лейтэнант, жывi да перамогi! На перамозе сустрэнемся.
Я таксама ўстаў, мы таропка абнялiся, i капiтан, прыняўшы ў пасыльнага повад, лёгка й спрытна ўскочыў у сядло. Не азiрнуўшыся, ён паскакаў рысьсю ўнiз, за iм, трохi адстаўшы, ехаў вусаты пасыльны. Я сеў на сваё ранейшае месца ля цяпельца. Мне было сумна й трохi зайздросна. Хоць надта зайздросьцiць я ня меў падставы: усё ж камбат быў старэйшы за мяне, ваяваў у палку ад самага Сталiнграда, узнагароджаны трыма ордэнамi, у тым лiку i Чырвоным Сьцягам, ня тое, што я - Чырвонаю Зоркай, ордэнам Ванек-узводных ды тылавiкоў-iнтэндантаў. Зноў жа ён быў ня з тых, хто любiў заграбаць жар чужымi рукамi, а калi трэба было, дык рызыкаваў i сабой. Як у тым выпадку на пляцдарме, калi стаў за прыцэл гарматы i паўдня адбiваў нямецкiя атакi. Мабыць, ён заслужыў нейкае права, каб цяпер, напрыканцы вайны, лепей уладкаваць свой лёс i, можа, дажыць да перамогi. Але хто не хацеў бы таго? Праўда, пра тое, каб выжыць, мы маглi толькi марыць. I то тайком ад самiх сябе, тоячыся ад уласнага сумленьня.
Ужо без увагi да згаслага цяпельца я сядзеў на схiле i пазiраў усьлед нядаўняму камбату. Унiзе палявая дарожка раздвойвалася, адна iшла напрасткi цераз пагорак з варонкамi, а другая, ледзьве прыкметная здаля, - у аб'езд па лагчыне, адкуль прыехаў пасыльны. Капiтан спусьцiўся з пагорка i троху прытрымаў каня, мусiць, вырашаў, па якой скiраваць дарозе. Здалося мне, нават трохi праехаў у лагчыну, але зараз жа збочыў i скiраваў на тую, цераз пагорак. Мабыць, гэтая была карацейшаю, а капiтану, вiдаць па ўсiм, не цярпелася. Тым болей, што немцы пакуль не стралялi, выбухаў паблiзу не было чуваць.
Шпаркай рысьсю капiтан паскакаў на пагорак i вось ужо выехаў на самы ягоны ўзлобак. I тады ўгары каротка вiскнула, i ля дарогi пыхнуў клуб мiннага выбуху. Сэрца ў мяне здрыганулася - ну, нашто ён паехаў туды? Пыхнуў i яшчэ адзiн пыльны клуб - па другi бок дарогi. Капiтан хвастануў каня, зрываючы на галоп, але тут жа ўгары пагрозьлiва завiскатала ў шмат галасоў, i некалькi выбухаў нячутна вырасьлi абапал дарогi, схаваўшы ў сабе коньнiкаў. Я ўскочыў на ногi, але з паўхвiлiны нiчога там згледзець ня мог - адно касяк пылу паволi поўз цераз дарогу. Як ён споўз адтуль, я ўбачыў толькi каня, што, дужа кульгаючы, бег кудысьцi па схiле. Другi коньнiк, што добра-такi адстаў ад першага, таропка заварочваў назад.
А за пагоркам ззаду ўжо ва ўсю забухала, загуло. Нямецкая артылерыя пачала бiць па ўсiм навакольлi, мiны рвалiся ў лагчыне i далей, не даючы нiкому высунуць носу з укрыцьцяў. Капiтана вынесьлi толькi ўночы, ягонае цела было амаль расшкуматанае асколкамi, i хавалi яго туга загорнутым у плашч-палатку.
Жывы прайшоў ад Сталiнграда да румынскай мяжы, а пагорка не пераехаў...
ПАЛIТРУК КАЛАМIЕЦ
Як сьцiхнуў пад вечар бой, асеў на зямлю ўзьняты бамбёжкаю пыл, i ў высокiм нябесным абшары запалiлiся першыя зоркi, кампалка Пахомаў i палiтрук Каламiец вылезьлi з бомбавай варонкi i агледзелi тое, што засталося ад занятага iмi ўчора чыгуначнага разьезда. Разьезда не было. Глiнабiтная казарма для рабочых i пакгаўз побач нагадвалi аб сабе адно чорнымi гарбамi на краi гэткага ж чорнага неба. Ад шэрагу стромкiх таполяў ля дарогi засталiся скалечаныя выбухамi абломкi; расшчэпленыя камлi, бы растапыраныя пальцы, тырчэлi з разварушанай зямлi. 'Добра яшчэ, што засталiся гэтыя таполi, а то было б i не пазнаць разьезда', - думаў палiтрук. Надвячоркам пасьля жорсткай бамбёжкi нельга было й меркаваць, што тут хоць нешта застанецца - i ад гэтага разьезда, i ад пехацiнцаў, што акапалiся побач у сухой, скамянелай зямлi.
Уначы дзённая сьпёка паволi ацiхала, але гарачы сухавей са стэпу нес мала прахалоды. Разгарачанае цела гарэла пад спатнелай абмундзiроўкай, дужа хацелася пiць. На бяду, калодзеж ля казармы таксама быў разварочаны i засыпаны. Байцы з сапёрнага ўзводу неяк спрабавалi дагрэбцiся да вады. Але калi тое будзе.
Палiтрук Каламiец, мiж тым, доўга i старанна страсаў зь сябе пыл i зямлю, а кампалка сядзеў нерухома, апанураны i самотны. Нязбыўны клопат пра ваду пачаў выцясьняць зь ягонае галавы ўсе ранейшыя клопаты. Вада патрэбная была байцам, патрэбная для кухнi, а найболей - для кулямётаў 'максiм', тры зь якiх ужо абязводзiлiся i не стралялi; у два астатнiя сабралi рэшту вады зь бiклагаў. Сёньня полк стрываў шэсьць жахлiвых бамбёжак - сьпярша трох 'хейнкеляў', пасьля дзевяцi i пятнаццацi, а пасьля нiхто й не лiчыў. Праўда, людзкiя страты былi ня дужа вялiкiя, усе ж байцы пасьпелi акапацца наводдаль ад чыгункi ў полi. Ды, на бяду, забiла двух апошнiх коней, што вазiлi палкавую кухню, i цяпер нi правiянту, нi вады прывезьцi не было чым. Мабыць, сапраўды засталося памiраць на гэтым праклятым разьезьдзе, - думаў кампалка, - бо дзявацца тут не было куды. Адсюль ужо не адступiш, як адступалi ад самага Варонежа. Учора, калi яны занялi гэты разьезд, конна прыехаў даручэнец камдыва i прывез, каб расьпiсацца, загад Вярхоўнага пад нумарам 227 з назвай: нi кроку назад! Памры, але не адступi. Тое тычылася ўсiх: ад камандарма да апошняга байца, што б ён нi абараняў - горад цi гэткi во разьбiты, амаль зраўняны зь зямлёй стэпавы разьезд. Даручэнец паведамiў таксама, што ўжо ёсьць i вынiкi невыкананьня загаду: у суседнiм палку аддалi пад трыбунал аднаго камбата i расстралялi на месцы ПНШ па разьведцы.
- Дык што рабiць будзем, камiсар? - няўцямна пытаўся заклапочаны камандзiр палка.
- Будзем стаяць, - проста адказаў палiтрук Каламiец. - Што ж застаецца.
- Нiчога не застаецца, - скупа пагадзiўся кампалка. Абмяркоўваць загад не належала, лепш было памаўчаць.
- А дзе тая станiца, цi далёка? - з новым клопатам загаманiў палiтрук, прыпамятаўшы, як той даручэнец камдыва перадаў яшчэ адзiн загад - вусны - са штабу дывiзii: уначы атрымаць папаўненьне. Колькi было таго папаўненьня, невядома, але найперш належала правесьцi зь iм палiтработу - тым болей цяпер, калi