ўпаў нiцма, пакiнуўшы над сабою сiняе воблачка дыму. Стрэла Кемп не пачуў. Эдай зрабiў некалькi сутаргавых рухаў, прыўзняўся, апiраючыся на руку, зноў упаў i застаўся ляжаць нерухома.
Кемп пастаяў крыху, уважлiва гледзячы на цiхамiрную спакойную позу Эдая. Дзень быў гарачы i бязветраны, здавалася, увесь свет зацiх, толькi ў кустах памiж домам i веснiчкамi два жоўтыя матылькi ганялiся адзiн за адным. Эдай ляжаў на поплаве каля веснiчак. Ва ўсiх дачах на ўзгорку шторы былi спушчаны, толькi ў зялёнай альтанцы можна было заўважыць белую фiгуру мусiць, старога, якi мiрна драмаў. Кемп уважлiва ўглядваўся, шукаючы ў паветры паблiзу ад дома рэвальвер, але ён знiк. Кемп зноў паглядзеў на Эдая. Iгра пачалася сур'ёзная.
Хтосьцi пачаў званiць i стукаць ва ўваходныя дзверы, усё больш гучна, настойлiва, але ўся прыслуга, павiнуючыся распараджэнню Кемпа, сядзела запёршыся ў сваiх пакоях. Нарэшце ўсё сцiхла. Кемп пасядзеў крыху, услухоўваючыся, потым асцярожна выглянуў па чарзе ў кожнае з трох вокнаў. Потым выйшаў на лесвiцу i зноў з трывогай прыслухаўся. Затым узброiўся качаргой, якую ўзяў у спальнi, i зноў пайшоў правяраць унутраныя засаўкi вокнаў на нiжнiм паверсе. Усё было трывала i надзейна. Ён вярнуўся наверх. Эдай па-ранейшаму нерухома ляжаў ля краю пасыпанай гравiем дарожкi. Па дарозе, мiма дач, iшлi пакаёўка i двое палiсменаў.
Стаяла мёртвая цiшыня. Кемпу здавалася, што трое людзей наблiжаюцца вельмi павольна. Ён пытаўся ў сябе, што робiць яго працiўнiк.
Раптам ён уздрыгнуў. Знiзу пачуўся трэск. Пасля некаторага вагання Кемп спусцiўся ўнiз. Нечакана ўвесь дом напоўнiўся цяжкiмi ўдарамi i трэскам дрэва, якое шчапалi. Звiнелi i бразгалi жалезныя засаўкi на аканiцах. Ён павярнуў ключ, адчынiў дзверы ў кухню, i ў гэтую хвiлiну ў пакой паляцелi пасечаныя i разламаныя аканiцы. Кемп спынiўся, здранцвеўшы ад жаху. Аконная рама, акрамя адной перакладзiны, была яшчэ цэлая, але ад шкла засталася толькi зубчатая аблямоўка. Аканiцы былi пасечаны сякерай, якая цяпер з усяго размаху бiла па раме i жалезных кратах, што засцерагалi акно. Але раптам сякера адскочыла ўбок i знiкла.
Кемп убачыў рэвальвер, якi ляжаў на дарожцы каля дома, i тут жа рэвальвер узляцеў у паветра. Кемп падаўся назад. Яшчэ секунда - i пачуўся стрэл; шчэпка, адарваная ад зачыняемых Кемпам дзвярэй, праляцела над яго галавой. Ён зачынiў дзверы, замкнуў iх на ключ i тут жа пачуў крыкi i смех Грыфiна. Потым зноў затрашчала дрэва пад скрышальнымi ўдарамi сякеры.
Кемп стаяў у калiдоры, збiраючыся з думкамi. Цераз хвiлiну Невiдзiмка будзе на кухнi. Гэтыя дзверы затрымаюць яго ненадоўга, i тады...
Каля ўваходных дзвярэй пазванiлi. Магчыма, палiсмены. Кемп пабег у прыхожую, умацаваў ланцуг i адсунуў засаўку. Толькi аклiкнуўшы пакаёўку i пачуўшы яе голас, ён зняў ланцуг, усе трое гурбой увалiлiся ў дом, i Кемп зноў зачынiў дзверы.
- Невiдзiмка! - сказаў Кемп. - У яго рэвальвер. Засталося два зарады. Ён забiў Эдая. Ва ўсялякiм выпадку падстрэлiў яго. Вы не бачылi яго на лужку? Ён там ляжыць.
- Хто? - спытаўся адзiн з палiцэйскiх.
- Эдай, - сказаў Кемп.
- Мы прайшлi задворкамi, - сказала пакаёўка.
- Што гэта за трэск? - спытаўся другi палiсмен.
- Ён на кухнi... цi хутка будзе там. Ён знайшоў сякеру...
Раптам на ўвесь дом загучалi ўдары сякеры па кухонных дзвярах. Пакаёўка зiрнула на дзверы i адступiла ў сталовую. Кемп адрывiста растлумачыў сiтуацыю. Яны пачулi, як паддалiся кухонныя дзверы.
- Сюды! - крыкнуў Кемп, лiхаманкава ўпiхваючы палiцэйскiх у сталовую. Яго раптам захапiла прага дзейнасцi.
- Качаргу! - крыкнуў Кемп i кiнуўся да камiна. Качаргу, якую ён прынёс са спальнi, ён аддаў аднаму з палiсменаў, а качаргу са сталовай - другому. Нечакана ён адскочыў назад.
Адзiн з палiсменаў хутка прыгнуўся i, крактануўшы, зачапiў сякеру качаргой. Рэвальвер выпусцiў апошнi зарад, прарваўшы каштоўнае палатно пэндзля Сiднея Купера. Другi палiсмен стукнуў сваёй качаргой па маленькай смертаноснай зброi, нiбы хацеў забiць асу, i рэвальвер са стукам упаў на падлогу.
Як толькi пачалася схватка, пакаёўка ўскрыкнула, пастаяла з хвiлiну каля камiна i кiнулася адчыняць аканiцы, думаючы, мусiць, выратавацца цераз разбiтае акно.
Сякера выбралася ў калiдор i спынiлася фута за два ад падлогi. Чуваць было цяжкае дыханне Невiдзiмкi.
- Вы абодва адыдзiце, - сказаў ён. - Мне патрэбны Кемп.
- А нам патрэбны вы, - сказаў першы палiсмен i, рэзка ступiўшы наперад, ударыў качаргой у напрамку Голаса. Але Невiдзiмку ўдалося ўхiлiцца ад удару, i качарга трапiла ў стойку для парасонаў.
Палiсмен ледзьве ўтрымаўся на нагах, i ў тую ж хвiлiну сякера стукнула яго па галаве, скамячыўшы каску, быццам яна была з паперы, i ён кулём вылецеў на кухонную лесвiцу. Але другi палiсмен ударыў качаргой ззаду сякеры i трапiў на штосьцi мяккае. Пачуўся крык болю, i сякера ўпала на падлогу. Палiсмен зноў размахнуўся, але ўдар патрапiў у пустату; потым ён наступiў нагой на сякеру i яшчэ раз ударыў. Затым, трымаючы качаргу напагатове, ён стаў уважлiва прыслухоўвацца, стараючыся ўлавiць якi-небудзь рух.
Ён пачуў, як адчынiлася акно ў сталовай i затым прагучалi хуткiя крокi. Таварыш яго падняўся i сеў; кроў цякла па ягонай шчацэ.
- Дзе ён? - спытаўся ранены.
- Не ведаю. Я трапiў у яго. Стаiць дзе-небудзь у прыхожай, калi толькi не прашмыгнуў мiма цябе. Доктар Кемп! Сэр!..
Нiякага адказу.
- Доктар Кемп! - зноў паклiкаў палiцэйскi.
Ранены стаў марудна падымацца на ногi. Нарэшце яму гэта ўдалося. Раптам з кухоннай лесвiцы данеслася шлёпанне босых ног.
- Гоп! - крыкнуў палiцэйскi, якi трымаў качаргу, i кiнуў яе; яна разбiла газавы ражок.
Палiцэйскi пачаў было праследаваць Невiдзiмку. Але потым перадумаў i ўвайшоў у сталовую.
- Доктар Кемп... - пачаў ён i адразу спынiўся. - Храбры хлопец гэты доктар Кемп, - сказаў ён, звяртаючыся да таварыша, якi зазiрнуў цераз яго плячо.
Акно ў сталовай было расчынена насцеж. Нi пакаёўкi, нi Кемпа.
Сваю думку пра доктара Кемпа другi палiсмен выказаў коратка i энергiчна.
Раздзел XXVIII
ЦКАВАННЕ ПАЛЯЎНIЧАГА
Мiстэр Хiлас, гаспадар суседняй дачы, спаў у сваёй альтанцы, калi пачалася асада дома Кемпа. Мiстэр Хiлас належаў да той упартай меншасцi, якая нiяк не жадала верыць 'недарэчным байкам' пра Невiдзiмку. Жонка яго, аднак, чуткам верыла i не раз потым напамiнала аб гэтым мужу. Ён выйшаў пагуляць па свайму саду, як нiчога i не было, а пасля абеду, па даўно заведзенай звычцы, лёг спаць. Увесь час, пакуль Невiдзiмка бiў вокны ў доме Кемпа, мiстэр Хiлас спакойна спаў, але раптам прачнуўся з такiм адчуваннем, быццам навокал штосьцi нядобра. Ён зiрнуў на дом Кемпа, працёр вочы i зноў глянуў. Потым ён спусцiў ногi i сеў, прыслухоўваючыся. Ён памянуў чорта, але дзiўнае вiдовiшча не знiкла. Дом выглядзеў так, як быццам яго пакiнулi з месяц назад пасля моцнага пагрому. Усё шкло было разбiта, а ўсе вокны, акрамя вокнаў кабiнета на вышцы, былi знутры пазакрываны аканiцамi.
- Я гатовы паклясцiся, - мiстэр Хiлас паглядзеў на гадзiннiк, - што дваццаць хвiлiн таму назад усё было ў парадку.
Здалёку чулiся мерныя ўдары i звон шкла. А затым, пакуль ён сядзеў з разяўленым ртом, адбылося нешта яшчэ больш дзiўнае. Аканiцы сталовай расчынiлiся, i пакаёўка ў капелюшы i палiто з'явiлася ў акне, сутаргава стараючыся падняць раму. Раптам каля яе з'явiўся яшчэ нехта i стаў памагаць. Доктар Кемп! Яшчэ хвiлiна - акно расчынiлася, i пакаёўка вылезла з яго; яна кiнулася ўцякаць i схавалася ў кустах. Мiстэр Хiлас устаў, невыразнымi воклiчамi выказваючы сваё хваляванне з нагоды такiх надзвычайных падзей. Ён убачыў, як Кемп узлез на падаконнiк, выскачыў у акно i ў тую ж хвiлiну з'явiўся на дарожцы, абсаджанай кустамi; ён бег, прыгнуўшыся, нiбы хаваючыся ад кагосьцi. Ён знiк за ракiтавым кустом, потым паказаўся зноў на агароджы, якая выходзiла ў адкрытае поле. У адно iмгненне ён пералез цераз агароджу i кiнуўся бегчы ўнiз па адхону, прама да альтанкi мiстэра Хiласа.
- Госпадзi! - усклiкнуў уражаны страшнай здагадкай мiстэр Хiлас. - Гэта той нягоднiк, Невiдзiмка!