- Калi меркаваць па газетах, - сказаў Кемп, - трэцяга дня, як вас выявiлi, вы крыху...
- Так, я крыху... Укакошыў я гэтага боўдзiлу палiсмена?
- Не, - сказаў Кемп, - кажуць, ён папраўляецца.
- Ну, значыць, яму пашанцавала. Я зусiм ашалеў. Вось дурнi! Чаго яны прычапiлiся да мяне? Ну, а ёлупень крамнiк?
- Смяротных выпадкаў не прадбачыцца, - сказаў Кемп.
- Што тычыцца майго валацугi, - сказаў Невiдзiмка, злавесна пасмейваючыся, - дык гэта яшчэ невядома. Далiбог, Кемп, вам, з вашым характарам, не зразумець, што такое шаленства! Працуеш доўгiя гады, прыдумваеш, будуеш планы, - а потым якi-небудзь бязмозглы, тупы iдыёт становiцца табе ўпоперак дарогi! Дурнi ўсiх гатункаў, якiя толькi iснуюць на свеце, старалiся перашкодзiць мне. Калi так будзе працягвацца, я ашалею канчаткова i пачну крышыць iх направа i налева. З-за iх цяпер усё стала ў тысячу разоў цяжэй.
Раздзел XXIV
ПЛАН, ЯКI НЕ ЎДАЎСЯ
- Ну, - сказаў Кемп, паглядзеўшы ў акно, - што ж мы цяпер будзем рабiць?
Ён падсунуўся блiжэй да Невiдзiмкi, каб засланiць ад яго трох людзей, што, як падалося Кемпу, вельмi ўжо павольна падымалiся па ўзгорку.
- Што вы збiралiся рабiць у Порт-Бэрдоку? У вас быў якi-небудзь план?
- Я хацеў уцячы за гранiцу. Але, сустрэўшы вас, я змянiў сваё рашэнне. Таму што стала цяплей i мне лягчэй заставацца нябачным, я думаў, што лешп усяго мне адправiцца на поўдзень. Таямнiца ж мая раскрыта, i тут усе будуць шукаць захутанага чалавека ў масцы. А адсюль ёсць параходныя зносiны з Францыяй. Я думаў, што можна рызыкнуць пераправiцца на якiм-небудзь параходзе. А з Францыi я мог бы па чыгунцы паехаць у Iспанiю цi нават адправiцца ў Алжыр. Гэта было б лёгка ажыццявiць. Там можна круглы год заставацца невiдзiмкам i не мерзнуць, i рабiць што хочаш. Валацугу гэтага я ператварыў бы ў перасовачны склад маiх грошай i кнiг, пакуль не ўладкаваўся б з перасылкай таго i другога па пошце.
- Зразумела.
- I раптам гэтай жывёлiне ўздумалася пажывiцца маёй маёмасцю. Ён украў мае кнiгi, Кемп! Мае кнiгi! Няхай ён толькi мне пападзецца!..
- Але спачатку трэба атрымаць у яго кнiгi.
- Дык дзе ж ён? Хiба вы ведаеце?
- Ён сядзiць у гарадскiм палiцэйскiм упраўленнi, у самай глухой турэмнай камеры, якая толькi знайшлася, - ён сам аб гэтым папрасiў.
- Нягоднiк! - сказаў Невiдзiмка.
- Гэта некалькi мяняе нашы планы.
- Трэба здабыць кнiгi, кнiгi вельмi патрэбны.
- Вядома, - паспешна згадзiўся Кемп, якому пачулiся крокi ў двары. Вядома, кнiгi абавязкова трэба здабыць. Але гэта будзе няцяжка, калi толькi ён не даведаецца, што iх патрабуюць для вас.
- Правiльна, - сказаў Невiдзiмка i задумаўся.
Кемп беспаспяхова стараўся што-небудзь прыдумаць, каб падтрымаць размову, але Невiдзiмка загаварыў сам.
- Цяпер, калi я апынуўся ў вас, Кемп, усе мае планы мяняюцца. Вы чалавек здольны зразумець мяне. Яшчэ можна зрабiць многае, вельмi многае, нягледзячы на страту кнiг, на агалоску, нягледзячы на ўсё, што здарылася i што я вытрываў... Вы нiкому не казалi пра мяне? - спытаўся ён раптам.
Кемп на iмгненне сумеўся.
- Мы ж дамовiлiся, - сказаў ён.
- Нiкому? - паўтарыў Грыфiн.
- Нiводнай душы.
- Ну, тады... - Невiдзiмка падняўся i, сунуўшы рукi ў кiшэнi, закрочыў па пакоi.
- Так, гэта была памылка, Кемп, вялiкая памылка, што я ўзяўся адзiн за гэтую справу. Дарэмна змарнаваны сiлы, час, магчымасцi. Адзiн... дзiўна, як мала можа зрабiць чалавек, калi ён адзiн! Дробны крадзеж, бойка - i ўсё.
Я шукаю прытулак, Кемп, мне патрэбны чалавек, якi памог бы мне, схаваў мяне, мне патрэбна месца, дзе я мог бы спакойна, не выклiкаючы нiякiх падазрэнняў, есцi, спаць i адпачываць. Словам, мне патрэбны саўдзельнiк. Тады магчыма ўсё. Да гэтага часу я дзейнiчаў наўздагад. Цяпер мы абмяркуем усе выгады, якiя дае нябачнасць, i ўсе звязаныя з ёю цяжкасцi. Для падслухоўвання i таму падобнага ў ёй мала карысцi: цябе таксама чуваць. Красцi яна памагае, але мала. Хаця злавiць мяне цяжка, але, злавiўшы, лёгка пасадзiць у турму. Нябачнасць карысная, калi трэба бегчы цi, наадварот, падкрадвацца. Значыць, яна карысная i пры забойстве. Як бы чалавек нi быў ўзброены, я лёгка магу выбраць найменш ахаванае месца, ударыць, схавацца i ўцячы, як i куды жадаю.
Кемп пагладзiў вусы. Здаецца, хтосьцi рухаецца ўнiзе.
- Мы павiнны заняцца забойствам, Кемп.
- Мы павiнны заняцца забойствам, - паўтарыў Кемп. - Я слухаю вас, Грыфiн, але гэта не значыць, што я згаджаюся з вамi. Для чаго мы павiнны забiваць?
- Не бяссэнсава забiваць, а разумна аднiмаць жыццё. Справа бачыцца такiм чынам: яны ведаюць, што ёсць Невiдзiмка, ведаюць не горш нас з вамi, i гэты Невiдзiмка, Кемп, павiнен устанавiць царства тэрору. Невiдзiмка павiнен захапiць якi-небудзь горад, хаця б гэты ваш Бэрдак, тэрарызаваць насельнiцтва i падпарадкаваць сваёй волi ўсiх i кожнага. Ён выдае свае загады. Ажыццявiць гэта можна тысячу спосабамi, скажам, падсоўваць пад дзверы лiсткi паперы. I хто асмелiцца не паслухацца, будзе забiты таксама, як будуць забiты i яго заступнiкi.
- Гм, - прамармытаў Кемп, прыслухоўваючыся больш да рыпення дзвярэй унiзе, якiя адчынялiся, чым да слоў Грыфiна. - Я думаю, Грыфiн, - сказаў ён, стараючыся здавацца ўважлiвым, - што становiшча вашага саўдзельнiка было б не з лёгкiх.
- Нiхто не будзе ведаць, што ён мой саўдзельнiк, - горача запярэчыў Невiдзiмка i раптам насцярожыўся. - Стойце! Што там адбываецца?
- Нiчога, - сказаў Кемп i раптам загаварыў гучна i хутка: - Я не магу згадзiцца з вамi, Грыфiн. Зразумейце ж, не магу. Для чаго весцi заведама прайграную гульню? Хiба гэта можа даць вам шчасце? Не станавiцеся адзiнокiм ваўком. Апублiкуйце ваша адкрыццё; калi не хочаце расказаць пра яго ўсяму свету, то даверце яго ў крайнiм выпадку сваёй краiне. Падумайце, чаго вы маглi дабiцца з мiльёнам памочнiкаў...
Невiдзiмка перапынiў Кемпа.
- Крокi на лесвiцы, - сказаў ён, падняўшы руку.
- Не можа быць, - запярэчыў Кемп.
- Зараз паглядзiм, - сказаў Невiдзiмка i, усё яшчэ з узнятай рукой, ступiў да дзвярэй.
Далей усё разыгралася iмклiва. Секунду разважыўшы, Кемп кiнуўся яму наперарэз. Невiдзiмка ўздрыгнуў, спынiўся.
- Здраднiк! - крыкнуў Голас.
Халат, расхiнуўшыся, апусцiўся ў крэсла: Невiдзiмка распранаўся. Кемп зрабiў некалькi паспешных крокаў да дзвярэй, i тут жа Невiдзiмка - ног яго ўжо не было - з крыкам ускочыў. Кемп расчынiў дзверы насцеж.
Знiзу выразна даносiлiся галасы i тупат бягучых ног.
Кемп адштурхнуў Невiдзiмку, выскачыў у калiдор i зачынiў за сабой дзверы. Ключ быў загадзя ўстаўлены знадворку. Яшчэ iмгненне - i Грыфiн застаўся б у кабiнеце адзiн, пад замком, ды перашкодзiла выпадковасць: паспешна ўстаўлены ранiцою ключ ад штуршка выскачыў i са стукам упаў на дыван.
Кемп памярцвеў. Схапiўшыся дзвюма рукамi за ручку, ён з усяе сiлы стараўся ўтрымаць дзверы. Некалькi iмгненняў яму гэта ўдавалася. Потым дзверы прыадчынiлiся цаляў на шэсць, але ён iх зноў зачынiў. У другi раз яны рыўком адкрылiся на фут, i ў шчылiну стаў працiскацца чырвоны халат. Нябачныя пальцы схапiлi Кемпа за горла, i яму давялося выпусцiць ручку дзвярэй, каб абараняцца. Ён быў адцiснуты, перакулены i з сiлай адкiнуты ў кут пляцоўкi. Пусты халат адляцеў ад яго.
На лесвiцы стаяў палкоўнiк Эдай, начальнiк бэрдакскай палiцыi, якому Кемп напiсаў пiсьмо. Ён з жахам глядзеў на нечаканае з'яўленне Кемпа i на пустыя прадметы вопраткi, якiя матлялiся ў паветры. Ён бачыў,