Неўзабаве ён крыху заспакоiўся. 'Пацукi', - сказаў ён напаўголасу, прыклаўшы палец да губ. Ён вiдавочна быў некалькi напалоханы. Я бясшумна выйшаў з пакоя. Але пры гэтым рыпнула маснiца. Тады гэты д'ябал стаў хадзiць па ўсiм доме, з рэвальверам напагатове, замыкаючы ўсе дзверы i хаваючы ключы ў кiшэню. Уцямiўшы, што ён задумаў, я прыйшоў у такое шаленства, што ледзьве было не прапусцiў зручны момант. Я цяпер дакладна ведаў, што ён адзiн ва ўсiм доме. Таму я без усялякiх цырымонiй стукнуў яго па галаве.
- Стукнулi па галаве?! - усклiкнуў Кемп.
- Так, аглушыў яго, калi ён iшоў унiз. Стукнуў яго стулам, якi стаяў на пляцоўцы лесвiцы. Ён пакацiўся ўнiз, як мех са старым абуткам.
- Але, дазвольце, простая гуманнасць...
- Простая гуманнасць падыходзiць для звычайных людзей. Вы зразумейце, Кемп, мне трэба было выбрацца з гэтага дома апранутым - i так, каб ён мяне не ўбачыў. Iншага спосаба я не мог прыдумаць. Потым я заткнуў яму рот камзолам эпохi Людовiка Чатырнаццатага i завязаў яго ў прасцiну.
- Завязалi ў прасцiну?
- Зрабiў з яго нешта накшталт вузла. Добры сродак, каб напалохаць гэтага iдыёта i пазбавiць яго магчымасцi крычаць i рухацца, а выбрацца з гэтага вузла было б не так проста. Дарагi Кемп, нечага сядзець i глядзець на мяне, як на забойцу. У яго ж быў рэвальвер. Калi б ён убачыў мяне, ён мог бы апiсаць маю знешнасць...
- Але ўсё ж, - сказаў Кемп, - у Англii, у наш час... I чалавек жа гэты быў у сябе дома, а вы... вы ўчынiлi грабеж!
- Грабеж? Чорт ведае што такое! Вы яшчэ, бадай, назавеце мяне злодзеем. Спадзяюся, Кемп, вы не настолькi неразумны, каб скакаць пад старую дудку. Няўжо вы не можаце зразумець, як мне было?
- Магу. Але як было яму! - сказаў Кемп.
Невiдзiмка ўскочыў.
- Што вы хочаце сказаць? - спытаўся ён.
Твар Кемпа прыняў некалькi суровы выгляд. Ён хацеў было загаварыць, але ўстрымаўся.
- Урэшце, - сказаў ён, раптам мяняючы тон, - я думаю, што нiчога другога вам не заставалася. Ваша становiшча было бязвыхаднае. А ўсё ж...
- Вядома, я быў у бязвыхадным становiшчы... у жудасным становiшчы! Ды i стары давёў мяне да шаленства - ганяўся за мной па ўсiм доме, пагражаў сваiм дурацкiм рэвальверам i адчыняў i замыкаў дзверы... Гэта было невыносна! Вы ж не вiнавацiце мяне, праўда? Не вiнавацiце?
- Я нiколi нiкога не вiнавачу, - адказаў Кемп. - Гэта зусiм выйшла з моды. Ну, а што вы зрабiлi потым?
- Я быў галодны. Унiзе я знайшоў бохан хлеба i крыху прагорклага сыру, гэта было больш чым дастаткова, каб прагнаць голад. Затым я выпiў крыху брэндзi з вадой i накiраваўся мiма майго iмправiзаванага вузла - ён ляжаў не варушачыся - у пакой са старой вопраткай. Акно гэтага пакоя, завешанае бруднай карункавай фiранкай, выходзiла на вулiцу. Я асцярожна выглянуў. Дзень быў яркi, асляпляльна яркi ў параўнаннi са змрокам панурага дома, у якiм я знаходзiўся. Вулiца была вельмi ажыўленая: каляска з фруктамi, пралёткi, ламавiк з кучай скрынак, павозка гандляра рыбай. У мяне замiтусiлася ў вачах, i я вярнуўся да паўцёмных палiц. Узбуджэнне маё ўляглося, мной зноў авалодала цвярозае ўсведамленне майго становiшча. У пакоi стаяў слабы пах бензiну, якi ўжываўся, вiдавочна, для чысткi вопраткi.
Я пачаў старанна аглядваць пакой за пакоем. Напэўна, гарбун ужо даўно жыў у гэтым доме адзiн. Цiкавая асоба... Усё, што толькi магло мне спатрэбiцца, я сабраў у пакой, дзе ляжалi касцюмы, потым стаў прыдзiрлiва ўсё перабiраць. Я знайшоў сакваяж, якi мог аказацца мне вельмi карысным, пудру, румяны i лiпкi пластыр.
Спачатку я прыдумаў было нафарбаваць i напудрыць твар, каб зрабiць яго бачным, але тут жа ўцямiў, што ў гэтым ёсць вялiкая нязручнасць: для таго, каб зноў знiкнуць, мне спатрэбiўся б шкiпiнар i некаторыя iншыя сродкi, i гэта забiрала б шмат часу. Нарэшце я выбраў маску, злёгку карыкатурную, але не ў большай ступенi, чым многiя чалавечыя твары, цёмныя акуляры, бакенбарды з сiвiзной i парык. Бялiзну я не знайшоў, але яе можна было купiць пазней, а пакуль што я захутаўся ў каленкоравае дамiно i белы шарсцяны шалiк; шкарпэтак не было, затое чаравiкi гарбуна падышлi амаль якраз. У касе аказалася тры савярэны i на трыццаць шылiнгаў срэбра, а ўзламаўшы шафу, я знайшоў восем фунтаў золатам. Забяспечаны такiм чынам, я змог зноў выйсцi на белы свет.
Тут мяне апанавала сумненне: цi сапраўды мая знешнасць праўдападобная? Я ўважлiва агледзеў сябе ў маленькiм туалетным люстэрку, паварочваючыся то так, то гэтак, правяраючы, цi не ўпусцiў я чаго-небудзь, - не, як быццам усё ў парадку: фiгура гратэскавая, штосьцi накшталт жабрака са сцэны тэатра, але агульны выгляд нiштаваты, бываюць i такiя людзi. Крыху супакоiўшыся, я спусцiўся з люстэркам у краму, апусцiў фiранкi i зноў агледзеў сябе з усiх бакоў у трумо.
Некалькi хвiлiн я збiраўся з духам, потым адчынiў дзверы i выйшаў на вулiцу, дазволiўшы маленькаму гарбуну сваiмi сiламi выбiрацца з прасцiны. У блiжэйшыя пяць хвiлiн я зварочваў за вугал на кожным скрыжаваннi. Мой выгляд не прыцягваў нiякай увагi. Здавалася, я пераступiў цераз апошнюю перашкоду.
Ён замоўк.
- А гарбуна вы так i пакiнулi на волю лёсу? - спытаўся Кемп.
- Так, - сказаў Невiдзiмка. - Не ведаю, што з iм сталася. Напэўна, ён развязаў прасцiну, дакладней разарваў яе. Вузлы былi моцныя.
Ён зноў замоўк, падняўся i стаў глядзець у акно.
- Ну, а потым вы выйшлi на Стрэнд - i далей што?
- О, зноў расчараванне! Я думаў, што нягоды мае закончылiся i цяпер я магу беспакарана рабiць усё, што ўздумаецца, калi толькi захаваю сваю тайну. Так мне здавалася. Я мог рабiць усё, што хацеў, i не лiчыцца з вынiкам: варта толькi скiнуць вопратку, каб знiкнуць. Затрымаць мяне нiхто не мог. Грошы можна браць дзе захочаш. Я вырашыў даць сабе раскошны пiр, пасялiцца ў лепшым гатэлi i абзавесцiся новай маёмасцю. Самаўпэўненасць мая не ведала гранiц, нават непрыемна ўспамiнаць, якiм я быў аслом. Я зайшоў у рэстаран, стаў заказваць абед i раптам уцямiў, што, не адкрыўшы твару, не змагу пачаць есцi. Я заказаў абед i выйшаў разгневаны, сказаўшы афiцыянту, што вярнуся праз дзесяць хвiлiн. Не ведаю, цi даводзiлася вам, Кемп, галоднаму, як воўк, зведаць такое расчараванне?
- Такое - нiколi, - сказаў Кемп, - але я цалкам сабе гэта ўяўляю.
- Я гатовы быў забiць iх, гэтых крэцiнаў. Нарэшце зусiм змучаны голадам, я зайшоў у другi рэстаран i запатрабаваў асобны пакой. 'Я знявечаны, - сказаў я, - атрымаў моцныя раненнi'. Афiцыянты паглядзелi на мяне з цiкаўнасцю, але распытваць, зразумела, не асмелiлiся, i я нарэшце паабедаў. Сервiроўка магла быць i лепшай, але я добра пад'еў i, зацягнуўшыся цыгарай, стаў абдумваць, як быць далей. На двары пачыналася завiруха.
Чым больш я думаў, Кемп, тым ясней разумеў, якi бездапаможны i недарэчны нябачны чалавек у сырым i халодным клiмаце, у вялiзным цывiлiзаваным горадзе. Да майго безразважнага вопыту мне малявалiся ўсялякiя прывiлеi; цяпер я не бачыў у iм нiчога добрага. Я перабраў у думках усё, чаго можа жадаць чалавек. Праўда, нябачнасць дазваляла многага дасягнуць, але не дазваляла карыстацца дасягнутым. Славалюбства? Але што ў высокiм званнi, калi ўладальнiк яго вымушаны хавацца? Якi толк у каханнi жанчыны, калi яна павiнна быць Далiлай? Мяне не цiкавiць нi палiтыка, нi фiлантропiя, нi спорт. Што ж мне заставалася? Дзеля чаго я звярнуўся ў спавiтую тайну, у захутаную i забiнтаваную пародыю чалавека?
Ён замоўк i, здаецца, паглядзеў у акно.
- А як вы апынулiся ў Айпiнгу? - спытаўся Кемп, каб не даць спынiцца размове.
- Я паехаў туды працаваць. У мяне тады мiльганула смутная надзея, цяпер гэта думка саспела: вярнуцца ў ранейшы стан. Вярнуцца, калi мне гэта спатрэбiцца, калi я невiдзiмкам зраблю ўсё што хачу. Аб гэтым перш за ўсё мне i трэба пагаварыць з вамi.
- Вы прама паехалi ў Айпiнг?
- Так. Атрымаў свае заметкi i чэкавую кнiжку, набыў бялiзну i ўсё неабходнае, заказаў рэактывы, з дапамогай якiх хацеў ажыццявiць сваю задуму (як толькi атрымаю кнiгi, пакажу вам свае падлiкi), i паехаў. Божа, якая была завiруха, i як цяжка было зберагчы пракляты кардонны нос, каб ён не размок ад снегу!