пашанцуе запакаваць i адправiць пакет, але я не зразумеў iх сiстэмы кантролю. Каля адзiнаццацi гадзiн я вырашыў, што ў магазiне заставацца няма сэнсу, i ўжо снег растаяў i было цяплей, чым напярэдаднi, i я выйшаў на вулiцу. Я быў у роспачы ад сваёй няўдачы, а адносна будучага планы мае былi самыя смутныя.

Раздзел ХХIII

НА ДРУРЫ-ЛЕЙН

- Цяпер вы пачынаеце разумець, - працягваў Невiдзiмка, - усю нязручнасць майго становiшча. У мяне не было нi прыстанiшча, нi вопраткi, а апрануцца - значыць адмовiцца ад усiх маiх пераваг, ператварыцца ў нешта дзiўнае i страшнае. Я нiчога не еў, таму што прымаць ежу, гэта значыць, напаўняць сябе непразрыстым рэчывам i стаць агiдна бачным.

- Аб гэтым я i не падумаў, - сказаў Кемп.

- Так, i я таксама. А снег адкрыў мне вочы на iншую небяспеку. Я не змог выходзiць на вулiцу, калi iшоў снег: ён аблеплiваў i такiм чынам выдаваў. Дождж таксама выдаваў бы маю прысутнасць, абводзячы мяне вадзяным контурам i ператвараючы мяне ў паблiскваючую паверхнасць чалавека - у пузыр. А туман? Пры тумане я ператвараўся б у мутны пузыр, у вiльготны абрыс чалавека. Акрамя таго, бадзяючыся па вулiцах у лонданскай атмасферы, я пэцкаў ногi, а на скуры асядалi сажа i пыл. Я не ведаў, колькi спатрэбiцца часу, каб гразь выдала мяне; але я ясна разумеў, што гэта не за гарамi, паколькi размова iшла аб Лондане. Я накiраваўся да трушчобаў каля Грэйт-Портленд-стрыт i апынуўся ў канцы вулiцы, дзе жыў раней. Я не пайшоў гэтай дарогай, таму што насупраць яшчэ дымных руiн дома, якi я падпалiў, стаяў густы натоўп. Мне трэба было знайсцi вопратку. Тут мне кiнулася ў вочы адна з тых карчомак, дзе прадаецца ўсё: газеты, ласункi, цацкi, канцылярскiя прылады, ёлачныя ўпрыгожаннi i так далей; у вiтрыне я заўважыў цэлую выстаўку масак i насоў - i гэта зноў падказала мне тую ж думку, што i цацкi ў 'Omnium'. Я павярнуў назад, ужо з акрэсленай мэтай, i пазбягаючы шматлюдных вулiц, накiраваўся да глухiх кварталаў на поўнач ад Стрэнда: я ўспомнiў, што дзесьцi ў гэтых месцах гандлююць вырабамi два цi тры тэатральныя касцюмеры.

Дзень быў халодны, уздоўж вулiц дзьмуў пранiзлiвы паўночны вецер. Я iшоў хутка, каб на мяне не натыкалiся ззаду. Кожнае скрыжаванне ўяўляла для мяне небяспеку, за кожным прахожым я павiнен быў пiльна сачыць. У канцы Бедфорд-стрыт нейкi чалавек, мiма якога я праходзiў, нечакана павярнуўся i, наляцеўшы прама на мяне, збiў мяне на маставую, дзе я ледзьве не трапiў пад колы пралёткi. Рамiзнiкi, якiя тут знаходзiлiся, вырашылi, што з iм адбылося нешта накшталт удара. Гэта сутыкненне так падзейнiчала на мяне, што я зайшоў на рынак Ковент-Тардэн i там сеў у куток, каля латка з фiялкамi, задыхаючыся i дрыжучы ад страху. Я, мусiць, моцна прастудзiўся i вымушаны быў неўзабаве пайсцi адтуль, каб не прыцягнуць увагу сваiм чханнем.

Нарэшце я дасягнуў мэты сваiх пошукаў, - гэта была брудная, заседажаная мухамi крама ў завулку каля Друры-Лейн, з акном, поўным тэатральных касцюмаў, фальшывых каштоўнасцяў, парыкоў, туфляў, дамiно i фотаздымкаў акцёраў. Крама была старая, нiзкая i цёмная, а над ёю высiлiся яшчэ чатыры паверхi змрочнага, панурага дома. Я зазiрнуў у акно i, не заўважыўшы нiкога ў краме, увайшоў. Падвешаны да дзвярэй званочак бразнуў. Я пакiнуў дзверы адчыненымi, а сам шмыгнуў мiма пустога манекена i схаваўся ў кутку за вялiкiм трумо. З хвiлiну нiхто не з'яўляўся. Потым я пачуў у краме нечыя цяжкiя крокi.

Я паспеў ужо скласцi план дзеянняў. Я думаў прабрацца ў дом, схавацца дзе-небудзь наверсе, дачакацца зручнай хвiлiны i, калi ўсё сцiхне, падабраць сабе парык, маску, акуляры i касцюм, а там непрыкметна выслiзнуць на вулiцу, магчыма ў вельмi недарэчным, але ўсё ж праўдападобным выглядзе. Мiж iншым, я спадзяваўся ўзяць i грошы, якiя трапяцца пад руку.

Чалавек, якi зайшоў у краму, быў маленькi гарбун з нахмураным лбом, доўгiмi рукамi i вельмi кароткiмi крывымi нагамi. Мусiць, мой званок застаў яго за ядой. Ён запытальна агледзеў краму, потым чаканне на яго твары змянiлася здзiўленнем i нарэшце гневам, калi ён пераканаўся, што ў краме нiкога няма. 'Чорт бы ўзяў гэтых хлапчукоў!' - прагаварыў ён. Ён выйшаў на вулiцу i паглядзеў направа i налева. Праз хвiлiну ён вярнуўся, са злосцю зачынiў дзверы нагой i, бармочучы штосьцi сам сабе, накiраваўся да дзвярэй, адкуль выйшаў упершыню.

Я выбраўся са сваёй схованкi, каб iсцi за iм, але, пачуўшы мой рух, ён спынiўся як укапаны. Спынiўся i я, уражаны тонкасцю яго слыху. Ён зачынiў дзверы перад самым маiм носам.

Я быў у нерашучасцi. Раптам я зноў пачуў яго хуткiя крокi, i дзверы зноў адчынiлiся. Ён стаў аглядваць краму з выглядам чалавека, чые падазрэннi яшчэ не рассеялiся. Затым, па-ранейшаму бармочучы, агледзеў з абодвух бакоў прылавак, зазiрнуў пад мэблю, якая стаяла ў краме. Пасля гэтага ён спынiўся, насцярожана азiраючыся. Таму што ён пакiнуў дзверы адчыненымi, я шмыгнуў у суседнi пакой.

Гэта была дзiўная каморка, бедна абсталяваная, з кучай масак у кутку. На стале стаяла астылае снеданне гаспадара. Паверце, Кемп, нялёгка мне было стаяць тут, удыхаючы пах кавы, i глядзець, як ён прымаецца за яду. А еў ён вельмi неапетытна. У пакоi было трое дзвярэй, з якiх адны вялi наверх, iншыя - унiз, але ўсе яны былi зачынены. Я не мог выйсцi з пакоя, пакуль ён у iм знаходзiўся, я не мог нават сысцi з месца з-за яго чартоўскай чуйнасцi, а ў спiну мне дзьмула. Два разы я ледзьве не чхнуў.

Адчуваннi мае былi незвычайныя i цiкавыя, але разам з тым я адчуваў невыносную стомленасць i ледзьве дачакаўся, пакуль ён справiўся са сваiм снеданнем. Нарэшце ён пад'еў, паставiў свой нiкчэмны посуд на чорны бляшаны паднос, на якiм стаяў кафейнiк, i, згарнуўшы крошкi з запэцканага гарчыцай абруса, пайшоў з падносам да дзвярэй. Таму што рукi яго былi заняты, ён не мог зачынiць за сабой дзверы, хаця яму, вiдаць, гэта хацелася зрабiць. Нiколi ў жыццi я не бачыў чалавека, якi б так любiў зачыняць дзверы! Я пайшоў за iм у падвал, у брудную, цёмную кухню. Там я з задавальненнем назiраў, як ён пачаў мыць посуд, а затым, не чакаючы нiякага толку ад майго знаходжання ўнiзе, дзе да ўсяго мае босыя ногi стылi на цаглянай падлозе, я вярнуўся i сеў у яго крэсла перад камiнам. Таму што агонь згасаў, я, не падумаўшы, падкiнуў вуглёў. Гэты шум зараз жа прыцягнуў увагу гаспадара, ён прыбег усхваляваны i пачаў абшукваць пакой, прычым адзiн раз ледзьве не закрануў мяне. Але i гэты старанны агляд, вiдаць, мала задаволiў яго. Ён спынiўся на парозе i, перш чым спусцiўся ўнiз, яшчэ раз уважлiва агледзеў увесь пакой.

Я прасядзеў у гэтай маленькай гасцiнай цэлую вечнасць. Нарэшце ён вярнуўся i адчынiў дзверы наверх. Мне ўдалося працiснуцца следам за iм.

На лесвiцы ён раптам спынiўся, так што я ледзьве не наскочыў на яго. Ён стаяў, павярнуўшы галаву, гледзячы мне прама ў твар i ўважлiва прыслухоўваючыся. 'Я гатовы паклясцiся...' - сказаў ён. Доўгай валасатай рукой ён пашчыпваў нiжнюю губу, i позiрк яго слiзгаў па лесвiцы. Штосьцi прабурчэўшы, ён стаў падымацца наверх.

Ужо ўзяўшыся за ручку дзвярэй, ён зноў спынiўся з выразам таго ж сярдзiтага неразумення на твары. Ён вiдавочна ўлоўлiваў шорах маiх рухаў. Як бачна, у гэтага чалавека быў незвычайна тонкi слых. Раптам iм авалодала шаленства. 'Калi хто-небудзь забраўся ў дом...' - закрычаў ён, моцна вылаяўся i, не закончыўшы пагрозы, сунуў руку ў кiшэню. Не знайшоўшы там таго, што шукаў, ён шумна i сярдзiта кiнуўся мiма мяне ўнiз. Але я за iм не паследаваў, а ўсеўся на верхняй прыступцы лесвiцы i стаў чакаць яго вяртання.

Неўзабаве ён з'явiўся зноў, усё яшчэ штосьцi мармычучы. Ён адчынiў дзверы, але перш чым я паспеў увайсцi, ён зачынiў iх перад маiм носам.

Я вырашыў агледзець дом i патрацiў на гэта нейкi час, стараючыся рухацца як мага цiшэй. Дом быў зусiм стары, ды такi сыры, што шпалеры адсталi ад сцен, i поўны пацукоў. Амаль усе дзвярныя ручкi паварочвалiся вельмi туга, i я баяўся чапаць iх. Некаторыя пакоi былi зусiм без мэблi, а iншыя завалены тэатральным хламам, якi быў куплены - калi меркаваць па яго знешнiм выглядзе - з другiх рук. У пакоi побач са спальняй я знайшоў кучу старой вопраткi. Я стаў нецярплiва капацца ў ёй i, захапiўшыся, забыўся пра тонкi слых гаспадара. Я пачуў асцярожныя крокi i падняў галаву якраз своечасова: гаспадар з'явiўся на парозе са старым рэвальверам у руцэ i ўтаропiўся на раскiданую кучу вопраткi. Я стаяў, не варушачыся, увесь час, пакуль ён з разяўленым ротам падазрона аглядваў пакой. 'Напэўна яна! паволi вымавiў ён. - Чорт бы яе ўзяў!'

Ён бясшумна зачынiў дзверы i тут жа замкнуў iх на ключ. Я пачуў яго крокi, якiя аддалялiся. I раптам я зразумеў, што замкнуты. У першую хвiлiну я разгубiўся. Прайшоў ад дзвярэй да акна i назад i спынiўся, не ведаючы, што рабiць. Мяне ахапiла шаленства. Але я вырашыў перш за ўсё агледзець вопратку, i першая ж мая спроба сцягнуць вузел з верхняй палiцы, зноў устрывожыла гаспадара. Ён з'явiўся яшчэ больш змрочны, чым раней. На гэты раз ён зачапiў мяне, адскочыў i, уражаны, спынiўся, разявiўшы рот, пасярод пакоя.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату