Значыць, усё праўда!

Для мiстэра Хiласа падумаць так азначала - дзейнiчаць неадкладна, i кухарка яго, якая назiрала за iм з акна верхняга паверха, са здзiўленнем убачыла, як ён кiнуўся да дома с хуткасцю добрых дзевяцi мiль у гадзiну. Пачулася бразганне дзвярэй, звон калакольчыка i голас мiстэра Хiласа, якi крычаў на ўсё горла:

- Зачынiце дзверы! Зачынiце вокны! Зачынiце ўсё! Невiдзiмка iдзе!

Увесь дом адразу ж напоўнiўся крыкамi, загадамi i тупатам бягучых ног. Мiстэр Хiлас сам пабег зачыняць балконныя дзверы, i тут з-за агароджы паказалася галава, плечы i калена доктара Кемпа. Яшчэ хвiлiна - i Кемп, прабегшы па градцы спаржы, паiмчаў па тэнiснай пляцоўцы да дома.

- Нельга, - сказаў мiстэр Хiлас, засоўваючы завалу. - Мне вельмi шкада, калi ён гонiцца за вамi, але ўвайсцi сюды нельга.

Да шкла прыцiснуўся твар Кемпа, скажоны жахам. Ён стаў стукаць у балконныя дзверы i шалёна тузаць ручку. Бачачы, што ўсё дарэмна, ён прабег па балкону, саскочыў у сад i пачаў грукаць у бакавыя дзверы. Потым выбег цераз бакавыя веснiчкi, абагнуў дом i кiнуўся бегчы па дарозе. I ледзьве паспеў ён схавацца з вачэй мiстэра Хiласа, якi ўвесь час спалохана глядзеў у акно, як градку спаржы бязлiтасна змялi нябачныя ногi. Тут мiстэр Хiлас памчаўся па лесвiцы наверх, i далейшага палявання ён ужо не бачыў. Але, прабягаючы мiма акна, ён пачуў, як грукнулi бакавыя веснiчкi.

Выскачыўшы на дарогу, Кемп, натуральна, пабег пад гару. Такiм чынам, яму давялося самому здзейснiць той жа самы прабег, за якiм ён сачыў такiм крытычным позiркам з акна свайго кабiнета ўсяго толькi чатыры днi таму назад. Для чалавека, якi даўно не трэнiраваўся, ён бег нядрэнна, i хаця ён пабляднеў i аблiваўся потам, думка яго працавала спакойна i цвяроза. Ён нёсся буйнай рыссю i, калi траплялiся нязручныя мясцiны, рознае каменне цi асколкi разбiтага шкла, якiя ярка блiшчалi на сонцы, бег прама па iх, дазваляючы нябачным босым нагам свайго праследавацеля выбiраць шлях па асабiстаму жаданню.

Упершыню ў сваiм жыццi Кемп пераканаўся, што дарога па ўзгорку, як нi дзiўна, вельмi доўгая i бязлюдная i што ўскраiна горада там, ля падножжа гары, знаходзiцца занадта далёка. Нiколi яшчэ не iснавала больш цяжкага i марудлiвага спосабу перамяшчэння, чым бег. Дамы i дачы, што драмалi пад паўдзённым сонцам, вiдавочна, былi замкнуты, зачынены наглуха. Праўда, яны былi замкнуты i зачынены па яго асабiстым загадзе. Але хаця б хто-небудзь здагадаўся на ўсялякi выпадак сачыць за тым, што адбываецца наўкола! Здалёку паказаўся горад, мора знiкла з поля зроку, унiзе былi людзi. Да падножжа ўзгорка якраз пад'язджала конка. А там палiцэйская ўправа. Але што гэта чутна ззаду, крокi? Ходу!

Людзi знiзу глядзелi на яго; некалькi чалавек кiнулiся бегчы. Дыханне Кемпа стала хрыплым. Цяпер конка была зусiм блiзка, у шынку 'Вясёлыя крыкетысты' шумна зачынялiся дзверы. За конкай былi слупы i груды шчэбню для дрэнажных работ. У Кемпа мiльганула была думка ўскочыць у вагон конкi i зачынiць дзверы, але ён вырашыў, што лепш накiравацца прама ў палiцыю. Праз хвiлiну ён мiнуў 'Вясёлых крыкетыстаў' i апынуўся ў канцы вулiцы, сярод людзей. Кучар конкi i яго памочнiк перасталi выпрагаць коней i глядзелi на яго, разявiўшы рот; з-за груды шчэбню выглядвалi здзiўленыя землякопы.

Кемп крыху суцiшыў бег, але, пачуўшы за сабой хуткi тупат свайго праследавацеля, зноў прыбавiў хаду.

- Невiдзiмка! - крыкнуў ён землякопам, няпэўным жэстам паказваючы назад, i, па шчаслiваму натхненню, пераскочыў канаву, так што памiж iм i Невiдзiмкам апынулася некалькi дужых мужчын. Кемп перадумаў бегчы ў палiцыю, ён звярнуў у завулак, прамчаўся мiма каляскi зяленшчыка, прамарудзiў iмгненне каля дзвярэй каланiяльнай карчмы i пабег па бульвары, якi выходзiў на галоўную вулiцу. Дзецi, што гулялi пад дрэвамi, з крыкам разбеглiся пры яго з'яўленнi; расчынiлася некалькi вокнаў, i разгневаныя мацi штосьцi крычалi яму наўздагон. Ён зноў выбег на Хiл-стрыт, ярдаў за трыста ад станцыi конкi, i тут жа ўбачыў натоўп людзей, якiя крычалi i беглi.

Ён зiрнуў уверх па вулiцы, у напрамку да ўзгорка. Ярдах у дванаццацi ад яго бег рослы землякоп, гучна лаяўся i адчайна размахваў рыдлёўкай; следам за iм iмчаў, сцiснуўшы кулакi, кандуктар конкi. За iмi беглi яшчэ людзi, гучна крычалi i замахвалiся на кагосьцi. З другога боку, у напрамку да горада, таксама спяшалiся мужчыны i жанчыны, i Кемп убачыў, як з адной карчмы выскачыў чалавек з палкай у руцэ.

- Акружайце яго! - крыкнуў хтосьцi.

Кемп раптам зразумеў, наколькi змянiлася сiтуацыя. Ён спынiўся i агледзеўся, ледзьве пераводзячы дух.

- Ён дзесьцi тут! - крыкнуў ён. - Ачапiце...

Кемп атрымаў страшэнны ўдар па вуху i захiстаўся; ён паспрабаваў абярнуцца да нябачнага працiўнiка, але ледзьве ўстаяў на нагах i ўдарыў па пустой прасторы. Потым ён атрымаў моцны ўдар у скiвiцу i звалiўся на зямлю. Праз секунду ў жывот яму ўперлася калена, i дзве рукi моцна схапiлi яго за горла, але адна з iх была слабейшая. Кемпу ўдалося сцiснуць кiсцi рук Невiдзiмкi; пачуўся гучны стогн, i раптам над галавой Кемпа ўзвiлася рыдлёўка землякопа i з глухiм стукам апусцiлася на нешта. На твар Кемпа штосьцi капнула. Рукi, якiя трымалi яго за горла, раптам аслабелi; сутаргавым намаганнем ён вызвалiўся, ухапiўся за абмяклае плячо свайго працiўнiка i навалiўся на яго, прыцiскаючы да зямлi нябачныя локцi.

- Я злавiў яго! - завiшчаў Кемп. - Памажыце! Ён тут! Трымайце яго за ногi.

Секунда - i да месца бойкi рынуўся ўвесь натоўп. Выпадковы глядач мог бы падумаць, што тут разыгрываецца нейкi асаблiва бескампрамiсны футбольны матч. Пасля выкрыкаў Кемпа нiхто ўжо не сказаў нi слова, - чуўся толькi шум удараў, тупат ног i цяжкае дыханне.

Невiдзiмку ўдалося нечалавечым намаганнем скiнуць з сябе некалькi працiўнiкаў i падняцца на ногi. Кемп учапiўся ў яго, як гончая ў аленя, i дзесяткi рук хапалi, калацiлi i рвалi нябачную iстоту. Кандуктар конкi злавiў яго за шыю i зноў павалiў на зямлю.

Зноўку ўтварылася груда раз'юшаных людзей. Бiлi, трэба прызнацца, немiласэрна. Раптам пачуўся дзiкi лямант: 'Злiтуйцеся, злiтуйцеся!' - i хутка зацiх у прыдушаным стогне.

- Пакiньце яго, дурнi! - крыкнуў Кемп глухiм голасам, i натоўп адступiў назад. - Ён ранены, гавораць вам. Адыдзiце!

Нарэшце ўдалося крыху адцяснiць людзей, якiх згрудзiла i разгарачыла схватка, i ўсе ўбачылi доктара Кемпа, якi быў нiбы прыўзняты цаляў на пятнаццаць у паветры i прыцiскаў да зямлi нябачныя рукi. Ззаду яго палiсмен трымаў нябачныя ногi.

- Не выпускайце яго! - крыкнуў рослы землякоп, размахваючы скрываўленай рыдлёўкай. - Прытвараецца.

- Ён не прытвараецца, - сказаў Кемп, асцярожна прыўзнiмаючы сваё калена, - а мiж тым, я яго трымаю. - Твар у Кемпа быў разбiты i ўжо пачынаў апухаць; ён гаварыў з цяжкасцю, з губы цякла кроў. Ён падняў адну руку i, вiдаць, стаў абмацваць твар ляжачага. - Рот увесь мокры, - сказаў ён i раптам усклiкнуў: - Божа праведны!

Кемп хутка падняўся i зноў апусцiўся на каленi каля нябачнай iстоты. Зноў пачалася штурханiна i таўкатня, чуўся тупат падбягаючых цiкаўных. З усiх дамоў выбягалi людзi. Дзверы 'Вясёлых крыкетыстаў' расчынiлiся насцеж. Гаварылi мала.

Кемп вадзiў рукой, быццам абмацваючы пустое паветра.

- Не дыхае, - сказаў ён. - I сэрца не б'ецца. Як яго... ох!

Нейкая старая, якая выглядвала з-пад локця рослага землякопа, раптам гучна ўскрыкнула:

- Глядзiце, - сказала яна, выцягнуўшы маршчынiсты палец.

I, глянуўшы ў паказаным напрамку, усе ўбачылi бледныя абрысы рукi, якая бяссiльна ляжала на зямлi; рука была быццам шкляная, можна было разгледзець усе вены i артэрыi, усе косцi i нервы. Яна губляла празрыстасць i мутнела на вачах.

- Ого! - усклiкнуў канстэбль. - А вось i ногi паказваюцца.

I так павольна, пачынаючы з рук i ног, паступова распаўзаючыся па ўсiх членах да жыццёвых цэнтраў, працягваўся гэты дзiўны пераход да бачнай цялеснасцi. Гэта было як павольнае распаўсюджанне яда. Спачатку выяўлялiся тонкiя белыя нервы, утвараючы быццам бы слабы малюнак цела, затым шклопадобныя косцi i разгалiнаваныя артэрыi, затым мышцы i скура, якiя прымалi спачатку выгляд лёгкай туманнасцi, але хутка цямнелi i цвярдзелi. Неўзабаве можна было ўжо распазнаць раздушаныя грудзi, плечы i цьмяна праяўлялiся рысы знявечанага i разбiтага твару.

Калi нарэшце натоўп расступiўся i Кемпу ўдалося падняцца на ногi, усе прысутныя ўбачылi распасцёртае на зямлi голае, вартае жалю, збiтае i скалечанае цела чалавека гадоў трыццацi. Валасы i бровы ў яго былi

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату