А калi ты будуеш кляштары i пiшаш на брамах: 'Дарога да святынi', я кажу: 'Да чаго? Цi не новая гэта бязглуздасць?'
Самому сабе заснаваў ты папраўчы дом i сховiшча - што ж! На здароўе! Толькi не веру я ў гэта.
Бо ў адасабленнi расце тое самае, што чалавек прыносiць: узрастае i быдла, якое ён носiць у сабе. Таму многiм трэба пазбягаць адасаблення.
Цi было дагэтуль на зямлi што-небудзь больш бруднае, чым пустэльнiкi? Не адзiн толькi д'ябал апантана кружляў вакол iх - але i свiннi.
14
Часта бачыў я, як нясмелыя, збянтэжаныя, нехлямяжыя, быццам тыгр, якому не ўдаўся скачок, пракрадвалiся вы бачком, о вышэйшыя людзi! Бо няўдала вы кiнулi гульнёвыя косцi.
Але, гульцы, цi варта засмучацца праз гэта! Вы не навучылiся яшчэ як след гуляць i смяяцца з рызыкi! Цi не сядзiм мы заўсёды, так цi iнакш, за вялiкiм гульнёвым сталом, за якiм так многа смяюцца?
I калi не ўдалося, цi азначае гэта, што вы самi не ўдалiся? А калi вы самi не ўдалiся, цi азначае гэта, што не ўдаўся Чалавек? А калi не ўдаўся Чалавек: ну, якое ж тут рады дасi!
15
Чым высакароднейшае, тым больш рэдкае. Вы, вышэйшыя людзi, што пазбiралiся тут, цi ж не ўсе вы не ўдалiся?
Хай так - ну i што? Не падупадайце духам! Яшчэ шмат што можна! Навучыцеся смяяцца з сябе, смяяцца як след!
Няма нiчога дзiўнага, што вы не ўдалiся альбо ўдалiся толькi напалавiну, вы, напалавiну разбiтыя! Хiба не б'ецца, не пульсуе ў вас чалавечая будучыня?
Уся глыбiня i далячынь, уся зорная высь i пачварная сiла: цi не падымаецца ўсё гэта пенаю ў катле вашым?
Якое дзiва, што многiя катлы лопаюцца! Вучыцеся смяяцца з сябе, смяяцца як трэба! О, яшчэ многа можна, о вышэйшыя людзi!
I праўда, як многа ўжо ўдалося! Якая багатая зямля ад дасканаласцi невялiкiх, але прыгожых рэчаў, што сапраўды хораша ўдалiся!
Абстаўляйце сябе гэтай дасканаласцю, вышэйшыя людзi! Яе залатая сталасць ацаляе сэрца. Усё дасканалае вучыць спадзявацца.
16
Якi грэх, учынены тут, на зямлi, да гэтага часу сама цяжкi? Цi не словы таго, хто сказаў: 'Гора тым, што смяюцца!'
Няўжо ён не знайшоў на зямлi, з чаго пасмяяцца? Значыцца, ён блага шукаў. Прычыны знаходзiць нават дзiця.
Мала любовi было ў iм, iнакш ён палюбiў бы ўсiх, што смяюцца! Але ён ненавiдзеў i ганiў нас, прадказваючы нам плач i скрогат зубоў.
Цi трэба адразу праклiнаць, калi не любiш? У мяне гэта - дрэнны густ. Але менавiта так рабiў ён, гэты нецярпiмы. Ён выйшаў з чэрнi.
Мала ў iм было любовi - iнакш ён не гневаўся б, што не любяць яго самога. Усякая вялiкая любоў жадае нелюбовi, яна прагне большага.
Ухiляйцеся ад такiх нецярплiвых! Гэта парода хворых i няшчасных, гэта чэрня; кiсла глядзяць яны на жыццё, лiхiм вокам глядзяць на зямлю.
Ухiляйцеся ад такiх нясцерпных! У iх цяжкiя ногi i прыгнечаныя сэрцы: не ўмеюць яны танцаваць. Як жа зямля можа быць iм лёгкаю!
17
Крывымi дарогамi iдуць усе добрыя рэчы да сваёй мэты. Яны выгiнаюцца, як каты, муркаюць ад блiзкасцi шчасця: усе добрыя рэчы смяюцца.
Цi iдзе ўжо чалавек па сваёй дарозе, а цi не - гэта выдае паходка ягоная: зiрнiце, як iду я! Ну, а той, якi ўжо блiзкi да мэты сваёй, той танцуе!
I сапраўды я не стаў помнiкам i не зрабiўся нерухам, тупым, скамянелым слупам: я люблю шпарка бегаць.
Хоць ёсць на зямлi i багны, i гразкi смутак, усё роўна той, у каго лёгкiя ногi, прабягае нават па глеi i танцуе на iм, як на падмеценым лёдзе.
Братове мае, падымайце сэрцы вашыя ўсё вышэй i вышэй! Але не забывайцеся i пра ногi! Вышэй, як спорыя танцоры, падымайце вашыя ногi, а яшчэ лепей стойце на галаве!
18
Гэты вянок таго, хто смяецца, вянок з ружаў, я сам усклаў на сябе i сам асвяцiў свой смех. Больш нiкога не знайшоў дастаткова моцным на гэта.
Заратустра - танцор, Заратустра - лёгкi, ён махае крыламi i гатовы ў лёт, ён клiча за сабою ўсiх птушак, увiшны i шчасна лёткi.
Заратустра - прарок, Заратустра, якi вяшчае iсцiны смехам, цярплiвы, цярпiмы, улюбёны ў скачкi i авантуры, сам усклаў я на сябе гэты вянок!
19
Братове мае, падымайце вашыя сэрцы вышэй i вышэй! Не забывайцеся i пра ногi! Вы - заўзятыя танцоры, вышэй падымайце вашыя ногi, а яшчэ лепш - станьце на галаву!
Бываюць звяры, цяжка-важкiя нават у шчасцi сваiм; ёсць няўклюды ад нараджэння. Гэтаксама пацешна глядзець на iхнiя намогi i высiлкi, як на слана, якi спрабуе стаяць на галаве.
Але лепей з'ехаць з глузду ад шчасця, чым ад няўдач, лепей няўклюдна танцаваць, чым хадзiць кульгаючы. Вучыцеся ж маёй мудрасцi: нават у горшай рэчы ёсць некалькi добрых другiх бакоў,
- нават у горшай рэчы дастаткова моцныя ногi на танец: навучыцеся ж, вышэйшыя людзi, стаяць на сваiх нагах!
Забудзьце спевы скрухi, забудзьце паныласць чэрнi! О, якiмi панылымi сёння бачацца мне гэтыя блазны, што весяляць натоўп! Але ўсё сённяшняе належыць натоўпу.
20
Будзьце, як вецер, што вырываецца з цяснiн: пад свiст сваёй жалейкi ён гатовы скакаць, моры дрыжаць i хвалююцца пад яго нагамi.
Слава таму браваму, неўтаймавальнаму духу, якi дае крылы аслам, якi доiць iльвiц, духу, якi ўраганам прыходзiць да ўсяго сённяшняга i да ўсякай чэрнi,
- Духу, якi варожы любамудраму чартапалоху, зусiм завялым лiстам i жытцам: слава дзiкаму, бадзёраму, свабоднаму духу буры, якi танцуе па багнах i паныласцi, быццам па лугах!
Якi ненавiдзiць гаротных дварнякоў прасталюддзя i ўсякае выроддзе, няўдалае i змрочнае; слава гэтаму духу свабоднага розуму, гэтай рассмяянай буры, якая зацярушвае пылам вочы тым, хто пакрыты струпамi i бачыць усё ў чорным!
О вышэйшыя людзi, вось ваша горшае: вы не вучылiся танцаваць, як трэба, так каб у танцы выйсцi за межы свае! Што з таго, калi вы - не ўдалiся!
Як многа яшчэ можна! Дык жа навучыцеся ў смеху выходзiць за межы свае! Вы, заўзятыя танцоры, вышэй i вышэй падымайце сэрцы вашыя! I не забывайцеся як след пасмяяцца!
Гэты вянок рассмяянага, гэты вянок з ружаў: я кiдаю яго вам, братове мае. Смех абвясцiў я святым: о вышэйшыя людзi, вучыцеся смяяцца!
Песня тугi
1
Кажучы гэтыя словы, Заратустра стаяў каля пячоры; а з апошнiмi словамi ўцёк ад гасцей i ненадоўга выбег на свежае паветра.
'О чыстыя пахi вакол мяне, - усклiкнуў ён, - о дабрашчасная цiшыня вакол мяне! Але дзе ж мае звяры? Да мяне, мой арол i мая змяя!
Скажыце мне, звяры: можа, пагана пахне ад гэтых вышэйшых, калi яны збiраюцца разам? О чыстыя пахi вакол мяне! Толькi цяпер я разумею i адчуваю, як люблю вас, звяры мае!'
I зноў Заратустра паўтарыў: 'Я люблю вас, звяры мае!' I калi гаварыў ён гэтыя словы, змяя i арол наблiзiлiся да яго, падняўшы на яго вочы. Так стаялi яны цiха ўтрох, удыхаючы чыстае паветра i напiваючыся iм. Бо тут ён быў лепшы, чым у вышэйшых людзей.
2
Але ледзь толькi Заратустра пакiнуў пячору, як устаў стары чарадзей i сказаў, хiтра азiрнуўшыся: 'Ён выйшаў! I вось, вышэйшыя людзi, - дазвольце i мне, як яму, паказытаць вас гэтым лiслiвым назовам, - i вось, вышэйшыя людзi, мяне ўжо забiрае мой злы дух i ашуканец, дух маны i чараў, дэман паныласцi,
- спрадвечны супрацiўнiк Заратустры: даруйце гэта злому духу майму! Прагне ён разгарнуць перад вамi свае чары, бо якраз настаў яго час: дарма я змагаюся з гэтым злым духам.
Усiм вам, якiя б нi былi ўшанаваннi, якiмi вы сябе самi на словах адорваеце, называючы сябе 'свабодным розумам', альбо 'праўдзiвымi', альбо 'духам пакаяння', альбо 'свабоднымi ад путаў', альбо 'поўнымi вялiкай тугi',
- усiм вам, пакутнiкам, як i мне, ад вялiкай агiды, - бо стары Бог памёр для вас, а новы яшчэ не ляжыць спавiты ў калысцы - усiм вам блiзкi мой злы дух, дэман чараў.