Мне дае спадзявацца тое, што вы поўныя пагарды. Бо здольныя да глыбокай пагарды, здольныя i на вялiкую пашану.

Варта вялiкай павагi, што вы спаняверылiся. Бо не навучылiся вы скардзiцца, не навучылiся дробязнай разумнасцi.

Бо сёння пануюць маленькiя людзi: яны прапаведуюць пакорлiвасць, сцiпласць, рупнасць, абачлiвасць i iншыя запаведзi малых цнотаў.

Усё, што бабскага i рабскага роду, i асаблiва мешанiна натоўпу: менавiта гэта прагне быць валадаром чалавечага лёсу - о агiда! Агiда! Агiда!

Гэта яно нястомна пытаецца: 'Як найлепш, найдаўжэй i найпрыемней за ўсё захавацца чалавеку?' I таму яны пануюць сёння.

Пераадолейце iх, гэтых сённяшнiх паноў, гэтых маленькiх людцаў, - о браты мае! Яны - найвялiкшая небяспека Звышчалавеку!

О вышэйшыя людзi! Пераадолейце нiкчэмныя цноты, маленькую разумнасць, дробязную абачлiвасць, мурашыную мiтуслiвасць, мiзэрную самазадаволенасць, 'шчасце большасцi'!

I чым падпарадкоўвацца, лепей паняверцеся. I сапраўды, я люблю вас за тое, што не ўмееце вы жыць у цяперашнiм, вы, вышэйшыя людзi! Бо так жывяце вы найлепей!

4

Цi ёсць у вас мужнасць, о браты мае? Цi ёсць адвага? Не тая мужнасць, у якое ёсць сведкi, а мужнасць пустэльнiкаў i арлоў, якой не бачыць нiякi бог?

Тых, хто з пароды аслоў, а таксама сляпых, п'яных i тых, чые душы халодныя, я не назаву мужнымi. А тых, хто, ведаючы страх, перамагае яго; хто глядзiць у бездань, але глядзiць з гонарам;

- хто бачыць бездань, але паглядам арла, хто хапае яе арлiнымi кiпцюрамi: вось у кiм ёсць мужнасць.

5

'Чалавек злы' - так суцяшалi мяне ўсе мудрыя. О, калi б i сёння было яно так! Бо зло ёсць найлепшая сiла ў чалавеку.

'Чалавек павiнен рабiцца ўсё лепшы i злейшы' - так вучу я. Лепшаму ў Звышчалавеку патрэбна сама злое.

Няхай таму, хто прапаведаваў маленькiм людзям, было дабром тое, што пацярпеў ён за iх i панёс на сабе iх грахi. А я радуюся вялiкаму грэху, як свайму вялiкаму суцяшэнню.

Зрэшты, гэта сказана не ў доўгiя вушы. Ды i не кожнае слова пасуе да кожнае храпы. Гэта тонкiя далiкатныя рэчы. Iх не павiнны таптаць авечыя капыты!

6

Вышэйшыя людзi, ужо цi не думаеце вы, што я прыйшоў лячыць вас ад дурноты?

Альбо, можа, зладзiць вам, пакутнiкам, зручнае спанне? Або вам, непастаянцам, заблуджаным i звiхнёным, паказаць новыя патаемныя сцежкi?

Не! Не! Тры разы не! Трэба, каб болей загiнула вас i каб гiнулi сама лепшыя, бо павiнна вам рабiцца ўсё горш i горш. Толькi так,

- толькi так вырастае чалавек да той вышынi, дзе маланка б'е яго, да вышынi, дастаткова высокай для маланкi!

Да нямногага, да працяглага, да далёкага iмкнецца думка i туга мая: што мне да вашай дробязнай, кароткай, разнастайнай галечы!

Вы мала пакутуеце! Бо пакутуеце за сябе; вы яшчэ не пакутавалi за чалавека. Вы зманiце, калi скажаце iншае! Нiхто з вас яшчэ не пакутаваў за тое, за што пакутаваў я.

7

Мне мала таго, каб маланка больш не шкодзiла: не адводзiць я хачу яе: яна павiнна навучыцца працаваць на мяне.

Даўно ўжо, быццам хмара, згушчаецца мудрасць мая i робiцца ўсё цямнейшаю i цiшэйшаю. Так робiць усякая мудрасць, якая павiнна некалiсь спарадзiць маланку.

Не хачу быць святлом людзям цяперашняга, не хачу называцца ў iх святлом. Асляпiць iх я прагну! Маланка мудрасцi маёй, высмалi iм вочы!

8

Не жадайце нiчога, што вышэй за вашую сiлу: дурная хлуслiвасць заўлашчана тымi, якiя жадаюць вышэй за сваю сiлу.

Асаблiва калi яны прагнуць вялiкага! Бо абуджаюць недавер да вялiкага, гэтыя спрытныя фальшываманетчыкi i камедыянты:

- пакуль, нарэшце, не зробяцца самi сабе фальшам, прыхарошанай чарвiвасцю, пакуль не прыкрыюцца моцнымi словамi, паказнымi цнотамi, блiскучымi падробкамi.

Будзьце ж абачлiвыя, вышэйшыя людзi! Бо няма сёння ў мяне нiчога каштоўнейшага i радчэйшага за праўдзiвасць.

Цi ж не належыць цяперашняе натоўпу? Але натоўп не ведае, што ёсць вялiкае, што - нiкчэмнае, - што такое шчырасць i праўдзiвасць: яна цнатлiва крывiць душою i заўсёды хлусiць.

9

Дык будзьце ж сёння поўныя добрага недаверу, о вышэйшыя людзi, вы, адважныя! Вы, шчырыя сэрцам! Трымайце ў таннасцi свае перакананнi! Бо цяперашняе належыць чэрнi.

Тое, што чэрня прыняла калiсьцi напавер, без доказаў i довадаў, немагчыма абвергнуць нiякiмi доказамi.

На рынку пераконваюць на мiгах. А довады выклiкаюць у натоўпу недавер.

I калi там перамагае праўда, споўнiцеся добрага недаверу i спытайцеся самi ў сябе: 'Якая ж бо гэта магутная аблуда змагалася за яе?'

Старанiцеся i вучоных! Яны ненавiдзяць вас, бо яны без плодзi! У iх халодныя i высахлыя вочы, для iх усе птушкi - ужо аскубеныя.

Такiя, як яны, ганарацца, што не маняць, але ж няздатнасць да хлуснi зусiм не тое самае, што любоў да праўды. Старанiцеся ж iх!

Збавенне ад трасцы - гэта яшчэ не пазнанне! Я не веру застылым галовам. Хто не ўмее хлусiць, не ведае, што ёсць праўда.

10

Калi хочаце высока падняцца, карыстайцеся сваiмi нагамi! Не дазваляйце несцi сябе ўгору, не сядайце на чужыя плечы i галовы!

Я бачу, ты сеў на каня? I борзда iмчышся ўгору, да мэты? Ну i ляцi, ляцi, мой дружа! Ведай толькi, што кульгавасць твая ляцiць разам з табой!

Калi ты будзеш каля мэты i саскочыш з каня, о вышэйшы чалавеча, - менавiта там, на вышынi сваёй, ты будзеш кульгаць!

11

О стваральнiкi, о вышэйшыя людзi! Толькi дзеля свайго дзiцяцi церпяць сваю цяжарнасць.

Не слухайце нiчыiх плявузгаў, не давайцеся, каб вас дурылi! Бо хто ён той блiзкi ваш? I калi намыслiлi вы нешта 'дзеля блiзкага', дык ствараеце ўсё-такi не дзеля яго!

Забудзьцеся пра гэтае 'дзеля', вы, стваральнiкi: бо цнота вашая патрабуе, каб не абыходзiлi вам анiякiя 'дзеля' i 'для' i 'бо'. Хай не прыме ваш слых усiх гэтых iлжывых слоў.

'Дзеля блiзкага' - гэта цнота малых людзей; у iх кажуць: 'Свой свайму хоч-не-хоч, а брат' i 'Рука руку трэ'. У iх няма нi сiлы, нi права на вашае сябелюбства!

О стваральнiкi, у сябелюбстве вашым - асцярога i прадбачлiвасць цяжарнай! Любоў ваша аберагае, кормiць i асланяе той плод, якога яшчэ нiхто не бачыў.

Там, дзе ваша любоў, там i ўся цнота ваша - у дзiцяцi! Ваша паклiканне, вашая воля - вось ваш 'блiзкi': не давайцеся, каб вам навязвалi фальшывыя каштоўнасцi!

12

Вы - стваральнiкi, вышэйшыя людзi! Каму выпадае радзiць, той хворы; але хто радзiў, той нячысты.

Спытайцеся ў жанчын: нараджаюць не таму, што iм гэта дае асалоду. Боль прымушае кудахтаць i паэтаў, i курэй.

У вас многа нячыстага, стваральнiкi. Дык вось, наперадзе ў вас мацярынства.

Толькi што ўроджанае дзiця: о, як многа новага бруду прыходзiць з iм у свет! Сыдзiце з дарогi! Хто нарадзiў, павiнен абмыць сваю душу!

13

Не будзьце дабрадзейныя па-над сiлы свае! I не патрабуйце ад сябе нiчога, што сягае за межы верагоднага!

Пазбягайце ва ўсiм па-рабску iсцi за бацькамi вашымi, але iдзiце пратаптанымi сцежкамi, па якiх ужо хадзiла цнота iхняя! Iнакш як вам падняцца вышэй, калi воля вашых бацькоў не падымаецца разам з вамi?

Але будзь уважлiвы той, хто хоча быць першым, - каб не прыйсцi апошнiм! I там, дзе праяўляюцца заганы бацькоў вашых, няма чаго строiць з сябе святых!

Калi бацькi вашыя правялi жыццё, палюючы на вепраў, ладзячы папойкi i ўсякiя свiнствы ў кампанii жанчын, цi не будзе бязглуздасцю паўстрымлiвасць ваша?

Яна будзе бязглуздасцю! Наадварот, я думаю, што той з вас, у каго ёсць адна, альбо дзве, альбо ўсяго толькi тры жонкi, дасягнуў нямала ў параўнаннi з бацькам сваiм.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату