калi вы i не чужыя мне, дык не такiя блiзкiя, як мая правая рука.
Бо ў каго, як у вас, хворыя i слабыя ногi, таму найперш хочацца, каб лiтавалi яго, усведамляе ён гэта або хавае ад сябе.
Але нi рук, нi ног сваiх не шкадую я - я не лiтую сваiх воiнаў: так што вы няздатныя на маю вайну!
З вамi я змарнаваў бы ўсе свае перамогi. Многiя з вас пападаюць, як толькi пачуюць пошчак маiх барабанаў.
Вы недастаткова прыгожыя для мяне i недастаткова высакародныя. Чыстыя, гладкiя люстэркi патрэбныя мне на павучаннi мае; а ваша паверхня руйнуе нават мой вобраз.
Вашыя плечы нурацца пад цяжарам многiх успамiнаў; многа гнюсотных карлiкаў сядзiць, скурчыўшыся, у патаемных заканурках вашых. Колькi плебейскага вы хаваеце ў сабе!
I нават калi высокiя вы i вышэйшага роду: многа ў вас крывога i выродлiвага. Няма на цэлым свеце каваля, якi паправiў бы вас i выпрастаў.
Вы толькi масты: хай вышэйшыя пяройдуць па iм на той бок! Вы - толькi прыступкi: дык жа не гневайцеся на таго, хто падымаецца па гэтых прыступках на сваю вышыню!
Магчыма, з вашага насення i вырасце калi-небудзь сапраўдны сын i сапраўдны спадчыннiк: але да гэтага яшчэ далёка. Вы - не тыя, хто спадкуе iмя i набытак мой.
Не вас я тут чакаю, у гэтых гарах, не з вамi апошнi раз сыду ўнiз. Вы прыйшлi як азнака таго, што вышэйшыя ўжо - ў дарозе да мяне,
- не людзi вялiкай тугi, i агiды, i перанасычанасцi, не тыя, каго вы называеце апошнiм да Бога сярод людзей.
- Не! Не! Тры разы не! Iншых чакаю я тут, у гэтых гарах, i кроку не зраблю адсюль без iх,
- я чакаю вышэйшых, мацнейшых, пераможных, бадзёрых духам, у каго душа i цела - у гармонii: павiнны прыйсцi iльвы, якiя смяюцца!
О дарагiя мае госцi, вы дзiвосныя, вы яшчэ нiчога не чулi пра маiх дзяцей? I што яны ўжо ў дарозе да мяне?
Гаварыце ж мне пра сады i дабрашчасныя выспы мае, пра новае i цудоўнае патомства маё. Чаму вы пра гэта маўчыце?
Гэтага дарунку прашу я ў любовi вашай, каб вы гаварылi са мною пра маiх дзяцей. Дзеля iх я багаты, дзеля iх я стаў бедны: чаго не аддаў бы я,
- чаго не аддаў бы я, каб мець адно: гэтых дзяцей, гэтыя жывыя насады, гэтыя дрэвы жыцця, народжаныя воляй i найвышэйшай маёй надзеяй!'
Так сказаў Заратустра i раптам перапынiў казанi свае: бо туга агарнула яго, i самкнуў ён вусны i вочы ад парыванняў сэрца. I ўсе госцi моўчкi стаялi, нерухомыя i збянтэжаныя: толькi стары вяшчун рухам i выразам твару зрабiў усiм знак.
Вячэра
На гэтым месцы вяшчун перапынiў вiтаннi Заратустры i ягоных гасцей: ён прапхнуўся наперад, быццам баяўся прапусцiць час, схапiў Заратустру за руку i ўсклiкнуў: 'Але ж, Заратустра!
Патрэба за патрэбу патрэбнейшая, так ты сказаў: i вось мне цяпер адно патрэбней за ўсё астатняе.
Дарэчы, цi не запрасiў ты мяне ў застолле? А многiя ж тут з дарогi. Ты ж не будзеш кармiць нас аднымi казанямi?
Усе вы ўжо згадвалi даволi многа пра ўтапленне, замярзанне, задушэнне i iншыя цялесныя нягоды: але нiхто не згадаў пра маю бяду - пра небяспеку памерцi з голаду,
(так сказаў вяшчун; а калi Заратустравы звяры пачулi ягоныя словы, яны ад страху далi лататы. Бо бачылi, што ўсяго, што яны паназносiлi за дзень, не хопiць, каб напхаць трыбух аднаго вешчуна),
- i пра небяспеку памерцi ад смагi, - сказаў вяшчун. - I хоць даўно ўжо чую я непадалёк плёскат вады, якая, як i мудрыя казанi, цячэ багата i бесперастанку: я хачу вiна!
Не кожны, як Заратустра, п'е заўсёды адну толькi ваду. Вада смакуе стомленым i завялым: нам да губы вiно, толькi яно дае iмгненнае гаенне, моцнае здароўе!'
Скарыстаўшыся тым, што вяшчун прасiў вiна, кароль злева, звычайна маўклiвы, таксама загаварыў: 'Пра вiно патурбавалiся мы з братам - каралём справа, - сказаў ён, - у нас дастаткова вiна, наш асёл наўючаны вiном. Не хапае толькi хлеба'.
'Хлеба? - адказаў Заратустра са смехам. - Якраз хлеба i няма ў пустэльнiкаў. Ды не хлебам адным жыве чалавек, але i мясам добрых ягнят, а ў мяне iх два:
- iх няхай хутчэй заколюць i прыгатуюць з шалфеем: так люблю я. Хапае тут i карэння, i пладоў, што будуць да смаку нават ласунам i гурманам: ёсць i арэхi i розныя iншыя загадкi - iх можна палускаць.
Дык вось, скора будзе ў нас ладны банкет. Але кожны, хто сядзе за стол, павiнен прыкласцi руку сваю, нават каралi. Бо ў Заратустры i каралю не за ганьбу быць кухарам'.
Прапанова гэтая ўсiм прыйшлася па сэрцы: толькi жабрак-дабрахот запярэчыў супроць мяса, вiна i прысмакаў.
'Але ж вы толькi гляньце мне на Заратустру - на гэтага бражнiка! жартаўлiва ўсклiкнуў ён. - Цi ж бо на тое шукаюць прыстанку ў пячорах i падымаюцца ў горы, каб банкетаваць?
Вось цяпер я разумею, чаго вучыў ён нас калiсьцi, кажучы: 'Хвала беднасцi!', i чаму хоча ён звесцi ўсiх жабракоў'.
'Будзь рады i вясёлы, як я, - адказаў Заратустра. - Заставайся пры сваiх звычках, о найлепшы, жуй сваё зерне, пi ваду i хвалi сваю кухню: калi толькi яна вяселiць цябе!
Я - закон толькi сваiм, не ўсiм. А хто з маiх, той павiнен мець моцныя косткi i лёткiя ногi.
- радасна прымаць войны i фэсты, быць гатовым да сама цяжкага, быццам гэта свята, быць бадзёрым i здаровым, а не мрой-летуценнiкам.
Усё лепшае належыць мне i маiм; i калi нам не даюць, мы самi бяром найлепшую ежу, найяснейшае неба, наймацнейшыя думкi, найпрыгажэйшых жанчын!'
Так сказаў Заратустра; а кароль справа зазначыў: 'Дзiўна! Цi чуў хто калi такiя разумныя словы з вуснаў мудраца?
I сапраўды, сама рэдкае ў мудраца, калi ён разумны i не асёл аслом'.
Так сказаў кароль справа i сам здзiвiўся; а асёл сам сабе наўме, дадаў: 'I-А'. Гэта быў пачатак таго доўгага вячэрняга пасiлку, якi паводле гiстарычных апiсанняў вядомы як 'вячэра'. I пад час яе гаварылi толькi пра вышэйшага чалавека i нi пра што iншае.
Пра вышэйшых
1
Калi я першы раз прыйшоў да людзей, я зрабiў найбольшае глупства, глупства пустэльнiка: я выйшаў на рыначны пляц.
I як што прамаўляў да ўсiх, дык не звяртаўся нi да кога паасобку. А ўвечары таварышамi маiмi былi танцор на вяроўцы i мярцвяк, ды i сам я быў амаль труп.
А як настала другая ранiца, тут мне адкрылася новая iсцiна: тады я навучыўся гаварыць: 'Што мне да таго рынку i чэрнi, да шуму чэрнi i яе доўгiх вушэй!'
Вось чаго навучыцеся ў мяне, вышэйшыя людзi: на рынку нiхто не верыць у вышэйшых людзей. Хочаце гаварыць перад iмi, ну i гаварыце! натоўп толькi бельмамi варочае: 'Мы ўсе роўныя!'
'Эй, вы, вышэйшыя людзi, - бязглузда маргаючы, гаворыць чэрня, - няма нiякiх вышэйшых, мы ўсе роўныя, чалавек ёсць чалавек, i перад Богам мы ўсе роўныя!' I
2
Перад Богам! Але цяпер гэты Бог памёр. А перад натоўпам мы не раўня астатнiм. О вышэйшыя, сыдзiце з рынку!
Перад Богам! Але цяпер гэты Бог памёр! О вышэйшыя, гэты Бог быў ваша найбольшая небяспека.
Толькi з таго часу, як ён лёг у магiлу, вы ўваскрэслi. Толькi настае Вялiкi Полудзень, толькi цяпер вышэйшы чалавек робiцца панам!
Цi разумееце вы гэта слова, о браты мае? Вы спалохалiся, у вас сэрца замлела? Цi не зеўрае вам тут бездань? Цi не брэша на вас геенскi сабака?
Ну што ж. Мацуйцеся, вышэйшыя людцы! Сёння ўпершыню курчыцца ў родавых пакутах гара чалавечай будучынi. Бог памёр: сёння мы хочам, каб жыў Звышчалавек.
3
Сама асуячоныя сёння пытаюцца: 'Як чалавеку захавацца?' А Заратустра, сама першы i адзiны з усiх пытаецца: 'Як пераадолець чалавека?'
Да Звышчалавека хiне мяне сэрца, ён - найпершае i адзiнае маё, а не чалавек - не блiзкi i не бедны, не спрагнены i не найлепшы.
О браты мае, калi што я i люблю ў чалавеку, дык гэта тое, што ён пераход, захад i знiшчэнне. I ў вас ёсць шмат чаго, што мацуе маю любоў i надзею.