хамула ў форме нямецкага палiцэйскага. У Нявады ўсё сцiснулася ўсярэдзiне. Быццам бы ён праглынуў жывую жабу i яна ў iм жыве i скача, халодная.
- Я пайду, - сказаў Нявада.
- Iдзi, iдзi, - дазволiў вялы хамула, дробна мiргаючы вачыма на сонцы. - Калi табе так хочацца, дык iдзi, толькi не азiрайся, хэ-хэ-хэ...
Нявада ўгнуў плечы ад гэтага рогату i рушыў у мястэчка. Яму вельмi хацелася азiрнуцца, але ён баяўся. Ён ад утрапення i сам не ўсвядомлiваў сабе, што палiцай пратрымаў яго на дарозе даволi-такi доўга. Яго здзiвiла цiшыня ў мястэчку, зноў як бы ўсе пакiнулi сваё жытло. Калi ён дайшоў да свае старое хаты, заўважыў, што ў ёй i каля яе пануе страшнае маўчанне. Пячаць пустэльнi ляжала тут вельмi выразна. З вушачнага лежака над сенечнымi дзвярыма на нiтачцы павуцiння вiсеў драбнюткi павучок i то спускаўся да самага нiзу дзвярэй, то зноў паднiмаўся.
- Што ты дарогу загарадзiў! Паскудства! - буркнуў Нявада i парваў плячом павуцiнне, уваходзячы ў сенцы. Божа! Тут усё стаiць дагары нагамi, нават сiнi куфар ляжыць бокам i века ў iм адламана. У хаце тапчан адсунены ад сцяны, i на iм чамусьцi жмуты кудзелi. Няваду больш узнепакоiла агульная сумлiцкая пустыня, чым пустыня гэтай хаты. Нiдзе нi душы, як вымерла ўсё. Гадзiн са дзве ён чакаў, i нiхто не з'яўляўся. Тым часам i дзень хiлiўся з паўдня. Узнепакоены, Нявада пайшоў па хатах, ён не хадзiў, а кiдаўся з хаты ў хату - i нiкога нiдзе. Так ён прамучыўся да захаду сонца. А тады, як п'яны, паклыбаў у свой дом. У гэтыя хвiлiны ён быў як атупелы. Бяды навалiлася на яго гэтулькi, што ён не бачыў ужо нi канца, нi пачатку ў ёй. У двары свайго дома ён застаў палiцэйскiх. Яны сядзелi на лаўцы пад клёнам i моцна гаварылi. Яшчэ калi ён толькi ўвайшоў у двор, ён пачуў, цi гэта яму толькi здалося, што палiцыянты гавораць памiж сабою пра Палiводскага. Нейкая трывога кальнула яго; уражаны, ён пачаў прыслухоўвацца, сцiшыўшы хаду да ганка.
- Ты чаго? Хто ты? - сказаў адзiн палiцэйскi.
- Як хто? Я гаспадар гэтага дома.
- То чаго ты ходзiш тут, калi ты гаспадар. Тут цяпер гаспадар герман!
I палiцыянт зарагатаў.
- Я iду ўзяць з хаты сваю старую вопратку, - прыдумаў ён што сказаць i ўвайшоў у дом. Дзеля прыклёпу ён там i сапраўды сцягнуў з печы нейкую адзежыну i выйшаў з ёю на ганак. Палiцыянты сапраўды-такi гаварылi пра Палiводскага.
- Дурань ты! - крычаў адзiн другому, - гэта не той Палiводскi. Таго немцы не паставiлi б за такога вялiкага начальнiка, бо ён не немец. Той жа з нашай стараны. Маёнтак таго быў якраз каля нашага сяла, дык я таго ведаю, я яго бачыў маладога яшчэ, калi ён толькi адзеўся ў афiцэрскую форму.
- Дык гэта той самы i ёсць! Бо i я яго ведаў, як ён толькi адзеўся ў афiцэрскую форму. Каля вас быў у яго адзiн маёнтак, а ў нашай старане два. Яго бацька жыў якраз каля нас у маёнтку, а не каля вас. Цяпер я дома быў, яшчэ ў палiцаi не падаваўся, на тым тыднi, дык ён прыехаў тыя свае два маёнткi паглядзець. Дзве машыны. У адной сам, а ў другой аўтаматчыкi. Доўга не быў. Закруцiўся, прабег свiным трухам каля саду i назад шмаргануў. Там ужо i знаку няма, што гэта быў маёнтак. Хаты стаяць, капуста i садавiна, i дзецi гуляюць. А ён сам у цывiльнай адзежы, але жалезны крыж мае i значок нейкi на рукаве.
- Дык якую ж ён пасаду займае?
- Якую - не ведаю, але вельмi вялiкую. Бо пры iм такая ахова вялiкая...
- Не можа быць! Ён жа не немец!
- А можа ён для Нямеччыны больш зрабiў, як якi-небудзь немец! На, глядзi! Вось надрукована: 'прысутнiчаў грамадзянскi'... не... Ды хiба ты не ведаеш, што Палiводскi начальнiк вобласцi, начальнiк усёй грамадзянскай улады цэлай вобласцi.
- Дурань ты, я гэта ведаю, але толькi не верыў, што гэта той самы Палiводскi.
Можа, яны i больш яшчэ спрачалiся, але Нявада далей не чуў. Вельмi ўражаны, ён прайшоў дваром да выхада на вулiцу, i палiцай гукнуў яму наўздагон:
- Ну што, забраў адзежыну?
- Ага, забраў.
- Ну дык iдзi спаць.
- Пайду спаць, - шпарка адказаў Нявада, не могучы пазбавiцца свае трывогi.
- Такi i праўда пойдзеш спаць? Хiба ў цябе нiкога не забралi? абазваўся палiцыянт.
- Ат, я сабе так, - мармытнуў Нявада, нiчога не разумеючы i жадаючы хутчэй адзiноты. Быццам вылупцаваны дзеля чужой забаўкi перад усiмi людзьмi, ён дайшоў, унурыўшыся, да свае старое хаты i ўбачыў там Вольку ў смутку i адчаi. Толькi цяпер ён дазнаўся, што было ў гэты дзень у мястэчку. У гэты дзень забралi ўсiх маладых дзяўчат i хлопцаў, якiя траплялiся на вочы. На вочы трапiлася i Лiза. I ўсiх павезлi на грузавiках кудысьцi брукаваным выездам да шашы. Волька выбегла следам за мястэчка i, пакуль не знiклi машыны, бачыла, як вецер iрве хусцiнку на Лiзiнай галаве. Машыны знiклi за ўзгоркам, Волька вярнулася ў старую хату i ўпала тварам на стол.
- Я буду думаць, што рабiць, - нясмелым голасам сказаў Нявада.
- Што ж ты прыдумаеш?! Машына з Лiзаю ўжо за сотнi вёрст.
- Я прыдумаю, - упарта яшчэ сказаў Нявада, адчуваючы сябе, як смертнiк у камеры перад канцом сваiм, i чуючы дрыжанне сэрца i ўзбуджанне ад адной толькi думкi, якая фармавалася ў яго галаве. 'Божа, памажы мне, каб усё так i было добра, тады я зберагу яе, малую, дзеля таго, што пасля настане, дзеля таго, што добрае будзе, памажы мне выратаваць яе', - так ныла яго душа, губы ж былi жорстка сцiснутыя, i твар нахмураны. Усю ноч ён не спаў i чуў, як уздыхала Волька. Для яго яна зноў стала малой Волечкай, i зноў вобраз яе злiўся з вобразам Лiзы, якая цяпер - хто ведае, дзе ўжо яна i што ўжо яны зрабiлi з ею? Ён пайшоў шукаць Кастуся i нiдзе яго не знайшоў. Тыя некалькi дзён, што прайшлi пакуль немаведама дзе дзелася Волька, варты былi яму многiх месяцаў. Вочы яго сталi глыбокiмi i цёмнымi, i голас пацiшэў. Дзе дзелася Волька? Людзi, што зноў адзiн за адным варочалiся ў Сумлiчы, расказвалi, што грузавiкi з дзяўчатамi i хлопцамi пайшлi да шашы, проста выехалi на скрыжаванне i адтуль рушылi па дарозе той, што вядзе на Бабруйшчыну i далей. У дарозе яны i знiклi, i як быццам бы назад не варочалiся. Прынамсi, нi ў той дзень, нi назаўтра нiякiх машын праз скрыжаванне не праходзiла. Так казалi ў Сумлiчах. А хто гэта дапiльнаваў аж праз двое сутак, што на скрыжаваннi не было машын, пра гэта нiхто не ведаў. Тым часам уночы многiя заўважылi, што праз Нясвiжскую вулiцу прайшло многа нейкiх людзей i за iмi ехала некалькi фурманак. Цi мела гэта якое дачыненне да таго, што немцы павезлi некуды сумлiцкiх дзяўчат i хлопцаў, не ведалi, але некаторыя яшчэ больш унылi душою, а некаторыя ўзрадавалiся. Прайшло не больш як двое сутак, i Нявада дайшоў выразнасцi: нарэшце-такi! Волька вярнулася! Нявада аж пошапкам гаварыць стаў, так ён чакаў, што скажа Волька. А што яна новае сказала? Ён жа загадзя ўсё гэта ведаў! Ён жа казаў яму: жалезнага звера голым пальцам не задушыш. А трэба перахавацца i перачакаць, пакуль звера даб'юць. На гэта ёсць войска. Армiя ж недзе павiнна даць яму ў косцi. А то дзе гэта хто бачыў! Волька сказала, што Костусь з усiмi, з кiм ён быў разам, выходзiлi на шашу, запынiлi дзве нямецкiя машыны, збiлi з iх немцаў i на гэтых машынах вялiкiм гуртам дагналi тыя чатыры машыны з сумлiцкiмi хлопцамi i дзяўчатамi. Дзве заднiя машыны яны збiлi з дарогi, перабiлi канвойных, i ўсе, хто быў пад канвоем, пайшлi з iмi, пабраўшы зброю ад мёртвых немцаў. Але дзве пярэднiя машыны вырвалiся далей у дарогу i знiклi туды, куды ехалi. 'Лiза асталася там, Божа найвышшы!'
- А самога Костуся ты бачыла?
- Я была з iм разам.
- А сам ён прыйдзе дадому?
- Не, я да яго пайду.
- Ну то не чакайце мяне хутка. Я пайду ў дарогу. Можа, гэтая мая дарога будзе не меншая, як тая, што я некалi з нямецкага палону варочаўся, не нагамi я гэтую дарогу мераць буду, а душою. (Вочы яго пачырванелi, i ён дакрануўся да канца носа нацягнутым на кулак рукавом.)
- А куды ж ты гэта пойдзеш?
- Дык чаго ж ты так грозна пытаеш мяне? Ты i сама была малая i звалася Волечка. Я толькi пра цябе такую i думаю. Цi ты верыш, што чалавек не вытрымае, каб вечна быць зверам? Вырвi ты з чалавека сэрца i ўстаў на яго месца звярынае, дык у чалавечых грудзях i звярынае сэрца стане чалавечым.
- Звер лагаднейшы за чалавека, ён, калi не галодны, - тады ён, як дробная птушка. А гэтаму двуногаму чорту вечна ўнiмку няма.