яго ў сенцах, як трымаюць чужое, не вартае аховы, што не шкада страцiць. I калi прыехаў Мiндоўгавы радца, не прыйшлося збiраць вопратку i абутак Агны ў яго на вачах, ганьбавацца нiбы злодзею, у якога гаспадар адымае накрадзенае, усё было панапiханае ў куфар, адразу яго i вынеслi на вазок. Звар`яцеў князь Мiндоўг, калi думаў такой драбязой даць джала. Што з той жаночай вопраткi Даўмонту - не яму ж яе насiць. Другая жонка свой пасаг прынясе. Ды няхай думае, што ўджалiў. Эх, княжа Мiндоўг, заграбастыя ў цябе рукi, думаў Даўмонт. Ну i балюча ж табе стане, калi мечам буду iх укарочваць...
Вось да гэтага дня, да хвiлiны помсты, усё было ясна - што цярпець, як трымацца, а далей стаяла цемра. Гэтае пачуццё абмежаванасцi раздражняла Даўмонта. Нiбыта на смерцi Мiндоўга закончвалася i ягонае жыццё. Будучыня быццам знiкла. Раней, калi не задумваўся пра будучыя гады, яны праглядалiся ў магчымую далячыню: вось народзiцца ў яго сын, потым ён сына ажэнiць, можа нават, калi не заб`юць у якiм паходзе, пабачыць унукаў, а ўжо тады стары i нямоглы пойдзе, як пайшлi ў свой час ягоныя бацька, i дзед, i прадзед, на нябёсы да дзядоў. А цяпер усе звычныя ўяўленнi раздзьмутыя ветрам: нi жонкi, нi сына ад яе, i ён не ўдавец, а стаiць абабраны з нязмытай аплявухай на шчацэ. I мусiць са старым ваўком хiтраваць. А ўсёй хiтрасцi хапае на маўклiвае чаканне зручнага выпадка. На такую вялiкую хiтрасць, прызнаваўся сабе Даўмонт, здольны любы дурань...
Аднаго дня князь адчуў, што яго клiчуць багi, i пайшоў на Перунову гару. Ярка ззяла снежнае покрыва на палях i пагорках, позiрк заманьвала далячынь, дзе сутыкалася з зямлёй блакiтнае неба. Зачараваны iскрыстай прасторай, ён раптам зразумеў тое, што не давалася зразумець: у яго наперадзе процьма часу, усё жыццё, а ў Мiндоўга - наперадзе неўзабаве гвалтоўная смерць. I Мiндоўгавых кметаў неўзабаве чакае гвалтоўная смерць. I калi забiты наваградскi князь адыйдзе да дзядоў, ён зверху будзе заўсёды зайздросцiць яму, Даўмонту, будзе дакараць сябе за ўчынены гвалт, бо Даўмонт узяў з яго за шкоду жыццё. А ягоныя кметы зверху будуць зайзросцiць Вiценю, бо ён жывы i адпомшчаны, а яны з абедзьвума сваiмi вачнiцамi аддалi за чужое вока свае жыццi. Яго князкi век там, за даляглядам, а цяпер трэба дажыць аджытае, трэба дарабiць для супакаення крывавую працу, i ён яе даробiць... I на зайздрасць тым кметам высока паставiць Вiценя. Тых сваiх парабкаў Мiндоўг не ўзвышыць. Скурка старэе, праз якi год Вiцень стане ваяводам, а зараз ён дасць Вiценю сотню. Гэта будзе лепшая ў Нальшчы сотня кметаў. Прыдзе час, i яна возьме з наваградцаў належную данiну крывёй. Там, далёка за даляглядам хаваецца ў пушчах Наваградак. Настане дзень, прыйдзе ў мiндоўгава гнездзiшча багiня смерцi Мерцва i пазначыць каму трэба загiнуць ад нальшанскiх стрэлаў, каму ад нальшанскага меча або пад нальшанскай сякерай. Крэўскаму князю не варта сумаваць. Гэта тым трэба сумаваць, бо ён - мсцiўца, яны - ахвяры. Нальшча цярплiвая, дачакаецца свята. Нальшчы багi дапамогуць, а Мiндоўгу нiхто не дапаможа. Сыйдзе снег, паклiчуць войска ў паход, там наканаванае кожнаму i здзейснiцца...
А дзень пакрысе даўжэў, наблiжаючы ўрочную гадзiну, канчатак мядзвежага сядзення па дварах, абавязковы збор войска. За апошнiя дзесяць гадоў нiводнае лета не абыйшлося без вайны. I надыходзячае не магло стаць выключэннем.
Пасля красавiцкiх дажджоў зямля абудзiлася, зарунелi палi, чорны лес, кустоўе ажылi ад зiмовай самоты, апранулiся ў пяшчотнае лiсце, i кожная жывая iстота ў лесе, полi, на балотах крычала пра сваю прысутнасць на свеце. У такi прыгожы дзень закарцела Даўмонту прамчацца па крэўскiх дарогах, па ўскрайку леса, па зялёных пагорках. Ён гукнуў асядлаць каня i выехаў з замка. На пустой вулiцы паселiшча наводдаль нейкая баба намагалася загнаць у двор парсюка. Той не хацеў пакiдаць вялiкую гразкую лужыну, i баба дарэмна тыркала яму ў бок хварасцiнай. Даўмонт, пасмiхаючыся з высiлкаў цёткi, наблiжаўся да яе. Убачыўшы князя, баба паспяшалася ачысцiць шлях ад сваёй упартай жывёлiны i вiдаць, добра ёй упякла, бо свiння завiрашчэла, кiнулася ратавацца i са страху - проста пад ногi каню. Гэтак хутка яна неслася, што князь здзiвiўся - не кожны сабака здолеў бы яе абагнаць. Напужаны конь ускiнуўся, князь выляцеў з сядла i кулем грымнуўся на зямлю. Хужэй было тое, што левы бот зачапiўся за стрэмя, i конь у галоп павалок Даўмонта па камянях i гразi ў канец паселiшча. З падлеткавых гадоў не здаралася з Даўмонтам такой няўдачы. Нарэшце, вызвалiўшы нагу, князь адчуў, што не можа на яе ступiць. Ён стаяў пасярод дарогi прамоклы, пакрыты брудам, як балотная жаба, спiну палiла агнём, i замест замiлавання, з якiм ён выехаў на прагулянку, Даўмонт кiпеў лютай злосцю на бабу i свiнню. Але тых як ветрам здула. Ускарабкаўшыся ў сядло, Даўмонт вярнуўся ў замак. Тут яго чэлядзь распранула, адмыла ад гразi i шчыра пачала спачуваць: абдзёртая палова скуры на спiне крывавiла, нага пухла на вачах.
Назаўтра да гэтай бяды дадалася большая: прыбыў ганец ад Мiндоўга нарэшце, выправа. Даўмонт ледзь не звар`яцеў ад крыўды. Чакаць урачыстай хвiлiны амаль год - i гэтак недарэчна яе сустрэць. Дружына пойдзе гiнуць за Мiндоўга, а яму рыпець зубамi на ўласнае глупства.
Не выехаўшы з дружынай, князь не адпусцiў у войска i Вiценя. Спакайней было трымаць разлютаванага кмета пры сабе. Толькi праз месяц, калi Скурка прывёў полк i паведаў падрабязнасцi дарэмнага пахода, Даўмонт зразумеў, што баба i свiння былi пастаўленыя перад iм на дарозе багамi. Яго не выпусцiлi ў паход, дзе не меў бы падступiцца да Мiндоўга. Багi ведалi, што зручнага выпадка не будзе i правалаклi па гразi для ўрока: любая свiння можа скiнуць князя ў лужыну, калi ён неабачлiвы. Дзякуй iм за клопат. Брыдка было б за дзесяць крокаў ад Мiндоўга сядзець, як ягняцi, i слухаць старэчыя байкi пра даўнiя наезды i дружбу ранейшых князёў. Калi б былi тыя любоў i дружба, дык не распытваў у гэтым паходзе занепакоены князь Трайнат ваяводу Скурку, няўжо Даўмонту так блага, што не здолеў конна сядзець? Пэўна, прымерваўся пад час выправы пераняць Мiндоўгавы меч. I полацкi Таўцiвiл разлiчваў на такую ж удачу, падступаўся да Скуркi: 'Дзе Даўмонт? Цi выжыве? Можа прыбудзе?' Не могуць дачакацца ягонай помсты. А гэтакая помста патрабуе абачлiвасцi. Трэба адпомсцiць i не пакласцi дружыну. Хай гiнуць ваяры пляменнiкаў Мiндоўга, у iх дружыны буйныя. Трайнаце i Таўцiвiлу смерць старога князя патрэбная не меней. Мо, i болей, чым яму. Iм трэба каб Мiндоўг загiнуў яд ягонага меча. Тады на iх нiбыта не патрапяць пырскi сваяцкай крывi. Але Мiндоўгаву ахову няхай вынiшчаюць яны. Ён не будзе адпомшчаны, калi саслабее. Той жа Трайнат пашле сваiх кметаў забiць яго, каб далучыць Нальшчу да Наваградка. I абвесцiць, што помсцiў за любiмага дзядзьку. Тады Мiндоўг пасмяецца на нябёсах, што Даўмонт стаў ахвярай новага валадара. Адзiн адняў жонку, другi - жыццё. Не, лепш асцерагчыся.
17
На купалле Мiндоўг павёз сям'ю на летняе селiшча да Нёмана. Упершыню з леташняй восенi Агна пакiдала горад. Пасля замкавай цеснаты гэтае падарожжа верхам праз пушчу наноў адкрывала ёй свет. За дзевяць месяцаў наваградскага сядзення Агна забылася як шумiць лес, шамацiць пад конскiмi капытамi дарожны пясок, як дурманяць пахi квяцiстага лугу, якiя таямнiчыя лясная глуш i лясныя ручаi, i адчувала сябе шчаслiваю.
Апоўднi выйшлi на лясную пустку i далi коням адпачыць. На пустцы рэдка стаялi дуплiстыя дубы. Адзiн быў пазначаны маланкай - у выпаленым дупле пры карнявiшчы мог схавацца вершнiк. Рэпiк i Рукля даследавалi гэтую таямнiчую пячору. Агна сядзела ля падножжа, заварожана назiрала, як лунае над лесам сокал. Да яе падыйшлi i прыселi побач Мiндоўг i Астап. Запэцканыя сажай, падобныя на чарцей, браты ўскараскалiся на дуб i гойдалiся, трымаючыся за гнуткiя галiнкi.
- У дзяцiнстве, - сказаў гучна Мiндоўг, - калi я быў такi, як яны, таксама любiў лазiць на дубы. Ухаплюся за галiнку, i калышуся ўверх-унiз. Аднойчы гайдаўся, гайдаўся ды раптам чую - ж-ж-ж - нiбыта страла ляцiць. А ляцiць проста мне ў лоб вялiзная аса. З таго часу такiх вялiзных i не бачыў нiколi. Гэтак гакнула ў пераноссе, быццам камень хто пусцiў з рушнiцы. Пляснуўся на зямлю, i зад, i спiну адбiў. Ды яшчэ i аса ўджалiць паспела, на лобе гузак вырас з добры яблык, агнём гарыць. I хоць бы хто пашкадаваў. Як хто ўбачыць маю морду з барвовым рогам на лобе, з акаселымi шчылiнамi замест вачэй - ад смеху курчацца. А бацька кажа: 'Дурны ж ты, сынок, калi маленькая аса цябе гэтак скалечыла!'
Рэпiк i Рукля пасля пачутага палiчылi за лепшае не рызыкаваць сустрэчай з асой, саскочылi i ўселiся пры дарослых, спадзеючыся на працяг падобных успамiнаў.
- Са мной яшчэ горш было, - прыгадала Агна. - Ела неяк сунiцы. Ягаду падкiну - ротам лаўлю, потым - дзве, потым - тры. I гэтак мне соладка i добра - млею ад асалоды. Раптам быццам хто з маху iголку ў язык уваткнуў - пчала заляцела, са страху ўджалiла. Прыбегла дадому, а мяне адразу давай катаваць, каб джала з языка выцягнуць. Палову выкалупалi, палова засталася. Язык распух, тырчыць вонкi, як затычка. Нi есцi, нi пiць, нi стагнаць не магу. Тыдзень за печчу галодная ды нямая хавалася, каб нiхто не бачыў i не кпiў...
Рукля i Рэпiк заходзiлiся смехам.
- Глядзiце! - Мiндоўг паказаў рукой на нерухомую чорную кропку ў небе над лесам. - Сокал. Зараз рынецца на некага.
I сапраўды, чорная кропка раптам iмклiва панеслася ўнiз, i сталi бачныя распластаныя крылы i гатовая для ўдару дзюба. Высокiя дрэвы не дазволiлi ўбачыць канец сакалiнага палявання.