ўселiся на беразе для апошняй рады. 'Час прыйшоў, - сказаў Трайнат, - цяпер наперад!' - 'Куды ж яшчэ!' - весела пацвердзiў Даўмонт. Трэба было нешта сказаць i Астапу. Ён вырашыў падагрэць сваiх абодвух суразмоўцаў: 'Праз дзень будзе позна!' На прырэчным пяску ён накрэслiў размешчанне князева селiшча ў Альконах, паказаў, дзе брод, стадолы, выпас, двор, каморы аховы, месцы начной варты, галоўныя i патаемныя вароты. Разважыўшы над малюнкам, яны азначылi надзейную, як iм здалося, паслядоўнасць сваiх дзеянняў.

Астап прыбудзе ў Альконы падвечар. На досвiтку Даўмонт павiнен стаяць на ўзлессi напагатове. У гэты ж час на другi бераг Нёмана падыходзiць са сваiм палком Трайнат. З першым святлом Астап адчыняе вароты. Гэта знак Даўмонту. Як вароты пачнуць расчыняцца, Даўмонт мусiць браць двор, конная сотня Скуркi трымае князеву ахову ў стадолах. Полк Трайната пераходзiць бродам Нёман, атачае колам усiх, каб нiхто не прарваўся. Дзеля адрознення сваiх ад мiндоўгавых кметы Даўмонта i Трайната мацуюць да шлемаў яловыя лапы. Хто без лапы - таго секчы. Пасля бою ў Альконах дружыны iдуць да Наваградка. Замкавая ахова, ведаючы Астапа, апусцiць мост i адчынiць браму. Разам з паўсотней жамойцi Астап уваходзiць у замак i трымае мост i вароты. А тады горад займаюць Трайнат i Даўмонт. I да войска паiмчыць ганец з весткай пра здзейсненую Даўмонтам помсту i пра новага вялiкага князя Наваградка i Лiтвы...

Трайнат i Даўмонт паплявалi праз плячо, каб нiхто не сурочыў, Астап паводле праваслаўнага звычаю перахрысцiўся, i ўсе раз'ехалiся выконваць кожны сваё.

20

Апошнюю ноч перад сустрэчай з Мiндоўгам Даўмонт правёў на ўзлеску за дзве сотнi крокаў ад княжацкага двара.

Блакiтная чароўная поўня асвятляла страху той хаты, дзе снiлi свае перадсмяротныя сны воўк i ягоныя ваўчаняты. Каля вогнiшчаў на лузе пазяхала ахова. Вартавыя па чарзе абыходзiлi луг, бераг, двор i вярталiся грэцца. Гэтай вонкавай аховы было чалавек дваццаць. Усiм iм заставалася жыць некалькi гадзiнаў. Даўмонтавы людзi нерухома ляжалi ў кустоўi, чакаючы золку. Сам князь прыхiлiўся да сасны i драмаў. Пачуццё блiзкай ужо помсты сагравала яго. Год ён цярпеў ганьбу i кпiны. Ён дасылаў сваiх ураднiкаў глядзець непатрэбных яму дачок слабых князёў. Як скораны, прыгнечаны зломак, ён аддаў маёмасць сваёй жонкi яе захопнiку. Ён сцярпеў сорам дзеля гэтай ночы - ночы адплаты. Цяпер чарга князю Мiндоўгу зведаць, што такое жах. А жахлiва яму стане не ад меча i не ад сваёй смерцi - наўрад цi ён баiцца сваёй смерцi, ён i так лiшняе пажыў. Стане яму страшна, калi ягоныя ваўчаняты атрымаюць па аперанай страле. А ўжо тады i сам ляжа памiж iмi. Мiндоўг i Мiндоўгавiчы. Стары кароль Лiтвы i яе недарослыя каралевiчы. I род ваўка на iх згасне. Усё, што ён праз свай век рабiў, пра што марыў i мроiў, пойдзе з дымам. I заўтра ўдзень ён, Даўмонт, будзе ехаць па Наваградку i ступiць у замак, i там, дзе быў абрабаваны, дзе яго зганьбiлi, дзе забiвалi ягоных людзей, скiне з сябе цяжар прынiжанасцi. Шкада, на чарняца Войшалка забылiся. Трэба было i на ягоны манастыр наслаць кметаў. Каб адначасова вынiшчыць увесь Мiндоўгаў вывадак.

Дарма стары воўк напаў на яго i адняў пару. Нельга нападаць на рарэга, думаў Даўмонт. Воўк палюе на зямлi, сокал узнiмаецца ў неба. Мiндоўг - воўк, я - рарэг, думаў Даўмонт. Рарэг доўга вiсiць пад аблокамi, чакаючы свайго ворага, яго не бачна - чорная кропка ў недасягальнай вышынi. I звер думае, што сокал не сцярпеў чакаць i зляцеў, падмануты i галодны, у гняздо, i выходзiць на сваю сцяжыну. I тады рарэг чорнай маланкай падае на ваўка, i ўдар дзюбай ператварае драпежнiка ў падлу. Рарэгi не забываюць крыўды. На сцягу ягонага бацькi быў сокал-рарэг, а сцяг перайшоў да яго ад дзеда, i дзед дзеда быў рарэг. Iхны род - род сокалаў; яны цярплiвыя, яны мужныя, яны бязлiтасныя. На досвiтку ён, Даўмонт, стане для Мiндоўга такiм рарэгам. Год давялося чакаць гэтага палявання. Такога палявання, як гэтае, яшчэ не было на Лiтве. Праз вякi будуць пераказваць старыя сваiм унукам, як рарэг Даўмонт забiў ваўка з iмем Мiндоўг, як чакаў у восеньскiм халодным лесе першы прамень сонца, каб усе маглi пабачыць ягоную помсту. Нiхто не зможа сказаць: 'Вялiкi князь Мiндоўг сканаў на сваiм ложку, акружаны дзецьмi!' Не, усе будуць казаць: 'Князь Даўмонт пасек Мiндоўга на капусту!' Калi хто-небудзь спытае: 'Куды знiк род Мiндоўга, вялiкага князя, былога караля з трыма сынамi?' - кожны нальшанец, кожны лiтовец, кожны наваградзец адкажа: 'Яго цалкам вынiшчыў князь Даўмонт!' I было гэта вераснёўскiм ранкам у баi на беразе Нёмана. А калi спытаюць: 'А дзе ягоная жонка, забраная гвалтам для сябе i сваiх сыноў Мiндоўгам?' - кожны чалавек у Нальшчы i на Лiтве адкажа: 'Даўмонт яе адпусцiў. Ён не мог вярнуць у свой дом жанчыну, якая год даглядала ваўчанят, не перасiлiла гiдлiвасцi да старога ваўка, не знайшла ў сабе мужнасцi атруцiць iх усiх разам, задушыць уначы воўчымi шкурамi. Даўмонт даў ёй воз, яна паехала на сваю радзiму ў Дайнову сядзець цёткаю пры малых дзецях яцвяжскiх сваякоў'. А калi хто спытае: 'Чаму ён не забiў такую жонку?' - кожны нальшанец адкажа: 'Наш князь не забiвае слабых, наш князь не помсцiць жанчыне!' А калi хто- небудзь спытае: 'Дзе цяпер крэўскi князь Даўмонт?' - кожны нальшанец з гонарам адкажа: 'Князь Даўмонт цяпер старэйшы князь усёй Нальшы!'... А што будзе гадоў праз дзесяць, нiхто сёння не ведае i ведаць не можа. Магчыма, ён падпарадкуе сабе ўсю Нальшчу i ўсю Дзяволтву i тады паспрачаецца з наступнiкамi Мiндоўга, з яго братанiчамi i сястрынiчамi. Не лепшая кроў цячэ ў iхных жылах. Ён помсцiць за сябе, за сваю ганьбу, а яны чакаюць, калi ён пасячэ iхнага роднага дзядзьку. Такога нораву князi самi сябе хутка перарэжуць, i нядоўга прыдзецца чакаць такога дня. Тады надыдзе яго час. Вялiкi князь Мiндоўг распачаў крывавую ўсобiцу, а, калi дапамогуць багi, вялiкi князь Даўмонт пакладзе ёй канец.

Даўмонт трымаў перад вачыма гэтыя прыемныя вобразы, пакуль не пачало развiдняцца на ўсходзе неба, i не пачалi выяўляцца з начнога змроку ясныя абрысы коней на выпасе, аховы ля агню, дваровай агароджы, берагi Нёмана, лес за iм, дзе гэтак жа тоiлiся зараз жамойты. Тады яго ўвага засяродзiлася на браме, i ён даў знак лучнiкам падрыхтавацца.

Свiтала, двор пакрысе ажываў. Побач з iм стаяў Вiцень. Яго жорсткi позiрк нiбы наскрозь прасякаў двор, дзе яму мусiлi аддаць даўгi за вока, за пакуты, за пасiвелыя скронi. Даўмонт убачыў, як за агароджай апускаецца журавель, пачулiся чыесьцi галасы, забразгалi ланцугi, на якiя бралi сабак - i раптам вароты пачалi расчыняцца.

Яшчэ створкi падзяляла вузкая шчылiна, але Даўмонт убачыў праз яе Астапа. Кроў горача ўдарыла ў сэрца, i ўсе думкi, i ўсе пачуццi з душы выцiснула назапашаная за год, абуджаная знакам Астапа нянавiсць i лютасць. Даўмонт шапнуў Вiценю: 'Час!', i той махнуў кметам. Праз iмгненне загулi ў палёце дзесяткi стрэл, i ўся ахова, што сядзела пры вогнiшчах i хадзiла па старажавых сцяжынах, была зваленая без адзiнага ўскрыку. Толькi спутаныя конi спуджана кiдалiся па лузе, баючыся забiтых, але на двары нiхто не ўсхапiўся.

Даўмонт ускочыў i пабег да двара, а побач бег Вiцень, а за iмi бегла сотня, перастройваючыся ў баявы серп...

21

Агна прачнулася ад пачуцця вострай трывогi. Яна села на ложку i не магла зразумець, чаму ёй жахлiва на сэрцы. Было гэтак жудасна, як некалi ўявiлася ў сне. 'Што?' - спытаўся князь. 'Не ведаю, - адказала яна. - Мне вельмi страшна! Даўно гэтак не было. Чамусьцi баюся!' Мiндоўг паверыў яе прадчуванню, ускочыў, надзеў кальчугу, апяразаўся мечам. 'Пабудзi дзяцей, - загадаў ён. Выязджаем!' - i выйшаў з хаты. Трое кметаў, што ўсю ноч драмалi ў сенцах, прыхапiлi свае лукi i кiнулiся ўслед князю.

I тут загучаў за агароджай поклiч баявога рога i пачуўся конскi тупат з глыбiнi лесу i на другiм беразе Нёмана.

'Сядлаць коней! - крычаў князь - Сабак на вароты!' Расчыненыя вароты перакрылi возам, за iм сталi ў два шэрагi лучнiкi, а на iх ужо насоўваўся затулены шчытамi клiн. Мiндоўг пазнаў нальшанцаў. Быццам у пацверджанне за сцяною пачуўся шалёны крык 'Нальша! Сокал! Наперад! Бi!' А дзесьцi ад вёскi даходзiў перакатам клiч жамойтаў - 'Локiс! Прэнкi!'. Князь узгадаў аб дзецях i скочыў па iх у хату. Агна, не ведаючы што трэба рабiць, стаяла з пляменнiкамi ў куце. 'Выходзь да стайнi, - сказаў князь. - Будзем прабiвацца. Хутчэй!' Яны выбеглi на двор. Каля брамы Мiндоўгавы i Даўмонтавы кметы ва ўпор расстрэльвалi адзiн аднаго. Скуголiлi пабiтыя сулiцамi ваўкарэзы. Параненыя ваяры курчылiся на зямлi, некалькi ўжо хрыпелi крывавай пенай. За стайняй конюхi секлi мацаванне адкiдной часткi агароджы. 'Сыходзьце ў лес, - навучаў Мiндоўг. - Калi мяне параняць, заб'юць - не спыняйцеся. Бяжыце да Войшалка!'

Нальшанскi клiн праламiў абарону i запаланяў двор. 'Хутчэй!' - крыкнуў Мiндоўг конюхам. Тыя ўдарылi ў плыт, ён павалiўся i ў агароджы адкрыўся шырокi пралом, але асупроць яго за дзесяць крокаў стаялi напагатове ў некалькi шэрагаў лучнiкi з ялiнкавымi лапамi на шлемах. Пушчаныя iмi стрэлы звалiлi стаёўнiкаў i коней. 'Мне не вырвацца! - сказаў Мiндоўг Агне. - Даруй!' Ён павярнуўся i пайшоў насустрач Даўмонту. За плячыма крэўскага князя стаяў Астап, ён быў у панцыры, ялiнкавая лапа, прымацаваная да бармiцы, высока тырчэла над ягоным шлемам. Мiндоўг i рынуўся да яго з крыкам 'Здраднiк!' Але дарогу яму заступiў Даўмонт, i вялiкi князь лютымi ўдарамi прымусiў Даўмонта ступiць пару крокаў назад. Раптам крэўскi князь з драпежнай радасцю засмяяўся. 'Азiрнiся, воўк! - крыкнуў ён, апускаючы тапор. - Дзе твае ваўчаняты?' Ён зноў адступiў на некалькi крокаў, каб князь не прыняў яго параду за хiтрасць. Мiндоўг

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату