йначай як крывавым мясьнiком. Зiмой яго ўзяла чразвычайка, пасадзiла ў сьмярдзючае складзкое сутарэньне, дзе напачатку ён добра выспаўся i думаў, што, мабыць, хутка выпусьцяць. Але ня выпусьцiлi, а днi праз тры павялi наверх, да нейкага мiзэрнага чарнявага камiсарчыка. Той хвiлiн пяць вывучаў нейкiя паперы, дзе, мабыць, было напiсана пра ягоныя выразы наконт 'крывавага мясьнiка', а пасьля запытаўся, цi казаў ён тое. На гэта Мяцельскi зь невiнаватым выглядам перапытаў: 'А што - няпраўда?' Ён бы мог лёгка даказаць праўдзiвасьць уласных словаў, але замест таго, каб слухаць арыштанта, камiсарчык ускочыў з-за стала i замахнуўся ботам, цаляючы яму памiж ног. Мяцельскi лёгка перахапiў той бот, трошкi тузануў, i камiсарчык бразнуўся патылiцай на падлогу. Ён толькi ўсьмiхнуўся з слабасiльнага небаракi, ды рана, вiдаць, усьмiхнуўся. У пакой уварвалася iх цэлая зграя, яны 'мяцелiлi' яго ў куце, пасьля на падлозе, у яго не засталося жывога месца на целе, i ён тры днi не паднiмаўся з гнiлой саломы ў сваiм сутарэньнi. А як паднялi на чарговы допыт, у тым пакоi ўжо сядзеў iншы - мажны, таўставаты чалавек у вайсковай гiмнасьцёрцы, ён усьмешыста, быццам нават спачувальна сустрэў арыштанта, папытаўся прозьвiшча i, макнуўшы ў чарнiлiцу ручку, выразным почыркам вывеў на паперыне 'расстрелять'. Чамусьцi яго не расстралялi адразу, некалькi дзён ён пакутаваў у сутарэньнi, а затым у Менск увайшлi немцы. Варта з тае чразвычайкi паўцякала, дзьверы расчынiлiся, i Мяцельскi, трымаючыся за сьцены, выйшаў на вулiцу. 'Не! - сказаў ён сабе. - З гэтымi людзьмi ня жыць. Не дадуць'. Паўгода затым ён сядзеў нахлебнiкам у гараджанкi-сястры, крыху рабiў на бровары, быў за вучня ў габрая-шаўца, пiлаваў з татарынам дровы для менчукоў. Як выбухнула гэтае паўстаньне за незалежнасьць, падаўся ў Слуцак, затым у Семежава, уступiў у Грозаўскi полк. Шкада, iм не пашэнцiла ў сьнежнi, не пашэнцiла асобнаму батальёну ў партызанцы пасьля паўстаньня. Сiлы былi ня тыя, i бальшавiкi iх разграмiлi адзiн раз, затым другi i трэцi. Увесну вайсковае шчасьце канчаткова здрадзiла паўстанцам, пазбавiла iх магчымасьцi жыць.
Кажухар зь Дзедам тым часам сядзелi наводдаль i цiха гутарылi. Зрэшты, болей мовiў пра сваё Кажухар, якому, не перастаючы, балела рука. Пасьля раненьня перавязаць яе не было чым, тады абкруцiлi па локаць нейкай зрэбнай анучай, якая адразу набрыняла крывёй, затым зьверху скарэла, i Кажухар болей не адважыўся яе садраць. Дый навошта ўжо зьдзiраць, хутка павiнна было ўсё скончыцца - i боль, i ўсё астатняе. Люляючы цяпер гэтае балючае за пазухай вальлё, паранены мерна пагойдваўся ад болю i празь сьлёзы цiха жалiўся Дзеду:
- Ну завошта такая доля, скажы? Хiба я... Процiў Бога, цi што? Цi супраць людзей? Каб хоць як-небудзь жыць, дык нельга.
- Гэ, чаго захацеў! - зласнавата перапынiў яго Дзед. - Жыць!
- Ну. Жыць i то нельга.
- Было. Аджылi. А цяпер ляжам.
- Ляжам? Божа мой, Божа...
Кажухар, аднак, ня дужа бедаваў, што ляжа, спакутаваны ад болю, ён прагнуў аднаго - скончыць свае пакуты. Хаця б i ў магiле. Усё роўна жыцьцё спляжанае дарэшты. Некалi марыў набыць зямлю, каб зажыць на сваёй гаспадарцы, i нiбы вол, ад зары да зары шыў кажухi, зьбiраў грошы. Абшыў кажухамi, лiчы, такi горад, як Слуцак, а ягоная праца абярнулася торбай керанак, на паўпуда солi. Добра, што сын Уладзя, не глядзi што малады, а ўдаўся разумнейшым за бацьку, не падманiўся на ягонае рамяство, пайшоў у горад служыць. Можа, чаго й даслужыцца, асаблiва калi выб'ецца ў якое начальства ды паладзiць з бальшавiкамi. Бацька во не паладзiў, за тое яму такая расплата.
Ад болю ды роспачы Кажухар i стагнаў, i круцiўся ў доле. Вочы яго змакрэлi, i ён ужо не саромеўся тае макраты, не выцiраў iх. А Дзед побач бы й не прыкмячаў таго, сядзеў, унурыўшыся нерухомым позiркам у дол, i моўчкi, пакутна перажываў нядаўняе мiнулае, яшчэ да паўстаньня, калi ён быў дома i пасварыўся з жонкай. Брыдка пасварыўся, хоць i было за што. Жонка ў каторы раз зрабiла ня так, але ж... Гэтая жаласьлiвая кабета заўжды кагось шкадавала - то дзяцей, то суседак, ды асаблiва каго-небудзь з раднi. Хто бяднейшы. А бяднейшым з усiх быў яе малодшы брат Сёмка, мнагадзетны i негаспадарлiвы селянiн, якi звычайна зь Вялiкадня сядзеў без кавалка хлеба. У Дзеда ў сьвiронку была прыхаваная тарбiнка грэчкi, меўся па вясьне засеяць лапiк ля сажалкi - ня ўсё ж душыцца бульбай ды крупнiкам. Але во жонка, як яго не было дома, добра-такi адсыпала з тае тарбiны брату - бач, згаладнелi дзецi. Згаладнеюць, ведама, бо трэба працаваць, дбаць пра дзяцей ды гаспадарку, а не лайдачыць паўгода на печы. I вось аддала пуд грэчкi, быццам самой непатрэбна. Дзеда гэта абурыла, проста ўзарвала, i ён даў добрага штурхаля жонцы, тая ўпала, загаласiла, а ён выскачыў на падворак, у самога аж трэсьлiся рукi. Якраз трэба было зьбiрацца ў полк на фармоўку, ён забег дадому за сякiм-такiм харчам, ды так i пайшоў улегцы, пад жончын плач. Спакваля, аднак, падабрэў, мiнулася злосьць, i не шкада стала той грэчкi, а паскуднае пачуцьцё засталося, не мiналася, нават расло з часам, i цяпер выбухнула, заглушыўшы ўсё iншае - ну трэба было? Гары яна гарам i грэчка, i ягоная ашчаднасьць. Ён гатовы быў аддаць усё, абы толькi засталася згода, дабрыня ды шкадаваньне адно аднаго. Бо чым цяпер жонка будзе памятаць яго? Тым грубым, злым штурхалём, ад якога паляцела ў кут?
Кепска, горка i балюча было на душы ў Дзеда. Калi б ня iх гэты канец, можа б, яшчэ i павiнiўся, i паладзiў з жонкай. Увогуле, яна была не злапомная, даравала рознае, ня першы раз. Але ўжо не павiнiсься - усё панясеш з сабой. На той сьвет. I ўсё праз гэтае iх жыцьцё, спрадвечную сялянскую галоту, якая душыла вяскоўцаў, не давала па-людзку жыць i нават па-людзку памерцi.
- Божа мiласэрны, мацi-царыца нябесная, - са сьлязьмi шаптаў побач Кажухар. - Не пакiнь нас, не адвярнiся хоць у гэты астатнi час...
- Успомнiў! - зноў зласнавата буркнуў Дзед. - Як прыпячэ, тады ўспамiнаем. Раней помнiць трэба было.
- Ды цi я калi забываўся? Я заўжды помнiў, малiўся...
- А цяпер малiся, не малiся - адзiн канец.
- Ай, Божачка ты мой, Божачка! - ледзьве не екатаў Кажухар, усё люляючы руку. Так было яму балюча - i ад рукi, i на сэрцы, i хацелася спагады хоць бы ад таго, хто апынуўся тады блiжэй за iншых. Ды чалавек той, вiдаць, не прывык спачуваць. Зноў жа марна было цяпер спачуваць каму-небудзь - усе яны апынулiся ў аднолькавым гаротным стане i мелi аднолькавыя падставы для спачуваньня. Ад каго толькi? Хiба ад госпада Бога.
Мяцельскi капаў апантана, але, мусiць, трэба было глыбей, хоць няроўныя, абрушаныя берагi дасягалi яму пад пахi. Ды ён пачаў стамляцца, i камандзiр, якi прыкмячаў усё, кiнуў Забелу:
- Давай, падмянi.
Нядаўнi гiмназiст Iгар Забела зь яўнаю неахвотай улез у яму, пераняў з рук Мяцельскага цёплы ад натруджаных далоняў тронак рыдлёўкi. Неяк так сталася, што ён хутка перажыў сваё напружаньне; стрэл, а затым i скрываўленая галава Аўстрыякi вярнулi яго да самотнай рэальнасьцi, якая абяцала неўзабаве паставiць вялiкую кропку на ўсiм. Усьвядомiўшы тое, Iгар адчуў рэзкi iнстынктыўны пратэст - як было добраахвотна класьцiся ў зямлю ў свае няпоўныя дзевятнаццаць гадоў? Але няўмольная сiла абставiн, якая ўсе апошнiя гады люта ўладарыла над людзкiмi лёсамi, гнула ягоную волю ў дугу, заўсёды дамагаючыся свайго. Рэдка калi тыя абставiны выяўлялi паслабку, давалi зрабiць, як сам хочаш. Дзiўна, але тады, у той самы рашучы вечар, калi ён мог бы зрабiць iнакш, ён iнакш не зрабiў. Праз боязь, страх i трывогу ён зрабiў так, як вымагаў ад яго сяброўскi абавязак, па-свойму зразуметае высакародзтва. Ён не адмовiў Алегу Блажэвiчу, ён пайшоў зь iм. Ранiчкай, як мацi яшчэ спала, таропка сабраў свой небагаты набытак - пару бялiзны, башлык, пачак папярос, Лёльчына фота i шаснуў праз чорны ход на зборны пункт у гiмназiю. Сярод пракуранай людзкой гаманы не адразу знайшоў свойго старэйшага сябра Блажэвiча, якi, пацiскаючы яму руку, каротка кiнуў: 'Малайчына, умееш трымаць слова гонару' i запiсаў у сваё аддзяленьне. Тады, можа, першы i адзiны раз Iгар цiха паганарыўся ў душы за сваё высакародзтва, што намогся i стрымаў слова. Што, калi спатрэбiлася, можа на справе абаранiць незалежнасьць народнай рэспублiкi, пра якую сказана столькi прыгожых i рашучых словаў. Цi ён думаў тады, што праз колькi тыдняў будзе выцягваць скрываўленае цела Блажэвiча з засьнежанага поля пад Семежавам - цяжкапаранены ўранку, той да вечара сьцякаў крывёй пад бальшавiцкiм агнём, увесь дзень да яго нельга было падабрацца. Iгару ў тых баях наогул пашчасьцiла, можа, пашчасьцiла i пазьней, нiводная бальшавiцкая куля яго не зачапiла. Мусiць бы, куды лепш было яму легчы разам з Блажэвiчам, прынамсi, не спазнаў бы таго, што давялося спазнаць затым i што ня дай Бог спазнаць нiкому. I ня толькi iхны жахлiвы паўстанцкi лёс, але i трохi iншае. Яшчэ да таго, як спалiць усе дакумэнты, неяк лежачы надвячоркам у кустоўi, ён спалiў Лёльчына фота, як дазнаўся ад людзей, што яго сьветлае, незямное каханьне стала жонкаю чырвонага слуцкага ваенкома. Ён узьненавiдзеў яе за здраду,