жвiр.

Як Казак толькi пачынаў капаць, Валодзька быў побач, i яго бiла дрыжака, нейкая нутраная лiхаманка, хоць ён i не адчуваў сьцюжы. Увогуле ў той дзень не было халодна. Мусiць, каб як саўладаць з сабой, ён прагнуў хоць якога дзеяньня, iмкнуўся чымсьцi заняць сябе. Тыя днi, як i ўсе, ён быў галодны, ушчэнт змораны, мiнулае ночы заснуў усяго на гадзiну - сядзеў у дазоры. Але цяпер немаведама адкуль у яго ўзялiся сiлы, ён капаў, бы машына - хутка й напорыста, кiдаў i кiдаў у бакi зямлю, не паднiмаючы галавы i стараючыся нi пра што ня думаць.

Думкi, аднак, самi лезьлi ў галаву, i самыя неадчэпныя зь iх былi пра сябе. Не хацелася памiраць Валодзьку Сулашчыку, хацелася жыць. Ды, мусiць, не выпадала. Як не выпадала жыць ягонаму бацьку, шмат каму з шарагоўцаў ды камандзiраў iхнай Слуцкай брыгады. Некаторыя, можа, i ўберагуцца, думаў Валодзька, асаблiва па той бок польскай мяжы, але ня ўсе. Валодзька ўжо чуў, што камандзiраў ды кiраўнiкоў паўстаньня палякi выдалi бальшавiкам, некаторых парасстралялi ў Слуцку, iншых сем'ямi вывезьлi немаведама куды на ўсход. Пэўна, вывезьлi й ягоную старэйшую сястру Сашу зь дзяўчынкай - ведама, за такога бацьку, брата ды падпаручнiка-мужа, што адышоў за Лань, па галоўцы бальшавiкi не пагладзяць. Было дужа трывожна i клопатна i за сябе, i за iншых - родных i блiзкiх, якiм ён нiчым памагчы ня мог. Хiба апроч свае сьмерцi.

У гэтай невялiчкай прымоўклай групе вайскоўцаў нутраная лiхаманка бiла не аднаго Валодзьку Сулашчыка, бадай, усе яны ледзьве стрымлiвалi нэрвовую дрыжаку. Але, можа, самы нецярплiвы зь iх быў Аўстрыяка. Здаля абышоўшы яму, ён толькi аднойчы зiркнуў на Валодзьку i падумаў, што капаюць яны надта марудна. Так можна i не пасьпець, i дачакацца горшага. Але ў яго ўжо не ставала сiлы трываць. Ён угаворваў сябе: хутка ўжо скончыцца, усё супакоiцца назаўсёды. Але спакою ад таго не прыбаўлялася, рабiлася ўсё нясьцерпней. Хоць у думках ён i казаў сабе: ну, чаго шкадаваць? Жыцьця? Дык якое гэта жыцьцё? Гэта пекла, боскае пакараньне, а не жыцьцё. Дома, у недалёкай адсюль вёсцы наўрад цi чакае яго нялюбая, чужая жонка з чатырма чужымi дзяцьмi, маючы зямлю, яна прыдбае i новага мужа. Родны брат застанецца адзiным гаспадаром на бедным надзеле, i нiхто яму болей ня будзе пагражаць дзяльбой. Хiба паплача крыху i супакоiцца ў звыклых клопатах пра дзяцей ды гаспадарку ягоная сястрыца. Усе як-небудзь пражывуць i безь яго, - як жылi безь яго дагэтуль. Калi ён не пашкодзiць. А можа, i надта пашкодзiць, калi бальшавiкi дазнаюцца, як ён лiха бiў iх пад Мазыром. Удалыя справы былi там у войску Булак-Балаховiча, хвацкi камандзiр, ня тое, што гэтыя... Гэтыя болей наконт палiтыкi, усё пра Беларусь... Тое няможна, гэта не дазваляецца. А генэрал даваў волю i паваяваць, i пагуляць. Калi як выпадала. Праўда, Аўстрыяку выпала ня шмат - хiба ён да таго iмкнуўся? Ён iмкнуўся да мiру, хацеў зямлi, ды не збылося. Як прыйшоў з вайны на свой бядняцкi надзел, усё ў яго пайшло прахам. На тым бацькоўскiм надзеле ня дужа дбайна гаспадарыў старэйшы брат Казiмiр з трыма сынамi, якiя й далi яму гэтае прозьвiшча - Аўстрыяка. Сьпярша браты хацелi падзялiць гаспадарку i зямлю, але што б у iх атрымалася з тых чатырох дзесяцiн бацькоўскай зямлi? Мусiць, нiчога здатнага, i Аўстрыяка адступiўся. Дужа яму не хацелася, але мусiў прыстаць прымаком да аўдавелай Аўдохi, што жыла пры бальшаку на водшыбе ад вёскi. Зямлi яна мела трохi болей, чым ягоны брат, мужык не прыйшоў з вайны - памёр недзе ў Сiбiры ад тыфусу. У хаце па земляной падлозе ў яе бегала чацьвёра малых дзяцей, а галоўнае - дужа непрывабная была тая Аўдоха, не ляжала да яе салдацкае сэрца Аўстрыякi. Ды мусiў. Ажанiўся i стаў прывыкаць да iншага, не халасьцяцкага жыцьця. Пасеяў азiмiну, упершыню адчуўшы сябе гаспадаром, прывёў да ладу гумно i назапасiў дрэва на дошкi для падлогi. Увосень малацiлi, для ўпраўкi наняўшы памагатага зь вёскi. Ураджай выдаўся неблагi, зернем засыпалi ўсе карабы ў Аўдоцiнай варыўнi. I тады неяк раньнiм восеньскiм адвячоркам у хату завiталi трое. Ён не зьдзiвiўся: сядзiба была пры дарозе, на падворак часьцяком забягалi людзi - то напiцца вады, то пагрэцца, перакурыць. Але гэтыя завiталi не перакурыць, нядоўга патупаўшы па хаце, уручылi яму абавязацельства на продразьвёрстку, сказалi, каб празь пяць дзён здаў дваццаць пудоў збожжа на патрэбу Чырвонай Армii. Ён злосна пасварыўся зь iмi, сказаў: скульля вам, во ў мяне дзецi, iх кармiць трэба, а Чырвоная Армiя хай пасее i сажне, а не рабуе сялян. Тады, можа, праз тыдзень, якраз у нядзелю, як яны з Аўдоцьцяй сабралiся на кiрмаш купляць парасят, з бальшака на сядзiбу насыпаўся атрад чырвонаармейцаў. За дзесяць хвiлiн яны выграблi з варыўнi ўсю збажыну, чамусьцi далi яму расьпiсацца i паехалi ў горад. А ён, не распрэгшы каня, сеў на прызбу ды й прасядзеў да паўдня. Было чаго столькi пакутаваць на вайне ды ў палоне, iсьцi ў гэтыя прымакi, iрваць кiшкi на запушчанай гаспадарцы, каб апынуцца на зiму жабраком. I што гэта за ўлада настала, як зь ёю жыць? Ён так iмкнуўся дадому, на сваю Беларусь, а тут аказалася горш, чым на вайне, у палоне, там хоць быў вораг, там прымушалi рабiць, нават каралi сьмерцю. Але там кармiлi. А чым тут ён накормiць гэтых дзяцей?

Як зрабiлi мiтынг у Семежаве, ён прыбег дадому, дастаў з падстрэшша ў гумне польскi карабiн i запiсаўся ў паўстанцкi полк. Што-што, а ваяваць ён яшчэ не адвучыўся i думаў, што толькi так цяпер i можна чагось дамагчыся.

У панылым задуменьнi Аўстрыяка далекавата адышоўся ад астатнiх, пасьля таропка вярнуўся, але яма ўсё была не гатовая. Угнуўшы шырокую сьпiну, там размашыста шпурляў рыдлёўкай Мяцельскi; стоячы збоч, цярплiва чакаў камандзiр.

- Ну, цi хутка вы? - са скрухай вырвалася ў Аўстрыякi.

- Пасьпееш, - нядобразычлiва буркнуў зь ямы Мяцельскi.

Аўстрыяка паныла адышоўся - пасьпееш! Iм трэба як найглыбей. Быццам тое было важна для яго - як глыбока ён будзе ляжаць у зямлi цi нават застанецца дзе незакапаны ў кустах. Мёртваму, мусiць, адзiн чорт. Але гэты доўгi клопат з магiлай выцягваў у Аўстрыякi ўсе жылы, ён ужо ледзьве трываў. Добра яшчэ, калi не наладзяць багамольле, - думаў ён. - Дзед цi Кажухар часам ня прэч былi памалiцца. А камандзiр можа яшчэ й завесьцi прамову-казань пра бацькаўшчыну, што таксама ня мёд. Не любiў Аўстрыяка марудзiць нi ў якой справе, ня той меў характар. А зрэшты, якога д'ябла яму зараз марудзiць? Каго цяпер яму трэба слухаць? Ужо цяпер ён сам сабе гаспадар, тым больш, што ў карабiне ў яго засталiся тры патроны. Яму ж хопiць i аднаго.

Падумаўшы так, ён адкiнуў крысьсе свайго шызага, з двума радамi гузiкаў аўстрыйскага шыняля, сеў на шорсткi белы iмшанiк i сьцягнуў з адной нагi бот. Брудная сапрэлая ануча сама раскруцiлася на ступнi, ён даслаў патрон у патроньнiк i вялiкiм пальцам нагi намацаў спускавую скабу. Каб не разбурыць раптоўны намер, нават не зiрнуў у той бок, дзе былi астатнiя, рашуча цiскануў на спуск.

Ягоны зьнянацкавы стрэл змусiў усiх скалануцца. Крутнуўшыся ад ямы, мусiць, адразу зразумеў усё камандзiр.

- Не дачакаўся! - сказаў ён, i вiдавочны боль мiльгануў на ягоным схуднелым твары. - Забела i ты, - кiўнуў ён Казаку. - Давайце яго сюды.

Ня дужа, аднак, рашуча двое шарагоўцаў падышлi да нерухомага, скорчанага на баку Аўстрыякi, з разьбiтай пашчэнкi якога лiлася кроў - на цёмны, зашмальцаваны каўнер шыняля, на плячо, густа капала ў мох. Неяк няўмела яны падхапiлi Аўстрыяку за рукi, пацягнулi нагамi па доле да ямы. Казак перад тым хацеў узяць карабiн, ды Забела нецярплiва гыркнуў: 'начорта табе', i той кiнуў зброю на дол.

Яма ўсё яшчэ не была гатовая, мусiць, сапраўды трэба было яе паглыбiць на аршын цi болей. Пасьля нядоўгага перапынку, выклiканага Аўстрыякавым стрэлам, Мяцельскi зноў налёг на рыдлёўку. Яму таксама трываць было трудна, не ставала сiлы чакаць, карцела скончыць усё як найхутчэй. Тое, што Аўстрыяка апярэдзiў усiх, яму не спадабалася - якi разумны! Не стрываў. Добра яшчэ, калi ягоны стрэл не пачулi тыя, што недзе засталiся ззаду. А калi ўчулi? Вельмi нават проста яны тут могуць ня справiцца са сваёй задумай ды трапяць у iншую пастку. Яшчэ страшнейшую.

Але Мяцельскi ўжо ведаў, што жывым яму трапляць у бальшавiцкiя лапы нельга, аднойчы ён ужо быў у тых лапах. I хоць тады левыя эсэры былi ў хаўрусе з бальшавiкамi, да яго прычапiлiся, быццам ён абурыўся на мiтынгу за тое, што бальшавiкi разагналi Усебеларускi кангрэс, на якi выбiралi дэлегатаў усе - i армiя, i сяляне, i работнiкi. Вылучалi, абмяркоўвалi, галасавалi. Мяцельскi быў такi рады, што ад iхнае роты прайшоў ягоны сябра прапаршчык Каўшовiч, за якога Мяцельскi месяц драў горла на мiтынгах. Ледзьве ня ўсiм палком яны праводзiлi прапаршчыка на станцыю ў Маладэчне, пацiскалi руку, давалi наказы. Пасьля сталi чакаць. Але неўзабаве, замест дэлегата-прапаршчыка, прыйшла вестка, што кангрэс разагнаны бальшавiкамi, а Каўшовiч толькi праз тыдзень ледзьве дабраўся зь Менску - бяз шашкi, дакумэнтаў i без мандата. Усё адабралi бальшавiкi. Такога старэйшы унтэр-афiцэр Мяцельскi стрываць ня мог i з двума сябрукамi далучыўся да партыi эсэраў. Зноў разам з Каўшовiчам яны ледзьве не штодня выступалi на салдацкiх мiтынгах. Прапаршчык дык стараўся гаварыць складна, па-iнтэлiгенцку, а Мяцельскi звыклым салдацкiм мацюгом 'мяцелiў' i сваiх палкавых бальшавiкоў, i iхнага начальнiка Мясьнiкова, якога называў ня

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату