яшчэ з даваеннага часу - такiх ён чуў, назiраў у вайсковых гарнiзонах - усiх гэтых земскiх дактароў i начальнiкаў, настаўнiкаў ды паштавiкоў. Збольшага ён адчуваў лёгiку iхнага мысьленьня, заснаванага на дылетанцкiм разуменьнi палiтыкi, хрысьцiянскай маралi, памятаў iхныя гутаркi дзе-небудзь на дачнай вэрандзе пасьля вячэрняй гарбаты, пасядзелкi за круглым сталом пад лямпай з модным матавым абажурам. Яны былi людзi ня злосныя, часам i недурныя, ахвотнiкi ў меру выпiць ды пагуляць у карты. У iх выхоўвалiся неблагiя дзяўчаты, патэнцыйныя жонкi гарнiзонных падпаручнiкаў, адна зь якiх некалi ледзьве ня стала жонкаю Глушкевiча. Ды ня даў Бог. Цi вайна... Эсэраў ён збольшага пазнаў пасьля рэвалюцыi, у войску, калi яны раптам павылазiлi аднекуль, пераважна з унтэр-афiцэрскiх цi прапаршчыцкiх пасадаў i кiнулiся выступаць на мiтынгах. Яны мала чым адрозьнiвалiся ад бальшавiкоў, i таму сустрэць у гэтым сутарэньнi ЧК арыштаванага эсэра было для яго трохi дзiўнавата.
- А за што вас, прабачце, сюды? - стрымана запытаўся ён нябачнага ў цемры шапялявага Эсэра.
- А нiзашто. Непаразуменьне выйшла.
- У iх непаразуменьня не бывае! - нэрвова заварушыўся побач Блатняк. - Iм трэба каго-небудзь шлёпнуць. I цябе першага.
- Шлёпнуць, канечне. Калi так доўга ня кормяць, - шапялява пагадзiўся Эсэр.
- Ня кормяць i не страляюць, - сказаў Блатняк.
- Можа, чакаюць, калi самi ногi працягнем? Каб на патроны не расходавацца.
- Не, царскiя сатрапы такога не дапускалi, - сказаў Эсэр. - У турме ўсё ж кармiлi. Кепска, праўда, але кармiлi.
- У iх там няўпраўка выйшла - аўтамабiль сапсаваўся, - зазначыў Блатняк.
- Думаеш, адрамантуюць i прывязуць прысмакi?
- Не. Адрамантуюць, i нас - у Гунькiн роў.
Паручнiк прыслухоўваўся да iх невясёлай размовы i разумеў, што ягоных суседзяў трывожыў той жа клопат пра ўласнае жыцьцё, якi назаляў i яму. Зрэшты, што ж, усё натуральна, што яшчэ магло трывожыць людзей у гэтым чэкiсцкiм склепе? I спадзяванкi на жыцьцё былi ў iх гэткiя ж хлiпкiя, як i ў яго.
Недзе ў калiдоры непадалёк пачулiся галасы, грубыя, патрабавальныя крыкi: 'Выходзь! Быстра, тваю маць...', брыдкая салдацкая лаянка. Падобна, там усчалася тузанiна цi нават бойка, чуўся тупат шматлiкiх ног, нешта моцна выцяла ў сьцяну - аж здрыганулiся прыхiнутыя да дзьвярэй паручнiкавы плечы. Агiдны ветрык небясьпекi дзьмухнуў у цемрадзi сьмярдзючай камэры, усе насьцярожана прымоўклi, чакалi, што вось-вось адчыняцца i iхныя дзьверы. Але дзьверы пакуль не расчынялiся, а тупат i тузанiна сталi аддаляцца, мабыць, там кiравалi на выхад.
- Цяпер цi ня наша чарга? - паныла ўздыхнуў Эсэр.
Яму нiхто не адказаў, усе маўчалi, i пасьля маркотнае паўзы першы раздумна загаманiў Блатняк:
- А я якраз перад тым, як сцапалi... гуляш не даеў. Такi быў смачны гуляш. Каб ведаў...
- За жыцьцё не наеўся, перад сьмерцю не налiжасься, - сказаў Стары.
- Што праўда, то праўда! - падхапiў Эсэр. -Як помню сябе, усё есьцi хацеў. I на волi, i ў турмах.
- А што, многа сядзеў? - пацiкавiўся Блатняк.
- Хапала!
- Я ж казаў: трэба даваць дзёру! - нэрвова зашапатаў Блатняк. - А то давядуць, што ног не пацягнеш. Калi да таго ня стрэльнуць.
- Я ня супраць, - цiха адгукнуўся Эсэр. I з кутка разважна азваўся Стары:
- Вы думаеце, гэта магчыма? Гэта ж вельмi рызыкова, мабыць?
- А кулю ў лоб атрымаць не рызыкова?
Размова прыпынiлася, i паручнiк падумаў, што, вiдаць, iншага не застаецца. Ужо яго ЧК не памiлуе, расквiтаецца за ўсё. I за дваранскае паходжаньне, i за афiцэрства, i за рэвальвэр у рэчмяшку. Але гiнуць у гэтым сьмярдзючым сутарэньнi цi ў Гунькiным рове было пагана i страшна. Такога сабе канца паручнiк ужо не чакаў. Ды яшчэ ў гэткай кампанii. Усе ягоныя продкi ляжалi пад якiмi-нiякiмi помнiкамi на старых сельскiх могiлках ля невялiчкай праваслаўнай царкоўкi, усе памерлi сваёю сьмерцю, у сваiх пасьцелях. А дзе давядзецца легчы яму?
- А i праўда, - зашапялявiў Эсэр. - Як адчыняцца дзьверы, калi каго прывядуць... Кiнуцца i - за вiнтоўку.
- Хто кiнецца? - сказаў Стары. - Я пажылы. Ды хворыя суставы: раматус...
- Я б кiнуўся, - працягваў Эсэр. - Ды ў мяне рука вывiхнутая. Як вялi, бiлi. Сапсулi руку.
Паручнiк маўчаў, ён думаў. Трэба было штосьцi ўзгаднiць у душы, усё ж тая думка ўзьнiкла для яго нечакана. Канечне, рукi ў яго не былi вывiхнутыя, пакуль што ад голаду ён не зьнясiлеў. Але яму трэба было хоць бы адчуць нейкi давер гэтых людзей, каб нешта браць на сябе.
- Дык вось жа ў нас вайсковец, - падказаў Блатняк, - ты ж вайсковец, ага? - зьвярнуўся ён да паручнiка.
- Вайсковец.
- Можа яшчэ ахвiцэр?
- Афiцэр.
- Дык каго чакаць? Самы раз будзе. Ён кiдаецца першы, я - у помач.
- Ага. Тут важна, каб усiм разам, - прашамкаў Эсэр. - Ламануць - i ў калiдор, а там - як пашанцуе.
- Толькi б не спазьнiцца. А то могуць на золку вывесьцi. Яны на золку возяць, - паведамiў Блатняк. Ну, вядома ж, на золку, пра тое паручнiк ведаў, ужо недзе чуў цi чытаў, як возяць на кару злачынцаў. А цяпер вось тое загадкава-страшнае падышло да яго. Значыцца, каб не загiнуць па-дурному, безабароннай авечкай, трэба скарыстаць хоць бы й невялiкi шанец. Гэтыя людзi паспадзявалiся на яго, i ён павiнны. Хоць бы, як больш дужы. I, можа, як больш здатны. Урэшце, як афiцэр. Цi ня ў тым цяпер ягоная мiсiя - маленькая, амаль мiкраскапiчная мiсiя ў вялiзарным вiры людзкiх нягодаў. Ён павiнны пайсьцi наперадзе i зьдзейсьнiць самае, можа, рызыковае. Так трэба. А як яно выйдзе тое залежыць ня толькi ад яго. Тут ужо - як будзе заўгодна госпаду Богу.
- Я зразумеў. Але цi ўсе згодныя? - запытаўся ён.
- Я згодны, - лёгка сказаў ягоны сусед.
- Я тожа, - пацьвердзiў Эсэр. У куце, чутна было, трохi паварушыўся, паўздыхаў Стары, мабыць, ягонае рашэньне давалася яму трудней, чым iншым. Але i ён згадзiўся:
- Што ж, калi ўсе мiрам рашылi, дык... Адмаўляцца не па-хрысьцiянску будзе. Ужо як-небудзь...
- Во i добра. А ты, маўчун, што? - зьвярнуўся да кагось нябачнага ў цемры Эсэр. - Цi ўсё сьпiш?
- Я ня сплю, - прагучаў зь цемры новы басавiты голас.
- Дык ты чуў? Ты згодны?
- Ды я вось... бегчы не магу, во якое дзела...
- Тады што ж, застанесься?
- Мабыць, застануся.
'Во, пачынаецца, - зь непрыемнасьцю падумаў паручнiк. - Адзiн стары, другi з вывiхнутай рукой, гэты бегчы ня можа. Што ж тады яны - удвох? Цi ўтрох? Але цi справяцца ўтрох? А калi тых будзе болей?' Была вялiкая няпэўнасьць, занадта шмат што залежала ад выпадку, але што ж тады?.. Адмаўляцца, калi ўжо пагадзiўся, было нягожа, ён мусiў трымаць слова. Тым больш, калi на яго паспадзявалiся.
Ноч тым часам, мабыць, перавалiла за поўнач, у сутарэньнi памалу рабiлася цiшэй. Галасы ў калiдоры i за сьцяной патроху глухлi. Нехта пагаманiў яшчэ мабыць, канваiры ў канцы калiдора, пасьля стала цiха. Падобна было, падземная турма спакваля засынала. У гэтай жа камэры, аднак, ня спалi - цяжар нялёгкага клопату аблёг на ўстрывожаныя душы арыштантаў, прымусiў жывей забiцца iх спакутаваныя сэрцы.
- Галоўнае, ня кормяць, - сказаў Эсэр. - Значыць, штосьцi ўдумалi.
- А што - тут i аслу вядома, - пагадзiўся Блатняк.
- А калi ў iх усё ж якi iншы плян, - усьмiхнуўся Стары. - Калi, напрыклад, сапсуўся аўтамабiль, дык, мабыць жа, праблема з падвозам.
- Праблему з падвозам можна вырашыць шляхам падносу. Хоць бы ў мяшках. Хлеба цi бульбы. А калi чатыры днi не нясуць, значыць, ня варта, прашапялявiў Эсэр.
- Значыць, Гунькiн роў! - у каторы раз напомнiў сваё Блатняк.
Той яго напамiн пачынаў ужо раздражняць паручнiка, але ён устрымлiваўся, думаючы цяпер пра iншае. Калi пашэнцiць выбрацца з ЧК, дык куды бегчы далей? Ён тут даўно ня быў, знаёмых ня меў, шлях да мацi