- Ня клясавы, праўда. Боскi. Усё ж Бог стварыў чалавека, а ня клясы, партыi. Клясы i партыi - гэта, мабыць, справа нячысьцiка. На пакуту людзям.

- Каб адно адным паганялi, - як заўжды зьедлiва ўставiў Блатняк i запытаўся з выклiкам: - Праўда, Маўчун?

- Можа, i праўда, - не адразу, спаважна адазвалася зь цемры. Блатняк пачакаў, мабыць, думаў учуць i яшчэ што, але далей было маўчаньне.

- А цябе завошта сюды, калi не сакрэт?

- За цара, - не адразу, з натугай адказаў Маўчун.

- Ты што - радня яму?

- Не, не радня.

- Дык пры чым тут цар?

- Вартаўнiк я. Ва ўправе служыў. А яны прыйшлi партрэт скiдваць...

- Хто яны?

- Ды гэтыя... Чэкiсты. Дык я... Узяў тапор i...

- I пасек iх? - зь цiкавасьцю дапытваўся Блатняк.

- Не-а. Аднаго толькi. Галоўнага.

- Да-а, - сказаў эсэр. - Кепскiя твае справы.

- Ну, - проста пагадзiўся Маўчун.

Няпэўная начная цiша ў сутарэньнi зноў парушылася нейкiмi невыразнымi галасамi ў тым канцы калiдора, прагучала лаянка, падобна, там некага бiлi, прывялi цi, можа, зноў выводзiлi на расстрэл цi на допыт. У камэры прыцiхлi, услухоўваючыся, са страхам чакаючы кепскага. Паручнiк пасунуўся ад дзьвярэй у кут, так было зручней, калi што, кiнуцца ў дзьверы. Кепска, думаў ён, што скрозь было цёмна, у цемры можна было памылiцца. Затое, можа, лепш будзе ўцякаць. Хоць як там ужо выйдзе. Цяпер ня шмат прадугледзiш.

- Значыць, так, - цiха сказаў ён. - Расчыняць, i я кiдаюся. За мной - вы, - ён дакрануўся да выцягненай нагi Блатняка. - Зараз жа астатнiя.

- Тады трэба перасесьцi, - сказаў Блатняк. - Маўчун ня пойдзе, дык ён каб у канцы. Хай перасядзе з вучыцелем.

- Хай перасядуць, - пагадзiўся паручнiк.

Трошкi стогнучы, Маўчун падняўся са свайго наляжанага месца i палез у кут да Старога. Той таксама нешта мармытаў сабе, незадаволены чымсь. Аднак паручнiк ня надта iх слухаў - ён стараўся не прамiнуць якi рух у калiдоры, каб ня даць застаць iх зьнянацку. Рух там, аднак, заглух, мабыць, каго было трэба, вывелi, i ў сутарэньнi зрабiлася па-начному цiха.

- Аднак аташчалi мы, чорт пабяры, - сказаў Блатняк. - У мяне ўжо кiшкi да хрыбта прысохлi ад голаду.

- Хаця б далi вады, - паскардзiўся Стары. - Без вады арганiзму нiяк: абязводжваньне тканак.

- Цiкава, а колькi можна бязь ежы? - запытаўся Блатняк.

- Бязь ежы пацягнем, - адказаў Эсэр, як самы ў тым дасьведчаны. - Можна тыдзень i два. А без вады кранты.

Пакуль што паручнiк не адчуваў нi смагi, нi асаблiвага голаду, усё ж учора ён пiў на станцыi гарбату, i цяпер напружана думаў, як лепей учынiць гэтыя ўцёкi. Роля першага, пачынальнiка, несла як пэўную небясьпеку, так давала i пэўныя перавагi; ад ягонага спрыту i ўмельства залежала ўсё астатняе. Калi ён адолее канваiра ды завалодае зброяй, дык, можа, яны й вырвуцца.

Ён намагаўся слухаць, каб адразу злавiць якi важны гук з калiдора, i баяўся заснуць. Дрымота, мiж тым, агортвала яго ўсё болей, i тады ён, страпянуўшыся, цiха гукаў iншым: 'Ня спаць'. Яны не маглi дазволiць сабе заснуць, кожную хвiлiну трэба было быць гатовымi кiнуцца ў дзьверы, як толькi тыя расчыняцца. Як за кiм прыйдуць цi каго прывядуць. У кутку ля дзьвярэй паручнiк выбраў сабе найбольш зручную позу.

Аднак мiнаў час, а дзьверы камэры заставалiся нязрушныя, бы замураваныя. З таго боку, здаецца, нiхто каля iх i не пратупаў нi разу. Спакваля зноў усталявалася трывожная начная цiша. Дужа цягнула на сон, i трэба было немалое намаганьне, каб адолець дрымоту. Паручнiку, мабыць, не заўжды тое ўдавалася, i тады ў яго паўсоннай сьвядомасьцi пачыналi мiльгаць нейкiя аблiччы, нiбы чулiся фразы, урыўкi падзеяў зь яго нядаўняга франтавога мiнулага, даўнейшай службы i нават штосьцi зь дзяцiнства... Чамусь зьявiлася перад зрокам разьбiтая фура на гразкай вулiцы галiцыйскага мястэчка, забiты конь з разьдзьмутым, як бочка, брухам, i - бяз пэўнай з папярэднiмi падзеямi сувязi мацi. Старая, заплаканая, з маўклiваю тугой у вачах, - мусiць, такая, якой ён бачыў яе апошнi раз, ад'яжджаючы на фронт у пятнаццатым. 'Застанецца адна', падумаў паручнiк, i гэтая недарэчная думка аж скаланула яго сваёй нечаканасьцю, адразу прагнаўшы сон. Мацi ўжо страцiла амаль усiх - дзяцей, мужа, пляменьнiкаў, брата. Хто памёр, не стрываўшы такога жыцьця, хто прапаў на вайне цi апынуўся на захадзе, як сястра Тацяна, што з мужам-дыпляматам выехала ў Фiнляндыю. Адзiн iхны брат не вярнуўся з палону, другi быў забiты ў першых баях ва Ўсходняй Прусii. Ён застаўся апошнi i, мусiць, з такой няўрымсьлiвасьцю памкнуўся да мацi, нiбы адчуўшы яе далёкi жальлiвы поклiч з паўзабытай iм Полаччыны. Ледзьве ня ўсе свае маладыя гады, гады вайсковае службы i пасьля ён таптаў чужую зямлю, жыў сярод чужой прыроды, у незнаёмых раней гарадах, сярод чужых, iншамоўных людзей. Да iх прывыкаў, звычаiўся зь iхным бытам, мала i рэдка ўспамiнаючы, адкуль ён i дзе ягоныя вытокi жыцьця. Можа б, жыў так i далей, калi б не вайна, ня гэтая рэвалюцыя, калi ўсё ранейшае паляцела ў тартарары. За кароткi час ён ня толькi страцiў чын, пасаду, сякiя-такiя набыткi, але й звыклыя маральныя апiрышчы, калi ўвачавiдкi мянялiся вакол людзi i ягоныя да iх адносiны. I тады неўпрыцям i настойлiва паўставалi ў памяцi вобразы iншага, ранейшага, паўзабытага iм жыцьця. Здавалася, людзi ў тым жыцьцi былi зусiм не такiя, як гэтыя, - нязьменныя, з дабрынёй i Богам у душы, прыязнай прыветнасьцю на тварах, якiмi ён памятаў iх зь дзяцiнства. Бадай, у роспачным адчаi, як да паратунку, ён памкнуўся да iх, да роднае стараны, дзе мiнула яго дзяцiнства, застаўся вялiкi драўляны дом з адкрытай вэрандай пад стромкiмi вязамi з бусьлянкай, у якой кожнае лета ладзiлi сваё жытло пара буслоў, ляскалi доўгiмi дзюбамi - выводзiлi бусьлянят. Пад iмi ўнiзе тулiўся нешырокi ўтульны падворак малазаможнай шляхецкай сядзiбы з квяцiстаю клюмбай перад шырокiмi прыступкамi ганка. Побач мясьцiлiся старасьвецкiя драўляныя службы зь летняю кухняй, клецямi, стайняй, у таямнiчым паўзмроку якой бразгалi цуглямi два буланыя стаеньнiкi; на аднаго зь iх, рахманага Сярка, некалi падсаджвалi белагаловага хлопчыка ў белай матросцы, i сэрца яго замiрала ад страху i адвагi. Аднойчы ён упаў зь Сярка, дужа папэцкаў матроску, i яны дамовiлiся з хурманам Дзянiсам утаiць тое ад мацi, схлусiць, што ён упаў у лужыну ля падворку. Назаўтра мацi загадала Дзянiсу засыпаць лужыну. Дзiва, што застаецца ў душы на сконе жыцьця... Зь незабыўных уражаньняў раньняга дзяцiнства ўзнавiлася ў памяцi iх даўняя паездка ў недалёкi Полацак да мошчаў сьвятой Еўфрасiньнi, - як яны ранiчкай ехалi туды ў ландо з бацькам i мацi, мiнаючы азёры i прыазёрныя вёскi, i ўрэшце, як скончыўся лес, на даляглядзе па-над далёкiмi прысадамi засьвяцiлiся стромкiя купалы Сафiйкi, ярка асьветленыя летнiм ранiшнiм сонцам. Цi пабачыць ён калi iх - тыя сьвятыя купалы, што доўгiя гады стаялi ў змроку ягонай памяцi - сярод страшнай калатнечы, гразi, крывi, бязладзьдзя вайны? Так недалёка засталося да iх, i так трудна iх дасягнуць.

Мабыць, ён усё ж задрамаў трохi, на якiх пару хвiлiн, i аж скалануўся ад нечаканага крыку, што раздаўся па той бок дзьвярэй.

- Па-ад'ём! Падгатовiцца - прыём пiшчы!

У камэры разам спалохана заварушылiся, падскочыў i сеў побач Блатняк, за iм санлява падняўся з долу Эсэр. У сьцяне насупраць ужо цьмяна азначалася невялiчкае закратаванае акенца, сталi вiдаць плечы, галовы, шэрыя твары арыштантаў, i паручнiк упершыню азiрнуў людзей, зь якiмi прабыў ноч. Крык у калiдоры, якi цяпер чуўся далей, чымсьцi яго бянтэжыў, можа, тым, што на дварэ пэўна вiднела, i ён сьцямiў, што з уцёкамi прыпазьнiлiся. Зноў жа ён ня ўбачыў на белабрысым, надта прышчавым твары памагатага Блатняка патрэбнай рашучасьцi - там выразна мiльганула зьбянтэжанасьць, што ўвачавiдкi зьмянiлася бадай што дзiцячай радасьцю, i Блатняк закрычаў:

- Чуеце? Не, вы чуеце? Жраць дадуць, далiбог!

Эсэр, бачна было, з прагнаю ўвагай iмкнуўся злавiць гукi з калiдора, i яго запалыя, аброслыя блытанай шчэцьцю шчокi ды разяўлены ад увагi рот з выбiтымi наперадзе зубамi выдавалi слабасiльнага, нават змардаванага чалавека. Крыху далей у рэдзенькiм сяйве сьвятла з акенца блiшчэла лысая галава старога вучыцеля з зусiм белым пушком - рэштаю валасоў над вушамi. Недзе ў густым ценю пад акенцам тулiўся

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату