- Ды каб выглянуць дзе. Тут жа вёска мая Зялёны Луг, - адказаў той, што тузаўся.
- Ты ж гарадзкi, казаў, - азваўся ад дзьвярэй Сурвiла. - Паказваў на допыце: з Камароўкi.
- То ж жыў на Камароўцы. Як на чыгунцы рабiў. А нарадзiўся ў Зялёным... Да.
- Во - выясьняецца! - мовiў Сурвiла. - А то ўсё - рабочы, чыгуначнiк. Блытаеце нешта, Шастак.
- Нiчога ня блытаю. Паходжаньнем зь вёскi. Але ж рабочы. Тое трэба ўзяць пад увагу. I парцейны!
- Быў, - каротка абвясьцiў Сурвiла.
Рэплiка былога чэкiста зачапiла балючую струну ў параненай душы рабочага Шастака, якi загаманiў, як пра што недагаворанае i балючае.
- Быў i астаюся. Ужо не адмоўлюся, не такi. Перад парцiяй я чысты.
Машыну моцна трасянула на нейкай калдобiне, паэт Фэлiкс Гром аж войкнуў ад болю ўсярэдзiне. Хтось сьпераду ў цемры вылаяўся:
- Падлы! I перад канцом ня могуць па-людзку! У бога-душу iх маць!..
- А цiшай нельга? - зласьлiва папракнуў Сурвiла.
- А што цiшай?! Цiшай-цiшай! Ды пайшлi вы...
- Ты хто? Як прозьвiшча?
- А табе што? Ты сьледчы?
- А хоць бы й так.
- Ну, Зайкоўскi. Калi сьледчы, дык, мабыць, запiсана ў вашым сратым прыгаворы. Такую iх маць... Ды не навальвайся ты гэтак, буржуйскi чмур! вызьверыўся ён на кагосьцi ў цемры. - У мяне во рука зламаная...
Здаровай рукой Зайкоўскi пiхнуў у плечы суседа, якi на паваротах няўзнак дужа хiлiўся да яго i вярэдзiў зламаную лапатку. Пералом быў нутраны, закрыты, стаўся якi тыдзень таму на допыце, калi яго з паўгадзiны ахаджвалi два сьледчыя - малады, танклявы, як глiст, i пажылы - вусаты, з ордэнам на гiмнасьцёрцы. Дабiвалiся падпiсаць, што ён польскi шпiён, зьвязаны з дыфэнзывай, па прозьвiшчы Млынец. Але Зайкоўскi ня быў лазутчыкам, тым болей Млынцом, бо быў звычайны маскоўскi грабежнiк, якi надумаў ратавацца ад крымiнальнага вышуку ў Менску. У Маскве за iм лiчылi аж восем рабункаў, хоць, папраўдзе, грабянуў ён болей (цi не чатырнаццаць) i ўсё неяк выкручваўся, не даваўся ў рукi нi крымiнальнаму вышуку, нi ГПУ, нi мiлiцыi. Аж покуль яго ня выдала палюбоўнiца Вандзя. Подлая стукачка Вандзя сьпярша прыгрэла, а затым прадала. Добра, што ён такi вёрткi i ўцёк зь мiлiцыi, замачыўшы аднаго мiльтона. I скемiў, што ў Маскве ягоныя справы скончылiся, трэба рваць кiпцi. Тады ён успомнiў, што ў Менску некалi пражываў ягоны дзядзька, зь якiм ён ня бачыўся ад самага нэпу. Прыехаўшы, доўга шукаў патрэбны яму нумар на нейкай Заслаўскай вулiцы, а як знайшоў, зразумеў, што даў маху: дзядзька кудысьцi вытрахнуўся, у зялёным, з садком дамку жылi iншыя людзi, якiя пра дзядзьку й ня чулi. Дзе было яго шукаць i дзе начаваць нават? Пайшоў на вакзал. Ведаў жа: вакзалы - ня самае лепшае месца для такiх, як ён, валацугаў. Але здорава нахадзiўся за дзень, прытамiўся, якраз лiнуў дождж, i ён думаў пасядзець крыху, абсохнуць. Ды не стрываў - заснуў. На вакзале яго i ўзялi. Проста гэтак, з усьмешкай два мiльтоны папрасiлi прайсьцi. Во i прайшоў свой надта кароткi, блытаны шлях - ад вакзальнай лавы да лавы падсудных. I цяпер вышэйшая мера.
Каб ня гэтая лапатка, ён бы, ведама, рызыкнуў. Было яшчэ сiлы, яшчэ ня ўсю яе выбiлi на касталомных допытах. Але з такой лапаткай, лiчы, аднарукi. А з адной рукой - квiты, i кранты. I Зайкоўскi толькi кусаў вусны - ад болю i роспачы, што нiчога ня мог перайначыць у сваiм недарэчным лёсе.
Мiж тым, аблаяны iм буржуйскi чмур Валяр'янаў адхiснуўся ад сварлiвага суседа i не прамовiў нi слова. Наогул ён мала зважаў на тое, што рабiлася навакол, i звыкла жыў у сьвеце ўласных думак - адзiным сьвеце, у якi мог не пушчаць нiкога. Нават у турме. Нi з кепскiм, нi з добрым, якое ў гэты пракляты час магло лёгка ператварыцца ў сваю супрацьлегласьць. Як i звычайная чалавечая спагада, прыветнасьць, што абарочвалiся няшчасьцем. Стрыечная сястра Валяр'янава, што пасьля вайны апынулася ў Кракаве, выпадкам дазналася пра гаротны лёс брата, якi зарабляў на хлеб рахункаводам у Менску i гадаваў двух маленькiх дзяўчатак. Сястра паспагадала. Вясной пад каталiцкi Вялiкдзень Валяр'янаў атрымаў на пошце маленькi пакуначак зь нетутэйшымi штампамi, i знайшоў там дзьве дзiцячыя сукеначкi, белыя панчошкi, безапасную брытву для сябе i пакецiк цукерак у блiшчастых абгортках. Для ягоных дзяўчатак то была вялiкая радасьць, ды й ён парадаваўся - найбольш першай за пятнаццаць гадоў вестачцы ад сястрычкi-гiмназiсткi, якую, думаў, назаўжды страцiў у дзевятнаццатым годзе, калi яны разьвiталiся ў Кiеве. Аднак нядоўгаю была тая iх радасьць. Не мiнула i месяца, як неяк пад ранак у дзьверы пастукалi. Жонка Дуся ўскочыла з ложка i адразу залямантавала - яна ўжо прадчувала, што гэта такое. Ды й ён здагадаўся адразу, адчынiў дзьверы i ўжо не зачынiў iх зачынiлi за iм чужыя. Таксама як i за жонкай, якая бiлася ў iстэрыцы i крычала, i кiдалася на кожнага з цэлай зграi чэкiстаў, што пераварочвалi ў iхным пакойчыку ўсё дагары дном. Ужо назаўтра тыя сукеначкi i панчошкi сталi на сьледзтве рэчавымi доказамi ягоных шпiёнскiх сувязяў з польскай разьведкай.
Гэта быў яго шосты арышт пасьля рэвалюцыi. Ён ужо стамiўся апраўдвацца i на допытах збольшага маўчаў, прымаючы зьнявагi i пабоi як штось правамернае i заслужанае. Памiж допытамi жыў у роспачных успамiнах аб сваiм даўнiм, дарэвалюцыйным, гэткiм не падобным на цяперашняе, жыцьцi. Хоць i там было рознае, але была вучоба, вайсковая служба i нават два перадваенныя падарожжы у Баварыю i Аўстрыйскiя Альпы. У Кракаве ён нiколi ня быў i ня думаў, што гэты незнаёмы горад так трагiчна прычынiцца да ягонага лёсу.
Часам бывала, калi трохi сьцiхаў вэрхал у камэры, Валяр'янаў малiўся размаўляў з Богам. Прасiў у яго - не за сябе - за двух маленькiх дзетак, што засталiся цяпер немаведама дзе. Болей яму малiцца не было за каго. Прасiць Бога за жонку, мабыць, ня мела сэнсу - ведаючы яе характар, Валяр'янаў думаў, што па- добраму зь ёй не абыдуцца. А на зло яна кiдаецца, нiбы тыгрыца, не паглядзiць, хто перад ёй - сьледчы, канваiр цi нават начальнiк турмы, яна ня зважыць нi на чын, нi на сiлу. Арыштаваўшы, чэкiсты павялi яе са зьвязанымi рукамi. З уласнага досьведу Валяр'янаў ведаў, што такiя характары ў турме доўга не вытрымлiваюць. Або iх забiваюць, або яны - самi забiваюць сябе. Страцiўшы ў рэвалюцыi першую жонку- дваранку, ён ажанiўся з дворнiкавай дачкой Дусяй, думаў, што цяпер прыйшоў iхны час. Але памылiўся. Час настаў, вiдаць, зусiм непрыдатны нi для тых, нi для iншых. Не далi жыць з Дусяй, не далi жыць i самой Дусi. I во засталiся цяпер дзьве дзяўчынкi-дашкольнiцы, што зь iмi будзе?
Пра тое, што неўзабаве будзе зь iм самiм, Антон Аркадзевiч ня надта турбаваўся, ён разумеў, што прысуд яму вынесены не пазаўчора, а мабыць, яшчэ ў сямнаццатым. I то цуд, што ён пражыў пасьля яшчэ столькi гадоў, - тэарэтычна тое было немагчыма, - практычна ж неяк атрымалася. Толькi навошта? Што далi яму тыя дадатковыя гады жыцьця? Несканчоную плойму страху, клопату, рызыкi за сябе, за жонку, за малых дзяцей. Усё ж, мабыць, кепска ён зрабiў, што ажанiўся i пусьцiў на сьвет галоту, бязбацькавiчаў. На што спадзявацца малечы бяз бацькi i маткi - на добрых людзей? Але дзе тыя добрыя людзi. Вывелiся дарэшты. Асталася надзея на сьвятое правiдзеньне, на Госпада, якi няўжо не паможа? Няўжо ня возьме пад сваю боскую апеку маленькiх бездапаможных анёлкаў?
Падобна, машына выехала з гораду, а можа, i збочыла з шашы. Рух яе прыкметна запаволiўся, вялiзную буду раз за разам трэсла i хiстала на выбаiнах, часам здавалася, вось-вось яна спынiцца, натужна равучы маторам. Партыец-бальшавiк Шастак таксама добра ведаў гэтую дарогу i беспамылкова вызначыў, дзе яны едуць. Чым далей ад'яжджалi ад турмы, тым ён турбаваўся ўсё болей. У турме за паўгода адсiдкi ён не сказаць, каб надта i непакоiўся - там у яго былi свае абавязкi: дагадзiць сьледчым, запомнiць i як мага дакладней перадаць iм, пра што гаварылi арыштанты. Ужо другi год Шастак быў членам ВКП(б) i разумеў перадавую ролю рабочае клясы ды ейнага авангарду - партыi бальшавiкоў. Ён няблага працаваў у дэпо, лiчыўся ўдарнiкам. Але калi ўжо здарылася такое, што ён апынуўся ў турме, дык i тут трэба паводзiць сябе, як бальшавiк: памагаць органам выкрываць ворагаў. Усiм ведама, што ворагi страшэнна хiтрыя людзi, яны ўсё тояцца, хiтруюць i ашукваюць; патрэбныя д'ябальскiя высiлкi, каб iх выявiць i пакараць. I Шастак стараўся. Прыкiдваўся дурнем, распытваў, слухаў i запамiнаў, часам даваў парады. Як гэтаму аднаасобнiку Казлу. Прыгаломшанаму i скатаванаму на першых допытах, параiў яму прызнацца ва ўсiм i падпiсаць, што патрабуюць сьледчыя: маўляў, тады дадуць меней, а то й пусьцяць дамоў. А будзе ўпарцiцца - станецца горш, могуць i шлёпнуць. Казёл, здаецца, паверыў i пакрысе падпiсаў. I праўда, сьледчы Кутасаў Шастака не ашукаў: Казла перасталi цягаць на допыты, той паспакайнеў i пачаў чакаць вызваленьня. Сьледчы пахвалiў Шастака, якi нават парадаваўся за Казла, падумаў, можа, i сапраўды выпусьцяць. Але менавiта пасьля гэтае справы з Казлом штось саскочыла i ў Шастака, падобна, у чымсь западозрылi яго самога. Западозрылi, ведама, па-дурному, нi ў чым ён ня быў вiнаваты, бо ўсё рабiў, як казалi. I тое, што ад яго запатрабавалi