Мабыць, то быў пэўны сыгнал, двое ў бушлатах з аховы вырвалi ў байцоў вiнтоўкi i люта штурханулi абодвух. Меншы адразу ўпаў, штось заякатаўшы, а большы пачаў бязглузда, спалохана мовiць: 'Што, што?' З гэтым 'што' iх i затаўклi ў сасоньнiчак, далей ад вачэй Палкаводца, адкуль яны ўжо не паказалiся.
Тым часам старэйшы сяржант з аховы прывёў да Палкаводца i афiцэра са 'студэбэкера'. Паранены, з абвязанай галавой, на сваю бяду ратуючы гармату, той перабраўся цераз рэчку, як яму, мабыць, здавалася, на выратоўчы пагорачак. То быў старэйшы лейтэнант з ордэнам Айчыннай вайны на грудзях i перакручанай дзягай, на якой матлялася, вiдаць, пустая ўжо кабура. Згледзеўшы Палкаводца, ён паспрабаваў аддаць рапарт:
- Таварыш камандуючы...
Палкаводзец перабiў яго тонам, ад якога зацiнала мову ня толькi ў камбатаў:
- Дзе батарэя?
- Батарэя загiнула, таварыш ка...
- Ах, загiнула? - зусiм ужо вызьверыўся Палкаводзец. - А чаму ты, гаўнюк, не загiнуў?
- Ды я...
- Дакумэнты!
Бруднымi ад тванi i сьвежай крывi рукамi старэйшы лейтэнант расшпiлiў гузiк гiмнасьцёркi i дастаў некалькi кнiжачак - афiцэрскае пасьведчаньне, партбiлет, рэчавую кнiжку. Iх у яго тут жа выхапiў старэйшы сяржант, перадаў трыбунальцам.
- Расстраляць! - халодна кiнуў Палкаводзец.
- Таварыш камандуючы!.. - сiпавата выгукнуў афiцэр i асекся - Палкаводзец ужо азiраў поплаў, а старэйшы сяржант ускiнуў да грудзей новенькi варанёны, з ражковым магазiнам ППС, якiя толькi што прыбылi на фронт i якiмi ў першую чаргу ўзброiлi ўчора ахову Палкаводца. Старэйшы сяржант адвёў камбата ў сасоньнiчак, дзе неўзабаве ляснуў нягучны адзiночны стрэл.
Старшыня трыбуналу i сакратар, мiж тым, лiхаманкава афармлялi пастанову. Шапка блянку судовага разгляду была ў iх нарыхтаваная загадзя, заставалася ўпiсаць канкрэтныя прозьвiшчы i штось дапасаваць адно да аднаго. Лежачы, маёр нахiлiўся блiжэй да сакратара, якi яму зачытаў: 'Вайсковы трыбунал вайсковай часьцi нумар... у адкрытым паседжаньнi разгледзеў справу па абвiнавачаньню... Як яго там?'
- Старэйшага лейтэнанта Бязуглава, - падказаў маёр, зазiрнуўшы ў пасьведчаньне. - А таксама радавых Андрэева i Цявелька...
- Андрэева i Цявелька, - пiшучы, паўтарыў сакратар. - I прысудзiў памянёных да...
- Да вышэйшай меры пакараньня, - падказаў маёр.
- Прысуд... - вымавiў сакратар.
- ... Прыведзены ў выкананьне, - трывожна азiрнуўшыся, падказаў маёр. Ён, вiдаць па ўсiм, пачаў сьпяшацца: справы iхныя на гэтым месцы цi не канчалiся. Тым болей, што нямецкiя танкi, мабыць, падышлi ўжо да рачулкi - нешта дужа дрыжэла ўнiзе пагорка. У той час i сапраўды грымнула дужа блiзка - на верасок i хвойкi сыпанула зямлёй i пылам, абсыпала фуражку i плечы Палкаводца, паперы трыбунальцаў, якiя сакратар не пасьпеў засланiць. Энэргiчным рухам Палкаводзец страсянуў зь сябе пясок i ўскочыў.
- Ну, вы гатовыя там?
- Так точна! - ускочыў маёр.
- Усiм да машынаў! - кiнуў Палкаводзец i таропка падаўся з пагорка да свайго 'вiлiса'. За iм падхапiлiся трыбунальцы з байцамi аховы, усе дружна сыпанулi з хвойнiку да дарогi.
На тым месцы, дзе яны толькi што мясьцiлiся, застаўся стаптаны, абсыпаны пяском верасок ды дзьве кiнутыя з прымкнёнымi штыхамi драгункi. Здалёку праз гольле маладых сасонак праглядвала штось белае - цi ня бiнт на скрываўленай галаве няўдалага камбата. З поплаву даносiлася дружная стралянiна, мабыць, там усё ж ладзiлася якая-нiякая абарона.
Камандуючы навёў парадак - нямецкiя танкi тут не прайшлi.
ПАДОРАНАЕ ЖЫЦЬЦЁ
Бываюць у жыцьцi выпадкi, значэньне якiх праяўляецца не адразу, а спакваля, праз таўшчыню гадоў, i асэнсоўваецца на працягу ўсяго жыцьця. Некаторыя ж, што сьпярша здаюцца важнымi i значнымi, хутка, аднак, страчваюць тую значнасьць; iншыя набываюць яе праз гады. I толькi нешматлiкiя застаюцца нязьменнымi ў сваёй iмпэратыўнай каштоўнасьцi. Пра адзiн з такiх выпадкаў мне i хочацца распавесьцi, мiж iншым, больш чым праз паўстагодзьдзя, як ён адбыўся.
Тое здарылася ў часе мiнулай вайны, зiмой 1944 году, на Ўкраiне.
У цяжкiх баях Чырвонай Армii з вэрмахтам наша дывiзiя трапiла ў цяжкое становiшча, нямецкiя часткi нанесьлi ёй моцны контрудар, занялi некалькi сёлаў у тыле. Стварылася пагроза абкружэньня, што, вядома, было адной з найбольшых небясьпекаў у тую вайну. Я быў паранены ў нагу i ня мог хадзiць. Ноччу нас, некалькiх параненых, спрабавалi вывезьцi на бранi танкаў, але дарога ў тыл аказалася заблякаванай. У нейкiм сяле параненых сьцягнулi з танкаў i перанесьлi ў сялянскiя хаты. Танкi пайшлi далей. На прарыў.
Мы засталiся адны, без прыкрыцьця i аховы, у незразумелых, заблытаных абставiнах.
Спакутаваны ад сьцюжы i болю, я неяк ускараскаўся на хiсткi драўляны ложак, на якiм ужо нехта ляжаў. Рукi намацалi побач штось мокрае, але я не зьвярнуў на тое ўвагi i хутка заснуў. Здавалася, толькi заснуў, як тут жа спахапiўся, ахоплены зьнянацкавай трывогай. На двары ўжо вiднела, быў ранак, аднекуль чулiся стрэлы, нават крыкi, хтось палахлiва прабег за вакном па вулiцы. Я прыўзьняўся на ложку, першы раз зiрнуўшы на таго, з кiм прабыў ноч. I нават скалануўся ад спалоху: гэта быў нямецкi афiцэр. Але ён ня кратаўся, крысьсе ягонага шыняля былi залiтыя крывёй, мабыць, ён сканаў уначы, яшчэ да майго прыходу. У хаце болей нiкога не было, параненыя ўжо разьбеглiся. За вакном, было чуваць, праскакала фурманка, адразу ж за ёй у паветры замiльгацелi чэргi трасiрных куляў. З другога канца ў сяло ўваходзiлi немцы.
Заставацца ў хаце было небясьпечна, трэба было неяк ратавацца, але аднанож я ня мог далёка ўцячы. Хапаючыся рукамi за лаўкi i сьцены, я пакульгаў у сенцы. Тут было цемнавата, у адным кутку валялiся нейкiя абрэзкi дошак, у другiм, каля самых дзьвярэй, была зладкаваная невысокая, да калена, дашчатая загародка, даверху насыпаная бульбай. Я выняў з кабуры пiсталет i прылёг на бульбу. У шчылiну прачыненых дзьвярэй была вiдаць частка асьнежанага падворку, весьнiчкi з вулiцы. Сельская вулiца ўжо зусiм апусьцела, здаля, можа, з канца сяла, даляталi стрэлы, значыць, нашы зь яго ўцяклi, - падумаў я. Неўзабаве тут павiнны паявiцца немцы.
Мiж тым, зусiм разьвiднела, настаў сонечны марозны ранак. Над стрэхамi ўзьнялося сонца, i падворак ярка асьвяцiлi сонечныя промнi. Я ляжаў зь пiсталетам у руцэ i чакаў. Чаго толькi чакаў, i на што спадзяваўся? Чакаў, можа, свае пагiбелi? Таму што абаранiць сваё жыцьцё з васьмю патронамi ў магазiне было марнай спадзёўкай. I я падрыхтаваўся да пагiбелi. Толькi трываў час. Чакаў.
Зрэшты, доўга чакаць не давялося. Вiдаць было ў шчылiну, як па вулiцы прабегла група нямецкiх салдатаў, яны раз за разам стралялi кудысьцi зь вiнтовак. Пасьля паявiлася iншая група. Гэтыя iшлi спакайней, штось гаманiлi i не стралялi. Але во ад тае групы аддзялiўся адзiн - высокi салдат у караткаватым шынялi з аўтаматам на грудзях i, збочыўшы ў мой падворак, скiраваў да дзьвярэй. Я ўзьвёў курок i наставiў пiсталет на дзьверы. Немец крочыў таропка, трошкi прыжмурваючы вочы пад шкельцамi акуляраў у чорнай мэталёвай аправе. Ягонае падбародзьдзе было ў цёмным шчацiньнi, на галаве, насунутая брыльком на лоб, сядзела зiмовая шапка. Адной рукой ён рашуча адчынiў мае дзьверы i са сьветлага падворку зiрнуў мне ў твар. Пiсталет мой быў скiраваны ў ягоныя грудзi, палец ляжаў на спускавым курку. У кожны момант я быў гатовы стрэлiць. Але ня стрэлiў - штосьцi стрымала мяне ад стрэлу. Не адчуваньне небясьпекi, не натуральная патрэба самазахаваньня - дзесь у глыбiнi сьвядомасьцi рашучасьць мая сама па сабе нэўтралiзавалася. Зноў я чакаў. Немец, каб стрэлiць, павiнны быў перахапiць на грудзях аўтамат: але ягоная правая рука ляжала на клямцы дзьвярэй. У ягоным позiрку пад шкельцамi акуляраў не адбiлася нiчога - нi зьдзiўленьня, анi спалоху, i, мабыць, тое i ўтрымала мяне ад стрэлу. Здаецца, асьлеплены ранiшнiм сонцам, ён мяне ня згледзеў, а ў мяне не хапiла згубнай рашучасьцi цiснуць курок. Усё тое заняло ня болей за сэкунду, як з вулiцы пачуўся крык - здаецца, немца паклiкалi. I, выпусьцiўшы клямку дзьвярэй, ён павярнуўся да мяне плячыма, хутка пайшоў за камарадамi. Я з палёгкай уздыхнуў. Ведама, радавацца было яшчэ рана, але першая небясьпека ўсё ж мiнулася.
На ўскрайку сяла iшоў агнявы бой, на вулiцы то паяўлялiся, то зьнiкалi разрозьненыя групы нямецкiх салдатаў, але ў двор болей не забягалi. Пасьля немцы i зусiм зьнiклi, сяло занялi чырвонаармейцы. Удзень мяне адправiлi ў шпiталь.