Днём ён рэдка выходзiў з дому i прагульваўся толькi ў прыцемках, захутаны так, што яго твару нельга было разгледзець, - усё роўна, было на двары холадна, цi цёпла, i выбiраў для прагулак самыя зацiшныя сцяжынкi, зацененыя дрэвамi або агароджаныя насыпам. Яго цёмныя акуляры i страшны забiнтаваны твар пад шыракаполым капелюшом iншы раз палохалi ў цемры рабочых, якiя вярталiся дадому з работы; а Тэдзi Хенфры, якi выйшаў аднойчы, пахiстваючыся, з карчмы 'Чырвоны камзол' у палавiне дзесятага вечара, ледзьве не памёр ад страху, калi ўбачыў пры святле з адчыненых дзвярэй падобную на чэрап галаву незнаёмца (той прагульваўся з капелюшом у руцэ). Дзецям, якiя бачылi яго ў прыцемку, ноччу снiлiся страшныя сны. Хлапчукi яго не маглi цярпець, ён iх - таксама, i цяжка сказаць, хто каго больш не любiў, але ва ўсякiм выпадку непрыязнасць была ўзаемная i вельмi вострая.

Няма нiчога дзiўнага, што чалавек такога страшэннага выгляду i такiх дзiўных паводзiн даваў багатую пажыву для размоў у Айпiнгу. Адносна характару яго заняткаў думкi разыходзiлiся. Мiсiс Хол у гэтым пункце была надта прынцыповая. На пытанне, чым ён займаецца, яна звычайна адказвала з вялiкай важнасцю, што ён праводзiць 'эксперыментальныя даследваннi', - гэтыя словы яна вымаўляла павольна i асцярожна, быццам баялася спатыкнуцца. Калi ж у яе пыталiся, што гэта азначае, яна гаварыла з адценнем некаторай перавагi, маўляў, гэта вядома любому адукаванаму чалавеку, i паясняла: 'Ён робiць розныя адкрыццi'. З яе пастаяльцам надарыўся няшчасны выпадак, - расказвала яна, - i рукi i твар яго згубiлi свой натуральны колер; а ён як чалавек чуллiвы не можа паказвацца ў такiм выглядзе на людзях.

Але за спiной мiсiс Хол распаўсюджвалiся ўпартыя чуткi, што яе пастаялец - крымiнальны злачынца, якi хаваецца ад правасуддзя i стараецца з дапамогай свайго дзiўнага ўбору схавацца ад палiцыi. Упершыню гэтая здагадка ўзнiкла ў галаве мiстэра Тэдзi Хенфры. Дарэчы, нi пра якое больш-менш громкае злачынства, што магло надарыцца ў сярэдзiне цi канцы лютага, не было вядома. Таму мiстэр Гоўлд, школьны настаўнiк, некалькi змянiў гэтую здагадку: згодна з яго версiяй пастаялец мiсiс Хол быў анархiстам, займаўся вырабам выбуховых рэчываў; i ён вырашыў у свой вольны час сачыць за незнаёмцам. Сачэнне заключалася галоўным чынам у тым, што пры сустрэчах з незнаёмцам мiстэр Гоўлд глядзеў на яго вельмi пiльна i распытваў пра незнаёмца людзей, якiя нiколi яго не бачылi. Тым не менш мiстэру Гоўлду не ўдалося нiчога даведацца.

Было многа прыхiльнiкаў версii, якую прапанаваў Фiрэнсайд, што незнаёмец - пярэсты цi што-небудзь такое. Так, напрыклад, Сайлас Дэрган не раз казаў, што калi б незнаёмец адважыўся паказвацца на кiрмашы, то ён нажыў бы немалое багацце, нават спасылаўся на вядомы з Бiблii выпадак з чалавекам, якi закапаў свой талент у зямлю. Iншыя лiчылi, што незнаёмец пакутуе цiхiм вар'яцтвам. Гэтае сцвярджэнне мела перавагу, таму што адразу тлумачыла ўсё.

Акрамя стойкiх паслядоўнiкаў гэтых асноўных цячэнняў у грамадскай думцы Айпiнга, былi людзi, якiя сумнявалiся i маглi пайсцi на ўступкi.

Жыхары графства Сэсекс былi мала схiльны да забабонаў, i першыя здагадкi пра звышнатуральную сутнасць незнаёмца з'явiлiся толькi пасля красавiцкiх падзей, ды i то гэтаму паверылi адны жанчыны.

Але як бы там нi думалi пра незнаёмца некаторыя жыхары Айпiнга, непрыязь да яго была ўсеагульнай i аднадушнай. Яго раздражняльнасць, якую мог бы зразумець гараджанiн, якi займаецца разумовай працай, непрыемна ўражвала ўраўнаважаных сэсекскiх жыхароў. Злосная жэстыкуляцыя, iмклiвая паходка, гэтыя начныя прагулкi, калi ён нечакана ў цемры выскокваў з-за вугла ў самых цiхiх, бязлюдных месцах, няветлiвае спыненне ўсiх спробаў уцягнуць яго ў размову, захапленне поцемкамi, якое прымушала яго замыкаць дзверы, спускаць шторы, тушыць свечкi i лямпы - хто мог бы прымiрыцца з гэтым? Калi незнаёмец праходзiў па вулiцы, сустрэчныя саступалi ў бок, а за яго спiной мясцовыя жартаўнiкi, падняўшы каўнер палiто i апусцiўшы палi капелюша, iмiтавалi яго нервовую паходку i загадкавыя паводзiны. У той час карысталася папулярнасцю песенька 'Чалавек-прывiд'. Мiсiс Сэтчэл праспявала яе на канцэрце ў школе - збор пайшоў на пакупку лямпаў для царквы; потым, як толькi на вулiцы з'яўляўся незнаёмец, адразу ж хто- небудзь пачынаў насвiстваць - гучна цi цiха - матыў гэтай песенькi. Нават запозненыя дзецi, якiя спяшалiся вечарам дадому, крычалi яму ўслед: 'Прывiд!' - i iмчалi далей, замiраючы ад страху i захаплення.

Кас, мясцовы ўрач, згараў ад цiкаўнасцi. Забiнтаваная галава выклiкала ў iм чыста прафесiйны iнтарэс; чуткi ж пра тысячу i адну бутэльку ўзбударажылi яго зайздросную павагу. Увесь красавiк i ўвесь травень ён старанна шукаў выпадак загаварыць з незнаёмцам, нарэшце не вытрымаў i напярэдаднi сёмухi вырашыў пайсцi да яго, выкарыстаўшы зручную прычыну: трэба было падпiсаць лiст на карысць сядзелкi мясцовай бальнiцы. Са здзiўленнем ён пераканаўся, што мiсiс Хол не ведае iмя свайго пастаяльца.

- Ён назваў сябе, - сказала мiсiс Хол (сцверджанне, пазбаўленае ўсякай падставы), - але я не дачула.

Ёй было няёмка прызнацца, што пастаялец i не думаў называць сябе.

Кас пастукаў у дзверы гасцiнай i ўвайшоў. Адтуль пачулася неразборлiвая лаянка.

- Прашу прабачэння за тое, што ўрываюся да вас, - прамовiў Кас, пасля чаго дзверы зачынiлiся i далейшай размовы мiсiс Хол ужо не чула.

На працягу дзесяцi хвiлiн да яе далятаў толькi няясны шум галасоў; затым пачуўся воклiч здзiўлення, шорганне ног, грохат адкiнутага стула, адрывiсты смех, хуткiя крокi, - i на парозе з'явiўся Кас; ён быў бледны i аглядваўся, вылупiўшы вочы. Не зачынiўшы за сабой дзверы i не зiрнуўшы на гаспадыню, ён прайшоў па калiдоры, спусцiўся з ганка i хутка закрочыў па вулiцы. Капялюш ён трымаў у руцэ. Мiсiс Хол зайшла за стойку, стараючыся зазiрнуць цераз адчыненыя дверы ў пакой пастаяльца. Яна пачула нягучны смех, потым крокi. Са свайго месца яна не магла ўбачыць яго твар. Потым дзверы гасцiнай зачынiлiся з трэскам i ўсё зацiхла. Кас накiраваўся проста да вiкарыя Банцiнга.

- Я звар'яцеў? - вымавiў ён адрывiста, як толькi ўвайшоў у пыльны кабiнет вiкарыя. - Я падобны на вар'ята?

- Што здарылася? - спытаў вiкарый, кладучы ракавiну прэс-пап'е на разрозненыя аркушы сваёй чарговай пропаведзi.

- Гэты суб'ект, пастаялец Холаў...

- Ну?

- Дайце мне выпiць чаго-небудзь, - сказаў Кас i апусцiўся на стул.

Калi Кас некалькi заспакоiўся з дапамогай таннага херэса - другiх напiткаў у найдабрэйшага вiкарыя не бывала, - ён стаў расказваць пра сваю сустрэчу з незнаёмцам.

- Заходжу, - пачаў ён, задыхаючыся, - i прашу падпiсацца на карысць сядзелкi. Як толькi я ўвайшоў, ён засунуў рукi ў кiшэнi i плюхнуўся ў крэсла. Сядзiць i фыркае носам. 'Вы цiкавiцеся навукай, я чуў?' - пачаў я. 'Так', - адказаў ён i зноў фыркнуў. Увесь час фыркаў. Прастудзiўся, можа. Ды i што дзiўнага, раз чалавек так хутаецца. Я стаў гаварыць наконт сядзелкi, а сам азiраюся па баках. Усюды бутэлькi, хiмiчныя прэпараты, тут жа вагi, прабiркi i пахне начнымi фiялкамi. Падпiшацца ён на колькi-небудзь? 'Падумаю', - кажа. Тут я проста спытаў яго, цi займаецца ён навуковымi даследаваннямi. 'Так', - сказаў ён. 'Доўгiя даследаваннi?' Тады яго быццам прарвала. 'Страшэнна доўгiя', - адказаў ён. 'Вось як?' - сказаў я. Вось тут i пайшло. У iм ужо раней усё так i кiпела, i маё пытанне было апошняй кропляй. Ён атрымаў ад кагосьцi рэцэпт - надзвычай каштоўны рэцэпт; для якой мэты - гэта ён не можа сказаць. 'Медыцынскi?' - 'Каб яго чорт узяў, а вам якая справа?' Я папрасiў прабачэння. Ён спагадлiва фыркнуў, адкашляўся i працягваў. Рэцэпт ён прачытаў. Пяць iнгрэдыентаў. Паклаў на стол, адвярнуўся. Раптам шорах: паперку падхоплiвае скразняком. Ён працаваў у пакоi з адкрытым камiнам. Успыхнула полымя, i не паспеў ён азiрнуцца, як рэцэпт згарэў i попел вылецеў у трубу. Ён кiнуўся да камiна, - позна! Вось! Тут ён безнадзейна махнуў рукой.

- Ну?

- А рукi i няма. Пусты рукаў. 'Божа, - падумаў я, - вось жа калека. Напэўна, у яго пробкавая рука i ён яе зняў. I ўсё-такi, - думаў я, - тут штосьцi няладнае. Як жа гэта рукаў не мнецца i не абвiсае, калi ў iм нiчога няма?' А ў iм нiчога не было, запэўнiваю вас. Зусiм пусты рукаў, да самага згiбу. Я бачыў, што ён пусты да самага локця, i акрамя таго, у прарэху праходзiла святло. 'Божа мiласэрны!' - усклiкнуў я. Тады ён замоўк. Утаропiўся акулярамi спачатку на мяне, потым на свой рукаў.

- Ну?

- Толькi i ўсяго. Не сказаў нi слова, толькi глянуў на мяне i хутка засунуў рукаў у кiшэню: 'Я, здаецца, спынiўся на тым, як рэцэпт згарэў?' Ён запытальна кашлянуў. 'Як гэта вы ўмудраецеся рухаць пустым рукавом?' спытаўся я. 'Пустым рукавом?' - 'Ну так, - сказаў я, - пустым рукавом'. 'Дык гэта, па-вашаму, пусты рукаў? Вы самi бачылi, што рукаў пусты?' Ён падняўся з крэсла. Я таксама ўстаў. Тады ён паволi зрабiў тры крокi, падышоў да мяне i стаў зусiм блiзка. З'едлiва фыркнуў. Я стаяў як стаяў, хаця, чэснае слова, гэта забiнтаванае страшыдла з цёмнымi акулярамi напалохала б каго хочаш. 'Дык вы кажаце, рукаў пусты?' -

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату