за Воршай, у бок Дуброўны, i ў Вiцебскiм краi, i на Смаленшчыне, i каля Мiра, пад Карэлiчы, але гэты Мiрскi маёнтак ужо гэты, што пiсаў тут на сцяне, унук таго дзеда, прагуляў у карты, спадзеючыся на ўсе астатнiя маёнткi, з якiх ён браў чысты прыбытак, а сам нiколi там не быў. Сам ён вельмi малады, тонкi, высокi i афiцэр яшчэ царскай армii, а цяпер афiцэр польскай армii. Яму не пашанцавала. Рэвалюцыя пайшла яму на згубу i вайна таксама. Бо некаторыя, такога калена як ён, на вайне нажылiся. З нажыткам у кiшэнi яны мiнулi маю карчму, з усходу на захад i па той бок мае прызбы сталi смелыя ад рэвалюцыi. А гэты павiнен, каб жыць, служыць палякам, як той казаў, не для Езуса, а для хлеба куса. Якi ён там быў ваяка на нямецкай вайне - хто яго ведае, мусiць не сказаць, каб вельмi, бо на вайне трэба навучыцца спаць у балоце, а ён вазiў з сабою пяць лёкаяў, пераадзетых за дзеншчыкоў. А шосты дзяншчык быў казённы. Хто ведае, дзе былi тыя шэсць дзеншчыкоў, калi на вайне куля ўрэзалася яму ў рэбры. Ён звалiўся з каня, свайго ўласнага, за якога адзiн з блiзкiх да цара генералаў даваў яму пяць паўсотняў звыш дваццацi пяцi тысяч... Хэ-хэ, да дваццацi пяцi тысяч прыткнулi пяць паўсотняў i за iх таргавалiся, як мы за паўрубля. I граф, i царскi генерал, а з таго ж цеста... Конь паiмчаўся немаведама куды, а Палiводскi сыходзiў крывёй, лежачы ў вадзе i гразi, скрыты ад людскога вока асакой i аерам. Каля яго i расейцы хадзiлi, i немцы хадзiлi, i нiхто яго не ўбачыў. Тым часам ён ачомаўся ўночы i сеў. Ён быў рад, што ўсюды цiха. Абсмактаў свае мокрыя пальцы i памацнеў. Да дня ён выпаўз на палявую дарогу i сеў, а пасля лёг чакаць збавення. К канцу дня нейкi чалавек у лапцях i з мяшком за плячыма ўзышоў з поля на дарогу. Гэты абарванец з цвёрдымi, як косцi, мазалямi на руках i даў яму збавенне. Што ж, граф Палiводскi, якi праз усё сваё жыццё ўмеў толькi крычаць на людзей, пачаў енчыць i прасiць гэтага чалавека:
- Галубчык ты мой, вазьмi мяне да сябе, знайдзi доктара, памажы мне дайсцi да здароўя, век будзеш панаваць. Я табе дам золата многа з дарагiмi каменнямi i нават знiму з шыi залаты з каменнямi фамiльны крыж i аддам табе, i апiшу адзiн з сваiх маёнткаў, я - граф Палiводскi.
Чалавек паклаў на зямлю боты з нямецкiх, мусiць мёртвых, ног. Боты разам з пустым мяшком былi ў яго за плячыма. Ён сказаў:
- Якi ты к чорту граф, калi ты ў крывi i няшчасны. I князь, i цар, i мiнiстар, кожны той, хто камандуе людзьмi, хто мае права ў руках, каб саджаць iх у турмы i там рабiць з iмi што сам захоча, кожны, хто стаiць над людзьмi, толькi датуль граф, пакуль у яго з парэбрын кроў не iдзе. Ну, давай плечы, апiрайся на мяне, хадзем. Тут недалёка. Гэта я, каб ты ведаў, хадзiў туды пад рэчку. Босы хаджу, а там немцы ў ботах ляжаць, зараз гнiць пачнуць. На чорта, думаю сабе, мёртваму боты, калi жывы босы ходзiць... Стой, адпачнi, перадыхнi. Унь пры ляску хата.
Босы абарванец давалок Палiводскага да свае трухлявай хацiны i паклаў на паправу. I лекара дастаў, не за грошы, а за добрае сэрца. Яшчэ толькi лёгшы на пасцель, Палiводскi пачаў абмацвацца i заныў душой: пакуль ён ляжаў ледзьве жывы ў балоце, нехта абчысцiў яго пазухi i кiшэнi так старанна, што ўжо не было чым аддзячыць абарванаму збавiцелю. Тым часам пайшлi тыднi i месяцы. Больш за год Палiводскi то лежачы, то седзячы, то спацыруючы па лесе пражыў у свайго збавiцеля, якi дзялiў з iм напалам усё, што сам меў. Палiводскi зноў стаў здаровы i спрытны, як i быў раней. Страшная думка тачыла яго: ужо ў яго не было больш золата з каменнямi. Хоць з рэбраў кроў ужо i не iшла, але i графам ён ужо не быў. Бо ўжо адбылася рэвалюцыя i маёнткi ўжо былi не яго. Ён стаў зусiм голы. Згалеў адразу. Яму ўжо не было дзе дзецца, i ён сядзеў у свайго абарванца-збавiцеля. Праўда, абарванец абуў ужо добрыя боты i вопратку, узяў панскай зямлi i з панскага лесу паставiў сабе хату i стаў повен свайго шчасця. Палiводскi i рабiць нiчога не ўмеў. Змалку i да гэтага часу ён мог толькi гатовае праядаць. Аж душа яго рвалася на кавалкi. Тым часам збавiцель раз i кажа яму:
- Таварыш, прывучайся да якой-небудзь работы. Бяры дзе тут кавалак зямлi i жывi шчаслiва. - Палiводскi як пачуў гэтае слова, дык адразу падумаў пра тое, што на захад ад той мясцовасцi, дзе жыў той яго збавiцель, збiраецца польскае войска: ён чуў пра гэта.
- Хам! - закрычаў ён на свайго збавiцеля. - Перад кiм ты стаiш! Шапку знiмi!
- Я цябе выратаваў, я даў табе жыццё, - адказаў чалавек. - Не за золата i маёнткi, якiя ты мне абяцаў, а ад таго, што я мог зрабiць табе дабро. Я думаў, што ты ў душы будзеш удзячан мне, ажно ж ты горнешся да таго, каб мець толькi маёнткi, а не душу. Ты мяне называеш хамам? За тое, што я зрабiў табе - я чалавек, а за тое, як ты са мной абышоўся - ты хам!
Што было далей, мне невядома, а вядома толькi, Палiводскi выхапiў рэвальвер, каб аддзячыць свайму збавiцелю за хамства, а той хапiў качаргу i аперазаў Палiводскага па спiне i выгнаў вон з хаты, ён яшчэ не ведаў, што на захадзе тутэйшай зямлi рэвалюцыi прыйшоў канец, а ўсё гэта было на захад ад мае карчмы. Там ужо рыхтавалася да свайго ўстанаўлення Польшча, i ўсе паны, каторыя яшчэ лiпелi дзе на ўсходзе, рынулiся туды. Палiводскi неўзабаве стаў афiцэрам польскага войска i добра ваяваў з бальшавiкамi, а пасля мiру, калi ўжо тут гранiцу пачалi вызначаць, стаў афiцэрам у пагранiчным войску. Божа мой, якi блiскучы шык! Хоць у кiшэнi нi капейкi, але затое зверху! Увесь блiшчыць.
- Ну добра, адкуль жа ты ўсё гэта ведаеш?
- На тым тыднi ён ехаў уздоўж гранiцы з сваiмi жаўнерамi i цэлую ноч з другiм афiцэрам праседзеў тут, чакаючы, пакуль ацiхне вецер i пакiне засыпаць вочы мёрзлым снегам. Той другi афiцэр быў стары i ўсё енчыў па сваiх маёнтках, якiя таксама, як i ў Палiводскага, асталiся на бальшавiцкай старане. Так яны цэлую ноч i праспавядалiся адзiн аднаму, а я з бакоўкi слухаў. Але Палiводскi не ныў па сваiх маёнтках, а прагаварыўся таму старому плаксуну, што ў яго галаве спеюць шырокiя планы, так што ён нават i тое золата, якое нехта невядомы ўкраў у яго, у сто столак верне. Што гэта за планы - ён, аднак, не сказаў. Толькi ён сказаў, што мае падазрэнне, што яго абчысцiў той самы яго збавiцель, калi яшчэ ён ляжаў слабы на дарозе або калi яны iшлi, прыцiснуўшыся адзiн да аднаго. Можа яно i праўда, з людзьмi не разбярэш. Ну, як толькi развiднела, яны з карчмы i паехалi. Вось i ўсё, чалавеча. Усё бедавалi аб тым, што прыйшлося службай зарабляць, каб пражыць.
- А каторы можа з iх успамiнаў пра што такое, чаго ад душы не адарваць, цi ўсё толькi пра маёмасць гаварылi, як гэты ж Палiводскi, якi, добра кажа, нi разу тае зямлi i не бачыў, з якое ён прыбыткi меў.
- Бойся Бога, чалавеча, ты ўсё на свой капыл гнеш. Ты з куста травы пражывеш, як верабей, дык табе i мiл той куст. А яны - паўсвету ў думках маюць. Дзе ў iх там што мiлае будзе! Хэ-хэ! - карчмар усмiхнуўся пагардлiва да Нявады.
- Што табе за смех! Гэта праўда, што мне мiл куст травы. Мне ўжо сорак год зараз будзе. А як быў я малы, разростаўся тады збоку ад гасцiнца пад Сумлiчамi куст шыпшыны. А калi я iшоў на вайну, куст быў ужо цэлым зараснiкам. Божа мой, я ж, пакутуючы душой у той праклятай Нямеччыне, толькi i думаў што пра Волечку i пра тую шыпшыну. Без Волечкi i без шыпшыны няма для мяне i роднай бацькаўшчыны. Для мяне будзе радасць, калi я прайду паўз той зараснiк, уваходзячы ў Сумлiчы. Як жа гэта так жыць, каб чалавеку на свеце не было за што душой зачапiцца. А гэты Палiводскi што? Ён i не нюхаў роднай зямлi, толькi жыў з яе. Хiба ён дзе на ёй хату паставiў, цi дом, цi дрэва пасадзiў? Як на мой розум - дык толькi той чалавек, што калi яго вырвуць з роднага месца, дык ён, пакуль жыў, будзе рвацца туды. А калi дарвецца i ўбачыць, што там усё спустошана, дык ён другi раз жыць пачне: дрэвы пасадзiць i дом паставiць. А будуць яго зноў iрваць з месца, дык ён зямлю грызе, а не даецца або галаву адарве таму, хто становiцца ў яго над душой. Бо няма мне жыцця там, дзе не расце тая шыпшына, што ў маiм маленстве цешыла мне вочы. Лепш грызцi зямлю ў родным кутку, чым каб цябе лiхiм ветрам кiдала па чужым свеце.
- Ну, адзiн любiць родную зямлю грызцi, а другi на чужой старане пiрагi есцi.
- Чужая старана пiрагамi не накормiць, калi ёй свае душы не аддасi. А я сваю душу магу аддаць толькi таму, хто мяне на свет пусцiў. Я гэта ведаю, бо даволi перахварэў па ўсiм тым, чаго ад сэрца не адарвеш... Калi я жыць буду ў родным месцы, дык я не дапушчу, каб на iм было гола i пуста... А Божа мой...
Карчмар даўно ўжо драмаў седзячы, пасля выйшаў у бакоўку, а Нявада ўсё яшчэ гаварыў пра родны кут, пра Волечку, пра шыпшыну. Гаворка яго скончылася шэптам i дрымотай, пасля яго паклiкалi есцi, а пасля ён спаў на ляжанцы i мусiць вельмi доўга, бо калi ён прахапiўся ад вялiкага смутку па малой Волечцы, было цёмна i цiха, толькi роўна шумеў за вокнамi на гасцiнцы вецер. Праз вокны вiдны былi на небе рэдкiя зоры.
- Божа мой... Волечка... - прагаварыў сам сабе гэты змучаны i душой i целам чалавек, азiраючыся па карчомнай хаце, - i зоры свецяць, i вецер на гасцiнцы спявае... i мусiць сярпок месяца яшчэ ёсць... А каб не вецер - на гасцiнцы цiхата была б. Ну, у дарогу!
Ох, як даўно ўжо гэты чалавек не глядзеў на зоры над сваёй роднай зямлёй! Сэрца яго бiлася моцна, калi ён усцягваў на сябе сваю сабраную з усяго свету адзежу, пасля хадзiў у кухню мыцца, пасля выцiраўся