Або вось у адным творы апiсваецца iнтымная блiзасць мужчыны i жанчыны, цэнтральных герояў твора. Дык яна кусае яго i крычыць: 'Бог мой, мучыцель мой!' А сапраўды - цi цэнтральныя ж гэта героi нашае лiтаратуры?!

У расейскага пiсьменнiка К.Федзiна, у рамане 'Города и годы' кватэрная гаспадыня, немка, гаворыць: 'Я тафно тумаль, што он змешалься! О, это ушасни!' Што б гэта было, каб К. Федзiн зрабiў цэнтральным героем свайго твора гэтую немку i каб увесь раман, або хоць палавiна яго была напiсана ў гэтакай мове? А ў нас гэтак пiшуць.

Самi аўтары не клапоцяцца пра беларускую культуру беларускае мовы. А iх героi дарэшты глумяць гэтую культуру. 'Лунныя лапы' жывуць i ўкараняюцца.

I гэта не выпадак з двума цi трыма лiтаратарамi. Гэта цэлая плынь у нашай лiтаратуры. Прадстаўнiкi гэтае плынi даводзяць, што лiтаратар не павiнен клапацiцца нi пра мову, нi пра стыль свайго твора. Ён можа абы-як перадаць сюжэт. А стыль i мову яму зробяць i выправяць выдавецтвы i рэдакцыi.

...'Наогул, нашым сучасным выданням бракуе пэўнай стылiстычнай апрацоўкi - рэдакцыi. Тут ясна, што сам аўтар не можа быць рэдактарам сваiх твораў. Думаецца, што пры наладжанай стылiстычнай рэдакцыi шмат якiя творы, што цяпер выкiдаюцца Дзяржаўным Выдавецтвам без абы-якой рэдакцыi, мелi б больш адшлiфаваны, гожы выгляд'... ('Полымя', № 7 за 1927 г., бал. 254).

Дзе гэта ёсць, каб культурны пiсьменнiк дазволiў каму-небудзь правiць стыль i мову свайго твора? Стыль i мова - гэта ж выяўленчыя мастацкiя сродкi пiсьменнiка. Нiякiх жа стыляў тады не будзе, а будзе 'наогул'. I хоць шмат таго, што друкуецца ў некаторых нашых 'тоўстых' часопiсах, пускаецца на ўзвей вецер, усё ж гэтая прапанова паказвае на ўзровень культурнасцi ў некаторых нашых iнстытуцыях, што падручылiся фармаваць вялiкую культуру гушчаў беларускiх сялян i рабочых. I як далёка яны асталiся ад гэтай культуры!

Пралетарскi змест i нацыянальная форма культуры! Мы думаем, што для нашае культуры гэта павiнна быць: пралетарскi змест i беларуская форма. А гэтае беларускай формы i заваду няма. У лiтаратуры - кiрункi мовы, фразеалогiя, а значыцца, i стылi цалкам пераймаюцца чужыя.

Лiтаратурная мова павiнна быць моваю чыстаю, беларускаю. Карэннi яе - у мове народнай. Лiтаратары павiнны навучыцца моўна думаць па-беларуску. Яны павiнны абудзiць у сабе або пастарацца ўспрыняць (калi не давялося мець яе змалку) беларускую моўную стыхiю. Бо калi гэтага не будзе, яны будуць, як i цяпер, шкодзiць нацыянальнай форме культуры. Беларуская фразеалогiя ў беларускай лiтаратурнай мове будзе спрыяць вырашэнню праблемы беларускага стылю нашае паслякастрычнiцкай лiтаратуры.

1928

Каментары

Друкуецца па часопiсе 'Узвышша', 1928, № 5, дзе апублiкаван ўпершыню. Дата напiсання пад тэкстам адсутнiчае.

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату