Усё было зроблена на працягу гэтага вечара i ночы. У той час, калi я яшчэ знаходзiўся пад адурманьваючым дзеяннем лекаў, якiя я прыняў для абясколервання крывi, хтосьцi стаў стукацца ў дзверы. Потым стук спынiўся, крокi аддалiлiся было, але зноў прыблiзiлiся, i стук у дзверы паўтарыўся. Хтосьцi паспрабаваў штосьцi прасунуць пад дзверы - нейкую сiнюю паперку. Тут мне не хапiла цярплiвасцi, я ўскочыў, падышоў да дзвярэй i расчынiў iх насцеж. 'Ну, што яшчэ?' - спытаўся я.
Гэта быў гаспадар, ён прынёс мне павестку аб высяленнi цi нешта падобнае. Ён працягнуў мне паперу, але, бачна, яго чымсьцi здзiвiлi мае рукi, i ён зiрнуў мне ў твар.
З хвiлiну ён стаяў разiнуўшы рот, затым крыкнуў штосьцi невыразнае, выпусцiў i свечку i паперу i, спатыкаючыся, кiнуўся ўцякаць па цёмным калiдоры да лесвiцы. Я зачынiў дзверы, замкнуў iх на ключ i падышоў да люстэрка. Тады я зразумеў яго жах. Твар у мяне быў белы, - быццам з белага каменя.
Але я не чакаў, што мне давядзецца так многа пакутаваць. Гэта было жахлiва. Уся ноч прайшла ў страшных мучэннях, млоснасцi i непрытомнасцi. Я сцiснуў зубы, усё цела гарэла, як у агнi, але я ляжаў нерухома, быццам мёртвы. Тады я зразумеў, чаму кошка так выла, пакуль я не захларафармаваў яе. На шчасце, я жыў адзiн, без служанкi. Былi хвiлiны, калi я плакаў, стагнаў, размаўляў сам з сабою. Але я не вытрымаў... Я страцiў прытомнасць i апрытомнеў толькi сярод ночы, вельмi аслабелы. Боль я ўжо зусiм не адчуваў. Я вырашыў, што забiваю сябе, але паставiўся да гэтага цалкам абыякава. Нiколi не забуду гэтага свiтанку, не забуду жудасцi, якая ахапiла мяне пры выглядзе маiх рук, якiя былi нiбы зроблены з дымчатага шкла i паступова, з наступленнем дня, станавiлiся ўсё больш празрыстыя i тонкiя, так што я мог бачыць скрозь iх усе прадметы, якiя былi бязладна параскiданы па пакоi, хоць i заплюшчваў свае празрыстыя павекi. Цела маё зрабiлася нiбы шкляное, косцi i артэрыi паступова бляднелi, знiкалi; апошнiмi знiклi тонкiя нiткi нерваў. Я рыпеў зубамi ад болю, але вытрымаў да канца... Нарэшце засталiся толькi амярцвелыя белыя кончыкi пазногцяў i бурая пляма нейкай кiслаты на пальцы.
З вялiкай цяжкасцю я падняўся з пасцелi. Спачатку я адчуваў сябе бездапаможным, як дзiцянё, ступаючы нагамi, якiх я не бачыў. Я быў вельмi слабы i галодны. Падышоўшы да люстэрка, перад якiм я звычайна галiўся, я ўбачыў пустату, у якой ледзь-ледзь можна было яшчэ разгледзець туманныя сляды пiгмента ззаду сеткаватай абалонкi вачэй. Я схапiўся за край стала i прыцiснуўся лбом да люстэрка.
Толькi аднойчы напружаннем волi я прымусiў сябе вярнуцца да апарата i закончыць працэс.
Я праспаў да ранiцы, закрыўшы твар прасцiнай, каб засцерагчы вочы ад святла, а каля паўдня мяне зноў разбудзiў стук у дзверы. Сiлы вярнулiся да мяне. Я сеў, прыслухаўся i пачуў шэпт за дзвярамi. Я ўскочыў i ўзяўся без шуму разбiраць апарат, рассоўваючы асобныя часткi па розных кутках, каб немагчыма было здагадацца пра яго канструкцыю. Зноў прагучаў стук i пачулiся галасы - спачатку гаспадара, а потым яшчэ два, незнаёмыя. Каб выйграць час, я адклiкнуўся. Мне трапiлiся пад руку нябачная ануча i падушка, i я выкiнуў iх цераз акно на суседнi дах. Калi я адчынiў акно, дзверы аглушальна затрашчалi. Мусiць, хтосьцi налёг на iх плячом, спадзеючыся высадзiць замок. Але моцныя засаўкi, якiя я прывiнцiў некалькi дзён таму, не паддавалiся. Аднак гэта ўстрывожыла i абурыла мяне. Увесь дрыжучы, я стаў паспешна заканчваць сваю падрыхтоўку.
Я сабраў у кучу чарнавiкi запiсаў, што валялiся на падлозе, крыху саломы, абгортачную паперу i ўсялякi хлам i адкрыў газ. У дзверы пасыпалiся цяжкiя i хуткiя ўдары. Я нiяк не мог знайсцi запалкi. У шаленстве я стаў бiць па сцяне кулакамi. Я зноў закруцiў газавы ражок, вылез з акна на суседскi дах, вельмi цiха апусцiў раму i сеў - у поўнай бяспецы i нябачны, але дрыжучы ад гневу i нецярпення. Я бачыў, як адарвалi ад дзвярэй дошку, потым адбiлi скобы засавак i ў пакой уварвалiся гаспадар i яго два пасынкi двое дужых хлопцаў дваццацi трох i дваццацi чатырох гадоў. Ззаду iх дробненька тупала старая ведзьма, якая жыла ўнiзе.
Можна сабе ўявiць iх здзiўленне, калi яны знайшлi пакой пустым. Адзiн з маладых хлопцаў кiнуўся да акна, расчынiў яго i стаў азiрацца навокал. Яго таўстагубая барадатая фiзiяномiя з вылупленымi вачамi была ад мяне на адлегласцi фута. Мне так i карцела стукнуць кулаком па гэтай дурной мордзе, але мне ўдалося стрымацца. Ён глядзеў прама скрозь мяне, як i астатнiя, якiя падышлi да яго. Стары вярнуўся ў пакой i зазiрнуў пад ложак, а потым яны ўсе кiнулiся да буфета. Затым яны сталi горача абмяркоўваць здарэнне, блытаючы жыдоўскi жаргон з лонданскiм вулiчным. Яны пагадзiлiся, што я зусiм не адказваў на стук i што iм гэта толькi падалося. Мой гнеў уступiў месца незвычайнай радасцi: я сядзеў за акном i спакойна сачыў за гэтымi чатырма людзьмi, - старая таксама ўвайшла ў пакой, па-кашэчаму падазрона азiраючыся, - якiя спрабавалi разгадаць загадку маiх паводзiн.
Стары, наколькi я мог зразумець яго двухмоўны жаргон, пагаджаўся са старой, што я займаюся вiвiсекцыяй. Сыны пярэчылi на ламанай англiйскай мове, сцвярджаючы, што я электратэхнiк, i ў довад спасылалiся на дынама-машыны i апараты для выпраменьвання. Яны ўсе пабойвалiся майго вяртання, хаця, як я даведаўся потым, яны замкнулi знадворныя дзверы. Старая шукала ў буфеце i пад ложкам. Адзiн з маiх суседзяў па кватэры, разносчык фруктаў, якi жыў разам з мяснiком у пакоi насупраць, з'явiўся на пляцоўцы лесвiцы. Яго таксама запрасiлi ў мой пакой i нагаварылi яму немаведама што.
Мне прыйшло ў галаву, што калi мае апараты трапяць у рукi назiральнага i талковага спецыялiста, то яны занадта многае адкрыюць яму; таму, выбраўшы зручны момант, я ўлез у пакой i, абмiнуўшы старую, раз'яднаў дынама-машыны i разбiў абодва апараты. Як жа яны ўсе перапалохалiся! Затым, пакуль яны старалiся растлумачыць сабе гэтую з'яву, я выслiзнуў з пакоя i цiха спусцiўся ўнiз.
Я ўвайшоў у гасцiную i стаў чакаць iх вяртання; неўзабаве яны прыйшлi, усё яшчэ абмяркоўваючы здарэнне i стараючыся знайсцi яму тлумачэнне. Яны былi некалькi расчараваны, не знайшоўшы нiякiх 'жахаў', i ў той жа час вельмi збянтэжаныя, не ведаючы, наколькi законна яны дзейнiчалi ў адносiнах да мяне. Як толькi яны спусцiлiся на нiжнi паверх, я зноў прабраўся ў свой пакой, захапiў карабок запалак, запалiў паперу i смецце, прысунуў да агню крэслы i ложак i падвёў да полымя газ з дапамогай гутаперчавай трубкi.
- Вы падпалiлi дом?! - усклiкнуў Кемп.
- Так, падпалiў. Гэта была адзiная магчымасць замесцi сляды, а дом, безумоўна, быў застрахаваны... Я асцярожна адсунуў засаўку знадворных дзвярэй i выйшаў на вулiцу. Я быў нябачны i яшчэ толькi пачынаў асэнсоўваць, якую надзвычайную перавагу гэта давала мне. Сотнi самых смелых i фантастычных планаў узнiкалi ў маiх мазгах, i ад усведамлення поўнай беспакаранасцi кружылася галава.
Раздзел XXI
НА ОКСФАРД-СТРЫТ
Спускаючыся ў першы раз па лесвiцы, я наткнуўся на нечаканую перашкоду: хадзiць, не бачачы сваiх ног, аказалася справай няпростай, разы два я нават спатыкнуўся. Акрамя гэтага, я адчуў нейкую нязвыклую нязграбнасць, калi ўзяўся за дзвярную засаўку. Аднак, калi я перастаў глядзець на зямлю, я хутка навучыўся нядрэнна хадзiць па роўным месцы.
Настрой у мяне, як я ўжо сказаў, быў захапляльны. Я адчуваў сябе так, як адчуваў бы сябе вiдушчы ў горадзе сляпых, якi расхаджвае ў мяккiх туфлях i бясшумнай вопратцы. Я адчуваў дзiкае жаданне жартаваць над людзьмi, палохаць iх, стукаць па плячы, збiваць з iх капелюшы i ўвогуле цешыцца незвычайнымi перавагамi свайго становiшча.
Але ледзьве толькi я апынуўся на Портленд-стрыт (я жыў побач з вялiкай крамай сукнаў), як пачуў звон i адчуў моцны штуршок у спiну. Азiрнуўшыся, я ўбачыў чалавека, якi нёс кошык сiфонаў з содавай вадой i са здзiўленнем глядзеў на сваю ношу.
Удар быў вельмi балючы, але чалавек гэты выглядаў так камiчна, што я гучна рассмяўся. 'У кошыку чорт сядзiць', - сказаў я i нечакана выхапiў кошык з ягоных рук. Ён спалохана выпусцiў кошык, i я падняў яго ў паветра.
Але тут нейкi боўдзiла рамiзнiк, якi стаяў каля дзвярэй пiўной, падскочыў i хацеў схапiць кошык, i яго працягнутая рука трапiла мне пад вуха, што выклiкала нясцерпны боль. Я выпусцiў з рук кошык, якi з трэскам i звонам упаў на рамiзнiка, i толькi сярод крыкаў i тупату ног, сярод людзей, якiя выбеглi з крамаў i экiпажаў, што спынiлiся, я ўцямiў, што нарабiў. Праклiнаючы сваё вар'яцтва, я прыхiнуўся да акна крамы i стаў чакаць моманту, каб непрыкметна выбрацца з штурханiны. Яшчэ хвiлiна - i мяне зацягнула б у натоўп, i мая прысутнасць немiнуча была б выяўлена. Я штурхануў хлопчыка з мясной крамы, якi, на шчасце, не заўважыў, што яго штурханула пустата, i схаваўся за брычкай рамiзнiка. Як яны разблыталi гэтую гiсторыю, не ведаю. Я перабег вулiцу, на якой, на шчасце, не аказалася экiпажаў, i, напалоханы скандалам, якi разыграўся, шпарка iшоў, не заўважаючы дарогi, пакуль не трапiў на Оксфард-стрыт, дзе ў вячэрнi час заўсёды шмат народу.