Менавiта радасць, калi ўжо глыбокi ў яе боль: але радасць глыбейшая, нават за скруху сэрца.
9
Ты, лаза вiнаградная! За што ты хвалiш мяне? Я ж цябе зрэзаў! Я жорсткi, i вось - сплываеш крывёю: за што ты хвалiш маю п'янкую жорсткасць?
'Усё, што ўдасканалiлася, усё сталае - прагне смерцi!' - так кажаш ты. Хай будзе дабраславёны нож вiнаградара! А ўсё нясталае, на жаль, хоча жыць!
Боль кажа: 'Прайдзi! Мiнiся, боль!' Але ўсё, што пакутуе, хоча жыць, каб стаць спелым, радасным, поўным жаданняў,
- ад жаданняў далёкага, найвышэйшага i светлага: 'Я хачу нашчадкаў, - так кажа ўсё пакутнае, - я хачу дзяцей, я не хачу сябе'.
А радасць не хоча нi спадчыннiкаў, нi дзяцей: радасць хоча толькi самое сябе, яна прагне вечнасцi, вяртання; хоча, каб усё было вечна роўным самому сабе.
Боль кажа: 'Парвiся, сплывi, сэрца, крывёю!'
Што ж! Наперад! О маё старое сэрца! Боль кажа: 'Мiнiся!'
10
О вышэйшыя людзi, што вы думаеце пра мяне? Хто я? Вяшчун? Летуценнiк? П'яны? Адгадчык сноў? Поўначны звон?
Кропля расы? Выпарэнне i духмянасць вечнасцi? Хiба вы не чуеце? Не чуеце? Свет мой удасканалiўся, поўнач - гэта i поўдзень,
- боль - гэта i радасць, праклён - гэта таксама i дабраславенне, ноч гэта i сонца; iдзiце прэч, а не, дык будзеце ведаць: мудрэц - гэта таксама i дурань.
Цi казалi вы калi-небудзь радасцi 'Так'? О сябры мае, тады вы казалi 'Так' таксама i ўсякаму болю. Усе рэчы звязаныя ўзаемна, злучаны, прасякнуты ўзаемнай любоўю,
- цi хацелi вы калi-небудзь два разы таго самага, цi казалi вы калi-небудзь: 'Ты падабаешся мне, шчасце! Iмгненне! Мiг!'? Тым самым вы хацелi, каб усё вярнулася!
- усё зноў, усё навечна, усё звязана, злучана, прасякнута ўзаемнай любоўю, о, так любiлi вы свет,
- вы, вечныя, любiце яго вечна i заўсёды: i нават болю кажыце: 'Мiнiся, але вярнiся! Бо ўсякая радасць прагне вечнасцi!'
11
Усякая радасць прагне вечнасцi ўсiх рэчаў, хоча мёду, закваскi, хоча п'янкой поўначы, магiл i слёз суцяшэння, хоча пазалоты вячэрняй зары,
- чаго толькi не прагне радасць! Яна больш пранiкнёная, жахлiвая, таямнiчая, яна больш прагне, больш жадае, чым усякi боль, яна хоча сябе, яна ўпiваецца ў сябе, воля кола змагаецца ў ёй,
- яна хоча любовi, яна хоча нянавiсцi, яна без меры багатая, яна дорыць, яна раскiдае, яна просiць, як мiласцiны, каб нехта ўзяў яе, яна дзякуе таму, хто бярэ яе, яна хацела б, каб яе ненавiдзелi,
- радасць такая багатая, што прагне болю, пекла нянавiсцi, ганьбы, калецтва, свету, - о, гэты свет, цi ж вы не ведаеце яго!
О вышэйшыя людзi, па вас маркоцiцца гэтая радасць - неўтаймоўная, шчасная, - па вашым болю, вы, няўдахi! Па тым, што не ўдалося, маркоцiцца ўсякая вечная радасць.
Бо ўсякая радасць хоча самой сябе, а толькi хоча i скрухi! О шчасце! О скруха! О скруха! О, рвiся, сэрца! О вышэйшыя людзi, навучыцеся i таго, што радасць прагне вечнасцi,
- радасць прагне вечнасцi i ўсiх рэчаў, прагне i глыбокай, глыбокай вечнасцi!
12
А цяпер, цi навучылiся вы песнi маёй? Цi адгадалi, чаго прагне яна? Што ж! Цудоўна! О вышэйшыя людзi, паспявайце мне цяпер Заратустраву кругавую песню!
Самыя цяпер паспявайце тую песню, якая завецца 'Яшчэ раз!', сэнс яе - 'На векi вечныя!'. Паспявайце, о вышэйшыя людзi, кругавую Заратустраву песню!
О чалавеча!
Прароцтва паўночы ўсачы:
'Я спала, кажа, я спала,
Прачнулася сярод начы:
Якi глыбокi свет, глыбейшы, чым
Яўляе дзень яго.
Глыбокi боль, а не глыбейшы, чым
Любая радасць, звыш таго;
'Мiнiся!' - кажа боль.
Не прагне радасць вечнай ночы,
- а вечнасцi глыбокай хоча'.
Азнака
А ранiцай пасля той ночы падхапiўся Заратустра з ложка, падперазаўся i выйшаў з пячоры, прасветлены i дужы, быццам ранiшняе сонца, што выйшла з-за цёмных гор.
'О вялiкае свяцiла, - сказаў ён, як ужо казаў аднаго разу, - ты глыбокае вока шчасця, у чым было б тваё шчасце, калi б не было ў цябе тых, каму ты свецiш!
I калi б яны заставалiся ў жытлiшчах сваiх, калi ты ўжо чуваеш, i ўзыходзiш, i дорыш, i надзяляеш, як бы абурылася гэтым твая гордая сарамяжлiвасць!
Што ж! Яшчэ спяць яны, гэтыя вышэйшыя людзi, тым часам як я ўжо чуваю: не яны мае сапраўдныя паслядоўцы! Не iх я чакаю тут у маiх гарах.
За працу я хачу ўзяцца i пачаць свой дзень: але не разумеюць яны азнакаў маёй ранiцы, i не клiч да абуджэння для iх маё крокi.
Яны яшчэ спяць у маёй пячоры, iх сонныя летуценнi апiваюцца маiмi песнямi ап'янення. Аднак вушэй, якiя слухаюць мяне - слыху, якi слухаўся б маiх слоў, - гэтага iм бракуе'.
Так сказаў Заратустра свайму сэрцу пры ўзыходзе сонца; i тут жа ён запытальна паглядзеў угору, бо ўжо чуў над галавою пранозлiвы крык свайго арла. 'Што ж! - усклiкнуў ён. - Гэта мне падабаецца, так i павiнна быць. Звяры мае прачнулiся, бо прачнуўся я.
Арол мой чувае i, як i я, славiць сонца. Арлiнымi кiпцюрамi хапае ён новае святло. Вы мае, сапраўды мае звяры. Я люблю вас.
Але яшчэ не хапае мне сапраўды маiх людзей!'
Так сказаў Заратустра; але раптам пачуў вакол сябе трапятанне i шлопанне крылаў, быццам ад безлiчы птушак, i гэты шум, i мiтусня над галавою былi такiя вялiкiя, што ён заплюшчыў вочы. I сапраўды, здавалася яму, быццам цэлая хмара апусцiлася на яго, быццам хмара стрэл пасыпалася на толькi што прыдбанага ворага. Але гэта была хмара любовi над галавой толькi што прыдбанага сябра.
'Што гэта са мною?' - падумаў Заратустра, здзiўляючыся ў сэрцы сваiм, i павольна апусцiўся на вялiзны камень каля ўвахода ў пячору. Але калi ён, махаючы рукамi, адхiляў ад сябе птушак, якiя пяшчотлiва акружалi яго з усiх бакоў, сталася яшчэ больш дзiвоснае: бо нечакана для сябе ён запусцiў рукi ў касмылi густой, цёплай поўсцi; i адразу пачуўся рык - працяглы, але рахманы iльвiны рык.
'Азнака праўдзiцца', - сказаў Заратустра, i сэрца ў яго перамянiлася. I сапраўды, калi прасвятлела, ён убачыў, што каля ягоных ног ляжыць магутны звер з жаўтлявай поўсцю, якi прынiк галавою да ягоных каленяў i, поўны любовi, не хацеў адыходзiць ад яго, быццам сабака, якi знайшоў свайго гаспадара. Аднак i галубы выказвалi не менш гарачую любоў, чым леў; i кожны раз, як якi-небудзь голуб пралятаў над носам iльва, той трос галавой i смяяўся, даючыся дзiву.
На ўсё гэта Заратустра сказаў толькi адно: 'Дзецi мае блiзка, дзецi мае', - i пасля гэтага замоўк зусiм. Аднак развязалiся повязi сэрца яго, з вачэй пабеглi слёзы i пачалi падаць на далонi. I больш ужо ён нiчога не заўважаў i сядзеў нерухома, не адмахваўся ад птушак, якiя яго акружалi. Галубы адляталi i прыляталi, садзiлiся яму на плечы, лашчылi яго сiвiзну i не стамлялiся ў пяшчоце сваёй i радасцi. А магутны леў няспынна злiзваў слёзы, якiя падалi на рукi Заратустры, рахмана пры гэтым рыкаючы. Так паводзiлi сябе звяры.
Усё гэта доўжылася даволi працягла, а можа, наадварот, нядоўга: бо на самай справе ў такiх рэчаў наогул не бывае часу на зямлi. Тым часам у Заратустравай пячоры прачнулiся вышэйшыя людзi i сабралiся былi наладзiць своеасаблiвае шэсце - выйсцi насустрач Заратустру i сказаць ранiшняе вiтанне: бо, прачнуўшыся, яны ўбачылi, што яго сярод iх няма. Але калi яны падышлi да выхаду з пячоры i пачулiся iхнiя крокi, леў насцярожыўся, i выгляд ягоны зрабiўся грозны; ён адразу адхiснуўся ад Заратустры i з дзiкiм рыкам скокнуў да пячоры; а вышэйшыя людзi, пачуўшы ягоны рык, закрычалi ў адзiн голас, кiнулiся назад i iмгненна знiклi.
А сам Заратустра, уражаны i рассеяны, не разумеў, што сталася, устаў з каменя, здзiўлена азiрнуўся, пытаючыся ў свайго сэрца, i, схамянуўшыся, убачыў, што ён адзiн. 'Што ж гэта чуў я? - нарэшце прамовiў ён павольна. - Што гэта толькi што здарылася са мною?'
I вось - памяць зноў вярнулася да яго, i ён iмгненна спасцiг усё, што адбылося памiж учарашнiм i