'Ну i халера, ну i гад рыжы', - падумалi пiльшчыкi.

Увайшоў фурман, i ён быў малады i вясёлы. Ён зразу скiнуў кажух i захадзiў па хаце, высвiстваючы нейкую польку. Увайшла гаспадыня. Яна прынясла зарэзаную гусь i стала завiхацца з ёю каля печы.

- Здароў, Мiкiтка! - сказала яна фурману.

Мiкiтка весела падмаргнуў ёй.

- У вас заўсёды начуе многа людзей? - запытаў Улас.

- Многа... Як калi, - адказала гаспадыня.

Пiльшчыкi дасталi хлеб i сталi есцi.

За душы змарлых,

Ахвяравалiся б акрысы...

пачуўся пад акном скрыплы i гугнiвы голас старца. Рыжы стаў слухаць.

- Вынесi яму чаго-небудзь, - сказала гаспадыня.

- Добры iнтарэс, - адказаў рыжы, - толькi што пачаў спяваць, а ты ўжо нясi яму. Нiдзе, брат, няма дарэмшчыны, няхай кончыць, тады i вынесу.

- А братка ж ты мой, а-ха-ха-ха, - зарагатаў Мiкiтка, - ая-ай... От табе будзе карысцi з яго песнi!..

- Пайшоў ты к чорту, - агрызнуўся рыжы, - не ведаеш ты жыцця: малод яшчэ. Мала што карысцi не будзе, але ж яму вельмi будзе соладка, як усюды будуць даваць яму за тры словы. Дзе гэта вiдана, каб каму самахоць давалi без дай прычыны...

Мiкiтка стаў пасярод хаты, упёрся рукамi ў бокi i зарагатаў, гледзячы на пiльшчыкаў, а рыжы ўзяў кавалак хлеба, патрос яго ў руцэ, потым адламаў ад яго палавiну i пайшоў к дзвярам. Не ўзяўся ён яшчэ за клямку, як дзверы адчынiлiся i ў хату ўвайшоў сам жабрак.

Гадоў сорак шэсць, больш не было яму на пагляд. У новых лапцях быў ён, у шарачковых сiняватых портках, у доўгiм, цёмным, палатаным халаце. З месяц таму назад ён, мусiць, брыўся, бо твар яго, паверх маршчын, пакрыўся кароткаю, пруткаю, як дрот, шчацiнаю. Абмякшыя, абмочаныя пад носам, гразныя вусы яго вiселi ўнiз, закрываючы ўсю верхнюю губу.

- Добры вечар, - сказаў ён, перабраўшыся цераз высокi парог.

- Добры, - насмешлiва адказаў рыжы, - нешта ж мала спяваў, не ўцярпеў, пакуль я вынесу, ды сам у хату лезеш.

- Пусцеце пераначаваць.

- Э-э-э, бра-а-ат, - зацягнуў рыжы, - не-э-э-э, не-э-э!.. Няма дзе. Што ж, палажыць цябе на печы, дык там у мяне гэтакi начлежнiк, - рыжы паказаў пальцам на Мiкiтку, - што як прыпрэ цябе ўночы нагамi к комiну, дык адно крактацьмеш.

Старац стаяў каля парога, чмыхаў ад холаду мокрым, пасiнеўшым носам i пазiраў на ўсiх так, як бы хацеў сказаць: 'Што ж, мой лёс такi, здзекуйцеся, смейцеся, ваша сiла'. Апрача гэтага, на твары яго адбiвалася як бы нейкая пэўнасць у тым, што i трэба, каб гаварыў так гаспадар. Ён як бы лiчыў, што рыжага застаўляе гаварыць так нейкi закон, у якiм ён няволен. Здавалася, што, каб хто падышоў к яму i плюнуў яму ў твар, ён толькi памалу абцёрся б рукавом i нiчога не сказаў бы - такi маўчлiвы, спакойны i пакорны быў яго твар.

- Што ты, звар'яцеў, рыжы, цi якое табе лiха, - сказаў Мiкiтка, пускай яго, няхай начуе.

Рыжы пацiснуў плячамi i маўчаў.

- Iдзi, iдзi, начуй, - гаварыў Мiкiтка, - раздзявайся.

Жабрак уздыхнуў, падышоў к лаве i пачаў раздзявацца, баязлiва паглядаючы на рыжага...

Ужо цямнела. У печы весела трашчаў агонь, шыпела там сала на скаварадзе, а вакол завiхалася гаспадыня. Павятовыя начлежнiкi моцна гаварылi ў сваiм пакойчыку, шамяталi паперамi. Туды к iм пайшоў i Мiкiтка. Рыжы часта выходзiў на двор, паглядаў на будынкi - сачыў за сваёю гаспадаркаю. Пiльшчыкi пачыналi драмаць, седзячы ў цёмным кутку за сталом. I чутно было, як на двары зычна i доўга ўсмак лаяўся рыжы, заганяючы гусi.

III

Вечарам, як запалiлi лямпу, заехалi начаваць яшчэ два маладыя цыганы.

Яны ехалi на кiрмаш у горад з коньмi. Паставiлi яны iх на двары, пад паветкаю, i часта, па чарзе, выходзiлi глядзець iх.

Абодва адзетыя ў ватовыя вопраткi да кален з сiняга сукна, яны мелi выгляд нейкай фальшывай, панурай нi то вясёласцi, нi то проста развязнасцi ў гаворцы. Яны зразу напоўнiлi хату сваiм спецыфiчным цыганскiм пахам, так што Мiкiтка пачмыхаў носам i, зарагатаўшы, сказаў:

- Але ад цыгана дык заўсёды, як ад сабакi, ветрам нясе.

- А ад мужыка ведаеш чым нясе? - адказаў цыган, паказваючы ад смеху зубы, i растлумачыў, якiм духам нясе ад мужыка, вызваўшы гэтым моцны i шчыра-вясёлы рогат усiх, хто быў у хаце, апрача жабрака, якi цiхенька сядзеў у мыцельнiку, падабраўшы пад сябе ўсе свае клункi. Здавалася, што стараецца ён займаць як можна менш месца ў хаце, нiкому не замiнаць i нават не напамiнаць аб сваёй прысутнасцi. Яго марыў сон, i вочы яго жмурылiся. Увесь яго выгляд гаварыў аб тым, што жыве ён сваiм асобным жыццём, нiчым не звязаным з жыццём усiх другiх людзей. I зносiны з акружаючымi яго людзьмi меў ён у такой меры, у якой атрымлiваў ад iх хлеб за свае 'малiтвы'. I магчыма, што каб цяпер хто-небудзь стаў даваць яму сродкi для жыцця i тым самым збавiў бы яго ад неабходнасцi цягацца кожны дзень па вёсках, ён жыў бы сярод людзей, як сярод страшнай пустынi. I калi ў яго быў якi-небудзь светапогляд, то ён, можна напэўна сказаць, быў бы незразумелым, у высшай меры цёмным для ўсякага, хто захацеў бы як-небудзь разабрацца ў iм.

Нешта падобнае, хоць i ў многа лепшай меры, можна было прымецiць i ў цыган. Хаця яны i вельмi многа, больш нават як трэба, цiкавiлiся ўсiм акружваючым iх, хоць яны i вельмi многа гаварылi з усiмi, але было нешта такое ў бляску iх чорна-рыжаватых вачэй, што застаўляла падумаць: нешта сваё думае гэты чорны, порсткi чалавек, нiколi ён не раскажа табе сваiх думак, i не пазнаеш ты - прыяцель ён табе цi вораг.

Абодва цыганы тупалi па хаце, часта выходзiлi к коням, жартавалi з гаспадыняю, смяялiся.

I калi рыжы сказаў iм скрозь смех, што яны заўтра не аднаго мужыка абдураць, прадаючы конi, адзiн з iх сказаў, нi то ў жарт, нi то сур'ёзна:

- А хто мужыку забараняе цыгана абдурыць?

I ў голасе, якiм былi сказаны гэтыя словы, адчувалася нейкая гранiца, якою гэты чалавек абмежаваў сябе ад другiх людзей.

Душа ж пiльшчыкаў была як на далонi. Яны весела смяялiся, калi цыган што-небудзь расказваў смешнае, задумёна кiвалi галовамi, калi гаварыў ён аб чым сур'ёзным, страшным.

Угледзеўшы, што адзiн цыган сядзiць на мяшку мукi каля парога i ўсё раз-поразу з'язджае з яго, Улас сказаў:

- Iдзi, пане цыгане, сюды, на лаву. - А потым, пасунуўшыся, сказаў скоранька: - Э, не, лепш сядзi там, а то мне якраз прыйдзецца сядзець на некiм суку...

Павятовыя начлежнiкi выйшлi скора з сваёй каморкi. Абодва яны селi на доўгi зэдлiк пасярод хаты, гаварылi на ўсякiя тэмы; яны звярталi ўвагу на ўсё, што рабiлася вакол.

Старшы паглядзеў на жабрака i сказаў яму цiха:

- Але ж ты, браце, змёрз i ўтамiўся здорава, вiдаць па табе. Цяжка хадзiць?

- Ведама, цяжка, - адказаў жабрак з выглядам чалавека, якi мала цiкавiцца - лёгка яму цi цяжка. У яго як бы не было нiколi думак, паняццяў аб тым, што жыццё можа быць лягчэйшым. А ў таго, што гаварыў з iм аб цяжары яго жыцця, быў такi выгляд, як бы ён хацеў сказаць: 'Нядобра, лiха на яго, але ж цяпер нiчога не зробiш. I хоць за гэтым i можа быць тут месца для смутку, але трэба яго адганяць ад сябе, бо ён нiчога не паможа, толькi пашкодзiць'.

Слабы адбiтак такой думкi, цi можа нават толькi пачуцця, ляжаў на твары гэтага чалавека.

Яго ж малодшы таварыш вёў шумныя размовы, многа жартаваў, часта рагатаў з вясёлым Мiкiткам, якi ўсё насвiстваў розныя маршы i полькi. Былi ў iх вясёлыя вочы, светлыя твары, рашучы рух рук i ног. Яны ва ўсiм шукалi нявiннага, здаровага гумару - з рогатам жартавалi, што 'не мяшала б адбiць ад рыжага яго бабу', смакуючы смешныя славечкi, успамiлалi, як нядаўна ў адной вёсцы шляхцiц гнаў самагонку, дый зрабiў нешта там не так, як трэба: апарат разарваўся, i шляхцiца ўсяго 'абкацiла брагаю, як саладухаю', ён увесь 'аблузаўся, як д'ябал', i хадзiў, 'як апараны япрук'.

Не так сваiмi жартамi, як сваiм смехам яны заражалi ўсiх, зычна рагаталi цыганы, не адставалi ад iх пiльшчыкi, прычым Кузьма раз-поразу паўтараў, як вельмi было ўжо смешна: 'А братачка ж ты мой, а-ха-ха- ха-ха!..'

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату