Малапольшчы. Рыцарскага аддзела Земавiт жонцы не пакiнуў, i абаронцамi Плоцка засталiся мяшканцы i навакольныя веснякi, што шчыльна панабiлiся ў горад. Чамусьцi iм верылася, што за плоцкiмi гароднямi пад крылом княгiнi прасцей уратавацца ад лiтоўскага лiха, чым дзе-небудзь у пушчанскiх гушчарах, на недаступных выспах сярод дрыгвы. Разлiкi, што на абарону польскiх хрысцiянаў ад паганскага нашэсця зараз жа вырушыць Ордэн, не спраўдзiлiся - немцы цi не былi падрыхтаваныя, цi не жадалi ваяваць Мiндоўга сiламi ордэнскiх братоў. Можа, яны i цешылiся з бедства мазурскiх земляў.
Заступiўшы шлях Мiндоўгу пяццю тысячамi войска паблiзу Варшавы, Земавiт меркаваў перамагчы: ягоныя рыцары былi апранутыя ў добрую браню, палова рыцарскiх лучнiкаў мела дальнабойныя кушы, за iх плячамi засталiся сем'i, яны паклялiся перад богам не адыходзiць. Князь зразумеў, што пераможаны, калi лава жамойтаў з баявым клiчам 'Локiс! Прэнкi!' навалiлася на левае крыло, шалёныя яцвягi i полацкая русь Таўцiвiла i Ердзiвiла пачалi адцiскаць правае, а з тылу палкi Гердзеня i Даўмонта замкнулi атачэнне i з клiчам 'Нальшча! Сокал! Бi!' выцiснулi мазурскую сярэдзiну пад стрэлы i мечы наваградцаў i лiтвы. Праз гадзiну мазавецкае войска трацiнай палегла на поле сечы, а бальшыня, бачачы двайную перавагу лiтоўскага ваярства, скарылася i пакiдала зброю. У палон трапiлi i князь Земавiт, i ягоны васемнаццацiгадовы сын Конрад. З лiтоўскiх князёў пацярпеў у бiтве толькi Мiндоўгаў пляменнiк, князь Ердзiвiл. Яго, працятага мазурскай дзiдай, паклалi на калёсы i павезлi ў абоз.
Палонных падзялiлi: знакамiтых i важных рыцараў, Земавiта i Конрада, узяў Мiндоўг, астатнiх, хто абяцаў выкупiцца, паразбiралi князi, а шараговы палон адразу атрымаў працу - капаць роў для забiтых. Яны i пачалi капаць абломкамi мечаў, назiраючы, як на залiтым крывёю полi, на дыване з лiтоўскiх i мазавецкiх мерцвякоў, распачалася жорсткая бойка сярод пераможцаў за каштоўную здабычу - шчыты, панцыры, шлемы, зброю. Нарэшце, брудная лаянка i мардабойства русi, лiтвы ды яцвягаў раззлавалi Мiндоўга, ён крыкнуў, што загадае павесiць усiх, каму свярбяць рукi. Ведаючы вернасць князя свайму слову, кметы хуценька рассеялiся, а мерцвякоў спрытна аблупiла наваградская дружына.
Вялiкi князь разумеў, што другое войска Мазоўша ўжо сабраць не здолее; заставалася папалiць галоўныя асяродкi мазураў i прымусiць Земавiта да падпiсання мiрнай дамовы. Захоча жыцця сабе i сыну - замацуе пячаткай любыя ўмовы. Апошняе Мiндоўг вырашыў выканаць пасля захопу Плоцка, адкуль меркаваў прывезцi Земавiтаву жонку i ягонага другога сына. Ваяводу Рушковiча з лiтвой i нальшанцаў князь выправiў на Вышаград, палку Шварна Данiлавiча загадаў iсцi на Чэрвiньск; сам жа Мiндоўг, даручыўшы Астапу ахову свайго палону, узяў маладога Конрада закладнiкам i павёў лiтоўскую русь i яцвягаў да Плоцка.
Атачаць горад, страшыць княгiню Гертруду забойствам яе сына перад замкавай брамай Мiндоўгу не давялося. Княгiня, ратуючы жыццё малодшага сына, палiчыла за лепшае не злаваць лiтву абаронай замкавых сценаў. Пакiнуўшы горад, яна разам з княжычам Баляславам паiмчала ў Кракаў прасiць дапамогi. Уцёкi княгiнi Гертруды пазбавiлi плоцкiх абаронцаў ачольнай волi, i горад скорана расчынiў вароты. Цiхмянасць мяшканцаў не ўратавала iх ад лютасцi пераможцаў. Яцвягi Скамонда прагнулi помсты: мазуры мусiлi зведаць на сабе тое, што зведалi яцвягi ад мазавецкiх наездаў на iхныя лясныя гарадзiшчы. Яцвягам было што прыгадаць на вулiцах Плоцка: смерць сваiх сямiдзесяцi князёў, згвалчаных выданнiц i маладзiц, народжаных iмi вырадкаў, якiх прыходзiлася кiдаць у багну, вогнiшчы замест вёсак, безлiч сваякоў, забраных мазавецкiмi ўладарамi для цяжкай працы ў сваiх гаспадарках...
Плоцкае жыхарства сустракала заваёўнiкаў стоячы на каленях, але гэтая пакорнасць абуджала ў яцвягаў замест лiтасцi лютасць: 'Во хiтрыя морды! Стаяць авечкамi! Пахавалi скарб i дзевак!' I ваярства, што ўвесь паход марыла аблупiць мазавецкую сталiцу i спагнаць даўгi за зведаныя здзекi, кiнулася па дварах здзяйсняць свае намеры. Ксёндз касцёла Панны Марыi, якi спрабаваў святым крыжам спынiць уварванне паганцаў у асвячоныя сцены, быў узняты кметамi на дзiды i пад рогат таварышаў паляцеў, нiбы падбiтая варона, ў кучу гною. I гэты касцёл, i астатнiя тры былi дашчэнту абадраныя. Мужчын, што ратавалiся ў храмах, падзялiлi на дужых i нямоглых: першых пагналi ў абоз на працу, нямоглых i старых пазбiвалi да паўсмерцi. Маладых мазуранак адразу ж згвалцiлi; а якая з дзевак надта пужалася i прасiла злiтавацца, тую ганьбiлi мноствам, прымаўляючы дзеля большай знявагi: 'Глядзi, як гэтая полька просiцца! Яшчэ хоча!' Маткам, што малiлi аб лiтасцi да iхных дачок, адказам былi кпiны: 'Гэта што, не мiласць? Вашыя мужыкi нас забiвалi, а мы кожнай дзеўцы дзiця стараемся падараваць!' Па ўсiх падпамосцях, склепах, паддашках i гарышчах пераможцы прайшлiся, як мятлой. Урэшце абрабаваны, зняважаны горад запалаў; наваградцы i яцвягi доўга цiкавалi як адлюстроўваюцца ў Вiсле магутныя агнi. Адзiнае, аб чым шкадаваў Мiндоўг, былi ўцёкi княгiнi Гертруды уся мазавецкая сямейка магла цеснiцца ў ягоным кулаку i падпiсала б самыя ганебныя ўмовы мiру. Але i выратаванне Гертруды, суцяшаўся князь, абяцала карысць - дорага будзе каштаваць княгiнi выкуп з палону сына i мужа.
У гэтыя ж днi жамойць Трайната спусташала Ўяздаў, князь Даўмонт i Сiрвiд палiлi Вышаград, затое Шварн Данiлавiч не ўтрымаўся ад шкоды Мiндоўгу, ад дзiкунства, якое кiдала на вялiкага князя цень непрыстойнасцi i памяншала выкуп за ягоны палон - Шварн забiў Земавiта. А ранкам, ацвярозеўшы, хутка павёў сваiх русiнаў на Чэрвiньск, каб не каяцца перад цесцем. Мiндоўг зрываў злосць на Астапе - чаму недагледзеў? 'Як упiльнуеш, - апраўдваўся разанец. Каму ж гэта ў галаву прыдзе палоннага князя мечам секчы!' - 'Каму! раз'юшыўся Мiндоўг. - Зяцю майму! З чаго звар'яцеў?' - 'П'яны быў, - тлумачыў Астап. - Сказаў Земавiту: 'Што, мазурскi недабiтак, трапiў у сiло?' А той у адказ: 'Не ў тваё, недавярак!' - I ўсё. Як пачуў пра недавярка - iмгненна здзiчэў!' Мiндоўг злосна ўздыхаў: 'Ну, зяцёк! Ну, i дапамог!' - 'Лёс, вiдаць, такi быў Земавiту, - вырашыў спаслацца на незямныя сiлы Астап. - Лёс нiхто не аспрэчыць!' - 'Што пляцеш! - уз'юшыўся Мiндоўг. - Якi лёс? Гэта, што, лёс Шварн з вiном у галаве замест глузду? Забiў, а што карысцi? Земавiту было выкуплiвацца, прысягаць, што з немцамi парве. Усё пусцiў дымам. Дурань напiўся, мы ўдачу згубiлi!' Другой непрыемнасцю стала смерць Ердзiвiла ў абозе. З гэтай весткi князь крыху засмуцiўся i прамовiў Астапу: 'Шкада! Я, калi ён быў малы, яго на руках трымаў, на канi вучыў сядзець. Не склалася ў яго са мной прыяцельства. Я на смерць яго пасылаў, ён на мяне вайной хадзiў. Нядоўга ён у Вiцебску пакняжыў. Вось гэта, Астап, сапраўды, лёс!' I забыўся на братанiча, разважаючы над вынiкамi недарэчнай гiбелi Земавiта. Увечары ён абвясцiў аб заканчэннi паходу.
Палкi заспяшалiся да Ваўкавыска, дзе iх чакалi абозы з лупамi i палон. Тут, атрымаўшы належныя долi табуна, жалеза i палонных, усе спехам развiталiся да наступнага наезду i шпарка павезлi набытак у свае двары.
Праз некалькi дзён вялiкi князь уязджаў у наваградскi замак. Перад брамай яго сустракалi княгiня Марта i два сыны. Кожнаму з сыноў Мiндоўг падараваў нажы, узятыя ў пасечаных iм асабiста польскiх рыцараў, а жонка атрымала ў падарунак срэбранае люстэрка з разрабаванай скарбнiцы плоцкага касцёла Панны Марыi. Даўшы жыхарсту паглядзець на мазавецкага княжыча, багатых мазураў i мазуранак, варта замкнула палон у замкавыя каморы. Яшчэ гадзiну чэлядзь зносiла ў клецi княжацкую долю здабычы. Мiндоўг у гэты час парыўся ў лазнi, здымаў з сябе стомленасць ад паходу. Увечары за святочным сталом ён апавядаў жонцы i дзецям пра ўдачы наезду, пра карысць, якую атрымае Наваградак ад разгрому мазураў, пра п'янае шаленства Шварна, помсту яцвягаў за бацьку Марты, выкуп, якi дашле за сына княгiня Гертруда, пра мазурскiя азёры i прыгажосць Вiслы каля горада Плоцка. Потым дзяцей адправiлi спаць, Мiндоўг застаўся з жонкай i пачаў лашчыць яе, i прызнаваўся, як моцна сумаваў па ёй у паходзе, а зараз шчаслiвы i кахае яе.
3
Ноч апускалася на Наваградак, i густы змрок ахутваў заслонай сну замак на ўзгорку, мураваную вежу, вадзяны роў, святыя дубы на паляне за ровам, царкву Барыса i Глеба, гарадскiя двары, глушыў зыкi, i ў гэты таямнiчы час прайшла скрозь замкавую сцяну i нячутна пракрочыла па двары суровая пасланка багоў смерць. Конi, адчуўшы яе, спужана заржалi, але яна не спынiлася каля iх, i тыя, супакоеныя, сцiхлi ля сваiх ясляў. Смерць увайшла ў княжы дом, дзе гарэла свечка, а на шырокiм ложы ляжаў князь Мiндоўг, чакаючы жонку, а Марта, стоячы ля сцяны насупроць мужа, глядзелася ў срэбнае люстэрка i расчэсвала косы.
На iмгненне ў пакоi дыхнула холадам, замiгцеў агеньчык свечкi i варухнулiся ценi. Княгiня Марта здзiўлена зiрнула на дзверы, i раптам здрыганулася, упусцiла грабеньчык, адчайна ўскрыкнула 'Рэпiк!', i на вачах ашаломленага князя павалiлася на падлогу.
Марту паклалi на ложа, намаганнi склiканых знахарак нiчога не змянiлi, на твары княгiнi ўжо праступiлi знакi тагасветнасцi, i ўрэшце бабка, здольная чытаць такiя знакi, сказала Мiндоўгу, што ягоная жонка памрэ да свiтання.
На скронi Марты ўздрыгвала блакiтная жылка - адзiная прыкмета жыцця. Мiндоўг прытулiўся спiнай да сцяны, паклаў рукi на каленi i аддаўся смутку.