ва ўсе бакi па блiскучай падлозе. Малады мардаты сакратар на хвiлiну прыпынiў свой допыт i, нiбы падсумоўваючы, сказаў: 'Шкада, ня хочаце вы раззбройвацца перад партыяй'. 'А я й ня ўзбройваўся. Я нiчога ня маю супраць маёй партыi', сказаў тады ён i сам зьдзiвiўся ненатуральнай лiсьлiвасьцi свайго голасу. Сакратар толькi крыва ўсьмiхнуўся, седзячы за сталом пры шасьцi тэлефонах на тумбачцы. 'А ў нас ёсьць матэрыялы, якiя сьведчаць якраз наадварот. Напрыклад, у сакавiку вы сьцьвярджалi, што наш абмежаваны кантынгент у Афганiстане зьнiшчыў каля аднаго мiльёна афганцаў. Адкуль вам вядомая гэтая хлусьня?' Яны ўсе, колькi iх было там, можа, чалавек дваццаць, што расьселiся каля даўгога стала i пад сьценамi, варожа ўтаропiлiся ў яго. А ён маўчаў, пакутна згадваючы, каму ён гаварыў пра тое. Адкуль сам ведаў гэтую лiчбу, памятае пэўна - тое казала радыё 'Свабода', якое ён начным часам слухаў, што-колечы разьбiраючы праз глухi трэскат глушылак. Агiдным, пiсклявым голасам ён пачаў адмаўляцца, гатовы быў пабажыцца, што нiчога падобнага не гаварыў, хоць менавiта тады раптоўна ўсё прыпамятаў. Але як можна было прызнацца. Доўга сядзець нерухома Скварыш ня мог, прыгнятала начная цiшыня, ён ня мог знайсьцi сабе ўтульнага месца i пайшоў туляцца па невялiкай трохпакаёвай кватэры. Забрыў на кухню, уключыў сьвятло. Мог бы зварыць сабе кавы (усё ж занятак), але кавы ён выпiў тры кубкi, мабыць, на сёньня годзе. Расчынiў халадзiльнiк, паўзiраўся ў сякi-такi запас харчу - кавалак каўбасы ў рудай паперы, бутэлька кефiру, некалькi плоскiх бляшанак кансэрваў, - нiчога ў яго не выклiкала апэтыту, жаданьня зьесьцi. Што-небудзь варыць, натуральна, ён не хацеў, не хацеў нават сасмажыць яешню, якую ўвогуле любiў i еў з задавальненьнем, калi яе смажыла жонка. Разьбiтае шкло ў дзьвярах на кухонны балькон каторы раз напомнiла пра непарадак, але цяпер ён падумаў, што шкло ўставiць ня хутка. Было не да таго. Ён асьцярожна расчынiў дзьверы i выйшаў на балькон, паклаў рукi на яшчэ цёплыя ад дзённага сонца парэнчы i здрыгануўся: на суседнiм бальконе з асьветленай ззаду сьпiнаю ў гэткай самай позе стаяў i курыў сусед. Скварыш адхiснуўся, хуценька вярнуўся на кухню i прычынiў дзьверы. Цяпер ён не хацеў бачыць нiкога, нi з кiм размаўляць; усё здавалася, што ў яго занадта цiкаўна ўзiралiся i ўжо напэўна ўважлiва слухалi. Цi падслухоўвалi. Цiкава, падумаў Скварыш, цi была чутная на бальконе iхная гаворка ў кабiнэце ды асаблiва ў вiтальнi каля дзьвярэй. I цi даўно ён стаiць там, гэты сусед у майцы.

Ён зноў вярнуўся ў кабiнэт. Прыбiраць зь нiзкага столiка нiчога ня стаў, стомлена апусьцiўся ў крэсла за пiсьмовы стол. Уключаная настольная лямпа асьвяцiла вольны ад папераў кавалак стала... Надта мутарна было на душы ў прафэсара, вялiкi сумнеў тачыў яго ўсё болей - дык проста цi не заходзiў Красьнянскi? А што, калi ў гэты час ён ужо сядзiць у КГБ i апiсвае iхную тут гутарку? Цi, можа, запiсаў усё на магнiтафон i заўтра аднясе ў вядомы дом на праспэкце? У такiм выпадку, адзiн паратунак - апярэдзiць самому. Iнакш яму пэўны капец - i працы, i кар'еры. А то i жыцьцю. Але зноў жа

- як напiсаць? А калi тое яму толькi здаецца, а Красьнянскi ўсё - па сваёй чалавечай шчырасьцi, па дабрынi...

Праклятае становiшча, яго адчуваў Скварыш кожнаю мазгавой зьвiлiнай, кожным кончыкам нэрваў. Усё здавалася: трэба нешта прыдумаць, нешта зрабiць, набрысьцi на якое выйсьце. I ён думаў, напружваў мазгi, а выйсьця не знаходзiлася. Цi яго не было наогул? Але ж такога не могло стацца, усё ж павiнна быць нейкае выйсьце.

Ён зноў пачаў блукаць па кватэры, паласатай дарожкай пратупаў да зачыненых на два замкi, абабiтых цыратай дзьвярэй, павярнуўся назад. Зь вялiкага календара на сьцяне ад Новага году звыкла ўсьмiхалася яму прыгожанькая японка, нiжай чарнелi два шэрагi лiчбаў летняга месяца. Чорная пара, праклятыя месяцы, падумаў прафэсар, колькi яны задалi турбот, перажыванак, пакутнай няпэўнасьцi. Калi парткамiсiя ЦК, куды ён зьвярнуўся, зацьвердзiць ягонае выключэньне, дык будзе канец. Кранты! Няўжо такое магчыма?

А чаму б i не?

Выключылi ж з партыi дацэнта Кулiковiча, неблагога разумнага чалавека, вэтэрана вайны, толькi за тое, што той выступiў на сходзе супраць уводу савецкiх войскаў у Чэхаславаччыну i ня ўзяў сваё выступленьне назад, калi яго паклiкалi ў гаркам. Не павiнiўся. Зрэшты, выключылi нават не за гэта, а быццам знайшлi, што, будучы ў нямецкiм палоне, ён ня надта добра сябе паводзiў. Раскрылi тое менавiта пасьля ягонага выступленьня на партыйным сходзе, а раней быццам таго ня ведалi. I згарэў дацэнт. Казалi, пасьля таго ўладкаваўся грузчыкам на агароднiнавую базу, iншай працы ў горадзе яму не знайшлося. Пасьля некуды зьехаў. А можа, зьвезьлi.

У вiтальнi ляжаў мяккi санлявы прыцемак, трохi адблiскваў паркет ля кабiнэту i ён пачаў тупаць сюды- туды - пяць крокаў ад дзьвярэй да люстэрка i столькi ж назад. У тапках на дарожцы было зручна i зусiм цiха. Цiкава, цi дазваляюць у турме хадзiць у тапках, унутрана паморшчыўшыся, падумаў прафэсар. У яго даўно былi хворыя ногi, i дома ён заўжды стараўся карыстацца тапкамi. Але пра турму ён, вядома, дарма падумаў. Ня трэба загадзя каркаць на сваю галаву.

Хадзiць так - узад-уперад - нават спадабалася, усё ж гэты занятак ад чагось адцягваў, даваў працу нагам. I ён прыпамятаў, як некалi малым хлопчыкам упершыню ўбачыў у заапарку мядзьведзя, што ў сваёй клетцы гэтак жа тупаў сюды-туды. Тады ён аж пашкадаваў касалапага небараку, мабыць, таму дужа мутарна, i ён гэтак цэлыя гадзiны тупае й тупае. Цяпер сам цi ня ў гэткiм становiшчы. У клетцы. Толькi яму цi паспачувае хто? Апроч хiба гэтага асьпiранта Красьнянскага.

Задаў яму клопату Красьнянскi.

Усё ж, мабыць, трэба напiсаць. Ня можа таго быць, каб гэты асьпiрант, зь якiм у яго не было нiякiх адносiн, апроч чыста службовых, так ужо растаў ад спачуваньня да яго бяды i прыехаў адно суцешыць зь iншага канца гораду. Каб паспачуваць толькi. Сьпярша прафэсар падумаў, што ён па якой патрэбе, можа, папрасiць грошай цi пахадайнiчаць перад кiм? Цi наконт кватэры (такiх просьбаў ён меў цi ня кожнага месяца)? Але не. Нiчога не прасiў Красьнянскi, так i сказаў: толькi каб давесьцi сваю чалавечую падзяку за праўду i сумленнасьць. За праўду? Добрая, вядома, штуковiна праўда для таго, хто яе спажывае, калi яна зьвернутая да нас. Але наша праўда... Во i тады ён выдаў два словы праўды, якiя, здаецца, спляжаць яму ўсё жыцьцё. Трэба ж было... Сапраўды, ён забыўся, што можна было што-нiшто сказаць аднаму, але ня больш. Калi ж цябе пачулi больш за аднаго, дык твая справа трэснула. Гэта пэўна.

Увогуле, справа была ў бутэльцы - праклятай бутэльцы, здаецца, армянскага, якую яны выпiлi ўтрох. Выпiвалi ня першы раз, пасьля парыльнi. Увечары некалькi чарак няблага спрыялi сасудам, распаранае цела, апаласнутае ў басэйне пры саўне, нiбы абнаўлялася, маладзела, зьнiкала назапашаная за тыдзень стома; лёгкi i спрытны рабiўся розум. Тая размова адбылася па дарозе да прыпынку тралейбуса. Яны закурылi, Бокач нешта памянуў пра Афган, яму штосьцi няпэўна адказаў Волахаў, i тады ён, Скварыш, прыпамятаў начную перадачу 'Свабоды' i зь неўласьцiвай яму жвавасьцю пераказаў яе. Вядома, усё праз каньяк ды парыльню, iнакш бы, напэўна, ён змоўчаў. Бокач з Волахавым неяк хмурна паслухалi яго, на хадзе зацягваючыся цыгарэтамi, а ён яшчэ дадаў пра злачыннасьць тае вайны, за якую калiсьцi прыйдзецца некаму адказваць. Цяпер ламай галаву, хто зь iх двух стукнуў. Удала стукнуў, нiчога ня скажаш, узялiся за яго як мае быць. А з тых двух нiводзiн i не патэлефанаваў, нi слова болей не сказаў яму. Бы ня чулi й ня ведалi, што зь iм робiцца.

А можа, яны стукалi ўдвох? Хiба такое немагчыма? Што з таго, што сябры, што Бокач i Скварыш некалi вучылiся разам, а Волахаву дачку ён уладкоўваў у iнстытут - прасiў за яе дэкана, улагоджваў злую экзамэнатарку Папрышку, якая рэзала спрэс па фiзыцы. Паступiла дзеўчына, а яе бацька стаў ягоным сябрам, колькi бутэлек зь iм выпiлi - на сьвяты, у саўне, на рыбалцы. Мабыць жа, не павiнны ён яго гэтак прадаць? Але i Бокач не павiнны. Усё ж стары, шматгадовы сябра, некалi, яшчэ як былi бедныя студэнты, езьдзiлi ўлетку да ягонага бацькi на Вiцебшчыну, купалiся ў возеры i пiлi адмысловую бацькаву самагонку. Не павiнны Бокач яго прадаць. Ды вось прадаў. Хто з двух, мабыць, не дазнаесься нiколi.

Цяпер гэты Красьнянскi.

Дужа сьмелыя былi ягоныя думкi - i наконт Афганiстану, i наконт Беларусi зь яе ўшчэнт лёкайскiм парткiраўнiцтвам. I наконт Брэжнева нешта закiдваў. Перадражнiў, як той называе сябе па тэлефоне: 'Паважаны Леанiд Iльiч слухае'. Слухаючы тое, Скварыш сядзеў, бы на iголках, так было яму не пад настрой, ён усё iмкнуўся перавесьцi гаворку на iншае, - пытаўся пра сям'ю, пра жонку - не памагло. Што жонка, што зь ёй зробiцца, быў адказ. Але вось гэтая гонка ўзбраеньняў... Далася тая гадзiна Скварышу, аж спатнеў увесь, пакуль зачыняў за Красьнянскiм дзьверы.

Не, аднак жа, мусiць, ён яшчэ ня ў камэры-адзiночцы, каб так тупаць без канца па вiтальнi, i не мядзьведзь у клетцы. Усё ж у зальчыку было прастарней, Скварыш уключыў тэлевiзар i выцягся на канапе. Як засьвяцiўся экран зь нейкiм старым чорна-белым фiльмам, ён хацеў быў пераключыць канал на

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату