дзядзька быў, гэты доктар! Хадзiлi чуткi, што ён загадаў нават адхаяць усю турму, ды такога нарабiў шуму!.. Ён запэўнiваў, што ў турме - тыфус, а можа, так яно i было? Сваiх трох малайцоў доктар трымаў пад асабiстым наглядам.

I калi iнспектар Бэлем захацеў зноў пачаць допыт яго пацыента, доктар - а ён быў iнспектарам гiгiены ў дэпартаменце i ўяўляў сабой нешта накшталт санiтарнага прэфекта - так пацешна яго прабраў: 'Нi пад якаю маркай! Вы чуеце?! Дзе вы знаходзiцеся? Хто тут начальнiк?' - i г. д. Усе проста душылiся ад рогату на сваiх ложках. У тым лiку i сам Мэнар, пра якога iшла гаворка. А iнспектар Бэлем адразу зрабiўся нiбы шаўковы, ён не ведаў нават, што адказаць.

- Глядзiце, я зраблю, што вас звольняць! Гэта болей так быць не можа! Гэта ж к-ханьба! К-ханьба!

Калi iнспектар i доктар пайшлi, Жазэф з Мэнарам, у добрым гуморы, забылiся да таго, што падзялiлiся сваiмi думкамi пра тое, што здарылася, з качкай. I качка, якi раней быў заўжды паслядоўны ў сваiх учынках, тут даў маху.

- А я вось усё думаю, - сказаў ён, - што яны зрабiлi з маёрам Арно?..

Адразу запанавала маўчанне. Жазэф на мiгах паказаў нешта Мэнару. I той крыху прыўзняўся над ложкам на перавязаных кулаках i сцiснуў зубы з такiм выглядам, нiбыта казаў: 'Пачакай, вось толькi выйдзем на волю, ужо ён пабачыць у нас, гэтая качка!' Тым часам санiтаркi разносiлi лекi.

I ўсё-ткi доўга гэтак быць не магло. Як казаў Жазэф, хутка iх, вiдаць, павязуць назад - у турму: яны i так ужо добра падыхалi свежым паветрам. Харч у лазарэце быў не тое каб выдатны, але ўсё-ткi кожны дзень тут давалi капусту, i мыцца можна было цёплай вадой, а аднойчы была нават бульба. Што ж наконт таго, каб пагутарыць, дык магчымасцей у агульным пакоi дзеля гэтага было ўсё-ткi больш, як у трохмесным склепе ў суседстве з занадта добра выхаваным панам, якi ўвесь час толькi маўчаў, ды яшчэ адным, якi з такою наiўнаю пысай пытаўся ў вас, цi ведаеце вы маёра Гэтага ды цi не чулi пра палкоўнiка Таго... Ах, даражэнькiя ж вы мае!.. А яшчэ ж тут былi прыбiральнi, ды якiя - амаль як дома, з акенцам, праз якое можна пабачыць неба. А ў аперацыйным пакоi, кажуць, - бо самому Жазэфу трапiць туды шчасця не выпадала, - ёсць акно, праз якое вiдаць увесь горад... увесь неабсяжны горад, што распасцiраецца да самага далягляду, перарэзаны напалам ракой; гэты вялiкi горад, пра якi яны марылi, думаючы пра тых, хто там жыў, пра рэчы, што iх чакалi, пра ўсё, што там дзеелася - дзеелася, нягледзячы нi на што, нягледзячы на шэра-зялёных палiцыянтаў, што выходзiлi з кашараў i шпацыравалi па вулiцах, гарлаючы свае хаўтурныя маршы i грукаючы ў такт абцасамi ботаў. Пра ўсiх тых, хто быў там, на волi, пра iх упартасць, адвагу, смеласць.

Часам, уранку, да iх даносiўся глухi грукат далёкага выбуху, i хворыя прыўставалi на ложках, перашэптвалiся: 'Ты чуў, га, ты чуў?' Нават вартаўнiкi, што стаялi каля дзвярэй, i тыя аднойчы... Жазэф ужо збiраўся нешта сказаць пра гэта, але 'пан' зрабiў знак вачыма. I праўда! Ён зусiм забыўся пра качку.

Добра. Але аднойчы ўранку ў шпiталь заявiлiся бошы - адзiн у цывiльным i два - ва ўнiформе, пры зброi. На дварэ iх чакала машына з шафёрам. Як вы думаеце, што тут было рабiць вартаўнiкам i санiтаркам? Вядома, яны папрасiлi паказаць iм мандат, падпiсаны прэфектам, цi яшчэ нейкую такую паперу, але тыя адно наставiлi на iх рэвальверы ды гыркнулi:

- Вось наш мандат!

I цывiльны прамовiў слова 'гестапа' так, нiбыта сказаў: 'Сезам', - а калi вартаўнiкi пагразiлiся, што затэлефануюць у прэфектуру, гэта яго зусiм не ўразiла. Бошы патрабавалi, каб iм выдалi тры чалавекi, - яны хацелi iх павесцi з сабою. I, не зважаючы на пратэсты, следам за санiтаркай увайшлi ў пакой, дзе ляжалi хворыя.

Няхай апранаюцца, ды каб хутчэй! I калi Жазэф, якога назвалi першага, крыху закорпаўся, салдат адразу паказытаў яго прыкладам па драбах; а Дзюпаншэля - няшчасную качку - падганялi грымакамi ў зад. Але горай за ўсiх было 'пану'.

- Мэнар, Андрэ, давай, братку, давай.

Ён не мог стаяць на нагах, у яго яшчэ не зажылi раны - яны ведалi гэта. Але фрыцам на ўсё напляваць.

Трэба было пабачыць, як яны за яго ўчапiлiся! Ну ты, варушыся! Хворыя на ложках незадаволена бурчалi. Тады яны наставiлi рэвальверы на хворых, i тыя, вядома, адразу сцiхлi. Гестапавец загадаў двум ва ўнiформе ўзяць Мэнара пад рукi, i - марш! I ўсё пад рулямi рэвальвераў.

'Паганая гiсторыйка...' - думаў сабе Жазэф. Але з якою iронiяй ён глядзеў на бамбiзу. Вось дзе ўжо ўлiпла качка! Гэтыя бошы разбiрацца не будуць: прыб'юць i справе канец. Ён заўважыў, што адна санiтарка, якая, вiдаць, была яшчэ не кончанай сучкай, выцiрала насоўкаю вочы; зрэшты, такое не падабалася нават вартаўнiкам.

Калi яны пераступiлi парог, Жазэф як захлынуўся: перад iмi, унiзе, ад падножжа пагорка распасцiраўся ўвесь горад, залiты промнямi вольнага сонца... Здавалася, ён быў залiты срэбрам, iскрылiся стрэхi, мiж iмi прыгожай звiлiстай сцежкай цякла ўдалеч рака. А там, удалечынi, дымiлi камiнамi заводы, вялiкай зялёнаю плямай вымалёўваўся парк, i белыя абрысы дамоў над даляглядам здавалiся чамусьцi палацамi з чарадзейных казак. Грукаталi трамваi, на вулiцах тоўпiўся люд - быў, вiдаць, поўдзень... Там, унiзе, яны ўсе вольныя! Вольныя!.. Яны не спыняюць сваёй барацьбы!..

Жазэф так заглядзеўся, што нават не паспеў падтрымаць таварыша, якi спатыкнуўся. Гестапавец вылаяўся па-нямецку, i, на сваё здзiўленне, Жазэф пачуў, як качка шапнуў 'пану':

- Трымайцеся, маёр, яшчэ крыху!

Ён не паспеў нiчога падумаць, як iх запхнулi ў машыну, i - паганяй! У крытым кузаве вялiкага грузавiка, памечанага знакам вермахта, побач з iмi сядзелi чатыры бошы. Яны аб'ехалi кругам садок перад клiнiкай i... глядзi ты, машына павярнула направа - не ў горад!

I толькi тады гестапавец нарэшце глыбока ўздыхнуў i, нахiлiўшыся да 'пана', сказаў:

- Прабачце, таварыш маёр, спадзяюся, мы вас там не вельмi прыцiснулi?

Што? Як? А качка проста памiраў ад смеху:

- Нябога Жазэф, ну i пыса ж у цябе была, як я пытаўся пра маёра Арно! А што, Марыс, усё-ткi не такiя ўжо кепскiя ў мяне былi звесткi? Праўда, я спачатку быў сам не ўпэўнены, што перада мной маёр... Але потым доктар пацвердзiў, што гэта ён... Файны ён хлопец, гэты доктар!

Марыс - той, што быў у цывiльным, - кiўнуў:

- Дзякаваць вы павiнны менавiта доктару. Ён выдатна правярнуў сваю справу... Як толькi да яго па тваiм даручэннi прыйшоў адвакат... Го, ды я зусiм забыўся, у мяне ж ёсць табе пакет... ад тваёй жонкi... Ну а ты, Калье, чаго ты скурчыў такую пысу? Цi не збiраешся часам заплакаць?

Плакаць, вядома, Калье не збiраўся. Ён ламаў сабе галаву: 'Марыс... Марыс... Недзе ж я гэтага хлопца бачыў!'

А маёр Арно гэтак проста ўсё паўтараў:

- Ведаеце... Я нiчога iм не сказаў...

Раптам Жазэф прыгадаў:

- Ну, так i ёсць... Гэта ж у трыццаць другiм, у сектары V... Я цябе пазнаў, ты - П'еро!

Марыс адказаў:

- Ты ж чуў - мяне завуць Марыс... Не, сапраўды, для таварыша ты нейкi ўжо дужа някемны...

Машына неслася ўсё далей i далей ад горада. Адзiн салдат, побач з Жазэфам, насвiстваў 'Марсельезу'.

- Вось табе маеш! - раптам ашаломлена ўскрыкнуў Марыс.

Ён мацаў сябе па кiшэнях.

- Што такое?

- Якi ж я дурань, крэцiн, разява... Забыўся!.. Не магу сабе дараваць!

Усе занепакоiлiся.

- А што здарылася?

I Марыс раптам з палёгкай, узрадавана:

- Ды не, усё ў парадку... Вось яны - цыгарэты!

Добавить отзыв
ВСЕ ОТЗЫВЫ О КНИГЕ В ИЗБРАННОЕ

0

Вы можете отметить интересные вам фрагменты текста, которые будут доступны по уникальной ссылке в адресной строке браузера.

Отметить Добавить цитату